У першачарговым парадку і па зніжаных стаўках

Сённяшнія выпускнікі рэдка спадзяюцца на волю лёсу ў пытанні размеркавання: усё больш маладых людзей імкнуцца загадзя спланаваць сваю будучыню — выбіраюць найбольш спрыяльныя ўмовы працы, клапоцяцца пра атрыманне імяннога запыту. Пры выбары першага месца працы вялікае значэнне мае і перспектыва вырашэння жыллёвага пытання па месцы размеркавання. У гэтым сэнсе ў маладых спецыялістаў зараз ёсць дадатковая магчымасць: яны, як і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян, маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля, прычым па значна меншых, чым для астатніх грамадзян, стаўках.
На сёння жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання — менавіта так афіцыйна называецца арэнднае жыллё — адносна нямнога, але іх колькасць імкліва расце. Мяркуйце самі. Калі яшчэ тры гады назад у краіне было толькі крыху больш за тысячу памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, то ў мінулым годзе ўжо каля 26,5 тысячы кватэр арэнднага жылля. Зараз у краіне каля 32 тысяч арэндных жылых памяшканняў. З іх каля 1,5 тысячы — незаселеныя. Адметна, што з усяго фонду арэнднага жылля ў сталіцы размешчана толькі каля 3700 памяшканняў, астатнія — у рэгіёнах.
Фонд арэнднага жылля фарміруецца не толькі за кошт будаўніцтва новага. З 1 красавіка мінулага года ўступіў у сілу Указ кіраўніка дзяржавы № 563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”, згодна з якім да фонду арэнднага жылля адносіцца і заселенае службовае жыллё, некаторыя віды спецыяльных службовых жылых памяшканняў. Пабудавана ж за мінулыя гады было ўсяго толькі 3790 жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання.
Зразумела, такая колькасць арэнднага жылля пакуль не адпавядае попыту насельніцтва. Асабліва калі ўлічыць той факт, што ўсяго па краіне больш за 700 тысяч грамадзян знаходзяцца на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У такой сітуацыі конкурс на кожнае вольнае арэнднае памяшканне ў буйных гарадах вельмі істотны. Напрыклад, у мінулым годзе ў сталіцы на адну арэндную кватэру прыходзілася каля 300 заяў.
У такой сітуацыі асабліва прывабным з’яўляецца тое, што маладыя спецыялісты, як і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян, маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля — у выпадку, калі ў гэтым населеным пункце не маюць уласнага жылля.
На сёння парадак прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2013 года № 563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”. Пры гэтым дакладна выдзелены дзве катэгорыі грамадзян: першачаргавікі і тыя, хто прэтэндуе на арэнднае жыллё на агульных умовах.
Згодна з тэкстам указа, 40% ад усяго свабоднага фонду арэнднага жылля прадастаўляецца грамадзянам, якія маюць першачарговае права на атрыманне такога жылля. Да іх адносяцца суддзі і пракурорскія работнікі, грамадзяне пры назначэнні на пасаду з іншых населеных пунктаў, ваеннаслужачыя, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад і маладыя спецыялісты. Іншымі словамі, калі здаецца арэндны дом, дзе налічваецца 100 кватэр, то 40 з іх будуць размеркаваны паміж названымі першачаргавікамі.
Гэта, здавалася б, простая схема на практыцы выклікае ў маладых спецыялістаў нямала пытанняў. Мы сабралі найбольш распаўсюджаныя з іх і па каментарый, як і ў якіх выпадках маладыя спецыялісты могуць рэалізаваць сваё права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля, звярнуліся да начальніка аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Наталлі Анатольеўны КУХАРЧЫК.

Я — малады спецыяліст, хацеў бы атрымаць арэнднае жыллё па месцы працы. Куды мне неабходна звярнуцца?
— Для рэалізацыі гэтага права малады чалавек пры наяўнасці ў гэтым населеным пункце незаселеных жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання павінен звярнуцца ў адміністрацыю населенага пункта з заявай і хадайніцтвам з месца працы.
Для гэтага трэба валодаць інфармацыяй, ёсць незаселенае арэнднае жыллё ў населеным пункце, дзе працуе малады спецыяліст, ці не. Для гэтага неабходна на пастаяннай аснове маніторыць сайты адміністрацый населенага пункта.
У адпаведнасці з заканадаўствам, 40% незаселенага арэнднага жылля прызначана для тых катэгорый грамадзян, якія маюць першачарговае права на яго атрыманне. Сярод іх і маладыя спецыялісты. Пасля таго, як з’яўляецца арэнднае жыллё менавіта для першачаргавікоў, інфармацыя аб гэтым на працягу 15 дзён размяшчаецца на сайце адміністрацыі адпаведнага населенага пункта. На працягу гэтага часу збіраюцца заявы (разам з хадайніцтвамі ад наймальнікаў) ад тых грамадзян, якія прэтэндуюць на атрыманне гэтага памяшкання. Далей заявы, якія паступілі, разглядаюцца з пункту гледжання часу іх паступлення. Адпаведна, чым раней пададзена заява — тым больш шансаў на атрыманне арэнднага жылля. Ёсць толькі адно выключэнне: пры наяўнасці запыту на прадастаўленне жылля ад тых катэгорый грамадзян, якія, згодна з законам, павінны быць ім забяспечаны на працягу паўгода (напрыклад, суддзі). У выпадку, калі, напрыклад, малады спецыяліст першым падаў заяву на пэўную кватэру, але пры гэтым ёсць неабходнасць засялення работніка, які павінен быць забяспечаны жыллём на працягу паўгода і гэты тэрмін ужо падыходзіць да завяршэння, перавага, хутчэй за ўсё, будзе аддадзена менавіта апошняму.

Ці магчыма аднойчы падаць заяву ў адміністрацыю населенага пункта аб намеры атрымаць арэнднае жыллё і далей чакаць, калі з’явіцца неабходны варыянт?
— Не. Прынцып размеркаваня жылля камерцыйнага выкарыстання заключаецца ў тым, што кожны грамадзянін сам клапоціцца аб атрыманні арэнднага жылля той ці іншай якасці. Таму кожны раз пры з’яўленні інфармацыі аб наяўнасці вольных кватэр камерцыйнага выкарыстання для першачарговых катэгорый зацікаўленыя грамадзяне павінны звяртацца з новай заявай на атрыманне пэўнай арэнднай кватэры. Гэта не чарга, ніхто не абавязаны нічога прапаноўваць маладым спецыялістам. Кожны павінен сам адсочваць інфармацыю — проста маніторыць сайты адпаведных адміністрацый ці выканкамаў і пры з’яўленні вольных кватэр падаваць заяву.

Якім чынам магчыма атрымаць хадайніцтва ад наймальніка аб атрыманні арэнднага жылля?
— Парадак выдачы хадайніцтва аб прадастаўленні жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання прадугледжаны пастановай Савета Міністраў № 1297 ад 31 снежня 2014 года. Малады спецыяліст звяртаецца да кіраўніка сваёй арганізацыі з адпаведным запытам, у сваю чаргу кіраўнік арганізацыі мае права (заўважце, гэта менавіта права, а не абавязак кіраўніка) выдаць гэтае хадайніцтва.
Далей з хадайніцтвам малады спецыяліст ідзе ў любую адміністрацыю ў гэтым населеным пункце. Так, напрыклад, атрымаўшы хадайніцтва ад кіраўніка арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Маскоўскага раёна Мінска, малады спецыяліст можа звярнуцца з гэтым хадайніцтвам у любы раён сталіцы пры наяўнасці там незаселеных жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання для першачаргавікоў. Далей выканкам будзе разглядаць на сваім пасяджэнні заявы, якія паступілі ад грамадзян.

Сваё права на першачарговае атрыманне жылля камерцыйнага выкарыстання малады спецыяліст можа рэалізаваць непасрэдна тады, калі прыступае да працы, ці на працягу ўсяго тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні?
— У адпаведнасці з пунктам 77 Палажэння аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і парадку прадастаўлення жыллёвых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду (зацверджанага Указам кіраўніка дзяржавы № 563), прадугледжана, што першачарговае права на атрыманне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання на перыяд працоўных абавязкаў маюць грамадзяне з ліку маладых спецыялістаў, у якіх няма ва ўласнасці жылых памяшканняў (а таксама ў валоданні і карыстанні, долей жылых памяшканняў) у населеным пункце па месцы працы. Гэта могуць быць маладыя спецыялісты, якія размеркаваны ці накіраваны на работу па дагаворы мэтавай падрыхтоўкі. Гэта норма ў адносінах да маладых спецыялістаў дзейнічае на працягу ўсяго тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

Я — малады спецыяліст, год назад быў накіраваны ў раённы горад. Сам родам з вёскі гэтага ж раёна, дзе да гэтага часу жывуць мае бацькі і зарэгістраваны я. Пры гэтым у бацькоўскім доме ў вёсцы дастаткова метраў. Ці маю я ў такім выпадку права на атрыманне жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання ў першачарговым парадку ў раённым горадзе, куды размеркаваны?
— Так, маеце. Тут дзейнічае тэрытарыяльны прынцып. Нават калі малады чалавек родам з Мінскага раёна і мае там жыллё на тых ці іншых правах, а накіраваны ў сталіцу, то ён таксама можа прэтэндаваць як малады спецыяліст на атрыманне арэнднага жылля ў сталіцы ў першачарговым парадку. Тое ж — у адносінах да іншых гарадоў і раёнаў, вёсак. Калі ж малады спецыяліст накіроўваецца ў той жа населены пункт, дзе пражываюць бацькі, і ён мае ва ўласнасці долю жылога памяшкання, прэтэндаваць на арэнднае жыллё ў першачарговым парадку не мае права.

Калі малады спецыяліст прыбывае па размеркаванні ў населены пункт, дзе не мае жылля, ці патрэбна рэгістрацыя для таго, каб прэтэндаваць на жылое памяшканне камерцыйнага выкарыстання?
— Неабавязкова, паколькі падставай для атрымання арэнднага жылля з’яўляецца, згодна з заканадаўствам, адсутнасць ва ўласнасці ці ў карыстанні, валоданні і карыстанні жылых памяшканняў у населеным пункце па месцы працы. Разам з тым малады спецыяліст можа зарэгістравацца і па дагаворы арэнды прыватнага жыллёвага фонду і таксама будзе мець першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля. Дагавор найму жылля ў інтэрнаце таксама з’яўляецца для маладога спецыяліста падставай для атрымання жылля камерцыйнага выкарыстання ў першачарговым парадку.

У якім выпадку малады спецыяліст можа быць выселены з арэнднага жылля?
— Калі малады спецыяліст атрымаў жылое памяшканне камерцыйнага выкарыстання на перыяд працоўных адносін, на час працы ў гэтага наймальніка жыллё застаецца за ім. Адзіная ўмова — спраўна аплачваць камунальныя паслугі і арэнду жылля. Калі ж малады чалавек спыняе працоўныя адносіны з наймальнікам, які хадайнічаў аб прадастаўленні жалога памяшкання камерцыйнага выкарыстання, спецыяліст высяляецца з яго на працягу трох дзён. Пры гэтым ніякага “імунітэту” ад высялення не існуе — нават з непаўналетнімі дзецьмі грамадзянін можа быць выселены з гэтага жылога памяшкання. Яшчэ адной падставай для высялення можа стаць адсутнасць плацяжоў (за арэнду жылля, камунальных) на працягу двух месяцаў.

Маладыя спецыялісты, як правіла, маюць адносна невысокую заработную плату. Ці па кішэні ім будзе жыллё камерцыйнага выкарыстання?
— Для грамадзян, якія атрымліваюць жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання ў першачарговым парадку, у тым ліку і маладых спецыялістаў, прадугледжаны паніжаючыя каэфіцыенты да разліку кошту аплаты за камерцыйнае жыллё.
Схема разліку кошту арэнднага жылля зацверджана ўрадам і выглядае наступным чынам: базавая велічыня (на сёння — 180 тысяч рублёў) памнажаецца на 0,2. Атрымліваем 36 тысяч рублёў за квадратны метр. Далей гэтая сума памнажаецца на каэфіцыенты ў залежнасці ад месца размяшчэння і добраўпарадкавання жылога памяшкання. Напрыклад, самы высокі каэфіцыент устаноўлены ў адным з раёнаў сталіцы — 1,5. Такім чынам, 36 тысяч памнажаецца на 1,5, атрымліваецца, што жыллё ў найбольш прэстыжным раёне сталіцы будзе каштаваць 54 тысячы за метр квадратны. Але калі гэтае жыллё прызначана для першачарговых катэгорый, у тым ліку для маладых спецыялістаў, атрыманая сума памнажаецца на паніжаючы каэфіцыент 0,2 (для сталіцы). Атрымліваем 10 800 рублёў за квадратны метр. Для іншых населеных пунктаў паніжаючы каэфіцыент складае 0,1.
У іншых населеных пунктах сумы значна меншыя. Напрыклад, для Віцебска прадугледжаны каэфіцыент 0,6. Там з улікам паніжаючага каэфіцыента плата для маладога спецыяліста за кватэру ў 32 метры будзе складаць у месяц 67 тысяч рублёў (плюс камунальныя паслугі). У Гродне каэфіцыент — 0,75. У Мінску каэфіцыенты вар’іруюцца ад 0,5 да 1,5 ці ад 115 тысяч за кватэру ў 32 квадратныя метры для маладога спецыяліста.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.