Вучыць і вучыцца, ці Хто можа прэтэндаваць на атрыманне катэгорыі “настаўнік-метадыст”?

У многіх педагогаў да гэтага часу тэзіс аб неабходнасці пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, мякка кажучы, не выклікае энтузіязму. Адны спасылаліся на адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці, маўляў, даплаты да гэтага часу былі нязначнымі, іншыя — на клопатнасць працэдуры і шэраг іншых акалічнасцей. На гэтым фоне педагогі, якія добраахвотна ідуць на здачу экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, падаюцца пэўнымі дзівакамі. Навошта гэта ім? Матэрыяльная ж зацікаўленасць у гэтым кроку на сёння нязначная, умовы допуску і патрабаванні нават больш сур’ёзныя, чым пры атэстацыі на вышэйшую катэгорыю. Даведацца пра матывацыю прэтэндэнтаў і асаблівасці правядзення выпрабаванняў на катэгорыю “настаўнік-метадыст” наш карэспандэнт паспрабаваў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — установе, дзе якраз і праходзіць экзамен на прысваенне гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Мой вопыт — маё багацце

— Увядзенне катэгорыі “настаўнік-метадыст” — унікальная падзея для сістэмы адукацыі краіны. Гэта той залаты запас, рэсурс нашай практыкі, які складае эліту педагогаў, — лічаць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Адметна, што нашы педагогі паверылі ў гэтую ідэю і падтрымалі яе. Колькасць прэтэндэнтаў на гэтую катэгорыю ўжо даволі істотная — 123 чалавекі прынялі ўдзел у экзамене на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”.
Экзамен дазволіў выявіць сапраўды зорны вопыт і тыя тэндэнцыі педагагічнай практыкі, якія зараз актуальныя, палепшыць рэфлексіўна-метадычную культуру нашых педагогаў-практыкаў і павысіць іх упэўненасць і веру ў сябе, а таксама стварыць і паказаць умовы для іх зносін і прафесійнага развіцця.
Вось у гэтым, напэўна, і хаваецца адказ на пытанне, чаму педагогі імкнуцца атрымаць такую катэгорыю, — гэта прафесійна багатыя людзі, якія могуць і жадаюць падзяліцца назапашаным вопытам і самі імкнуцца да далейшага развіцця. Важна адзначыць, што прафесійнае багацце ў такім выпадку не заўсёды вызначаецца колькасцю адпрацаваных у сістэме адукацыі гадоў. Так, сярод прэтэндэнтаў на атрыманне гэтай катэгорыі як адносна маладыя настаўнікі, так і з велізарным вопытам работы.
Дакументы сведчаць, што ўзрост прэтэндэнтаў — ад 36 да 77 гадоў. Геаграфія прыбыцця — з усіх куткоў краіны. Кірункі дзейнасці — практычна ўсе прадметы школьнага цыкла. І гэта пры тым, што патрабаванні да педагогаў, якія прэтэндуюць на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, яшчэ на этапе допуску да экзамену вельмі сур’ёзныя. Так, патрабуецца прадставіць аўтарскую методыку ці асабісты вопыт, які абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі педагогамі, публікацыі і вопыт кіраўніцтва метадычным аб’яднаннем.
— Для таго каб атрымаць накіраванне на здачу экзамену ад атэстацыйнай камісіі раённага аддзела адукацыі, настаўнік павінен усё гэта прадаставіць на яе разгляд. Далей вопыт дзейнасці атэстуемага на працягу трох апошніх гадоў вывучаецца на месцы, — расказвае начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі сакратар камісіі для правядзення кваліфікацыйных экзаменаў пры праходжанні атэстацыі на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст” Ірына Віктараўна Багачова. — Непасрэдна падчас экзамену пэўныя рэчы патрабуюць дакументальнага пацвярджэння, іншыя — неабавязкова. Так, здаецца, тое, ці ёсць у педагога вопыт кіраўніцтва метадычным аб’яднаннем, на месцы вядома. Гэта можа быць вопыт выступленняў трэнерам каманды настаўнікаў ці суправаджэнне прафесійнага росту, кіраўніцтва творчай, праблемнай групай і іншымі метадычнымі аб’яднаннямі. Прадастаўляць на экзамен яшчэ нейкія пацвярджальныя дакументы, якія б сведчылі, што педагог займаўся гэтай дзейнасцю ў раёне, фармальна не трэба — само накіраванне з месца з’яўляецца своеасаблівым пацвярджэннем гэтага факту.
А вось публікацыі на метадычную тэму або іх ксеракопіі неабходна прадаставіць як на месцы для атрымання допуску на здачу кваліфікацыйнага экзамену, так і непасрэдна на кваліфікацыйны экзамен.
Як адзначае спецыяліст, часам на месцах узнікаюць пытанні, як даказаць, што чыйсьці вопыт абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі педагогамі. У такім выпадку вызначальным павінна стаць тое, што настаўнік сістэматычна выступае ў раёне, вобласці, краіне, што ён дае майстар-класы. “Гэта і сведчыць пра тое, што яго вопыт пераймаецца. І патрабаваць дакументальнага пацвярджэння пераймання гэтага вопыту не варта”, — адзначае Ірына Віктараўна.

Аб’ектыўнасць ацэньвання гарантавана

Адрозненне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” ад вышэйшай найперш у тым, што, акрамя найвышэйшай якасці, у першым выпадку педагог умее працаваць не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, — умее перадаваць уласны вопыт, вучыць і вучыцца ў сваіх калег. Таму і кваліфікацыйны экзамен падчас прысваення катэгорыі “настаўнік-метадыст” скіраваны не толькі на тое, каб вызначыць лепшы педагагічны вопыт, але і на тое, каб высветліць, ці здольны педагог гэты вопыт перадаць іншым і тым самым развіваць і ўзбагачаць адукацыю раёна, вобласці, краіны.
— Настаўнік-метадыст — гэта той, у каго ёсць чаму павучыцца і які ўмее гэта рабіць — вучыць дарослых, — падкрэслівае Ірына Віктараўна. — На кваліфікацыйным экзамене прадстаўляюцца рэзюмэ і апісаны вопыт. Сам экзамен праводзіцца ў адзін дзень, уключаючы пісьмовую частку і вусную размову. На пісьмовай частцы прапануецца распрацаваць, а на вуснай частцы — абараніць мадэль майстар-класа і такім чынам даказаць, што настаўнік умее працаваць са сваімі калегамі ў дарослай аўдыторыі. Білет, які выцягвае прэтэндэнт, утрымлівае апісанне таго кантынгенту, для якога неабходна распрацаваць майстар-клас. Гэта могуць быць студэнты выпускнога курса пэўнай спецыяльнасці, дырэктары школ, якія не з’яўляюцца спецыялістамі ў гэтым прадмеце; гэта могуць быць выкладчыкі методыкі прадмета вышэйшай навучальнай установы, настаўнікі і іншыя.
Сёння ёсць метадычныя рэкамендацыі аб парадку правядзення экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Яны размешчаны на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. І, як раяць спецыялісты, усім, хто прэтэндуе на атрыманне катэгорыі “настаўнік-метадыст”, неабходна з імі азнаёміцца. Дарэчы, у метадычных рэкамендацыях прапісаны і падрабязныя крытэрыі і паказчыкі ацэнкі, якімі кіруецца камісія, дзякуючы чаму і сам прэтэндэнт, і тыя, хто выдае яму накіраванне, могуць загадзя правесці папярэднюю ацэнку.
— Па кожным з пунктаў вызначаны максімум магчымых балаў — 4 і крытэрыі ацэнкі, — расказвае І.В.Багачова. — Напрыклад, ацэнка такога складніка, як наяўнасць публікацый: калі ёсць серыя публікацый у рэспубліканскіх выданнях на метадычную тэму, асобная кніга ці серыя артыкулаў у прадметным журнале — гэта 4 балы (максімум), калі два-тры артыкулы на метадычную тэму — 3 балы, калі некалькі артыкулаў, але на розныя тэмы, — 2 балы. Ці іншы складнік — удзел у павышэнні кваліфікацыі калег. Калі педагог сістэматычна праводзіць аўтарскі курс па павышэнні кваліфікацыі — гэта 4 балы, калі час ад часу да яго прыходзяць на практычныя заняткі — 3 балы. І так па кожным з паказчыкаў, што гарантуе аб’ектыўнасць ацэньвання.
Акрамя таго, па рэзюмэ педагога ацэньваецца яго метадычная работа, павышэнне кваліфікацыі, удзел у конкурсах педагагічнага майстэрства. Дарэчы, у адносінах да апошняга дакладна прапісаны тры конкурсы, якія ідуць у залік: “Настаўнік года”, “Камп’ютар. Інтэрнэт. Адукацыя”, “Адкрыты ўрок”. У бягучым годзе мы запускаем 4-ты конкурс — “Рэспубліканскія завочныя конкурсы метадычных распрацовак”, аб’яўлены прадметнымі часопісамі. У Палажэнні аб конкурсе ўказана, што перамога залічваецца пры праходжанні атэстацыі на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”.
Што тычыцца апісання ўласнага вопыту, то структурна ён адпавядае тым жа крытэрыям, што і пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай катэгорыі, але па глыбіні і сістэмнасці павінен быць больш высокім. Ацэньваецца змест работы, лагічнасць, структураванасць апісання вопыту і яго выніковасць — яе трэба даказаць у адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі. Важна і тое, наколькі гэты вопыт можа трансліравацца ці гэта ўнікальны вопыт. Напрыклад, калі чалавек выкладае геаграфію пад гітару, вопыт не трансліруецца.
Акрамя таго, асобна ацэньваецца майстар-клас і публічнае выступленне — таксама максімум на 4 балы.
— Такім чынам, максімум, які можа набраць педагог, — гэта 40 балаў. І ў нас зараз ёсць 4 чалавекі, якія набралі гэты максімум, — расказвае Ірына Віктараўна. — Згодна з прапісанымі правіламі, усе, хто набраў 30 балаў, экзамен здаюць.

Праблема — у заніжанай самаацэнцы педагогаў

Усяго за час увядзення катэгорыі “настаўнік-метадыст” у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі было пададзена 123 заяўкі на прысваенне гэтай катэгорыі. З іх 101 чалавек экзамен здаў, 17 — не здалі, 5 — не з’явіліся на выпрабаванне.
— Вынікі тых, хто здаў экзамен у мінулым годзе, апублікаваны ў серыі кніг “Як прадставіць уласны педагагічны вопыт на кваліфікацыйным экзамене”, якія выйшлі папрадметна, — адзначае спецыяліст. — Гэтыя кнігі не толькі для таго, каб паглядзець, як прадставіць вопыт. Гэта падручнікі па практыцы выкладання. Мы спадзяёмся, што ў школах іх зачытаюць. Тут можна знайсці проста выдатныя ідэі для практыкаў.
Сёлета выпрабаванне вытрымалі ўжо 70 чалавек. У акадэміі ўсялякімі спосабамі імкнуцца распаўсюджваць вопыт работы гэтых педагогаў. У бягучым годзе — у асноўным праз прадметныя часопісы. Акрамя таго, праводзяцца аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі, настаўнікаў-метадыстаў запрашаюць на семінары.
Разам з тым некаторыя прэтэндэнты на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” экзамен не здаюць. Чаму?
— Найперш, праблема ў заніжанай самаацэнцы настаўнікаў. Колькасць настаўнікаў, якія б маглі прэтэндаваць і атрымаць катэгорыю “настаўнік-метадыст”, значна большая, чым мы маем. Вельмі многія сыходзяць з дыстанцыі, не рызыкуюць прыязджаць і вельмі нервуюцца на экзамене, што таксама не ў поўнай меры дазваляе ім раскрыць свае здольнасці, — адзначае Ірына Віктараўна. — Не здаюць і тыя, хто не знаёмы з паказчыкамі і крытэрыямі, якія распрацаваны для ацэнкі кандыдатаў на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”, паколькі лічаць, што грамадства іх і так ужо ацаніла, спадзяюцца на свой аўтарытэт і часам нават не лічаць неабходным падрыхтаваць апісанне ўласнага вопыту. Не з-даюць і тыя, хто прадстаўляе вельмі вузкі вопыт, хто не змог сістэматызаваць сваю работу.
Як падкрэсліваюць ва ўстанове, менавіта на ўзроўні рэгіёнаў павінны адсочваць, каб у кандыдата на здачу кваліфікацыйнага экзамену на катэгорыю “настаўнік-метадыст” былі ўсе тыя паказчыкі, якія прапісаны ў інструкцыі, і ўсе параметры паказчыкаў, пра якія гаворыцца ў Метадычных рэкамендацыях па арганізацыі экзамену. Выпадкі, калі людзі прыязджаюць без абагульненага вопыту, — гэта выпадкі, якія магчыма было папярэдзіць на рэгіянальным узроўні і тым самым папярэдзіць псіхалагічную траўму ў педагога.
“Мы імкнёмся праводзіць работу такім чынам, каб не пазбавіць чалавека веры ў свае творчыя сілы, магчымасці, — падкрэсліваюць спецыялісты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — І пры адмоўным выніку экзамену засяроджваем увагу на тым, што гэта толькі на экзамене, што гэта не з’яўляецца ацэнкай работы педагога ў цэлым. Пры правядзенні любога экзамену імкнёмся даказаць нашым педагогам, чаму камісія прымае тое ці іншае рашэнне”.

Алена МАРКЕВІЧ.