Семдзесят лістоў і безліч падарункаў

Пра што мараць дзеці пад Новы год? Ды пра тое ж, пра што і дарослыя, — пра цуд. У малых такім цудам можа быць лялька, машынка, канструктар ці нейкі гаджэт. А хтосьці марыць трапіць у аквапарк, дэльфінарый, сустрэцца з любімым артыстам. Такія і іншыя просьбы да Дзеда Мароза выказалі ў сваіх лістах малыя з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. А чараўніком для іх стаў Беларускі дзіцячы фонд, які звярнуўся па дапамогу да розных кампаній і арганізацый.

Дабрачынная акцыя “Нашы сэрцы — дзецям”, якая праходзіць у рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, — штогадовы цуд для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета на яе святочнае адкрыццё запрасілі 70 выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з усіх рэгіёнаў краіны.Дзецям прапанавалі інтэрактыўныя гульні, карагоды, квесты, папрасілі расказаць пра свае навагоднія касцюмы. Але гэта, так бы мовіць, абавязковая праграма. А вольныя практыкаванні былі прадстаўлены майстар-класамі па вырабе навагодніх сувеніраў. Іх прапанавалі ўдзельнікам свята мастак аўтар тэхнікі буцінанка Наталля Бука, мастак-карвінгіст выкладчык кулінарнай школы Жанна Дзятлава, майстар па кардмэйкінгу “Творчыя майстэрні” Наталля Малова, а таксама студэнты ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Дарослыя весяліліся тут не менш, чым дзеці. І сапраўды: ці ёсць лепшы спосаб правесці свята, чым падарыць яго іншым?
Безумоўна, не абмінуў гэтае свята і Дзед Мароз з іншымі казачнымі персанажамі. Добрымі чараўнікамі выступілі і мецэнаты — кампаніі, спартсмены, артысты, якія дапамаглі ажыццявіць дзіцячыя мары. Кожны з сямідзесяці маленькіх гасцей атрымаў доўгачаканы падарунак.Так, трынаццацігадовая Ліза і васьмігадовая Караліна з дзіцячага дома сямейнага тыпу Алейнікавых з Горак Магілёўскай вобласці марылі пазнаёміцца з любімай спявачкай Алёнай Ланской. Канечне, гэтая мара ажыццявілася. Усяго ў гэтай сям’і, як расказала Таісія Віктараўна Алейнікава, зараз пяцёра дзяцей, бо двое старэйшых сёлета паступілі ў сельскагаспадарчую акадэмію, сталі на самастойны шлях. А вось Ліза, якая і напісала ліст Дзеду Марозу з просьбай аб сустрэчы з любімай артысткай, марыць стаць масажыстам. “Або спявачкай”, — сціпла дадае дзяўчынка.
Малыя з дзіцячага дома сямейнага тыпу Гаўрычэнка і Шышко з вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці разам з бацькам Анатолем Віктаравічам з’ездзілі на экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку. Такая вось адна мара на ўсіх, якая таксама ажыццявілася. У сталіцу, праўда, змаглі прыехаць толькі пяцёра з семярых дзяцей: Міша, Лера, Дзіма, Эд зік і Рома.— Дабрачынная акцыя “Нашы сэрцы — дзецям” праходзіць ва ўсіх абласцях краіны. Віншуем дзяцей-сірот, малых, якія ляжаць у бальніцах, — сказаў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Васільевіч Трухан. — Летась у рамках гэтай акцыі мы з дапамогай дабрачынцаў, спонсараў патрацілі каля 600—700 мільёнаў рублёў на тое, каб выканаць пажаданні малых. А жаданні, як бачыце, у іх не толькі матэрыяльныя. Праводзім мы сваю акцыю 25-ты раз. Памятаю, як гэта было ўпершыню: прыехалі мы ў бальніцу пад Новы Год, а там малыя сядзяць адны, ва ўсіх свята, а ў іх кропельніцы, уколы. Так і закруцілася.
У снежні прадстаўнікі Беларускага дзіцячага фонду разам з артыстамі, валанцёрамі (у тым ліку студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка) наведалі дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, Рэспубліканскі дзіцячы кардыялагічны цэнтр, дзіцячае апёкавае аддзяленне Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі, траўматалагічнае аддзяленне 6-й клінічнай бальніцы і іншыя ўстановы.
У кожнай вобласці, канечне, свае месцы, куды прыязджаюць актывісты аддзяленняў БДФ з падарункамі. Напрыклад, прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення фонду пачалі сваю акцыю ў абласной дзіцячай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах. Сюды ў оталарынгалагічнае, кардыялагічнае і афтальмалагічнае аддзяленні і траўматалагічнае аддзяленне абласной клінічнай бальніцы старшыня абласнога аддзялення БДФ Галіна Генадзьеўна Пранько і старшы рэферэнт Людміла Віктараўна Барысенка прывезлі больш за сто падарункаў. Такіх сюрпрызаў па ўсёй вобласці будзе яшчэ не адна тысяча, а рыхтаваць падарункі дапамагалі спонсары і валанцёры. Сярод тых, хто асабліва вызначыўся, — педагогі Маладзечанскага, Уздзенскага і Старадарожскага раёнаў.
Акрамя таго, у дзень, калі пачалася абласная акцыя, да малых у бальніцу прыехаў дзіцячы фальклорны ансамбль “Пралеска” са святочным канцэртам, а таксама Дзед Мароз са Снягурачкай.
— Бальніца — гэта сумна, таму сённяшняе свята — для нас вельмі прыемная падзея, — сказала Таццяна Чалапава з Заслаўя, маці трохгадовага Германа, які, на жаль, у перадсвяточныя дні трапіў у ЛОР- аддзяленне.
І насамрэч такое свята — гэта сапраўдны навагодні цуд.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і аўтара.