“Каб тут застацца, ты павінен тут нарадзіцца”

Амаль год назад на бязмежных прасторах інтэрнэту трапіла на цікавую старонку: малады педагог, мінчанін, выпускнік БДУ, адпрацаваўшы па размеркаванні тры гады ў гарадской школе, у сваім блогу выказаў намер разам з сябрам-аднадумцам паехаць працаваць у вёску. Задумка ў маладых людзей была даволі амбіцыйная: не проста паспрабаваць сябе ў ролі вясковых настаўнікаў, што палохае большасць маладых спецыялістаў-гараджан, а паспрабаваць у рэальных умовах змяніць тое, што падаецца ім, маладым, крэатыўным і неабыякавым, няправільным у сённяшняй адукацыі. На той час падумала: гэтыя задумкі так і застануцца прыгожымі словамі на паперы. Але прыйшоў жнівень, і маладыя людзі сапраўды ўладкаваліся настаўнікамі ў сярэднюю школу вёскі Жыліхава ў Капыльскім раёне — амаль на самым ускрайку Мінскай вобласці. Прайшло яшчэ паўгода — і вось дзіва: яны ўсё яшчэ там працуюць. Больш за тое, здаецца, з поспехам увасабляюць многае з таго, што яшчэ год назад было толькі тэарэтычнымі развагамі.
Што прымусіла маладых людзей змяніць гарадское жыццё на вясковае? Чаго чакаюць яны ад гэтага, як яны самі кажуць, праекта? Пра ўсё гэта, а таксама пра расчараванне і зачараванне настаўніцтвам, пра пошукі правільных адказаў на складаныя пытанні, пра прэстыж педагога і многае іншае наша сённяшняя размова з адным з галоўных герояў праекта Сяргеем Бародзічам.

Пра расчараванне і зачараванне

Навошта вам гэта? Такое пытанне нязменна гучыць у адрас маладых людзей з самага пачатку іх работы ў вёсцы. Яно і нядзіўна. Ідэйнасць сёння не ў модзе. Цынічнасць — так, імкненне атрымаць усё і адразу таксама ў трэндзе. Праца ж “за ідэю” ўсё больш часта падаецца ледзь не архаізмам і выклікае паблажлівую ўсмешку. Зрэшты, на гэтае ж пытанне спрабаваў у самым пачатку рэалізацыі ідэі адказаць сам сабе і яе аўтар. З гэтага пачалася і наша размова.
— Неяк у нас з сябрамі разгарэлася дыскусія аб стане сучаснай адукацыі, аб статусе настаўніка ў грамадстве і аб тым, што для адукацыі можна было б зрабіць карыснага. Тады і ўзнікла ідэя выехаць за межы Мінска і на базе нейкай сельскай школы паспрабаваць увасобіць тыя ідэі, што надумалі мы сабе за сваё свядомае жыццё, — прыгадвае зараз Сяргей Бародзіч. — Безумоўна, мы не ведалі (ды і зараз не ведаем), чым скончыцца гэтая задумка. Але ад гэтага яшчэ больш цікава. Навошта ж нам гэта?
Сяргей Сяргеевіч на хвіліну задумваецца і нібыта жартам адказвае: “Я ўсё ж такі філфакаўскі выпускнік і свайму ўніверсітэту, як усе прыстойныя выпускнікі, абавязаны. Кожны год педагагічныя навучальныя ўстановы кідаюць “пад адкрыты агонь” сотні маладых спецыялістаў, якіх размяркоўваюць у глухія і не вельмі мясціны нашай Радзімы. Магчыма, мой вопыт будзе карысным для гэтых маладых людзей”.
Але праз хвіліну тон нашай гаворкі з жартаўлівага мяняецца на шчыры і сур’ёзны. І я разумею: за простымі словамі майго суразмоўцы — доўгія гадзіны разваг і глыбокая перакананасць у правільнасці таго, што ён спрабуе ўвасобіць у жыццё.
— Мая спецыяльнасць — выкладчык методыкі рускай мовы і літаратуры. А каб чытаць методыку, трох гадоў у гарадской школе замала будзе. Сістэма ўстаноў адукацыі, для якіх распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, уключае аб’екты рознага ўзроўню, і, каб ведаць суаднесенасць вучэбных праграм з рэальнай карцінай, трэба “ўсіх паглядзець”. Калі мне калі-небудзь давядзецца выкладаць методыку ва ўніверсітэце, я змагу смела сказаць: “Я сам усё гэта бачыў”. Да таго ж у нас упершыню з’явілася магчымасць папрацаваць той камандай, якой мы сябруем у жыцці. Знайсці сабе каманду ў адукацыі — вялікае шчасце, якое не кожнаму выпадае. Гэта яшчэ і праверка на трываласць. Я, гарадскі “ў дошку”, упэўнены, што гарох расце ў агародзе адразу ў слоіках, прыехаў вучыцца. Вялікае пытанне, якая адукацыя насамрэч вышэйшая: тая, якая значыцца ў маім дыпломе, або тая, з якой я магу адсюль з’ехаць праз некалькі гадоў.
І, нарэшце, яшчэ адно. Я заўсёды рэальна глядзеў на свет і ніколі не адносіў сябе да тых, хто любіць людзей і ў людзей верыць (людзі, дзеля справядлівасці, звычайна не расчароўвалі). Вельмі хочацца зноўку гэтымі самымі людзьмі зачаравацца і ў іх паверыць. Наўрад ці для гэтых мэт я знайду лепшае месца.

Пра пошук правільных адказаў

Першапачатковыя надзеі сябе апраўдалі.
— Мне было б нецікава працаваць, напрыклад, у Ліцэі БДУ. Хоць гэта, безумоўна, проста геніяльная ўстанова, там выкладчыкі сусветнага ўзроўню — я сам там вучыўся, — працягвае Сяргей Сяргеевіч. — Але зараз працаваць там мне было б нецікава, бо там усе вучні першапачаткова нацэлены на вучобу. Што я магу ім даць? Спіс літаратуры? Яны і без мяне справяцца. А працэс ад таго моманту, калі вучню да маёй літаратуры не было ніякай справы, да таго, як ён пачынае чытаць і штосьці адказваць, — гэта самае цікавае. Гэты шлях куды больш каштоўны…
Тут, у аддаленай вёсцы, малады чалавек, здаецца, знайшоў усё, што шукаў: і дзяцей, гатовых літаральна “паглынаць” усё, што ім прапаноўваеш, і настаўнікаў, глыбока захопленых сваёй дзейнасцю, якія тым самым захопліваюць і іншых.
— У нашай школе працуе віртуозны, выдатны сацыяльны педагог. Вядома, ён гэтак жа, як і гарадскія, завалены справаздачамі ды актамі, але тут справаздачы і акты адыходзяць на другі план. Школа ў вёсцы — гэта яшчэ і цэнтр сацыяльнай абароны. Гэта значыць, калі раптам у нейкай сям’і здараецца што-небудзь непрыемнае, дырэктар і сацыяльны педагог неадкладна выязджаюць на месца і самі разграбаюць “пажаранебяспечную” сітуацыю: вядуць гутаркі, абараняюць дзіця, пры неабходнасці падключаюць адміністрацыйны рэсурс і прыцягваюць да працэсу ахоўнікаў правапарадку. Такім чынам, сацыяльны педагог тут як хуткая дапамога — заўсёды гатовы сарвацца на выклік. Больш за тое, у яго ёсць і гадзіны прыёму: да яго прыходзяць бацькі раіцца па якіх-небудзь бытавых, сямейных (ці нават сардэчных) пытаннях. Ці яшчэ ад зін паказальны момант: ні разу за час нашага знаходжання тут я не чуў, каб гэты педагог пра кагосьці казала дрэнна — усе людзі добрыя, усе дзеці добрыя, проста камусьці не хапіла разумення, камусьці любові, іншаму шчасця — самы мудры падыход, які толькі можа быць у зносінах з людзьмі.
Гэты падыход, дарэчы, поўнасцю адпавядае прафесійнаму светабачанню і Сяргея Сяргеевіча.
— Вось вам скажуць: “Гэты юнак такі складаны!” Не верце! Не бывае складаных дзяцей, дрэнных людзей. Бываюць “неда-”: кагосьці недалюбілі, кагосьці не пачулі, кагосьці не зразумелі. Як толькі ты знайшоў, у чым гэтае “неда-”, усё атрымаецца. У мяне ў адным з класаў была дзяўчынка , якая на ўроках наогул не магла выказаць сваю думку. Да гэтага ў яе было 4 за год па літаратуры. Зараз мы пазакласна прачыталі з ёй 6 п’ес Шэкспіра! На ўроку гэтае дзіця цяпер не спыніць. Проста калісьці ёй не далі выказацца, не падтрымалі, спынілі такім звыклым “Няправільна!”. А калісьці нам, студэнтам 4 курса, наш выкладчык Алена Яўгенаўна Долбік казала: “Не бывае няправільных адказаў, бывае пошук правільнага”.
Увогуле, калі ты працуеш з людзьмі, ты павінен прыходзіць да іх толькі з дзвюма думкамі: чаму ты можаш у іх навучыцца і чым ты можаш у іх захапляцца. Усе астатнія думкі трэба адкідваць на самым пачатковым этапе. Зразумела, я бачу недахопы, ідыліі тут няма. Але калі я працую з чалавекам, гэты цёмны бок мне не патрэбны. Мне неабходны яго светлы бок, тое, за што я магу зачапіцца і што развіваць. Зразумела, што дзіця не ва ўсім будзе паспяваць, але я не буду гаварыць, у чым яно дрэннае. На гэтым, дарэчы, пабудавана сённяшняя сістэма ацэнкі: падлік таго, з чым дзіця не справілася. А дзецям важна разумець, у чым яны добрыя. Уменне карыстацца сваімі лепшымі якасцямі — гэта выдатнае ўменне. Тое, што не атрымліваецца, трэба падцягваць, але не варта ўвесь час гэта культываваць. Бо, “каб прыйшоў поспех, яго спачатку трэба зымітаваць”.
— Чым крыўдная сённяшняя сістэма ацэньвання? — працягвае Сяргей Бародзіч. — Напрыклад, вучань пісаў дыктант з 30 памылкамі. За гэта атрымліваў 1 бал. Потым мэтанакіравана працаваў, стараўся і ўрэшце выйшаў на вынік у 10 памылак. І той жа адзін бал. Але ж ён прайшоў такі каласальны шлях. Гэтую стараннасць трэба заахвочваць. Разам з тым я не дазваляю сабе выстаўляць адзнакі вучням за іх удзел у нейкіх мерапрыемствах, што сёння, чаго хаваць, з’яўляецца распаўсюджанай практыкай, асабліва ў горадзе. Вам будуць казаць, што інакш немагчыма прыцягнуць, асабліва старшакласнікаў, да нейкіх знакавых спраў. Не верце. Магчыма. Я толькі прашу дапамагчы. І сярод тых, хто пагаджаецца, збіраю сабе каманду аднадумцаў.

Пра прэстыж настаўніка і дагавор з вучнямі

Гэтыя думкі пра ацэньванне сучасных школьнікаў не адзінае, над чым сёння разважае малады педагог. Яго думкі, падыходы часта не супадаюць з меркаваннем большасці, тым не менш Сяргей Бародзіч не адмаўляецца ад іх — спрачаецца, даказвае, паказвае на рэальных прыкладах.
— Сёння галоўная школьная тэма — гэта аўтарытэт настаўніка. Не праблема пакаленняў, не камп’ютарызацыя насельніцтва, а менавіта ўнікальнае зніжэнне аўтарытэтнасці педагога. Многія кажуць: прычына ў заработнай плаце, прахадных балах у педагагічных УВА. Цалкам не згодны: прычыны гэтыя дзясятага, а то і дваццатага парадку. Чалавек, які лічыць, што павінен працаваць добра толькі таму, што яму плацяць добра, элементарна дрэнна выхаваны. Я не разумею пазіцыю: плаціце мне больш — тады я і рабіць буду лепш. Ты не можаш працаваць дрэнна, бо цябе так выхавалі. А колькі плацяць — гэта ўжо справа іншая: ты першапачаткова пагаджаешся на гэтыя ўмовы ці не. Ісціна, на мой погляд, абсалютна не ў гэтым, — перакананы спецыяліст. — Лічу, што любы настаўнік павінен адвыкнуць ад думкі, што паважаць яго павінны толькі за тое, што ён настаўнік. Маўляў, я ўвайшоў у клас — паважайце мяне, “трепещите предо мной”, бо я ў гордым статусе педагога. А што ў гэтым статусе гордага, давайце падумаем? З чаго мы ўзялі, што настаўнікі — гэта апрыёры эліта грамадства? Так, пакаленне дзяцей змянілася, можа, яно стала менш сентыментальным і больш цынічным. Гэта не добра і не дрэнна — гэта данасць, і нелагічна на гэты факт наракаць. З любым пакаленнем можна працаваць і трэба працаваць. Таму перакананы, што кожны, хто хоча мець права быць прылічаным да эліты, штодня і кожны ўрок павінен даказваць (і самому сабе, і сваім падапечным) сваю значнасць як прафесіянала, павінен пацвярджаць права быць паважаным — тады і пра прэстыж прафесіі не трэба будзе задумвацца.
Гэтыя словы Сяргей Бародзіч поўнасцю адносіць і да самога сябе: штодня працуе на тое, каб заваяваць павагу і аўтарытэт у дзяцей. Найперш цікавымі, нестандартнымі ўрокамі, разнастайнымі агульнымі справамі, а таксама шчырай увагай да вучня, да яго праблем, інтарэсаў, захапленняў. Проста, але дзейсна, упэўнены спецыяліст.
— Кожную вольную хвіліну ты павінен прысвячаць дзецям — на ўроку, на перапынку. “Майстар і Маргарыта” ў 11 класе зараз чыталі. Кароўеў Маргарыце на балі кажа: “Хоть улыбочку, если не будет времени бросить слово, хоть малюсенький поворот головы. Все, что угодно, но только не невнимание. От этого они захиреют”, — звяртаецца да класікі настаўнік. — Тое ж і з дзецьмі адбываецца. Мяне калегі часам папракаюць тым, што ў мяне на занятках не заўсёды захоўваецца дысцыпліна ў прывычным разуменні слова. Мы з дзецьмі можам дазволіць сабе нестандартныя крокі: можам хадзіць, можам гарбаты заварыць і пад яе нехта абмяркоўваць. Часам даводзіцца чуць, што гэта разбэшчвае дзяцей. Але што ў такім выпадку супрацьпастаўляецца дысцыпліне? Калі анархія, тады, безумоўна, дысцыпліна — са знакам плюс. Але ў школе процівага дысцыпліне не анархія, а любоў і павага. І тады дысцыпліна атрымліваецца са знакам мінус. Чалавека любіць трэба, і тады ён будзе імкнуцца не парушыць нейкія каноны не таму, што цябе баіцца, а таму, што не хоча цябе падвесці.
Нам з калегам часам кажуць: “Вы педагогі-наватары. Мы ж працуем па класічнай схеме”. Пачакайце, але што лічыць класікай? Мы нічога не прыдумалі. Адкрыйце любую савецкую кнігу па педагогіцы: дзе там не напісана, што да вучня трэба адносіцца з увагай? Гэта класіка. Таму і імкнёмся прыслухоўвацца да кожнага і спрабуем дамаўляцца. Напрыклад, калі я атрымаў класнае кіраўніцтва ў пятым класе, то, паназіраўшы за дзецьмі першы час, прыйшоў да некалькіх не вельмі суцяшальных высноў: ва ўзаемаадносінах дзяцей былі моманты, якія трэба было тэрмінова ліквідаваць. Я прапанаваў ім дагавор: прапісаў пяць пунктаў, чаго яны рабіць не павінны, а ў адказ абавязаўся выконваць тое, што яны папросяць. Шчыра кажучы, чакаў звычайнага “не задаваць дамашняе заданне”, а атрымаў “праводзіць 5—6 гульняў на тыдзень, хаця б раз у тыдзень знаходзіць час гуляць у спартыўныя гульні толькі са сваім класам, святкаваць дні нараджэння кожнага, дапамагаць з дамашнімі заданнямі”. Мы гэты дагавор замацавалі подпісамі і пячаткамі і ўжо некалькі месяцаў спраўна выконваем.

Пра мяжу магчымасцей і своечасовае развітанне

Безумоўна, такія падыходы патрабуюць ад настаўніка шмат часу. Сяргей Сяргеевіч не хавае: рабочы дзень штодня зацягваецца да позняга вечара. Падрыхтоўка да наступнага школьнага дня займае яшчэ 6—7 гадзін. Бо практычна кожны ўрок — прэзентацыя, кожнаму вучню — дыферэнцыраваны падыход. Прычым заданні з падручнікаў настаўнік імкнецца выкарыстоўваць менш.
— Справа ў тым, што практычна ў кожнага сённяшняга старшакласніка ёсць так званыя рашэбнікі, адкуль яны спраўна спісваюць усе тыя заданні, што выкладзены ў падручніку. Таму і імкнуся даць штосьці іншае, што прымусіла б школьнікаў думаць, а не механічна спісваць, — заўважае педагог. — А на ўроках літаратуры перад прачытаннем твора заўсёды даю дзецям свой план-канспект урока — яны павінны ведаць, якіх пытанняў ад мяне чакаць, што будзем абмяркоўваць і, адпаведна, як працаваць з тэкстам у працэсе прачытання.
Але ўрокі — гэта толькі частка работы педагога. Ёсць яшчэ работа і пасля ўрокаў: дадатковыя заняткі, гульні, мерапрыемствы. Іншымі словамі, суткі ў гэтага настаўніка распісаны па хвілінах. На сябе часу сапраўды не застаецца. Але гэта маладому педагогу падаецца цалкам натуральным.
— Людзі дзеляцца па ўзроўні запытаў: што ім неабходна, каб быць шчаслівымі, — заўважае Сяргей Бародзіч. — Камусьці — адпавядаць нейкім грамадскім стандартам: грошы, кар’ера. У такім выпадку настаўніцтва — гэта не яго прафесія, бо яно “адключае” іншыя сферы. Немагчыма быць настаўнікам да 18.00, а потым — не. Ты 24 гадзіны ў суткі ў прафесіі. Калі ты хочаш чагосьці дабіцца, ты павінен 100 працэнтаў укласці ў свой сённяшні праект.
І вось тут тая самая лыжка дзёгцю, без якой, напэўна, не абыходзіцца ніводная гісторыя. Сяргей Бародзіч не хавае: для яго работа ў гэтай школе — праект, які з часам, безумоўна, скончыцца.
— Я не думаю, што застануся тут на 40 гадоў. Для мяне гэта праект, і я гэта адкрыта кажу. Але я ўзяў на сябе пэўныя абавязацельствы — і я іх выканаю: давяду свой клас да выпуску. Але, на мой погляд, не заўсёды патрэбна гэтае вядомае ўсім маладым педагогам “замацаванне”. Ёсць нейкая мяжа нашых сумесных магчымасцей, якіх мы можам дасягнуць у пэўным месцы і ў пэўных умовах. А потым мы пачнём адно ад аднаго стамляцца. Своечасова развітвацца таксама трэба ўмець, бо стомленыя педагогі мала што могуць даць сваім вучням. Я схіляю галаву перад настаўнікамі, якія маюць 25—30 гадоў стажу і па-ранейшаму гараць сваёй справай. Я пакуль што для сябе гэтага не ўяўляю.

***

Хтосьці палічыць нашага сённяшняга героя максімалістам і, напэўна, у чымсьці будзе мець рацыю. Але на тое ж яна і маладосць, каб не ведаць стэрэатыпаў і прыдуманых рамак, марыць, шукаць і знаходзіць. Можна спрачацца з ідэямі і падыходамі ў рабоце маладога педагога, але немагчыма не паважаць яго, ва ўсякім выпадку, за неабыякавасць і жаданне мяняць свет вакол сябе да лепшага.

Алена МАРКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*