Як выехаць з дзіцем за мяжу?

Менавіта на лета большасць з нас плануе вандроўкі за мяжу. З нецярпеннем чакаюць такі адпачынак і дзеці. Але каб усё задуманае спраўдзілася і спланаваны адпачынак не скончыўся ўжо пры выездзе з краіны, варта загадзя паклапаціцца аб правільнасці афармлення дакументаў. А плануючы замежны адпачынак з дзецьмі, варта памятаць, што для выезду за межы краіны непаўналетніх толькі іх уласнага пашпарта недастаткова. Пра тое, як правільна аформіць дакументы на выезд дзіцяці за мяжу, нашаму выданню расказала старшы інспектар па асобых даручэннях Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Людміла Уладзіміраўна Маскалёва.

— Людміла Уладзіміраўна, адна з распаўсюджаных сітуацый — выезд дзіцяці за мяжу толькі з адным з бацькоў. Ці патрэбна ў такіх выпадках згода другога з бацькоў?
— Незалежна ад таго, жывуць бацькі разам ці паасобку, знаходзяцца ў шлюбе ці скасавалі яго, заканадаўствам устаноўлена, што пры выездзе непаўналетняга дзіцяці з адным законным прадстаўніком пісьмовая згода іншага не патрабуецца. Дастаткова дакумента, які б пацвярджаў статус законнага прадстаўніка, з якім дзіця выязджае. Заканадаўствам устаноўлены шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка. Асноўны — пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, дзе дакладна прапісаны бацька і маці. Дастаткова будзе і адзнакі аб дзіцяці ў пашпарце таго з бацькоў, які з ім выязджае. Гэта таксама з’яўляецца пацвярджэннем законнага прадстаўніка дзіцяці. Але варта мець на ўвазе, што ў выпадку, калі ў якасці дакумента, што пацвярджае статус законнага прадстаўніка, выкарыстоўваецца пасведчанне аб нараджэнні, то ўстановачныя даныя дзіцяці і маці ці бацькі, што яго суправаджаюць, павінны супадаць. Напрыклад, шлюб паміж бацькамі быў скасаваны, пасля чаго маці зноў выйшла замуж і ўзяла новае прозвішча. У такім выпадку ўстановачныя даныя аб маці ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці і ў новым пашпарце маці не будуць супадаць. Таму неабходна мець пры сабе дакумент, які пацвярджае факт змены прозвішча, напрыклад, пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Іншымі словамі, павінен дакладна прасочвацца такі ланцужок, які б пацвярджаў, што дзіця едзе ў суправаджэнні мамы ці таты. У адваротным выпадку дзіцяці можа быць забаронены выезд за межы краіны.

— А калі дзіця выязджае з кімсьці са сваякоў — бабуляй, напрыклад, — якія дакументы неабходны ў такім выпадку?
— Калі дзіця вызджае ў суправаджэнні іншых асоб, акрамя законных прадстаўнікоў, у любым выпадку неабходна пісьмовая згода абаіх законных прадстаўнікоў — таты і мамы. Прычым завяраецца такая згода натарыяльна ці ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.
Аналагічная сітуацыя, калі непаўналетні едзе адзін. Напрыклад, 17-гадовы юнак едзе да сваякоў на Украіну. І ў такім выпадку ён абавязаны прад’явіць прадстаўніку пагранічнай службы пісьмова завераную згоду абаіх бацькоў на яго вы езд за межы краіны.

— А якія правілы прадугледжаны пры выездзе за мяжу прыёмных бацькоў і іх падапечных?
— Такая сітуацыя прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду за межы Рэспублікі Беларусь, уезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Яго новая рэдакцыя дзейнічае з 30 сакавіка 2010 года. У такіх выпадках парадак выезду дзяцей-сірот за межы краіны залежыць ад таго, з якой мэтай плануецца выезд. Так, для вучобы за мяжой, аздараўлення ў складзе спецыяльна арганізаваных груп ці лячэння прадугледжаны асаблівы парадак. Ва ўсіх астатніх выпадках непаўналетнія, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і маюць статус дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, могуць выязджаць з краіны па сваіх дакументах у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнiкоў або без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з іх. Пры гэтым патрабуецца яшчэ і прад’явіць супрацоўніку органа пагранічнай службы копію загада ўпраўлення (аддзела) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа аб дазволе на выезд з Рэспублікі Беларусь непаўналетняга на пэўны тэрмін у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнiкоў або без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з іх.

— Сёння ўсё большую папулярнасць набывае такі від аздараўлення, як выезд дзіцяці за мяжу ў складзе арганізаванай групы, напрыклад, спартыўнага лагера. Ці прапісаны нейкія адметныя патрабаванні да такіх выпадкаў?
— Як і ва ўсіх іншых выпадках, кожнаму дзіцяці неабходны найперш пашпарт. Прычым, калі плануецца выезд у краіны, дзе неабходна шэнгенская віза, тэрмін дзеяння яго павінен быць не больш за 10 гадоў, да таго ж павінна быць не менш дзвюх свабодных старонак. Калі дзіця едзе ў суправаджэнні настаўнікаў, трэнераў, прадстаўнікоў турыстычнай кампаніі, бацькі зноў-такі павінны пісьмова выказаць сваю згоду на выезд дзіцяці ў суправаджэнні гэтых дарослых.

— Людміла Уладзіміраўна, з гэтага года пашпарты дзеці атрымліваюць з 14 гадоў. А ці неабходна падлеткам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту і ўжо маюць пашпарт, зараз мяняць яго на новы?
— Дакумент, які быў атрыманы дзіцем раней, дзейнічае да таго тэрміну, які ў ім указаны як тэрмін дзеяння пашпарта. Але здараюцца сітуацыі, калі дзіця даўно атрымлівала пашпарт (быў, напрыклад, час, калі пашпарт дзіцем атрымліваўся адразу да 16 гадоў) і знешне кардынальна змянілася, у такім выпадку мы рэкамендуем ўсё ж змяніць пашпарт, каб не было непаразуменняў ні з атрыманнем візы, ні ў час знаходжання за мяжой. Калі знешнасць дзіцяці змянілася, лепш замяніць пашпарт, хоць катэгарычнага падобнага заканадаўчага патрабавання не існуе.

— Па нарматыўных тэрмінах, колькі трэба пакінуць часу для абмену пашпарта?
— Заканадаўствам устаноўлены нарматыўны тэрмін у адзін месяц з дня падачы дакументаў. Разам з тым за вызначаную плату ёсць магчымасць змяніць пашпарт за больш кароткі тэрмін — 15 дзён.

— Як вядома, сёння магчыма абмежаванне права выезду грамадзяніна за мяжу. Як загадзя ўпэўніцца ў тым, што нішто не перашкаджае замежнай вандроўцы?
— Так, сапраўды, сёння існуюць заканадаўча замацаваныя падставы для часовага абмежавання права грамадзяніна на выезд за мяжу. Яны ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду за межы Рэспублікі Беларусь, уезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Больш падрабязна моманты, якія датычацца абмежавання права выезду за мяжу, вызначаны Указам кіраўніка дзяржавы № 643 ад 2007 года. У гэтым дакуменце вызначаны канкрэтныя прычыны, калі грамадзянін можа быць абмежаваны ў праве выезду за мяжу. У прыватнасці, калі ён прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, калі ўхіляецца ад выканання воінскага абавязку, калі да яго прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе, калі ён асуджаны за злачынства, калі знаходзіцца на прафілактычным уліку і інш.
Таму грамадзянам, у якіх ёсць падставы непакоіцца аб магчымасці абмежавання выезду, лепш загадзя ўдакладніць такую інфармацыю. Для гэтага неабходна звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства з дакументам, які сведчыць асобу грамадзяніна, і атрымаць інфармацыю аб наяўнасці звестак у банку даных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права якіх на выезд абмежавана. Такая інфармацыя выдаецца аператыўна, на працягу дня, плата за яе прадастаўленне не бярэцца. Пры неабходнасці можа быць выдадзена і пісьмовая даведка аб адсутнасці абмежавання. Але варта мець на ўвазе, што гэта аператыўная інфармацыя. Скажам, калі чалавек атрымаў такую даведку, праз дзесяць дзён вырашыў паехаць за мяжу, і за гэты час з’явіліся падставы для абмежавання яго выезду, то даведка, выдадзеная раней, не можа служыць падставай для выезду.
Дарэчы, такую ж інфармацыю можна атрымаць у адносінах да асобы, законным прадстаўніком якой з’яўляецца грамадзянін. Выезд, дарэчы, можа быць абмежаваны і непаўналетнім грамадзянам па замацаваных у заканадаўстве прычынах. Выдадуць гэтую інфармацыю і даверанай асобе грамадзяніна пры наяўнасці заверанай даверанасці.

— І, нарэшце, што рабіць, калі раптам за мяжой згублены дакументы дарослага ці дзіцяці? Куды звяртацца па дапамогу?
— Заўсёды нялішнім будзе загадзя зняць копію пашпарта, што дапаможа пры працэдуры пацвярджэння асобы. Калі непрыемнасць усё ж здарылася, неабходна звярнуцца па дапамогу ў кампетэнтныя органы дзяржавы, дзе гэта адбылося, і, натуральна, у замежную ўстанову Рэспублікі Беларусь — дыпламатычнае прадстаўніцтва ці консульскую ўстанову ў краіне знаходжання. Менавіта на іх ускладзены абавязкі па абароне правоў і інтарэсаў нашых грамадзян у час знаходжання за мяжой. Яны будуць вырашаць пытанне выдачы такой асобе разавага дакумента для вяртання — пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь. Для гэтага праводзіцца праверка, пацвярджаецца асоба грамадзяніна (што якраз і спросціць копія пашпарта) і выдаецца такі часовы дакумент. Але варта мець на ўвазе, што на тэрыторыі роднай краіны гэтае пасведчанне ўжо не можа выкарыстоўвацца ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу. Яно дае права толькі на ўезд.

Алена МАРКЕВІЧ.