Усе на базу!

Супрацоўніцтва з базавымі арганізацыямі можа стаць адным з краевугольных камянёў работы па размеркаванні выпускнікоў установы вышэйшай адукацыі. Да выпускнікоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прадпрыемствы заўсёды праяўлялі асаблівую цікавасць, бо ўзровень падрыхтоўкі высокі, спецыяльнасці — сярод самых запатрабаваных на рынку працы. Зараз размеркаванне ў гэтым універсітэце ідзе поўным ходам, абавязкова на адпаведных мерапрыемствах прысутнічаюць заказчыкі кадраў.

Час патрабуе

Між іншым за апошніх дзесяць гадоў у БНТУ адкрыты 34 новыя спецыяльнасці. Пастаяннае абнаўленне дыктуе рынак працы і заказчыкі кадраў. Час патрабуе падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне будаўніцтва атамных станцый, камп’ютарнай мехатронікі, мікра- і нанасістэмнай тэхнікі, транспартнай лагістыкі і г.д.
Сёння размяркоўваюцца прадстаўнікі 15 факультэтаў універсітэта і Міжнароднага інстытута дыстанцыйнай адукацыі — 124 кірункі спецыяльнасцей і спецыялізацый, больш за 2 тысячы выпускнікоў дзённай формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
— Найбольш запатрабаваныя зараз выпускнікі энергетычнага, будаўнічага, архітэктурнага, машынабудаўнічага факультэтаў, факультэтаў інфармацыйных тэхналогій і
робататэхнікі, транспартных камунікацый, — расказвае начальнік аддзела маркетынгу і размеркавання выпускнікоў Алена Уладзіміраўна Семянюк. — За выпускнікамі, якія заканчваюць нашу ўстанову па спецыяльнасцях “Электразабеспячэнне”, “Прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Аўтаматызаваныя электрапрывады”, “Аўтамабільныя дарогі” і некаторых іншых, можна сказаць, чарга выстройваецца. На такіх спецыяльнасцях на аднаго выпускніка прыходзіцца па 2-3 прапановы месца работы.
Як расказала Алена Уладзіміраўна, горадаўтваральным і валаўтваральным прадпрыемствам краіны ўніверсітэт у свой час разаслаў прапановы аб узаемадзеянні (згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 972 “Аб некаторых пытаннях фарміравання заказу на падрыхтоўку спецыялістаў”). У пастанове, нагадаю, якраз і ідзе гаворка аб арганізацыях — заказчыках кадраў, яна была прынята яшчэ ў 2011 годзе. Сёння ж наймальнікі самі выступаюць з прапановамі аб заключэнні падобных дагавораў.
— Асабліва арганізацыі — заказчыкі кадраў актывізуюцца ў пачатку навучальнага года, — падкрэслівае Алена Уладзіміраўна, — але іх актыўнасць не спыняецца і потым. Нядаўна прайшло размеркаванне выпускнікоў факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. І магу адназначна сказаць, што з улікам заявак, якія падалі арганізацыі — заказчыкі кадраў, і ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі аб узаемадзеянні, запыты базавых арганізацый задаволены ў поўным аб’ёме. А пэўныя пісьмовыя запыты іншых наймальнікаў незалежна ад формы ўласнасці засталіся незадаволенымі. Адсюль вывад: колькасць прапаноў аб заключэнні дагавораў будзе павялічвацца з кожным годам. Пры наяўнасці некалькіх базавых арганізацый задавальненне іх запытаў па спецыялістах з вышэйшай адукацыяй ажыццяўляецца зыходзячы з даты заключэння адпаведных дагавораў аб узаемадзеянні, як таго і патрабуе пастанова Савета Міністраў № 821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, вяртання затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых”.
Алена Уладзіміраўна Семянюк расказала, што зараз у БНТУ заключана 116 дагавораў аб узаемадзеянні па падрыхтоўцы спецыялістаў і пададзена 17 заявак на падрыхтоўку. Сярод заказчыкаў кадраў — уся сістэма Белэнерга, Мінскі трактарны, прыборабудаўнічы заводы і Завод колавых цягачоў, ЗАТ “Атлант”, БелАЗ, БАТЭ,
МАПІД, Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.М.Машэрава, Беларуськалій, Белгархімпрам, Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод, Слуцкі цукрарафінадны камбінат, Белпрампраект і многія іншыя прадпрыемствы і арганізацыі.
Канечне, у рамках супрацоўніцтва ўстановы вышэйшай адукацыі і заказчыкаў кадраў заключаюцца дагаворы на праходжанне студэнтамі вучэбных і вытворчых практык — азнаямляльных, будаўніча-тэхналагічных, праектных, пераддыпломных. На базе арганізацый — заказчыкаў кадраў ствараюцца філіялы кафедр, а вядучыя спецыялісты арганізацый удзельнічаюць у вучэбным працэсе: чытаюць лекцыі, праводзяць практычныя заняткі як у сценах установы адукацыі, так і на базе прадпрыемстваў. Універсітэт у сваю чаргу запрашае прадстаўнікоў базавых арганізацый паўдзельнічаць у выніковай атэстацыі выпускнікоў, уключае заказчыкаў кадраў у склад дзяржаўных экзаменацыйных камісій.
— Супрацоўніцтва з базавымі арганізацыямі, безумоўна, павышае ўзровень падрыхтоўкі кадраў, — сцвярджае Алена Уладзіміраўна. — А як можа быць інакш, калі такая арганізацыя садзейнічае набыццю найноўшага абсталявання для вучэбнага класа, калі студэнт, дзякуючы заказчыкам, далучаецца да самых сучасных тэхналогій? Так ён набывае практычныя веды і ўменні, яму цікава вучыцца.
У 2013 годзе ў БНТУ пад размеркаванне падпадаў 1871 выпускнік-бюджэтнік дзённай формы атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені. Першымі рабочымі месцамі забяспечаны 99,1% маладых людзей. Менш чым адзін працэнт ад усёй колькасці выпускнікоў атрымаў права на самастойнае працаўладкаванне — з улікам завочнікаў, якія не менш як палову часу навучання вучыліся на бюджэце і на момант размеркавання працавалі па спецыяльнасці. У першую чаргу, як падкрэсліла начальнік аддзела меркетынгу і размеркавання выпускнікоў, задаволена патрэбнасць у кадрах базавых арганізацый і арганізацый — заказчыкаў кадраў. Месцы работы прапанавалі і выпускнікам-платнікам, больш за сорак з іх атрымалі накіраванне на работу.

Лепшы выбар робіцца загадзя

Па словах А.У.Семянюк, адказнасць выпускнікоў перад дзяржавай за адпрацоўку па размеркаванні, як і па звароце сродкаў за навучанне, з кожным годам павышаецца. Усё, што неабходна па гэтых пытаннях, ведае кожны студэнт. Да таго ж маладых людзей загадзя знаёмяць з работай камісіі па размеркаванні, планамі размеркавання, якія створаны на падставе заявак арганізацый — заказчыкаў кадраў і дагавораў аб узаемадзеянні, пісьмовых запытаў арганізацый і прадпрыемстваў.
— На пасяджэнні камісія прымае рашэнне аб размеркаванні выпускніка з улікам яго адзнак, удзелу ў грамадскім жыцці, сямейнага становішча, стану здароўя, асабістых пажаданняў, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Атрымліваецца, што, па сутнасці, выпускнік сам выбірае месца працы. Тое, якое яго задавальняе. І пытанне аб тым, каб не з’явіцца на першае працоўнае месца, перад нашымі выпускнікамі не стаіць.
Мы вырашылі ўбачыць на свае вочы, як праходзіць размеркаванне. Пашанцавала пабываць на размеркаванні будучых выпускнікоў на факультэце энергетычнага будаўніцтва. Менавіта тут рыхтуюць прафесіяналаў у галіне будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый, а таксама некаторых іншых, у тым ліку такой цікавай для Беларусі спецыяльнасці, як “Караблебудаванне і тэхнічная эксплуатацыя воднага транспарту”. Падчас нашага візіту размяркоўваліся маладыя спецыялісты з менш рамантычнай, але вельмі патрэбнай спецыяльнасцю “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Што такія спецыялісты патрэбны беларускім арганізацыям як паветра (прабачце за каламбур), зразумела адразу, як уваходзіш у аўдыторыю, дзе адбываецца размеркаванне. Прадстаўнікі арганізацый сядзяць вялікай групай у некалькі радоў. Сярод іх супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (“Прыйшоў сюды ўпершыню, але планы супрацоўніцтва ў нас доўгатэрміновыя”, — гаворыць прадстаўнік камітэта), аднаго з будаўнічых каледжаў сталіцы (тут шукаюць выкладчыка, маладому спецыялісту абяцаюць прадаставіць жыллё), многіх іншых арганізацый. Праз некаторы час становіцца зразумела, што калі не ўсе, то большасць маладых інжынераў ужо вызначыліся з месцам сваёй першай работы. На некаторых выпускнікоў ужо ёсць заяўкі, і прадстаўнікі гэтых арганізацый адчуваюць сябе ўпэўнена.
— Попыт куды большы, чым прапанаванне (на факультэце ў нас каля 200 выпускнікоў), — пацвярджае дэкан факультэта энергетычнага будаўніцтва Пётр Міхайлавіч Багаслаўчык. — Прычым прахадны бал пры паступленні на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна” — адзін з самых высокіх на факультэце. А базавых арганізацый у нас многа: “Мінскэнерга”, “Гроднаэнерга” (яны сёлета бяруць два чалавекі), інстытут “Белпрампраект”. Яшчэ нашы базавыя арганізацыі — МАПІД, “Мінскінжпраект”, іншыя. З канцэрнам “Белпалівагаз” мы вельмі даўно і плённа супрацоўнічаем, кожны год сустракаемся з кіраўніцтвам гэтай арганізацыі, адносіны наладжаны. “Белпрампраект” — таксама наш даўні партнёр. З канцэрнам “Мінскмеліявадгас” у нас настолькі плённае супрацоўніцтва, што яго нават сяброўствам лепш назваць. З упраўленнем марскога і рачнога транспарту Мінтранса, якое, дарэчы, зараз наш выпускнік і ўзначальвае, — тое ж самае. Упраўленне добра падтрымлівае і маладых людзей са спецыяльнасцю “Караблебудаванне”, і выпускнікоў такой спецыялізацыі, як “Водныя шляхі і порты”. “Мінскводаканал” — тая ж гісторыя, у нас там і філіял кафедры дзейнічае, неяк мы нават з іх дапамогай арганізавалі абмен студэнтамі з польскім бокам. У Пінску ў нас таксама адкрыты філіял кафедры. Дзякуючы гэтым арганізацыям, мы па дзвюх спецыяльнасцях па студэнцкіх практыках не маем праблем. Супрацоўніцтва з такімі арганізацыямі — гэта цудоўная дапамога і для практыкі, і для дыпломнага праектавання студэнтаў. Я нават баюся пра кагосьці забыцца, пакрыўдзіць, бо супрацоўнічаем са многімі.
Пры гэтым, як заўважае Пётр Міхайлавіч, не заўсёды прадпрыемства выбірае выпускніка з чырвоным дыпломам. “Заказчыкі па сваіх крытэрыях ацэньваюць нашых студэнтаў. Зусім нядаўна да мяне прыязджаў спецыяліст з Гродна. Перагледзеў усе асабістыя справы і спыніўся на двух выпускніках не з самымі высокімі баламі, патэлефанаваў ім, дамовіўся. Магчыма, выбіраў па месцы жыхарства, магчыма, па яшчэ нейкіх крытэрыях. Галоўнае, што арганізацыя-заказчык і маладыя спецыялісты знайшлі адно аднаго. А некаторыя, наадварот, знаёмяцца з выпускнікамі і вырашаюць дамовіцца з іншымі. Не магу сказаць, добра гэта ці дрэнна, але так ёсць”.
На размеркаванне спецыялістаў па цеплагазазабеспячэнні прыехала прадстаўніца Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут “Ваенпраект”, прычым заяўкі на выпускнікоў прадпрыемства падало загадзя. Вядучы спецыяліст па кадрах расказвае, што старшакурснікі БНТУ нярэдка працуюць у іх падчас вучобы. “Я прыехала, каб “нашых” студэнтаў хтосьці іншы не пераманіў да сябе, у нас вельмі зацікаўлены ў маладых спецыялістах”, — і жартам, і ўсур’ёз гаворыць жанчына.
З той жа мэтай прыйшлі на размеркаванне і прадстаўнікі Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова.
— Адзін выпускнік, а дакладней, выпускніца, у нас ужо ёсць, патрэбен яшчэ малады спецыяліст. Мы ж і самі БНТУ скончылі, тады яшчэ БПІ, — расказваюць прадстаўнікі завода. — Хаця бачым, што многія студэнты даўно вызначыліся, ідуць нават на месцы з меншай зарплатай, чым у нас. Можна паспрабаваць пераманіць, але навошта? Чалавек жа, нягледзячы на размеркаванне, вольны ў сваім выбары.

Куды ідуць “тэхнары”?

Падышла я і да адной з лепшых студэнтак курса Таццяны Семяненка, якая ўжо вызначылася з месцам будучай работы.
— Гэта “Белпрампраект”, — гаворыць дзяўчына. — Я параілася з чалавекам, які мае дачыненне да маёй спецыяльнасці, і з усіх прадстаўленых у спісе на нашай кафедры праектных арганізацый мне больш за ўсё спадабалася гэтая. Я ў пачатку спіса па сярэднім бале, таму ў мяне ёсць пераважнае права выбару.
Хлопцы, якія стаяць побач, таксама ўжо вызначыліся з месцам адпрацоўкі па размеркаванні, арганізацыі загадзя накіравалі на іх заяўкі. Адзін з іх, Вадзім Кучко, пачне працоўную дзейнасць у кампаніі “Белфармацыя”.
— Іду на інжынерную пасаду. Заказчыкі прыйшлі на папярэдняе размеркаванне, тады і дамовіліся з імі. Я ўжо і ў арганізацыю з’ездзіў, паглядзеў, як там што. Там і сацпакет поўны, і выплаты на святы, і трынаццатая зарплата, і проста спадабалася, як са мной размаўлялі, як паставіліся, сустрэлі, на ўсе мае пытанні адказалі. Што да жылля, то яно мне не трэба, я мінчанін.
— А я з Ліды, — гаворыць Аляксей Бязмен, — але застаюся ў адной базавых арганізацый факультэта ў Мінску, дзе і практыку праходзіў, і працаваў летам. Хаця лічу, што на цяперашні момант ніхто з нас добра не ведае, што канкрэтна яго чакае. Адна справа — праходзіць практыку, калі ты асоба, якая не нясе асаблівай адказнасці, іншая справа — займаць адказную пасаду, калі патрабаванні зусім іншыя і ад цябе залежыць пэўны ўчастак работы. Жылля ў мяне пакуль няма, збіраюся наймаць, але гэта не палохае. Мяне цікавяць перспектывы, а іх тут больш, чым у родным горадзе, таму і выбар я зрабіў адпаведны. Дома, канечне, бацькі падтрымаюць, але я малады, хачу рызыкнуць, дамоў жа вярнуцца заўсёды паспею.
Так разважаюць маладыя спецыялісты. Хаця, канечне, не ўсе лічаць, як Аляксей, многіх усё ж у першую чаргу прываблівае жыллё. Калі арганізацыя мае магчымасць даць маладому чалавеку месца ў інтэрнаце, то і пытанняў па размеркаванні не ўзнікае ні ў аднаго, ні ў другога боку. Тады і аб пераразмеркаванні маладыя спецыялісты не думаюць.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.