Разважаючы пра сям’ю мінчан Казлоўскіх, міжвольна пачынаеш падзяляць слова “сям’я” на два яго складнікі: сем і я. Прыгожая формула. Але на момант гэтай публікацыі Казлоўскіх, верагодна, будзе ўжо больш — не сямёра (бацькі і пяць дачушак), а васьмёра (бацькі і шэсць дачушак). А яшчэ, гледзячы на іх, задаешся пытаннем: “Як гэтыя маладыя людзі (маці 36 гадоў, бацьку крыху больш) адважыліся на столькі дзяцей, як спраўляюцца з гэтай вялікай кампаніяй?” Давайце ж паглядзім, як жывуць…
…ён, яна, дзеці і… Леанарда
Што ж, будзем знаёміцца: тата Леанід Васільевіч, працуе ў будаўнічай сферы (яго я не заспела, быў на рабоце), маці Юлія Мікалаеўна, педагог, дочкі Каця, Ксюша, Маша, Таня, Саша. “А дачушку, нараджэння якой чакаем літаральна днямі, — сказала падчас майго візіту ў вялікую сям’ю мама Юля, — вырашылі назваць Алёнкай”. Дарэчы, выбірае імёны для дачушак бацька.
Прабачце, я ж пералічыла не ўсіх, хто жыве ў адным з дамоў па сталічным праспекце Ракасоўскага. Ёсць яшчэ вялізны прыгожы сабака — сабака самай добрай пароды, як адрэкамендавалі мне свайго гадаванца Казлоўскія, — лабрадор Леанарда. Лабрадор, якога, дарэчы, дамашнія называюць коратка — Леа, названы ў гонар галавы сям’і. Леа Юлія Мікалаеўна падарыла мужу два гады назад на дзень нараджэння. І сабака стаў яшчэ адным звяном у моцным ланцугу любові, клопату, умення знаходзіць выхад з няпростых сітуацый, які звязвае членаў гэтай вялікай сям’і.
“Пасля таго, як нарадзілася Саша, я была ўпэўнена, што на пятым дзіцяці мы спынімся, — расказвае Юлія Мікалаеўна. — Мы нават раздалі адзенне для маленькіх, цацкі, калыску, каляску. Я да таго ж марыла выйсці на работу, сумавала па ёй. І выйшла, узяла першы клас, бо я ніколі не сумнявалася: быць настаўніцай — гэта маё прызванне. Вельмі сумавала па школе, мне хацелася падарыць тое, што я напрацавала са сваімі малымі, іншым дзецям. Але склалася інакш, і мы рады. А папрацаваць да цяперашняга дэкрэтнага водпуску я паспела год у школе і год на надомным навучанні. Галоўнае, што мы правільна размеркавалі абавязкі ў сям’і, таму я змагла выйсці на работу і якасна яе выконваць”.
Юлія Мікалаеўна ў свой час закончыла педінстытут (цяперашні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) па спецыяльнасці “Пачатковыя класы і музыка”. Пасля інстытута адпрацавала год, потым быў яшчэ адзін выхад на работу, на гэты раз жанчына працавала ў 123-й школе, дзе вучацца яе дзеці, акрамя самай маленькай, Сашы, якая пакуль наведвае дзіцячы сад. “Прафесію калісьці выбрала, можна сказаць, інтуітыўна, — узгадвае Юлія Мікалаеўна. — Думала і пра інстытут народнай гаспадаркі, і пра БДУ, а потым зайшла ў педінстытут і зразумела: вось яна, мая будучая прафесія — “Настаўнік пачатковых класаў”. Я гэтае рашэнне прыняла сэрцам, адчула, што так будзе правільна”.
З будучым мужам яна пазнаёмілася, калі яшчэ вучылася ў школе. Яны жылі ў адным доме, яна ў першым пад’ездзе, ён у дзявятым. Дзяўчына дачакалася Леаніда з арміі, маладыя людзі адразу ж пасля гэтага пажаніліся. Так што іх шлюбу ўжо шмат гадоў. Прычым дзяцей маладыя муж і жонка хацелі адразу, але доўгіх пяць гадоў іх не было. І калі нарэшце ў 2000 годзе нарадзілася Каця, гэта была бязмежная радасць для яе бацькоў. Так у іх сям’і пачалося…
…жаночае царства
Але час чакання, па словах Юліі Мікалаеўны, не прайшоў для маладой сям’і дарэмна. “За гэтыя пяць гадоў мы зразумелі абсалютна дакладна, што хочам не аднаго, а траіх дзяцей, настрой быў такі,” — заўважае яна. Прычым у сваіх бацькоў Юля адзіная дачка, у Леаніда ёсць яшчэ брат, і прыкладу таго, як жыве мнагадзетная сям’я, як бацькі спраўляюцца з вялікай колькасцю дзяцей, у іх не было, але рашыліся.
А старэйшая, такая доўгачаканая дачка Каця, па словах маці, самая адказная, сур’ёзная, у свае 13 гадоў шмат чаго ўмее рабіць па доме, па гаспадарцы. Пры гэтым Кацярына выдатніца, вельмі любіць чытаць. Каця, як і дзве яе малодшыя сястрычкі, займаецца ў музычнай школе, праўда, на гэты год дзяўчынкі ўзялі акадэмічны водпуск. Гэта менавіта перапынак, Каця вучыцца іграць на гітары ў клубе па месцы жыхарства “Равеснік”, пачала вывучаць другую замежную мову — англійскую — у дадатак да іспанскай, якой займаецца ў школе, магчыма, у будучыні, зоймецца гасцінічным ці турыстычным бізнесам. “Старэйшая дачка — мая правая рука, — заўважае маці, — без яе не магла б так спраўляцца дома, ды і на работу наўрад ці здолела б выйсці”.
Ксенія, другая дачка, на год меншая за Кацю. Яна больш творчая, у яе добры музычны слых, зараз яна займаецца вакалам у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”. Калі трэба ўпрыгожыць кватэру да свята, выканаць яшчэ якую-небудзь творчую работу — гэта да Ксеніі. Яна, як і сястра, вельмі любіць чытаць, і не выключана, што ў свой час абярэ прафесію педагога.
Пра кожную са сваіх дачушак маці расказвае з асаблівай інтанацыяй, у кожнай падкрэслівае адметныя рысы. Вось, напрыклад, Маша: “Яна ў нас дзяўчынка ціхая, вельмі спакойная, дамашняя, любіміца нашых бабуль. Мы яе нават і Машай ніколі не называем, гэта Машачка. Калі ёй што даручыш, то зробіць няхутка, але надзвычай добрасумленна. А яшчэ яна больш за іншых дзяўчынак захапляецца ўсялякімі гаджэтамі, таму мы яе ў гэтым плане кантралюем. Яшчэ адно яе цяперашняе захапленне — саломапляценне, якім яна займаецца разам з Таняй”. Другакласніцу ж Таню маці характарызуе як вельмі мэтанакіраванага чалавека, у сям’і нават называюць дзяўчынку Дастаеўскім, бо, калі Таня ставіць перад сабой нейкую мэту, яна яе дабіваецца. “Пакуль мы яшчэ не раскрылі да канца яе здольнасцей, але бачу, што да вучобы здольнасці ў яе ёсць”, — заўважае маці. Што да Сашы, то яна спартыўная дзяўчынка, любіць паскакаць, пабегаць, палазіць. Бацькі крыху пазней збіраюцца аддаць яе на заняткі гімнастыкай ці фігурным катаннем. Апошнім жа часам любіміцу ўсёй сям’і Сашу прывучалі да большай самастойнасці, рыхтавалі да з’яўлення новага члена сям’і, які, канечне, забярэ на сябе шмат увагі бацькоў і старэйшых сясцёр.
Як бачыце, звычайная сям’я, звычайныя, самыя прыгожыя і самыя любімыя дзеці, звычайныя клопаты. Толькі і дзяцей больш, чым у сярэднестатыстычнай сям’і, і спраў больш, канечне, бо…
…вялікая сям’я — вялікія клопаты
Я слухала аповеды мнагадзетнай маці пра яе дачок і ўзгадвала, як аднойчы спытала ў дачкі маёй знаёмай, таксама Каці, таксама старэйшай дачкі ў сям’і: “А колькі ў цябе будзе дзяцей, калі вырасцеш?” І атрымала шчыры адказ: “У мяне будзе машына, вялікі сабака і ніякіх дзяцей”. Чаму так адказала дзяўчынка-падлетак, думаю, зразумела: яна стамілася даглядаць малодшых братоў і сясцёр. Расказала гэтую даволі даўнюю гісторыю Юліі Мікалаеўне. “Я разумею, што такая небяспека існуе, — адказала яна. — У многім і з-за гэтага мы пайшлі на тое, каб нашы дзяўчынкі ўзялі акадэмічны водпуск у музычнай школе. Да таго ж, калі гаварыць пра Кацю, я сачу за тым, каб у яе заўсёды заставаўся вольны час толькі для яе, для яе сяброў, каб яна магла кудысьці схадзіць з імі, а не з малодшымі сястрычкамі. Нельга перакладваць бацькоўскія абавязкі на плечы старэйшых дзяцей, хаця без іх дапамогі таксама не абысціся”.
Акрамя гэтага, сям’і дапамагаюць бабулі і дзядулі, якія не ўсе адразу прынялі рашэнне маладой сям’і мець многа дзяцей, але паступова прызвычаіліся. “Мая маці, у якой я адзінае дзіця, гаворыць зараз: “Выправіць свае памылкі не магу, а цябе падтрымаю”. Канечне, матэрыяльна яна дапамагчы не можа, але дапамагае тым, што займаецца з дзецьмі, падтрымлівае мяне псіхалагічна. І бацька хоць на інваліднасці, прыехаць да нас не можа, але з вялікім задавальненнем гуляе з дзецьмі, калі яны прыязджаюць да бабулі і дзядулі”.
Па словах Юліі Мікалаеўны, цяжэй за ўсё было адважыцца на трэцяе дзіця, прычым, як яна падкрэсліла, гэта не толькі яе ўласнае меркаванне, але і меркаванне многіх мнагадзетных маці: “Чамусьці менавіта ў гэты момант пачынаецца нейкае неразуменне, здзіўленне з боку навакольных. Многія думаюць, што гэта робіцца толькі для таго, каб атрымаць жыллё, ільготы. Мы ж з усіх даброт скарысталіся толькі магчымасцю пабудаваць жыллё. Наш тата зарабляе нядрэнна. Даход у нас быў такі, што, напрыклад, на бясплатнае харчаванне для дзяцей мы не маглі прэтэндаваць”. Трэба сказаць, што пэўны час Казлоўскія жылі на здымных кватэрах, потым у інтэрнаце ў 12-метровым пакоі са старэйшай дачкой, потым у маці Юліі Мікалаеўны. А ў сваю кватэру, дакладней, дзве кватэры, пераехалі некалькі гадоў назад. Спачатку, праўда, зусім нядоўга, сям’я выплачвала крэдыт, прыкладна 80 долараў (у эквіваленце) у месяц, потым па 10 долараў, затым, пасля таго, як сям’я вырасла, выплату крэдыту ўзяла на сябе дзяржава. Канечне, калі б не дзяржаўная падтрымка з жыллём, Казлоўскія, магчыма, і не адважыліся б на столькі дзяцей, але гэта якраз выпадак нармальнага чалавечага стаўлення да сям’і, калі не дзеці дзеля жылля, а жыллё, як і ўсё іншае, дзеля дзяцей. Гаварыць пра нейкую сквапнасць тут, паверце, не даводзіцца.
Мая суразмоўніца з усмешкай дадае: “А мы тады спадзяваліся, што народзіцца хлопчык, ды і з самага пачатку траіх дзяцей хацелі. Пасля нараджэння трэцяй дзяўчынкі ўжо ведалі, што пабудуем жыллё. Але што такое радасць мнагадзетнай сям’і, мы па-сапраўднаму зразумелі толькі пасля нараджэння чацвёртай дачушкі, Танечкі. Мы ўжо цудоўна ведалі, як абыходзіцца з немаўлём, як што рабіць, усё значна спрасцілася, мы з вялікай цікавасцю назіралі, як расце дзіця, як яно развіваецца. Пачаліся сямейныя вячоркі за адным сталом, аповеды пра тое, як прайшоў дзень. А калі вырашылі, што ў нас будзе пятае дзіця, то гэта было цалкам асэнсаванае рашэнне, і нам было ўжо ўсё роўна, хлопчык народзіцца ці дзяўчынка. Здавалася, што з пятым дзіцем у нашай сям’і з’явіцца пэўная закончанасць — сем я, але вось цяпер нас будзе больш. Я сама расла адна і ў пэўным узросце зразумела, як мне не хапае брата або сястры”.
Як расказвае Юлія Мікалаеўна, веды, атрыманыя ў педінстытуце, дапамаглі ёй правільна падрыхтаваць дзяцей да школы: яна ведала, як трэба развіваць дробную маторыку рук, як праводзіць іншыя заняткі. А потым было наадварот. Калі жанчына прыйшла да першакласнікаў, яна добра разумела, што дзецям у школе патрэбны не толькі веды, але і пэўнае асяроддзе, магчымасць пагаварыць, цікавасць да іх жыцця. Гэта педагог вынесла з вопыту выхавання ўласных дзяцей. І дома, як расказвае мая суразмоўніца, яна лічыць галоўным не навядзенне ідэальнай чысціні і парадку, а час на зносіны з дзецьмі, наладжванне блізкіх адносін з імі. Канечне, прызнаецца яна, дзесьці прыносіш у ахвяру свае інтарэсы. Кнігу пачытаць няма калі, а тэлевізар для маці вялікай сям’і — рэч, наогул, недасягальная. Але, калі жадаеш атрымаць ад дзяцей належную аддачу, інакш нельга.
Зараз сям’я Казлоўскіх уваходзіць у асацыяцыю мнагадзетных бацькоў Ленінскага раёна сталіцы, раней, да пераезду, яны былі ў асацыяцыі іншага раёна. І галоўнае, што прываблівае, гэта магчымасць наведваць з дзецьмі мерапрыемствы, якія праводзіць асацыяцыя, магчымасць зносін, так бы мовіць, з “калегамі” — мнагадзетнымі сем’ямі. “Мне такія зносіны вельмі дапамагалі, асабліва тады, калі дзеці былі маленькімі, — узгадвае Юлія Мікалаеўна, — калі не ведала, за што схапіцца, калі яны хварэлі. Яшчэ дапамагла царква, праз яе ў мяне таксама шмат сябровак — мнагадзетных маці. Гэта вельмі важна, бо нашы маці не могуць перадаць нам неабходны вопыт, у іх жа, як правіла, адно-два дзіцяці”.
І яшчэ з разважанняў маці вялікай сям’і: “У нас пакуль захоўваецца такое стаўленне да мнагадзетных: маўляў, нараджаць дзяцей, значыць, пладзіць галечу. Насцярожана людзі ставяцца да нас, лічаць, што штосьці тут не так. Хаця, зразумела, бывае, калі бацькі нараджаюць дзяцей дзеля пэўных выгод, я разумею гэта. Мы ж у нейкай ступені заўсёды імкнуліся падняць прэстыж мнагадзетных сем’яў, напрыклад, выходзім “у людзі” заўсёды святочна апранутымі, прыбранымі. Магчыма, і па гэтай прычыне нас часта запрашаюць на мерапрыемствы. Напрыклад, летась, на “Тэлевяршыні”, мы ўручалі прэмію за лепшы дзіцячы фільм, усёй сям’ёй хадзілі. Я і сваім сяброўкам, мнагадзетным мамам, гавару, што трэба падымаць прэстыж мнагадзетнай сям’і”.