Экзамены на прысваенне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі або катэгорыі “настаўнік-метадыст” аказаліся для многіх педагогаў няпростым іспытам. Часцей за ўсё спецыялісты, настаўнікі, з якімі давялося размаўляць, гавораць, што самае складанае — прадставіць уласны педагагічны вопыт. Але ж педагогі не засталіся сам-насам з гэтай праблемай: ім у дапамогу распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, праводзяцца кансультацыі і г.д.
Пра тое, якія патрабаванні прад’яўляюцца да афармлення ўласнага вопыту педагогаў, якія тыповыя памылкі дапускаюць настаўнікі пры афармленні гэтых работ, мы пагутарылі з начальнікам упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірынай Віктараўнай БАГАЧОВАЙ і начальнікам Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іванам Віктаравічам ФЁДАРАВЫМ.
Адрас выбраны невыпадкова. І справа не толькі ў тым, што ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі прыязджаюць педагогі з усёй краіны для здачы экзамену на прысваенне ці пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі або катэгорыі “настаўнік-метадыст”, але і ў тым, што сёння менавіта ў АПА праводзіцца абагульненне найлепшага з таго, што дэманструюць педагогі падчас экзамену. У тым ліку — у частцы прадстаўлення ўласнага педагагічнага вопыту.
— На працягу бягучага года ў акадэміі 31 педагог атрымаў кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, — расказвае Ірына Віктараўна Багачова. — Многія з іх да таго ж атрымалі рэкамендацыю кваліфікацыйнай камісіі апублікаваць іх вопыт. Чаму мы іх зараз узгадваем? Таму што ў далейшым менавіта гэтыя публікацыі могуць быць своеасаблівым арыенцірам для тых, хто толькі рыхтуецца да здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне ці пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
— Мы ўжо прааналізавалі гэтыя работы і падрыхтавалі іх да друку, адзін зборнік ужо выйшаў. Гэта вопыт выкладання самых розных прадметаў: беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, матэматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі, гісторыі, грамадазнаўства, інфарматыкі, працоўнага навучання, фізічнай культуры і здароўя, — працягвае Ірына Віктараўна. — Усе прадстаўленыя работы адпавядаюць падыходам, распрацаваным у метадычных рэкамендацыях, і кожная па-свойму ўнікальная. Канечне, вельмі хочацца, каб ідэі, выказаныя аўтарамі работ, актыўна выкарыстоўвалі нашы педагогі, бо, ідэі, якія прадстаўляюць педагогі пачатковых класаў, могуць быць блізкія іншым настаўнікам, напрыклад, выкладчыкам геаграфіі або гісторыі. Гаворка ж не ідзе пра тое, што настаўнікі пачатковых класаў ці іншыя павінны пісаць менавіта так. Тут паказаны каштоўны педагагічны вопыт у яго канкрэтных распрацоўках, прыёмах, якія можна выкарыстоўваць на ўроках.
Як падкрэсліла мая суразмоўца, гэты вопыт карысны не столькі тым, што дазваляе падрыхтавацца да экзамену, а больш тым, што яго можна выкарыстоўваць для азнаямлення з сучаснымі падыходамі да прадмета і наогул у дзейнасці педагогаў. І гэта, як лічаць спецыялісты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, добрая метадычная школа для ўсіх настаўнікаў, якія ідуць на экзамен.
З калегай згодзен і Іван Віктаравіч Фёдараў:
— Амаль усе, чый уласны педагагічны вопыт рэкамендаваны да публікацыі, — гэта члены клуба “Крыштальны журавель”. Хтосьці з’яўляецца аўтарам вучэбных дапаможнікаў, хтосьці мае ўзнагароды і ганаровыя званні. Напрыклад, Святлана Пятроўна Емяльянава, настаўніца сярэдняй школы № 19 Оршы Віцебскай вобласці, якая мае 27 гадоў педагагічнага стажу, была фіналістам конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2009”, узнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, з’яўляецца аўтарам публікацый па методыцы выкладання ў пачатковай школе. Віталіна Аляксандраўна Папковіч, якае працуе ў школе № 3 Жабінкі Брэсцкай вобласці, мае педагагічны стаж амаль 20 гадоў, таксама была фіналістам конкурсу “Настаўнік года”, з’яўляецца суаўтарам вучэбнага дапаможніка “Чалавек і свет” для 2 класа, аўтарам публікацый па методыцы выкладання ў пачатковай школе. Або Вікторыя Эдуардаўна Сташалеўская, настаўніца з 11-й школы Мазыра Гомельскай вобласці: вопыт у яе таксама вялікі — 22 гады, і фіналістам конкурсу прафесійнага майстэрства яна была, і публікацыі па методыцы выкладання ў яе ёсць. Мае нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Ці вядомы ў настаўніцкім асяроддзі выкладчык фізкультуры са слуцкай школы № 10 Мінскай вобласці Валерый Леанідавіч Варанцоў, настаўнік-метадыст. Валерый Леанідавіч быў у свой час лаўрэатам конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, з’яўляецца членам клуба “Крыштальны журавель”, мае ўзнагароды. А ўдалая спроба апісання педагагічнага вопыту настаўніка фізкультуры здаецца мне з’явай не такой частай, таму і асабліва цікавай для калег Валерыя Леанідавіча, які, у прыватнасці, расказвае аб электронных тэхналогіях як сродку фізічнага выхавання навучэнцаў, аб тэсціраванні фізічнай падрыхтоўкі школьнікаў.
Іншымі словамі, гэта сапраўды заслужаныя педагогі, вопыту работы якіх можна давяраць і на якіх можна раўняцца. Таму заканамерна, што ў акадэміі падрыхтавалі да друку спецыяльныя зборнікі з прадстаўленнем вопыту гэтых і іншых педагогаў і рэкамендацыямі, як аформіць уласны педагагічны вопыт. Больш за тое, распрацаваны “15 парад настаўніку, як падрыхтаваць уласны педагагічны вопыт да яго прадстаўлення на кваліфікацыйны экзамен”.
Што рабіць і як рабіць
“Настаўнікі баяцца не экзамену, а працэсу падрыхтоўкі да яго”. Гэтыя словы належаць Ігару Віктаравічу Якіменку, дырэктару гімназіі № 3 Магілёва, пераможцу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2004”. Пагадзіцеся, залатыя словы. Прычым, як паказвае практыка, самым складаным для многіх з’яўляецца менавіта падрыхтоўка прадстаўлення ўласнага вопыту. У чым складанасць? З гэтым пытаннем звяртаюся да Ірыны Віктараўны Багачовай.
— Часта настаўнікі палохаюцца таму, што апісанне ўласнага вопыту — гэта новы для іх від дзейнасці, — адказвае яна. — Але насамрэч у гэтай працэдуры няма нічога звышскладанага. Рыхтуючыся да экзамену на пацвярджэнне катэгорыі або на яе атрыманне, настаўнік павінен спыніцца, падумаць: “У чым прычына маіх поспехаў” (а ў нас часцей шукаюць прычыны правалаў). Настаўнікі ж гэтага не робяць, не аналізуюць свае дасягненні, у многіх няма вопыту аб’ектыўнага ацэньвання ўласнай дзейнасці. А тут, можна сказаць, жыццё прымушае зрабіць пэўныя высновы, падагульніць работу. Неабходна сесці і паглядзець, што ты ўмееш рабіць і як у цябе гэта атрымліваецца. Усё не так складана. Проста вызначце: у чым сакрэт вашага поспеху, што вы ўмееце рабіць так, як не ўмеюць іншыя, як вы гэта робіце і для чаго. Вопыт педагагічнай дзейнасці — гэта найперш поспехі і дасягненні настаўніка ў вырашэнні актуальных педагагічных задач, якія ўзнікаюць у ходзе выкладання прадмета. Педагагічны вопыт уключае і тыя эфектыўныя практычныя распрацоўкі, якія педагог паспяхова выкарыстоўвае ў сваёй рабоце: задачы, заданні, тэксты, прыёмы тлумачэння, пытанні, інструкцыі
і г.д. Гэта могуць быць як уласныя метадычныя знаходкі, так і ідэі, перанятыя ў калег. Задача заключаецца ў тым, каб сістэматызаваць гэты вопыт — настаўніку проста варта азірнуцца, абдумаць, прыгадаць, сабраць у адно запісы, фрагменты планаў, карткі і навесці ў гэтым багацці парадак.
Потым трэба адказаць сабе на пытанне, як называецца тое, што робіш, і каму гэта будзе карысна. Хочацца, каб настаўнікі пісалі не столькі справаздачы аб сваёй рабоце, якія мы, на жаль, нярэдка чытаем, а рэкамендацыі для іншых педагогаў. Заслужанага калегу, які мае вялікі вопыт, узнагароды, людзі паважаюць, таму такі вопыт будзе цікавы, я ўпэўнена, іншым настаўнікам-практыкам.
Як адзначаюць мае суразмоўцы, часам пры прадстаўленні ўласнага вопыту педагогі кідаюцца ў крайнасці: даюць чыстую тэорыю, перапісаную нярэдка з кніг, або толькі свае ўрокі без абагульнення, чаго таксама недастаткова. Задача педагога ў тым, каб праз прыватнае ўбачыць агульнае. Пры гэтым павінна быць прадстаўлена і тэарэтычная аснова вопыту — педагагічныя тэорыі, падыходы, канцэпцыі, апісаныя ў педагагічнай літаратуры, перыядычных выданнях, прадметных часопісах. Аднак найперш гэта павінен быць менавіта ўласны педагагічны вопыт па вырашэнні пэўных задач.
— Апісваць трэба менавіта ўласны вопыт педагагічнай дзейнасці па выкладанні пэўнага прадмета. Не варта змешваць практычны вопыт з навуковымі даследаваннямі, прыдумваць гіпотэзы. Не варта асабісты вопыт выкладання падмяняць рэалізацыяй вашай установай пэўнага інавацыйнага праекта з апісаннем стадый выканання праекта і г.д., хоць, безумоўна, ён і можа быць набыты педагогам падчас работы па інавацыйнай тэме.
У цэлым спецыялісты падкрэсліваюць, што прадстаўленне ўласнага педагагічнага вопыту — гэта ні ў якім разе не дысертацыя. Гэта літаральна работа на 10 старонках, дзе дакладна павінны быць прапісаны назва тэмы вопыту, яго актуальнасць, мэты, задачы. Варта вылучыць вядучую ідэю вопыту, апісаць яго сутнасць у абагульненым выглядзе, прыгадаць канкрэтныя дыдактычныя матэрыялы, вызначыць дыяпазон вопыту, час работы па гэтым вопыце, перспектыву яго далейшага ўдасканалення і сваёй практыкі, а таксама рэкамендацыі па выкарыстанні педагагічнага вопыту ў дзейнасці іншых педагогаў, магчымасці яго прымянення ў масавай практыцы.
Усё гэта можна праілюстраваць на прыкладзе аднаго з педагогаў, які ўжо абараніў свой педагагічны вопыт. Святлана Пятроўна Емяльянава, настаўніца сярэдняй школы № 19 Оршы, тэмай сваёй работы выбрала “Развіццё пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў пачатковай школы”. З самага пачатку педагог акрэсліла актуальнасць тэмы: “Усе настаўнікі жадаюць, каб іх вучні добра вучыліся, але часам у дзяцей проста не сфарміравана патрэбнасць у ведах, няма інтарэсу ў вучобе”. А менавіта інтарэс з’яўляецца вызначальным фактарам у працэсе авалодання ведамі. Таму аўтар паставіла сабе за мэту павышаць узровень пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў праз выкарыстанне апрабаваных сродкаў, метадаў і прыёмаў. Далей акрэсліла задачы: знайсці гэтыя прыёмы, апрабаваць іх і вызначыць эфектыўнасць іх выкарыстання. Аўтар прапаноўвае шэраг прыёмаў, метадаў і форм, якія выкарыстоўваюцца на розных этапах урока, і больш дэталёва апісвае тыя, што можна выкарыстоўваць на любых уроках: работа з датай, работа з прымаўкамі, парная работа, “аўкцыён” і іншыя.
***
Экзамен неабходна ўспрымаць як прыступку на лесвіцы да прафесійнага росту, як крок на шляху развіцця, а не як непрыемную непазбежнасць, якую трэба перажыць, упэўнены ў акадэміі. Як сказала адна з настаўніц, што здавала экамен у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі: “Я зараз бачу ўсю сістэму сваёй работы”. Супрацоўнікі акадэміі, з якімі я размаўляла, пацвярджаюць думку, што настаўнікі не прывыклі да новай формы работы, пры тым, што напісанне дзесяці старонак у свабоднай форме аб сваёй рабоце бывае задачай больш складанай, чым апісанне таго ж вопыту на некалькіх дзясятках старонак: так шмат матэрыялу аказваецца ў практыкаў, калі яны пачынаюць яго збіраць, сістэматызаваць і рабіць аналіз сваіх дасягненняў.