У ліпені бягучага года была зацверджана пастанова Міністэрства адукацыі № 105. Яна ўстанаўлівае пералік і нормы забеспячэння спартыўным інвентаром і абсталяваннем устаноў адукацыі, іншых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, праводзіць фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы з навучэнцамі. Здавалася б, што такога лёсавызначальнага ў гэтым дакуменце? Але так можа падацца толькі чалавеку недасведчанаму. У Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў гэтае рашэнне называюць маленькай рэвалюцыяй для паступовага развіцця фізвыхавання моладзі.
Для бяспекі і поўнай занятасці
Такое вызначэнне — “рэвалюцыя для эвалюцыі”, — дарэчы, прапанавала дырэктар цэнтра Валянціна Віктараўна Баляба.
— У 2014 годзе прыняты шэраг важных заканадаўчых актаў у нашай галіне, — заўважае яна. — Гэта, канечне, новы Закон аб фізічнай культуры і спорце, які ўступіў у сілу 1 ліпеня. У адпаведнасці з ім, Міністэрства адукацыі падрыхтавала некалькі нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць работу па стварэнні ўмоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам. У першую чаргу гэта датычыцца менавіта пераліку інвентару і абсталявання.
Як расказала Валянціна Віктараўна, спецыялісты рэспубліканскага і рэгіянальных цэнтраў штогадова манітораць установы адукацыі па наяўнасці абсталявання, яго стану. Але прававое поле для такога маніторынгу было прадугледжана толькі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дзякуючы новаму пераліку забяспечанасці інвентаром і абсталяваннем, правы цэнтраў па маніторынгу забяспечанасці пашыраны. З наступнага навучальнага года спецыялісты пачнуць праводзіць такія маніторынгі ва ўсіх тыпах навучальных устаноў — школах, прафесійна-тэхнічных ліцэях (што было і раней), каледжах і ўстановах вышэйшай адукацыі. Хаця і дагэтуль спецыялісты ў аператыўным парадку вывучалі стан спраў у розных навучальных установах, каб уяўляць агульную карціну.
— Але з прыняццем новага закона ў нас з’явіўся шэраг тэрмінаў, які абавязвае інакш глядзець на фізічнае выхаванне моладзі, — тлумачыць В.В.Баляба. — Так, у закон уведзены такія паняційныя тэрміны, як “школьны спорт” (маецца на ўвазе не толькі дзіцяча-юнацкі спорт у спартыўных школах, але і заняткі гурткоў, секцый, безумоўна, адукацыйны працэс, факультатывы) і “студэнцкі спорт”. Гэтае паняцце тычыцца не толькі ўстаноў вышэйшай адукацыі, але і сярэдняй спецыяльнай, і прафесійна-тэхнічнай. А гэтыя ўстановы — тая платформа, дзе нашы калегі з Міністэрства спорту і турызму шукаюць рэзерв для нацыянальных каманд.
З улікам гэтага, па словах маёй суразмоўніцы, і будуць арганізоўвацца спаборніцтвы, а таксама праводзіцца падрыхтоўка да іх. Таму ў новым прававым полі бачыцца зараз і ўся сістэмная работа — ад урокаў да спаборніцтваў.
На новы ўзровень выходзяць і патрабаванні да стану матэрыяльна-тэхнічнай базы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Бо, упэўнена кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, пры яе адсутнасці можна колькі заўгодна разважаць пра здаровы лад жыцця, але, калі няма ўмоў для заняткаў, усе, нават самыя прыгожыя лозунгі сыходзяць у нікуды. Таму ўжо ў трэцюю Дзяржаўную праграму па развіцці фізкультуры і спорту ўнесена даручэнне па маніторынгу гатоўнасці спартыўных збудаванняў да навучальнага года і забяспечанасці навучальных устаноў спартыўным інвентаром і абсталяваннем.
Пералік, зацверджаны пастановай № 105, па словах Валянціны Віктараўны, — гэта штуршок да дзеянняў кіраўнікоў рознага ўзроўню: ад начальнікаў упраўленняў адукацыі да дырэктараў устаноў. Так, у новым пераліку прадугледжаны розныя нормы па інвентары і абсталяванні для ўстаноў з рознай колькасцю навучэнцаў. Напрыклад, установы адукацыі, якія наведваюць не больш за 220 навучэнцаў, павінны мець не менш чым 10 гімнастычных матаў. Установы, дзе навучаюцца да 440 чалавек, — 20, да 880 — 30, больш чым 880 — 40. А, скажам, па бегавых лыжах градацыя такая — 30, 60, 100 і 150 пар адпаведна.
— Толькі пры неабходнай шчыльнасці ўрока, калі дзеці актыўна займаюцца прыкладна 70% яго часу, мы атрымаем належны аздараўленчы эфект, — кажа В.В.Баляба. — Таму неабходна, каб усім хапала інвентару. Мы і раней так ці інакш адсочвалі гэтую сітуацыю, але з наступнага навучальнага года ў нас будзе новы падыход да справы. Збіраемся падрыхтаваць новыя метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі рэйдаў па праверцы забяспечанасці абсталяваннем і інвентаром. Рэгіянальныя камісіі выбарачна будуць наведваць установы адукацыі з такімі праверкамі. Хочацца, безумоўна, усім давяраць, але, як кажуць, давярай, ды правярай. Новы дакумент дазваляе адпаведнай рэспубліканскай камісіі, якую ўзначальвае намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, пацікавіцца, як ідуць справы са спартыўным інвентаром і абсталяваннем у любой установе адукацыі, падначаленай любому міністэрству.
Неабходнасць у новым пераліку, па меркаванні спецыялістаў цэнтра, цалкам наспела. Як заўважае Валянціна Віктараўна, правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў галіне фізкультуры і спорту на ўзроўні адукацыйнага працэсу прадугледжвае і дзяржаўны падыход да яго арганізацыі. Неабходны адзіныя базавыя патрабаванні, у тым ліку да матэрыяльна-тэхнічнай базы. Да таго ж, як адзначае мая суразмоўніца, пастанова № 105 адкрывае пэўныя перспектывы і для кіраўнікоў устаноў адукацыі: пры недахопе інвентару яны могуць і павінны спасылацца на новы дакумент, а не дзейнічаць выключна метадам пераканання, каб арганізаваць паўнацэнныя ўрокі фізкультуры. Можна таксама закладваць у бюджэт радок аб набыцці спартыўнага інвентару і абсталявання.
Важна і тое, што наяўнасць неабходнага, належнай якасці абсталявання захоўвае максімальную бяспеку навучэнцаў на ўроках фізкультуры, падчас спаборніцтваў і г.д. Бо прыкладна палова выпадкаў траўматызму ва ўсіх навучальных установах прыходзяцца якраз на ўрокі фізкультуры. Падвярнула дзіця нагу на няякаснай бегавой дарожцы — вось і траўма.
В.В.Баляба прызнае, што спецыялістам цэнтра работы з-за новых правілаў прыбавіцца, але ў яе неабходнасці яна ўпэўнена.
Чым больш, тым лепш
З Валянцінай Віктараўнай згодзен і яе намеснік Віктар Сцяпанавіч Аўчароў.
— Галоўнае, што створаны канкрэтныя аб’ектыўныя крытэрыі для ацэнкі стану спраў ва ўсіх установах адукацыі, — кажа ён. — Зараз інвентаром і абсталяваннем лепш забяспечаны школы, бо яны заўсёды знаходзіліся пад пастаянным кантролем, да іх і раней было больш увагі ў гэтым сэнсе. Пры падрыхтоўцы пераліку мы прааналізавалі змест вучэбных праграм і адукацыйных стандартаў, вызначылі мінімальны пералік неабходнага абсталявання, інвентару, а колькасныя паказчыкі ўзгаднялі з абласцямі, улічвалі іх прапановы, падрабязна вывучалі сённяшнюю рэальную карціну. Важна, каб навучальныя ўстановы забяспечвалі і выкананне вучэбных праграм, і патрабаванні выхаваўчай фізкультурна-аздараўленчай работы ў пазаўрочны час. У пераліку гэта ўсё прадугледжана. Цяпер задача № 1 — укараніць гэты пералік і працаваць па ім.
Магчымасцей для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы пакуль больш ва ўстановах вышэйшай адукацыі і каледжах дзякуючы пазабюджэтным сродкам ад платнага навучання студэнтаў. Пры гэтым патрабаванні пераліку для ўсіх кіраўнікоў створаць такія ўмовы, што ў любым выпадку пытанні фізічнага выхавання і здароўя навучэнцаў давядзецца вынесці на першы план. Пералік, канечне, не гарантыя таго, што ўсе патрабаванні будуць выкананы ў поўным аб’ёме, але гэта дакладны арыенцір для работы, мэта якой — стварэнне паўнацэнных умоў для заняткаў фізкультурай.
А ў найбліжэйшай перспектыве, як мне расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, — прыняцце новага нарматыўна-прававога акта, які ўжо ўзгоднены з міністэрствамі спорту і турызму, эканомікі, — аб парадку арганізацыі фізічнага выхавання і спорту ва ўстановах адукацыі. Ён прадугледжвае пэўныя патрабаванні да методыкі заняткаў, кантролю арганізацыі працэсу, а таксама патрабаванні па мерах бяспекі пры занятках фізкультурай і спортам. Мяркуецца, што да пачатку наступнага навучальнага года дакумент будзе зацверджаны.
Днямі ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага галіновага фізкультурна-спартыўнага клуба “Буравеснік”, на якім былі падведзены вынікі маніторынгу, што праводзіўся да пачатку бягучага навучальнага года. На мерапрыемстве сабраліся дырэктары адпаведных абласных цэнтраў, спецыялісты з упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў.
Якой жа была забяспечанасць будынкамі і збудаваннямі, спартыўным інвентаром і абсталяваннем да пачатку 2014/2015 навучальнага года?
Як расказалі ў цэнтры, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі зараз выкарыстоўваюцца 13 262 фізкультурна-спартыўныя збудаванні, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі налічваецца крыху больш за тысячу такіх збудаванняў. Для параўнання: у 2013/2014 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянавала 15 350, а ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 1 026 фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Змяншэнне іх агульнай колькасці ў параўнанні з мінулым годам звязана з аптымізацыяй сеткі (закрыццё, рэарганізацыя) устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Рашэннямі мясцовых выканкамаў у 2014 годзе адначасова з закрыццём школ выведзены з эксплуатацыі 86 збудаванняў спартыўнага прызначэння (у Брэсцкай вобласці — 16, Віцебскай — 19, Гомельскай — 9 і г.д.). Пры гэтым мясцовыя органы ўлады ў кожным канкрэтным выпадку разглядалі далейшыя перспектывы выкарыстання фізкультурна-спартыўных збудаванняў закрытых устаноў адукацыі па іх прызначэнні.
Пры гэтым да пачатку навучальнага года ўведзены ў эксплуатацыю 43 (у 2013 годзе — 42) новыя спартыўныя аб’екты, у тым ліку 4 спартыўныя ядры, 6 спартыўных зал, 1 спартыўны цір, 16 плоскасных спартыўных збудаванняў, 1 міні-басейн, 2 басейны, 13 прыстасаваных памяшканняў. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі пабудаваны 1 спартыўнае ядро, 1 спартыўная зала, 7 прыстасаваных памяшканняў для заняткаў фізічнай культурай і спортам (у 2013 годзе — 5 новых спартыўных аб’ектаў).
Наогул жа праверкі Рэспубліканскага цэнтра, праведзеныя да пачатку бягучага навучальнага года, паказалі, што матэрыяльна-спартыўная база ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў цэлым адпавядае Дзяржаўным сацыяльным стандартам па забеспячэнні навучэнцаў неабходнай плошчай спартыўных плоскасных збудаванняў (1,62 м2) і будынкаў спартыўнага прызначэння (0,5 м2) з разліку на аднаго вучня, фактычнае выкананне якіх ва ўсіх рэгіёнах краіны значна перавышае названыя нарматывы: 18,81 м2 і 1,37 м2 адпаведна. Найбольш высокія паказчыкі забяспечанасці плоскаснымі спартыўнымі збудаваннямі ва ўстановах адукацыі Гомельскай (24,06 м2) і Віцебскай (22 м2) абласцей, будынкамі спартыўнага прызначэння — ва ўстановах адукацыі Гомельскай (1,84 м2) і Магілёўскай (1,8 м2) абласцей.
Што да спартыўнага інвентару і абсталявання для спартыўных і рухавых гульняў, то школы забяспечаны імі ў сярэднім на 81 з лішнім працэнт (летась — на 85,8%), установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі — амаль на 73% (летась — 78,4%). Лепш за ўсё справы ідуць у Магілёўскай (91,5% па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі), Гродзенскай (амаль 80%) і Мінскай абласцях (79% забяспечанасці).
Спецыялісты цэнтра адзначаюць, што беларускім школам асабліва не хапае турысцкага і лыжнага інвентару (сярэдні паказчык забяспечанасці ў жніўні складаў 60,8% і 64,6% адпаведна). Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі такі паказчык наогул складае 54,1% і 60,8% адпаведна. Ці дасць работа па новых правілах штуршок да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, убачым праз пэўны час. Спадзяёмся, што менавіта так яно і будзе.
Марына ХІДДЖАЗ.