Школьныя аўтобусы на дарогах — яркая прыкмета нашага часу, характэрная для многіх рэгіёнаў Беларусі. Прычым аптымізацыя ўстаноў адукацыі патрабуе ўсё большай колькасці такіх машын: падвоз дзяцей з вёсак, дзе закрыліся школы, — з’ява непазбежная. Так, летась у рамках праграмы “Школьны аўтобус”, якую падтрымлівае адзін з беларускіх банкаў, у кожную вобласць нашай краіны паступілі па 10 аўтобусаў. Сёлета адбыліся новыя пастаўкі. Дзяцей падвозяць не толькі ў школы, але і ў дзіцячыя сады, вучэбна-вытворчыя камбінаты, установы прафесійнай адукацыі. Арганізаваць падвоз навучэнцаў, рамонт і абслугоўванне машын, вырашыць іншыя няпростыя моманты — задача адказная і даволі складаная. Як з ёй справіцца, нам дапамаглі разабрацца ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і аддзелах адукацыі, спорту і турызму некаторых райвыканкамаў вобласці.
Кіламетры, лічбы, выдаткі
Пачнём з таго, што, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, падвоз навучэнцаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, ад месца жыхарства да месца навучання і назад ажыццяўляецца як школьнымі, так і рэйсавымі аўтобусамі, а таксама транспартам сельскагаспадарчых арганізацый. Нагадаю, што аўтобусы МАЗ 241 у школьным выкананні, якія атрымалі вобласці, спецыяльна распрацаваны для перавозкі дзяцей па сельскіх маршрутах. Аўтобус ярка-жоўтага колеру, мае пробліскавы маяк, абмежаванне хуткасці да 60-ці кіламетраў, адсек для рукзакоў, высоўную прыступку — карацей, прыстасаваны для перавозкі маленькіх пасажыраў. Канечне, не ўсе аўтобусы, якія перавозяць сельскіх школьнікаў, менавіта такія. Ёсць, напрыклад, і мікрааўтобусы, і старыя аўтобусы, старэй за 10 гадоў, хаця тэрмін эксплуатацыі школьных машын абмежаваны менавіта дзесяццю гадамі, таму і новая тэхніка для перавозкі дзяцей патрабуецца штогод.
Што да Магілёўшчыны, то ў вобласці перавозяць больш за 8,3 тысячы дзяцей на адлегласць каля 22,3 тысячы кіламетраў, і для гэтага выкарыстоўваецца 218 школьных аўтобусаў. Як расказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алег Уладзіміравіч Сцельмашок, з іх 33 — з тэрмінам эксплуатацыі больш за 10 гадоў, 111 машын ва ўзросце ад 5 да 10 гадоў, 74 — маладзей за 5. Як бачым, вялікі парк школьнай аўтамабільнай тэхнікі патрабуе абнаўлення.
За бягучы год было набыта 27 школьных аўтобусаў, у тым ліку частка машын атрымана ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла, некалькі школьных аўтобусаў закуплена ў рамках рэалізацыі Дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яшчэ частку аўтобусаў вобласць атрымала, як і іншыя рэгіёны краіны, у якасці бязвыплатнай дапамогі ад аднаго з банкаў.
Цікава, што гэта не толькі звыклыя ўжо МАЗы і ПАЗы, але і мікрааўтобус Volkswagen Crafter, набыты дзякуючы дапамозе банка для Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Дадам, што выдаткі па арганізацыі падвозу навучэнцаў бяруць на сябе пераважна мясцовыя бюджэты. Фінансаваць падвоз школьнікаў можна і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
Дарэчы, калі гаварыць пра фінансаванне і наогул пра грошы на гэтыя мэты, то варта ўзгадаць арганізацыю падвозу школьнікаў у Кіраўскім раёне Магілёўшчыны. Справа ў тым, што паўтара-два гады назад за кошт бюджэтных сродкаў тут устанавілі GPS-сістэмы ў школьных аўтобусах. Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама Таццяна Іванаўна Бяляўская, сачыць за маршрутам кожнага аўтобуса можна нават з яе кабінета. Пры гэтым адлюстраванне кожнага маршруту захоўваецца на працягу пэўнага часу. Сэнс устаноўкі сістэмы — эканомія бюджэтных сродкаў (ніякіх “левых” паездак), немагчымасць выкарыстання школьных аўтобусаў у асабістых мэтах. Ды і для захавання бяспекі дзяцей GPS-навігацыя — рэч небескарысная.
У раёне, заўважу, 10 аўтобусаў падвозяць больш чым 330 школьнікаў, 47 дашкалят. Самы працяглы маршрут у аўтобуса, які ездзіць па маршруце Шалаёўка — Чыгірынка — Стайкі, — 190 кіламетраў.
Летась, у кастрычніку, падобныя сістэмы GPS устаноўлены ў школьных аўтобусах Асіповіцкага раёна. Эканамічны эфект, як мне расказалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, толькі за паўгода склаў 60 мільёнаў рублёў. А падвозяць да месцаў вучобы і назад юных жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна (больш за 600 чалавек) 15 адзінак тэхнікі аддзела, транспарт Асіповіцкага філіяла “Аўтапарк № 19” Магілёўаблаўтатранса і ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь” філіял Асіповіцкае УМГ (упраўленне магістральных газаправодаў).
Фактары: чалавечы…
Канечне, галоўнае пытанне, якое паўстае перад арганізатарамі перавозак, — захаванне бяспекі дзяцей. Тут важна ўсё: эксплуатацыя транспартных сродкаў, іх своечасовае абслугоўванне і рамонт, наяўнасць адказных, вопытных вадзіцеляў, якія своечасова праходзяць медыцынскі агляд, у тым ліку перадрэйсавы, арганізацыя суправаджэння школьнікаў. Памятаеце мінулагоднюю гісторыю, калі настаўнік-дэфектолаг Ірына Старавойтава з Халопеніцкай школы Крупскага раёна Мінскай вобласці, якая суправаджала дзяцей, змагла спыніць аўтобус, выратаваць малых, бо вадзіцель памёр ад сардэчнага прыступу? Кажуць, што адчуваў ён сябе нармальна, але ад усялякага роду нечаканасцей, нават ад трагічных, не застрахаваны ніхто. Усё прадбачыць нельга, але стварыць максімальныя ўмовыбяспекі неабходна.
Такім чынам, калі на пачатку года вызначаны і зацверджаны парадак арганізацыі падвозу, пералік устаноў адукацыі, у якія трэба падвозіць навучэнцаў, пералік населеных пунктаў, адкуль неабходна падвозіць дзяцей, пункты збору, маршруты, колькасць рэйсаў і г.д., вадзіцелі і суправаджальныя прыступаюць да выканання сваіх абавязкаў.
Да вадзіцеляў школьных аўтобусаў існуе шэраг патрабаванняў. Так, гэта бесперапынны стаж, не меншы за тры гады на механічных транспартных сродках катэгорыі D. А яшчэ гэтыя людзі не павінны мець адміністратыўных пакаранняў за парушэнне Правіл дарожнага руху на працягу двух апошніх гадоў. Знайсці такога спецыяліста на работу вадзіцелем школьнага аўтобуса няпроста. Адказнасць — вялікая, зарплата — наадварот, не вельмі.
Летась, калі банк перадаваў вадзіцелям з розных абласцей МАЗаўскія аўтобусы, давялося пагутарыць з некаторымі жанчынамі-вадзіцелямі. Свой выбар яны тлумачылі рознымі аргументамі, адзін з якіх гучаў так: “У сельскай мясцовасці знайсці работу няпроста, а тут стабільная зарплата”. Хтосьці гаварыў, што хоча быць бліжэй да сваіх дзяцей-школьнікаў. Праўда, ведаю, што далёка не ўсе жанчыны і зараз застаюцца на гэтай рабоце, многія яе пакінулі — не вытрымалі, відаць.
Усе вадзіцелі, зразумела, перад пачаткам рабочага дня праходзяць медыцынскі агляд (або ў раённай бальніцы ці медпункце), калі жывуць у горадзе, або ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце з адзнакай у дарожным лісце. Ці дае такі агляд гарантыю бяспекі? Як бачна з вышэйпрыведзенага прыкладу (выпадак у Крупскім раёне) — не, але пры нефармальным падыходзе медыкаў да сваіх абавязкаў пэўны ўзровень забяспечыць можна і трэба.
Што яшчэ неабходна зрабіць для захавання бяспекі? Правесці інструктажы па бяспецы дарожнага руху, ахове працы, пазачарговую праверку ведаў па гэтых жа пытаннях. Адказнасць надзвычай сур’ёзная, і грэбаваць гэтымі патрабаваннямі было б больш чым легкадумна. Педагагічныя работнікі ведаюць парадак перавозкі навучэнцаў аўтамабільным транспартам, а інакш іх не дапусцяць да такой работы. Пры гэтым на кожны школьны аўтобус прызначаны па два настаўнікі.
“Асабістая адказнасць за бяспечны бесперапынны падвоз навучэнцаў ускладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі”, — дадае А.У.Сцельмашок.
… і тэхнічны
Што тычыцца тэхнічнага стану аўтобусаў, то і за яго адказваюць спецыяльна прызначаныя асобы ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму, установах адукацыі. Зразумела, настаўнік не аўтамеханік, не інжынер і сам адрамантаваць аўтобус не зможа. Сочаць за даверанай ім тэхнікай вадзіцелі, што лагічна, і спецыялісты-механікі аўтатранспартных арганізацый, з якімі заключаны дагаворы на абслугоўванне і рамонт аўтобусаў. Так, для школьных аўтобусаў Асіповіцкага раёна гэтую работу выконваюць спецыялісты ЗАТ “КастрычнікГАЗаўтасэрвіс” з Гомельскай вобласці, філіял “СЦ “МАЗ” у Мінску, Асіповіцкі філіял “Аўтапарк № 19” Магілёўаблаўтатранса і філіял “Аўтапарк № 2” Слуцка Мінскай вобласці.
Той, каму даводзіцца арганізоўваць падвоз навучэнцаў, ведае, што дзяржаўныя тэхнічныя агляды школьных аўтобусаў праводзяцца не радзей як адзін раз у шэсць месяцаў станцыямі тэхнічнага абслугоўвання або аўтапаркамі. І, безумоўна, аўтобусы ўкамплектаваны вогнетушыцелямі, аптэчкамі, знакамі аварыйнага прыпынку, проціадкатнымі ўпорамі.
Стан тэхнікі, як і іншыя моманты арганізацыі падвозу школьнікаў, — справа найважнейшая. І на першым месцы ў любым выпадку — чалавечы фактар — ад адказнай работы канструктараў, рабочых, якія збіраюць аўтобусы на канвеерах, і кантралёраў, якія правяраюць якасць іх работы, да вопыту і ўважлівасці тых жа вадзіцеляў, адказных чыноўнікаў, педагогаў, якія суправаджаюць транспарт. Школьныя аўтобусы трывала ўвайшлі ў наша жыццё, і з гэтым трэба лічыцца, не забываць, што свой аўтобус — гэта не толькі клопаты і адказнасць, а яшчэ і пэўныя зручнасці. Ёсць транспарт — прасцей арганізаваць экскурсіі, паездкі на спаборніцтвы, прадметныя алімпіяды, іншыя мерапрыемствы. Таму зялёнае святло аўтобусам — дагледжаным, адрамантаваным, надзейным, з такімі ж надзейнымі вадзіцелямі.
Марына ХІДДЖАЗ.