Вяртанне, або Сям’я замест дзіцячага дома

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” дзейнічае ўжо даволі працяглы час — з канца лістапада 2006 года. Нямала змен адбылося ў рабоце з такімі сем’ямі, у тым, куды і як змяшчаюцца дзеці пасля адабрання іх у нядбайных бацькоў. Але наколькі аператыўна адпаведныя службы рэагуюць на дрэнную сітуацыю ў сям’і, дзе ёсць дзеці? Што чакае дзіця пасля адабрання і што на практыцы азначаюць словы аб змяшчэнні малога на дзяржаўнае забеспячэнне: сацыяльны прытулак ці замяшчальная сям’я? А што будзе потым: дзіцячы дом або іншая форма ўладкавання? Ці мяняюць свае паводзіны бацькі, якія трапляюць пад дзеянне вышэйназванага дакумента, ці многія заслугоўваюць таго, каб ім вярнулі адабраных дзяцей? Які вопыт назапашаны на месцах за час, што прайшоў пасля падпісання дэкрэта, якія высновы зрабілі спецыялісты? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы папрасілі расказаць аб вопыце сваёй работы прадстаўнікоў двух раёнаў — Касцюковіцкага Магілёўскай вобласці і Клецкага, што на Міншчыне.
Без інтэрнатаў

— Вядома, Дэкрэт № 18 — галоўны дакумент, на які мы абапіраемся ў сваёй рабоце, — расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама Алена Леанідаўна Завадская. — Акрамя таго, нашы арыенціры — Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011 — 2015 гады, Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012 — 2016 гады, а таксама абласныя і раённыя лакальныя дакументы.
Так, сапраўды, змены ў рабоце адбыліся. Мы працуем на прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці, каб як мага раней выявіць праблемы ў сям’і і папярэдзіць іх негатыўныя наступствы — пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У раёне сфарміравана сістэма выяўлення і ўліку дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сістэматычна праводзяцца рэйды “Сям’я”, “Сям’я без насілля”, “Падлетак”.
Летась у наш аддзел паступіла 190 паведамленняў аб дрэнным становішчы ў сем’ях з цэнтральнай раённай бальніцы, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутранных спраў, суда, жылкамунгаса. Былі таксама паведамленні з водаканала, электрычных сетак, абласной дзіцячай бальніцы, аддзелаў адукацыі, нават вусны зварот і ананімны званок. Карацей, работа па выяўленні нядобранадзейных сем’яў, дзе ёсць дзеці, вядзецца па ўсіх каналах. Канечне, як і патрабуецца, па кожным выпадку вядзём сацыяльнае расследаванне, рэагуем на працягу 1-2 дзён. Калі ў сям’і ёсць зусім маленькія дзеці або рызыка вельмі высокая, выязджаем на месца адразу.
Калі факты пацвярджаюцца, прызнаём, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На пачатак года такіх непаўналетніх было 88. Аналіз банка даных дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паказвае, што асноўная прычына пастаноўкі непаўналетніх на ўлік — п’янства і адсутнасць работы ў бацькоў.
Работа спецыялістаў устаноў адукацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра скіравана на ліквідацыю прычын нядобранадзейнасці і вядзецца на міжведамасным узроўні. Гэта садзейнічанне ў лячэнні бацькоў ад алкагольнай залежнасці, іх працаўладкаванне, псіхалагічная дапамога дзецям і дарослым, стварэнне належных жыллёвых умоў.
Але не заўсёды на этапе сацыяльна небяспечнага становішча можна ліквідаваць прычыны такой сітуацыі, бо часцей за ўсё гэта алкагалізм. Таму па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх адбываюцца адабранні дзяцей. І ўсё ж прафілактыка дае свой плён: у 2013 годзе дзяцей, што прызнаны асобамі, якім неабходна дзяржаўная падтрымка, у два разы менш, чым у папярэднім годзе.
Спецыяліст расказала, што раней пасля адабрання дзяцей змяшчалі ў сацыяльны прытулак або Магілёўскі дом дзіцяці, але ў апошнія гады малыя трапляюць у замяшчальныя сем’і. Алена Леанідаўна прыйшла на сваю сённяшнюю работу ў 2009 годзе, калі ў яе самой былі яшчэ маленькія дзеці, і таму ёй было асабліва шкада малых, якіх адвозілі ў Магілёўскі дом дзіцяці за 145 кіламетраў ад райцэнтра. І маці туды цяжка ездзіць, каб убачыць малое, і дзіця перажывае дадатковы стрэс. Спецыялісты вырашылі, што такога больш не будзе, і з задачай справіліся. Цяпер і маленькія, і старэйшыя дзеці трапляюць адразу ў сям’ю. Малых ад года да трох перадаюць прыёмным сем’ям, у якіх ёсць свае малышы. Канечне, для прыёмнай сям’і гэта вялікая нагрузка, але прыёмных бацькоў рыхтуюць да такой работы. Метадыст па пытаннях абароны правоў дзіцяці раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Дзмітрыеўна Церахава расказала, што з такімі бацькамі ў дадатак да ўсяго займаюцца медыцынскія работнікі, штомесяц праходзяць заняткі ў клубе прыёмных бацькоў, і, зразумела, рэгулярна — метадычнае навучанне, курсавая перападрыхтоўка ў абласным ІРА.
— Да таго ж у нашым раёне прыёмныя сем’і ў асноўным маюць вялікі стаж. Гэта вопытныя, падрыхтаваныя людзі, якія, я ўпэўнена, самі здольны справіцца з любой сітуацыяй, — гаворыць Святлана Дзмітрыеўна. — Яны цэняць сваю работу, а мы ў сваю чаргу загадзя пралічваем рэсурсы кожнай сям’і і дакладна ведаем, што каму лепш даручыць. Калі з’яўляецца дзіця, якое трэба перадаць на ўладкаванне, адразу ж разумеем, якая прыёмная сям’я для яго падыдзе: каму лепш перадаць дзяўчынку, каму — хлопчыка і г.д. Самае маленькае дзіця, якое мы перадавалі прыёмнай сям’і, — дзяўчынка, якой на той час не было яшчэ і месяца (яе маці хварэе). Хутка ёй споўніцца два гады. Гэта шчаслівае дзіця, шчаслівыя прыёмныя бацькі, якія на дзяўчынку не нарадуюцца. А самымі вялікімі былі хлопцы па 17 з паловай года, што вярнуліся з выхаваўчай спецустановы. Яны паўгода жылі ў прыёмных сем’ях. Ніякіх інтэрнатаў — гэта прынцып нашай работы. А прыёмныя бацькі не забываюць сваіх колішніх выхаванцаў, наведваюць іх сем’і.
Мае суразмоўцы расказалі і пра тое, што прыёмныя бацькі ўдзельнічаюць у аднаўленні бацькоўска-сямейных адносін, дапамагаюць родным мамам і татам выправіцца. Прымаючы да ўвагі тое, што цяпер усе выяўленыя дзеці могуць быць перададзены ў замяшчальныя сем’і, прытулак у жніўні 2013 года закрылі.
— Ці магчыма вярнуць дзіця ў сям’ю, з якой яго адабралі? — працягвае размову А.Л.Завадская. — Магчыма. Мы вывучаем усе рэсурсы сям’і і на падставе гэтага складаем план абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга. Так, летась адабралі дзяцей у адной мнагадзетнай сям’і. Бацькі неаднойчы лячыліся ад алкагольнай залежнасці, потым зноў пачыналі піць, не працавалі, не займаліся выхаваннем дзяцей. Але адабранне прымусіла бацькоў змяніць сваё жыццё. Яны ўладкаваліся на работу, зноў пралячыліся, і праз паўгода ім вярнулі дзяцей. Зараз бацькі не п’юць, клапоцяцца пра малых. Мы назіраем за сітуацыяй, бо работа з сям’ёй працягваецца, на працягу 6 месяцаў ажыццяўляем патранат сям’і, аказваем дапамогу. Галоўнае, каб гэтыя людзі не вярнуліся да ранейшага ладу жыцця.
Як расказала Алена Леанідаўна, за тры апошнія гады з 32 дзяцей, у адносінах да якіх было прызнана, што ім неабходна дзяржаўная абарона, 31 дзіця вернута біялагічным бацькам. З адной сям’ёй работа пакуль працягваецца. А за ўвесь перыяд дзеяння Дэкрэта № 18 да 15 снежня 2013 года ў раёне са 107 адабраных дзяцей 78 вернуты ў біялагічныя сем’і. Як расказалі спецыялісты, у Касцюковіцкім раёне не было выпадкаў паўторнага адабрання малых. З сем’ямі, якім вярнулі малых, працягваюць працаваць, дапамагаюць, калі трэба. “Нават добрыя словы ў адрас такіх бацькоў на бацькоўскіх сходах у школах адыгрываюць станоўчую ролю”, — заўважаюць спецыялісты.
— Вяртанне дзяцей у сям’ю магчыма і пасля пазбаўлення бацькоў іх правоў, — дадае А.Л.Завадская. — Пачынаючы з 2007 года рашэннямі судоў адноўлены ў правах 14 бацькоў у адносінах да 17 дзяцей з 10 сем’яў. Пры гэтым улічваецца ўсё: дзіцяча-бацькоўскія адносіны, паводзіны бацькоў, жыллёва-бытавыя ўмовы. Штогод людзі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, звяртаюцца да нас, каб іх аднавіць. Мы, безумоўна, кожнага кансультуем, а арганізацыі, дзе працуюць абавязаныя асобы, дапамагаюць тым у паляпшэнні жыллёвых умоў, лячэнні ад алкагольнай залежнасці, кантралююць іх паводзіны. Так, у 2012 годзе аднавілі ў бацькоўскіх правах мнагадзетную маці, пазбаўленную правоў у 2008 годзе. Яе дзецi знаходзiлiся на выхаваннi ў прыёмнай сям’і. У 2010 годзе жанчына звярнулася да нас з просьбай аб аднаўленні яе ў бацькоўскіх правах. Прадпрыемства, на якім яна працавала, дапамагло палепшыць жыллёва-бытавыя ўмовы, раней накіравала яе на лячэнне. Псіхолаг сацыяльна-педагагiчнага цэнтра Валянціна Іванаўна Растаргуева таксама правяла вялікую работу па аднаўленні дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
Склалася і такая сітуацыя: на працягу 2012-2013 гадоў вядзецца работа па аднаўленні ў бацькоўскіх правах маці ў адносінах да сына, які зараз вучыцца ў восьмым класе. Жанчына прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, добраўпарадкавала свой дом, вядзе падсобную гаспадарку, цалкам пагашае выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, сустракаецца з сынам. Аднак хлопец, які, здаецца, і цягнецца да маці, усё яшчэ сумняваецца ў ёй, трывожыцца. Вельмі паказальная сітуацыя, на мой погляд. Калі страчаны давер дзіцяці, не заўсёды можна яго вярнуць нават пры гарачым жаданні бацькоў, якія наладзілі нармальнае жыццё. Хаця, зразумела, работа з гэтай сям’ёй працягваецца. Калi маці і не адновіць бацькоўскія правы, то хаця б наладзіць адносіны з сынам. Пачата работа і яшчэ з адной абавязанай асобай у адносінах да дваіх непаўналетніх дзяцей.
Пры гэтым спецыялісты з Касцюковіцкага раёна гавораць, што калі можна захаваць або аднавіць сям’ю, яны прыкладваюць усе намаганні для гэтага, бо адабранне дзяцей не заўсёды дае станоўчы вынік. Напрыклад, такі момант: у поле зроку супрацоўнікаў органаў адукацыі пастаянна трапляюць сем’і, дзе бацькі ў свой час былі дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў, выхоўваліся ў інтэрнатных установах, не мелі вопыту жыцця ў сям’і. Зараз у банку даных сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на ўліку стаяць чацвёра малых, чые бацькі мелі статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў.

Задзейнічаны ўсе

Пра асноўныя прынцыпы і нюансы сваёй работы расказала і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Клецкага райвыканкама Іна Іосіфаўна Кулеш.
— Адабранне і вяртанне дзяцей у сем’і мы, зразумела, вядзём у рамках Дэкрэта № 18, — паведаміла Іна Іосіфаўна. — Калі мы прызнаём, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, то работа вядзецца ў асноўным на мясцовым узроўні. Гэта значыць, што задзейнічаны школы і арганізацыі ў мікрараёне школ. Калі на гэтым узроўні не ўдаецца дасягнуць неабходных вынікаў, падключаюцца раённыя структуры, даводзіцца адбіраць дзяцей для змяшчэння іх на дзяржаўнае забеспячэнне, прызнання асобамі, якім неабходна дзяржаўная абарона. Далей вядзецца работа па аздараўленні атмасферы ў сям’і ў рамках плана абароны дзіцяці.
Калі разгледзець статыстыку за гады дзеяння Дэкрэта № 18 “Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, то бачна, што з кожным годам назіраецца зніжэнне колькасці дзяцей, якіх мы вымушаны змяшчаць у сацыяльны прытулак, прызнаваць асобамі, якім неабходна дзяржаўная абарона. Так, у першыя гады дзеяння дэкрэта ў нашым раёне адбіралася з сем’яў да 30-ці дзяцей у год. А ў 2013 годзе адбылося адабранне 14-ці малых. За гэты ж год мы знялі з уліку асоб, якім неабходна дзяржаўная абарона, 18 дзяцей. І толькі адно дзіця з гэтай колькасці было знята з уліку ў сувязі з тым, што яго бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Гэтыя дзеці ў асноўным знаходзіліся ў сацыяльным прытулку пры Клецкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Самых маленькіх — да трох гадоў — згодна з нарматыўнымі актамі, мы павінны накіроўваць або ў Дом дзіцяці, або на сямейнае ўладкаванне на тэрыторыі раёна. Мы не практыкуем накіраванне малых у Дом дзіцяці — усіх уладкоўваем у сем’і. У раёне ёсць і дзіцячы дом сямейнага тыпу Валянціны Іосіфаўны і Вячаслава Раманавіча Славінскіх, якія бяруць дзяцей і на шэсць месяцаў, як прадугледжвае дэкрэт. Нядаўна з’явілася яшчэ і прыёмная сям’я (прыёмнай маці працуе Святлана Аляксандраўна Галуза), якая ўжо брала на пэўны час двухгадовае дзіця, і гэта быў удалы вопыт. Сям’я, як і ўсе іншыя, праходзіла адбор і навучанне ў СПЦ, і мы высветлілі, што людзі гатовы браць маленькіх дзяцей, да таго ж у іх свой сын першакласнік.
Славінскія — мнагадзетныя бацькі. У іх таксама ёсць свае даволі маленькія дзеці. Акрамя таго, гэтыя людзі часта па ўласнай ініцыятыве з роднымі і прыёмнымі дзецьмі прыязджаюць у прытулак, у дзіцячае аддзяленне раённай больніцы, выступаюць там з канцэртамі, прывозяць падарункі. Такія гэта людзі. Мама, дарэчы, па адукацыі — выхавальнік дзіцячага сада, што таксама важна. Валянціна Іосіфаўна і Вячаслаў Раманавіч, дарэчы, самі працуюць з біялагічнымі бацькамі на працягу ўсіх шасці месяцаў, калі дзеці знаходзяцца ў іх дзіцячым доме. І пасля вяртання малых у сем’і наведваюць сваіх былых падапечных, дапамагаюць родным бацькам гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, калісьці Славінскія выхоўвалі маленькую, калі не памыляюся, двухгадовую дзяўчынку, потым малую вярнулі бацьку. Яны да гэтага часу, вось ужо года паўтара, падтрымліваюць адносіны з сям’ёй. Мужчына, напрыклад, просіць паглядзець дачку нейкі час, калі яму трэба кудысьці з’ездзіць. А з маці аднаго са сваіх выхаванцаў Славінскія працуюць і зараз, спадзеючыся на тое, што з іх дапамогай яна адновіць свае бацькоўскія правы.
Што да прытулку, то летась 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзіліся ў ім, вернуты бацькам. Зараз у прытулку 8 малых, перад Новым годам было 11. На жаль, пакуль у ім ёсць неабходнасць.
Асноўная прычына адабрання дзяцей з сям’і, як і ў іншых рэгіёнах, — п’янства бацькоў. Таму, канечне, першае, што неабходна зрабіць, — гэта вывесці бацькоў з такога стану. Лечым у асноўным тут, у раёне, але ёсць выпадкі, калі накіроўваем такіх людзей у Рэспубліканскі наркалагічны цэнтр “Вытокі”. Нават калі бацькі яшчэ не атрымалі першую зарплату, прэпараты для іх аплачвае арганізацыя-наймальнік, а потым вылічвае неабходную суму з заробку. А бывае, што некаторыя сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, кіраўніцтва якіх бачыць, што чалавек цалкам намераны не вяртацца да п’янства пасля лячэння, не вылічваюць гэтыя грошы з зарплаты, выдаткоўваюць іх самі.
— А хіба можна ўпэўнена разлічваць на тое, што пасля адабрання дзяцей на шэсць месяцаў сітуацыя не паўторыцца, бацькі не вернуцца да п’янства? — пытаюся ў спецыяліста.
— Гарантый, зразумела, няма, — адказвае І.І.Кулеш. — Бываюць зрывы, але падчас іх здараецца і так, што самі бацькі звяртаюцца да нас і просяць дапамагчы зноў (асабліва часта просяць аб дапамозе загадчыка прытулку). Яны паспрабавалі добрага, нармальнага жыцця і самі хочуць да яго вярнуцца. Здараецца, што мы самі дамаўляемся з наркалагічнымі службамі, каб правесці паўторнае лячэнне або каб людзям аказалі пэўную псіхалагічную дапамогу.
Але вось той выпадак, пра які я ўжо ўзгадвала: летась адну жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў — на жаль, паўторна. Адзінкавы выпадак у нас, але ён надзвычай важны. Вельмі шкада, што так атрымалася, але інакш зрабіць было нельга. Калісьці мы адабралі дзяцей у гэтай жанчыны. Маці тады пралячылася, выправіла сітуацыю, вось толькі, як аказалася, не назаўсёды. Ёсць яшчэ старэйшая дзяўчынка, але яна ўжо дарослая, а цяпер вось малодшую (праўда, і яна ўжо даволі дарослая, вучыцца ў сельскагаспадарчым ліцэі) прыйшлося адабраць.
Пры гэтым з 2007 года да цяперашняга часу 12 бацькоў адноўлены ў бацькоўскіх правах, ім вернута 13 дзяцей. У многім такі вынік дасягнуты дзякуючы Дэкрэту № 18, бо ён значна ўзмацніў адказнасць бацькоў. Мае значэнне і норма пра абавязковае вяртанне сродкаў на ўтрыманне дзяцей, і ўзмацненне кантролю за іх ладам жыцця з боку ўсіх структур, і абавязковае працаўладкаванне. Усё гэта іх падганяе. Бацькі, у якіх ёсць хоць нейкі патэнцыял, задумваюцца, пачынаюць разумець, для чаго і як яны могуць вярнуцца да нармальнага жыцця. Калі мы аналізуем вяртанне расходаў на ўтрыманне дзяцей, то адразу бачым, як жывуць бацькі. Калі бацька ці маці рэгулярна робяць гэтыя выплаты, у іх няма прагулаў, то ёсць магчымасць і аднаўлення іх бацькоўскіх правоў. Бывае, мы самі прапаноўваем дапамогу ў гэтым плане, безумоўна, правяраючы паводзіны і лад жыцця сям’і вельмі ўважліва. На адмову ў аднаўленні ў бацькоўскіх правах могуць паўплываць нават негатыўныя водгукі суседзяў, аднавяскоўцаў.
Мы і прыёмных бацькоў накіроўваем на тое, каб яны працавалі з біялагічнымі бацькамі, каб дзеці ў выніку вярнуліся да родных маці і таты, калі такое магчыма. Пры гэтым у дзяцей, старэйшых за 10 гадоў, пытаюцца, ці хочуць яны вярнуцца да родных бацькоў. Быў адзін выпадак, калі старэйшы, на той момант ужо 17-гадовы падлетак, катэгарычна адмовіўся вярнуцца да роднай маці, а малодшы вярнуўся. Хаця і старэйшы сын зараз падтрымлівае адносіны з маці, а вось аднаўлення бацькоўскіх правоў маці ў адносінах да сябе не жадае.
Яшчэ спецыяліст расказала, што да 1 верасня 2011 года ў раёне існаваў дзіцячы дом. Яго закрылі, згодна з Рэспубліканскай праграмай аб закрыцці інтэрнатных устаноў і пераважным праве дзяцей на сямейныя формы выхавання. Прычынай стала скарачэнне колькасці дзяцей, якія выхоўваліся ў гэтай установе: на момант закрыцця ў дзіцячым доме знаходзілася 38 хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў 2000 годзе — больш за сто.
— Большую частку малых у апошнія гады перад закрыццём інтэрнатнай установы ўладкоўвалі ў сем’і, а за тры гады дзяцей у інтэрнатныя ўстановы наогул не змяшчалі. Дарэчы, перад самым закрыццём дзіцячага дома ў раёне была адноўлена ў бацькоўскіх правах сямейная пара ў адносінах да траіх малых. Мы, канечне, назіраем за сітуацыяй у гэтай сям’і — дынаміка вельмі добрая. На сёння няма да іх ніякіх пытанняў. Такія вынікі, як гэты, — безумоўна, плён сумеснай, міжведамаснай работы, — адзначыла Іна Іосіфаўна.

Марына ХІДДЖАЗ.