Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат

Дэфіцыт педагогаў таго ці іншага профілю ў большай ці меншай ступені ёсць практычна ва ўсіх рэгіёнах. Сярод найбольш запатрабаваных — дашкольнікі, матэматыкі, фізікі… Заявак на такіх спецыялістаў на адпаведных факультэтах устаноў адукацыі, як правіла, больш, чым гэтых самых будучых спецыялістаў. Што могуць у адпаведнасці з заканадаўствам і гатовы прапанаваць рэгіёны для прыцягнення кадраў? Пра гэта — у нашым аглядзе.

Жыллё маё…

Згодна з заканадаўствам, наймальнік не абавязаны прадастаўляць жыллё маладому спецыялісту, які прыбыў да яго па размеркаванні. У такой сітуацыі вырашэнне жыллёвага пытання маладога спецыяліста — бадай, самы значны бонус, які можа прыцягнуць выпускніка да работы ў пэўнай мясцовасці. Бяда толькі ў тым, што абсалютная большасць рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй не мае ў распараджэнні жыллёвага фонду. Тыя ж шчасліўчыкі, якія ўсё ж маюць у сваім распараджэнні некаторы жыллёвы фонд, найперш размяркоўваюць яго паміж пэўнымі льготнымі катэгорыямі: напрыклад, выхаванцамі дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў.
Тым не менш вырашыць пытанне пэўным чынам магчыма і іншым катэгорыям маладых спецыялістаў. Цікавы вопыт у гэтым кірунку напрацаваны ў Гродне.
— З 2009 года любы супрацоўнік устаноў адукацыі Гродна можа стаць на чаргу асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры гарадскім аддзеле адукацыі. У тым ліку і маладыя спецыялісты, — расказала нашаму выданню Людміла Раманаўна Сяўко, старшыня гарадскога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. — Адзінае — ад іх патрабуецца ўласная ініцыятыва. Такі ўлік у далейшым дае магчымасці вырашэння жыллёвага пытання. Так, за апошнія гады былі пабудаваны два жылыя дамы для тых, хто знаходзіўся ў гэтай чарзе з выкарыстаннем ільготных крэдытаў. Такім чынам больш за 200 сем’яў вырашылі сваё жыллёвае пытанне, у тым ліку і некаторыя маладыя спецыялісты.
Зараз сітуацыя з крэдытаваннем іншая: права на атрыманне крэдыту на льготных умовах маюць зусім нешматлікія катэгорыі грамадзян. Тым не менш ёсць сэнс пастаноўкі на адзначаную чаргу асоб, якія маю ць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і сёння.
Гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза неаднойчы выходзіла з хадайніцтвамі на кіраўніцтва горада аб прадастаўленні месцаў у ведамасных інтэрнатах. Сёння мы дабіліся рашэння выканкама аб тым, што месцы, якія вызваляюцца ў інтэрнатах камунальнай уласнасці горада, будуць выдзяляцца прадстаўнікам адукацыі, аховы здароўя і культуры ў суадносінах 4-2-1. Так на працягу ўжо некалькіх гадоў удаецца пэўным чынам вырашаць жыллёвае пытанне маладых спецыялістаў. На жаль, пакуль месцы прадастаўляюцца не ў самых лепшых інтэрнатах, як правіла, гэта інтэрнаты калідорнага тыпу. Аднак гэта можа быць вырашэннем для тых, каму неабходна не толькі часовае жыллё, але і рэгістрацыя.
Да гэтага варта дадаць, што Гродна стаў адным з першых гарадоў, дзе рэалізуюцца праекты па будаўніцтве арэнднага жылля. “Спадзяёмся, што будзе магчымасць удзельнічаць у гэтых праграмах і нашым членам прафсаюза”, — дадае Людміла Раманаўна.
Зрэшты, надзея не марная. Згодна з Указам № 563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”, які быў падпісаны кіраўніком дзяржавы ў снежні 2013 года, фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання — а гэта і ёсць арэнднае жыллё — будзе дзяліцца наступным чынам: 40% для асоб, якія маюць першачарговае права на яго прадастаўленне, астатнія 60% — для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры пэўным выканкаме ці па месцы працы, а таксама тых, хто не стаіць на такім уліку. Да першай катэгорыі адносяцца асобы, якія будуць атрымліваць камерцыйнае жыллё на перыяд працоўных адносін. Гэта якраз і будуць маладыя спецыялісты, а таксама вайскоўцы, асобы прафесарска-выкладчыцкага складу, навукоўцы, дзяржслужачыя і некаторыя іншыя катэгорыі.
У Гомельскай вобласці, дарэчы, арэнднае жыллё педагогам, у тым ліку і маладым спецыялістам, актыўна выдзялялася ўжо ў мінулым годзе. “Найбольш актыўна гэты працэс праходзіў у рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — расказала Таццяна Фёдараўна Атрохава, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. — Усяго за мінулы год педагогам было прадастаўлена 40 арэндных кватэр”.
Дарэчы, Гомельская вобласць мае яшчэ адну выдатную традыцыю: прадастаўленне жылля маладым педагогам з ліку таго, што будуецца сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Згодна з пастановай Савета Міністраў № 59 ад 19 студзеня 2006 года, сельскагаспадарчыя арганізацыі могуць з улікам патрэбнасці ў працоўных рэсурсах і перспектывамі развіцця арганізацыі прадастаўляць жыллё таксама і работнікам бюджэтнай сферы — у тым ліку супрацоўнікам школ, устаноў дашкольнай адукацыі, якія знаходзяцца на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у гэтых сельскагаспадарчых арганізацыях. Пры гэтым у Жыллёвым кодэксе значыцца, што работнікі арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці, якiя абслугоўваюць работнiкаў сельскагаспадарчых арганізацый, прымаюцца на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у адпаведнай сельскагаспадарчай арганiзацыi па сумесным рашэнні адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта гэтай арганізацыі на падставе хадайнiцтваў арганізацыі сацыяльна-культурнай сферы або арганізацыі спажывецкай кааперацыі.
І такую магчымасць у Гомельскім рэгіёне актыўна выкарыстоўвалі. Шчаслівымі ўладальнікамі новых дамоў стала далёка не адна сям’я маладых педагогаў. Прычым, як правіла, ключы ад дома ўручаліся педагогам ва ўрачыстай атмасферы прадстаўнікамі ўлады вобласці.
Але, напэўна, найбольш востра жыллёвае пытанне стаіць перад маладымі педагогамі, якія атрымалі размеркаванне ў Мінск: кошт прыватнага арэнднага жылля тут не супастаўляльны з заработнай платай маладых педагогаў.
— У мінулым годзе вырашэнню жыллёвага пытання маладых спецыялістаў-педагогаў была ўдзелена асаблівая ўвага, — расказала Ларыса Леанідаўна Волкава, старшыня Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. — У горадзе ёсць толькі адзін інтэрнат для педагагічных работнікаў. Летась напярэдадні Дня настаўніка 11 іншагароднім педагогам уручылі доўгачаканыя ключы. З іх восем — маладыя спецыялісты. Мінулы раз навасёлаў віншавалі ў лютым. Асаблівая ўвага, дарэчы, была ўдзелена педагогам-мужчынам, якія сёння ў школе сапраўды рэдкасць. Аднак месца ў гэтым інтэрнаце, на жаль, прадастаўляецца толькі адзінокім грамадзянам. Пры стварэнні сям’і педагогі вымушаны шукаць іншае жыллё. Зрэшты, пэўнае вызваленне месцаў у інтэрнаце — справа звычайная. Таму і тыя маладыя спецыялісты, якія толькі плануюць прыйсці на работу ва ўстановы адукацыі горада і не маюць магчымасці самастойна вырашыць жыллёвае пытанне, могуць прэтэндаваць на атрыманне месца ў гэтым інтэрнаце. Адзіная ўмова — неабходна знаходзіцца на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па месцы працы.
Для апошняга, дарэчы, нават не абавязкова быць зарэгістраваным па месцы жыхарства менавіта ў сталіцы: такая рэгістрацыя можа быць і ў іншым населеным пункце, напрыклад, адкуль малады спецыяліст родам.
— Іншых жа варыянтаў вырашэння жыллёвага пытання для сталічных педагогаў пакуль, на жаль, няма. Хоць гэтае пытанне пастаянна ўздымаецца і кіраўніцтвам сістэмы адукацыі горада, і прафсаюзным камітэтам. Адзіная рэальная перспектыва — арэнднае жыллё. Уся бюджэтная сфера горада — у чаканні: што будзе выдзелена і ў якіх аб’ёмах.

Мае фінансы…

На сёння заработная плата маладога спецыяліста — настаўніка з вышэйшай адукацыяй — з улікам усіх устаноўленых на рэспубліканскім узроўні даплат і стымулюючых выплат складае каля 2 млн 900 тыс. рублёў. Маладога спецыяліста выхавальніка — каля 2 млн 700 тыс. рублёў, педагога дадатковай адукацыі — каля 2 млн рублёў. Скажам шчыра — зусім няшмат. У такой сітуацыі любыя дадатковыя выплаты — у якасці прэмій, надбавак ці нават кампенсацыі — адчувальныя для маладых спецыялістаў.
Згодна з п. 26 пастановы Савета Міністраў ад 22 студзеня 2011 года “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых” маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым), а таксама выпускнікам абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, наймальнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць вызначаць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі затрат на наём жылых памяшканняў.
Акрамя таго, наймальнікі маюць права вызначаць у калектыўным або працоўным дагаворы (кантракце) выплату кампенсацыі выдаткаў на наём жылых памяшканняў, праезд да месца працы.
Да таго ж у Галіновым пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі прапісана рэкамендацыя аб унясенні ў лакальныя нарматыўныя прававыя акты палажэння аб надбаўках ці прэміях (іншымі словамі — стымулюючых выплатах) маладым педагогам на першыя тры гады работы па месцы размеркавання ці накіравання, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены калектыўным дагаворам ці лакальным нарматыўным прававым актам. Гэтая норма датычыцца тых людзей, якія прыступілі да работы ў арганізацыях упершыню пасля заканчэння ўстаноў адукацыі.
Але, калі прааналізаваць вопыт работы многіх рэгіёнаў у гэтым напрамку, становіцца відавочна: актыўна гэтыя рычагі павышэння заробку маладых спецыялістаў не выкарыстоўваюцца. Так, кампенсацыі за наём жылля ці праезд да месца працы ў рэгіёнах калі і выплачваюцца, то толькі часткова.
Істотнымі рэгіянальнымі даплатамі педагогам, у тым ліку і маладым спецыялістам, можа пахваліцца хіба што сталіца.
— На працягу апошніх 10 гадоў рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў педагогам горада аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе штомесячных даплат, — расказала Ларыса Леанідаўна Волкава. — Да мая 2012 года памер даплат складаў ад 1,5 да 4 базавых велічынь. Пазней, у сувязі з ростам базавай велічыні з 35 000 да 100 000 рублёў, даплаты былі ўстаноўлены ў фіксаваных сумах: у памеры ад 120 000 да 320 000 рублёў. Аднак эканамічныя ўмовы з часам мяняюцца. І ў сувязі з адносна невысокім узроўнем сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў адукацыі Мінска ў параўнанні з іншымі галінамі эканомікі ў верасні 2013 года прэзідыум Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі звярнуўся з просьбай да Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта з прапановай перагледзець рашэнне Мінгарсавета ў частцы вяртання да раней дзеючага парадку ўстанаўлення даплат — да тарыфных ставак у базавых велічынях.
Варта дадаць, што і сёння аналіз узроўню сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі Мінска паказвае адносна невысокі яе ўзровень у параўнанні з іншымі галінамі эканомікі. Так, памер сярэднямесячнай заработнай платы за 11 месяцаў мінулага года на 36,9% ніжэй сярэдняй заработнай платы ў сталіцы, у тым ліку ў параўнанні з сярэдняй заработнай платай работнікаў прамысловага комплексу сталіцы — на 36,4%, транспарту — на 40,1%, работнікаў аховы здароўя — на 9,4%.
Калі звярнуцца да абсалютных лічбаў, то сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый, падпарадкаваных камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама, за студзень — лістапад 2013 года склала 3525,5 тыс. рублёў, што на 612,9 тыс. рублёў ніжэй сярэднегарадской заработнай платы работнікаў адукацыі. Усё гэта прымусіла нас у снежні мінулага года паўторна звярнуцца з просьбай да Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў аб унясенні змяненняў у рашэнне аб даплатах педагогам. І такое рашэнне было прынята. Згодна з ім павялічаны памер штомесячных даплат да тарыфных ставак (акладаў) работнікам устаноў адукацыі, арганізацый фізічнай культуры і спорту, што фінансуюцца з бюджэту Мінска, у тым ліку і бацькам-выхавальнікам, прыёмным бацькам. На сёння гэтыя даплаты работнікам устаноў адукацыі горада складаюць ад 135 да 390 тыс. рублёў. Новыя памеры даплат дзейнічаюць з 19 лютага бягучага года.

 

Алена МАРКЕВІЧ.