Сёння — вучань, заўтра — фінансіст

Чаму вучаць у школе? Адказ на гэтае пытанне мы ўсе памятаем са старой дзіцячай песенькі: літары розныя пісаць, аднімаць і памнажаць… А сёння ў школе вучаць і фінансавай граматнасці. Як, напрыклад, гэта робяць у сярэдняй школе № 18 Брэста. Тут ужо не першы месяц дзейнічае клуб фінансавай граматнасці для навучэнцаў 9-10 класаў. Аб рабоце клуба мы папрасілі расказаць яго кіраўніка, настаўніцу англійскай мовы гэтай навучальнай установы Дзіяну Ігараўну Завадскую.

— Фінансавая культура ў сучасным свеце, які так хутка змяняецца, стала жыццёва неабходным элементам у сістэме навыкаў і правіл паводзін, — гаворыць Дзіяна Ігараўна. — Фінансавая адукацыя моладзі спрыяе прыняццю граматных рашэнняў, мінімізуе рызыкі і тым самым здольная павысіць фінансавую бяспеку моладзі.
Асноўныя задачы нашага клуба — азнаямленне вучняў з тэорыяй, мовай і сістэмай фінансавых аперацый; развіццё навыкаў прыняцця самастойных, эканамічна абгрунтаваных рашэнняў; прафесійная арыентацыя навучэнцаў. А ўдзел у клубе дапамагае дзецям набываць базавыя веды ў галіне фінансаў, закладвае падмурак для далейшага развіцця навыкаў планавання бюджэту і зберажэнняў. Школьнікі вучацца разбірацца ў асаблівасцях фінансавых прадуктаў і паслуг. Для выпускнікоў, якія збіраюцца паступаць на эканамічныя спецыяльнасці, удзел у клубе — несумненны плюс, бо ў іх фарміруецца базавы паняційны апарат у галіне эканомікі і фінансаў.
Калі пачынаеш новую справу, патрэбны дапамога, падтрымка, супрацоўніцтва. Такую дапамогу нам аказваюць Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і студэнцкае навуковае таварыства “ЭКОМ”. Два разы на месяц заняткі з навучэнцамі праводзяць выкладчыкі ўстановы вышэйшай адукацыі. Пытанні з гісторыі развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, дзейнасць дзяржавы ў сферы фінансаў і яе ўплыў на жыццё насельніцтва, правілы паводзін грамадзян ва ўмовах фінансавай нестабільнасці, бюджэт, падатковая і крэдытна-грашовая палітыка ў краіне — тэмы выступленняў загадчыка кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту, кандыдыта эканамічных навук, дацэнта Васіля Сазонавіча Ківачука; кандыдата эканамічных навук дацэнта Вікторыі Васільеўны Зазерскай; дацэнта Наталлі Аляксандраўны Міхальчук. Хлопцам і дзяўчатам падабаюцца гэтыя заняткі, паколькі яны атрымліваюць не толькі інфармацыю, але і практычныя навыкі фінансавых разлікаў.
Заняткі з навучэнцамі па павышэнні фінансавай граматнасці праводзяць таксама работнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ленінскім раёне Брэста. Пазнавальнай была размова “Будзь гатовы да дарослага жыцця” са старшым падатковым інспектарам Людмілай Уладзіміраўнай Поўх.
Я папрасіла вучняў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад заняткаў у клубе. Было прыемна пачуць ад іх такія, напрыклад, словы: “Тут мы абмяркоўваем тыя пытанні, якія не раскрываюцца на ўроках па грамадазнаўстве. Заняткі ў клубе пазнавальныя, цікавыя і карысныя не толькі для будучых абітурыентаў эканамічных спецыяльнасцей, але і для кожнага з нас”.
Ёсць у клуба і свае сябры-памочнікі. Так, у студзені адбылася прэзентацыя клуба, на якой дырэктар кампаніі “Игрика” Глеб Герасімовіч правёў FLIXA-трэнінг, прэзентаваў для работы клуба камплекты бізнес-гульні. Радуе той факт, што пасля такога ўрока навучэнцы выходзяць у добрым настроі, натхнёныя і ўжо з пэўным багажом эканамічных ведаў.
Прыемна, па словах кіраўніка клуба, і тое, што пасля вывучэння чагосьці новага старшакласнікі імкнуцца падзяліцца сваімі ведамі. Таму ўдзельнікі клуба пачалі праводзіць заняткі ў 5-х класах, на якіх пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй узнікнення грошай, расказалі пра валюту розных краін, банкноты нашай краіны.
А яшчэ Дзіяна Ігараўна расказала, што ў перспектыве клуб плануе выпусціць і апрабаваць метадычны зборнік з распрацоўкамі заняткаў па фінансавай граматнасці. На цяперашні момант агульнымі намаганнямі кіраўніка клуба і адміністрацыі школы створана праграма аб’яднання па інтарэсах, падрыхтавана першая частка зборніка, у якую ўключаны тэмы праведзеных заняткаў.
Акрамя таго, зусім нядаўна, у красавіку, навучэнцы школы сталі ўдзельнікамі навуковай канферэнцыі студэнтаў спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт”, якая праходзіла ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Таксама адбылася экскурсія па БрДТУ. Будучым абітурыентам, трэба сказаць, і тое і другое спадабалася.
— У бліжэйшай перспектыве, у маі бягучага года, — расказвае Д.І.Завадская, — мы рэалізуем у маштабах усёй школы інфармацыйна-асветніцкі праект “Сцяжынкамі фінансавай граматнасці”. У яго рамках наш клуб рыхтуе эканамічныя гульні, пазнавальныя загадкі, адкрытыя ўрокі, турніры для малодшых школьнікаў.
Вынік павышэння фінансавай граматнасці праяўляецца паступова, але сусветны вопыт паказвае неабходнасць гэтай работы. Сённяшнія дзеці — будучыя ўдзельнікі фінансавага рынку, фундатары, страхавальнікі, крэдытаатрымальнікі, падаткаплацельшчыкі і г.д.
— Усяму ў жыцці трэба вучыцца, быць фінансава граматным — значыць, быць упэўненым у сабе, — сцвярджае кіраўнік школьнага клуба.

 

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.

 

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*