Прыбытковыя адходы

Лістапад можна, бадай, назваць,  месяцам з самым эканамічным настроем, бо ў апошні асенні месяц мы адзначаем не толькі Міжнародны дзень энергазберажэння, але і Сусветны дзень другаснай перапрацоўкі. І калі раней, гаворачы пра такую перапрацоўку, мы звычайна мелі на ўвазе паперу і метал, то цяпер прывыклі, што гэта з’ява куды шырэйшая і непазбежная: чым больш збяром і перапрацуем другаснай сыравіны, тым больш заможна і цывілізавана будзем жыць.

Сабраць…

Беларусы, трэба сказаць, праблемай заклапочаны, і многія разумеюць, наколькі гэта важна.

— Абыходжанне з другаснымі рэсурсамі, іх збор і перапрацоўка развіваюцца ўстойліва і актыўна, — пацвярджае начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі Дзяржаўнай установы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Анатоль Васільевіч Шагун. — Па даных за 2018 год, у краіне выкарыстоўваецца каля 20% камунальных адходаў, а ў 2010 годзе гэтая лічба складала 8,9%. У мінулым годзе сабрана 714,3 тысячы тон розных відаў другаснай сыравіны, што ў 2,1 разу больш, чым у 2010 годзе. Лічбы за 9 месяцаў паказваюць, што і сёлета рост да адпаведнага перыяду мінулага года складае каля 10%.

За названы час значна выраслі аб’ёмы збору ўсіх відаў другаснай сыравіны, а па пэўных відах работа была толькі пачата, але дасягнула ўжо нядрэнных вынікаў.

— Па вялікім рахунку, беларускія зборшчыкі, нарыхтоўшчыкі забяспечвалі перапрацоўшчыкаў усімі відамі другасных рэсурсаў, — дадае А.В.Шагун. — Больш за тое, па выніках мінулага года на 12,5 мільёна долараў такіх рэсурсаў мы экспартавалі. Ёсць, канечне, асобныя вузкія месцы, напрыклад, у Беларусі існуе дэфіцыт макулатуры высокай якасці.

У мінулым навучальным годзе Дзяржаўнае прадпрыемства “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” і Міністэрства жыллёва­камунальнай гаспадаркі арганізавалі рэспубліканскую акцыю па зборы макулатуры сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Макулатуру — у перапрацоўку. Наш клопат, а не янота”. У конкурсе ўдзельнічала 447 устаноў, пераможцамі ў розных намінацыях, якія былі вылучаны ў залежнасці ад размяшчэння школы ў горадзе або сельскай мясцовасці і па колькасці вучняў, сталі Вежнаўская базавая школа Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, Пашкоўскі дзіцячы сад — базавая школа Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, сярэдняя школа № 9 Віцебска, гімназія № 1 Баранавіч. Пераможцы сабралі ад 18,5 кг да 61,5 кг макулатуры на навучэнца. Яны і лаўрэаты конкурсу атрымалі каштоўныя прызы. Усяго за час акцыі (менш, чым за 2 месяцы) было сабрана 1163 тоны макулатуры.

А ў цэлым у параўнанні з 2010 годам паперы сабрана ў 1,6 разу больш; шкла — у 3,9 разу; палімераў — у 2,8; адходаў шын — 2,3 разу. Зразумела, што такіх вынікаў немагчыма дасягнуць без пастаяннай сістэмнай работы, пачынаючы са зборшчыкаў адходаў  — ЖКГ, спажыўкааперацыі і г.д. Спецыяліст сцвярджае, што па зборы некаторых відаў адходаў Беларусь пераўзыходзіць або блізкая да паказчыкаў Еўрапейскага саюза. Напрыклад, сёння мы збіраем каля 90% адходаў паперы, па шкле, шынах — каля 80% ад аб’ёмаў стварэння іх адходаў. Да 75% збіраюцца адходы тэхнічнага масла ў насельніцтва. Пакуль адстаём па зборы адходаў палімераў — збіраем толькі 31% (па даных за мінулы год), адходаў электрычнага і электроннага абсталявання — 48% (пры гэтым рост тут значны), элементаў сілкавання (28%). Апошні з кірункаў для Беларусі  — адзін з самых новых, трымаецца выключна на свядомасці насельніцтва, так што яму яшчэ развівацца і развівацца. Аднак у цэлым грамадская свядомасць у гэтым плане расце, але і займацца выхаваннем адказнасці людзей трэба яшчэ многа, як і ўдасканаленнем сістэмы збору адходаў, у прыватнасці сістэмай асобнага збору смецця.

Адсартаваць…

Сёння ў краіне ўстаноўлена амаль 85 тысяч кантэйнераў для асобнага збору адходаў, якія знаходзяцца ў жыллёвым сектары, прычым лічба пастаянна расце — з 2015 года яна прырасла на 33 тысячы. Летась пачата, а сёлета актыўна працягваецца работа па пераходзе сектара індывідуальнай забудовы на кантэйнерны збор — людзям прадастаўляюць па 2 кантэйнеры на 120 або 240 літраў для збору змешаных адходаў і для другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія потым перавозяць на сартаванне. У Беларусі, дарэчы, зараз працуюць 7 сартавальных заводаў, 80 ліній сартавання, на якіх можна адсартаваць 30% ад аб’ёму стварэння камунальных адходаў.

Не далей, чым у кастрычніку бягучага года, беларускі ўрад прыняў пастанову, якая зацвердзіла канцэпцыю аб сартаванні і выкарыстанні камунальных адходаў, палігонах для іх захавання. Дакумент прыняты ў развіццё палажэнняў Нацыянальнай стратэгіі абыходжання з адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Прапаноўваецца, напрыклад, падзяліць краіну на 30 рэгіёнаў, у кожным з якіх павінен быць аб’ект па сартаванні і выкарыстанні камунальных адходаў і створаны сучасны палігон для захавання тых адходаў, якія не могуць быць выкарыстаны.

Акрамя камунальных, выкарыстоўваюцца, канечне, і вытворчыя адходы. Без уліку буйнатанажных адходаў ­узровень іх выкарыстання складае больш за 87%. Калі гаварыць пра традыцыйныя віды другасных матэрыяльных рэсурсаў — шкло, пластык, папера, гума, то ўзровень выкарыстання гэтых відаў складае каля 100%.

— Гэта звязана з тым, што на заканадаўчым узроўні замацаваны абавязак юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляць асобны збор адходаў, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Уладзіміраўна Сазонава.

Акрамя таго, Мінпрыроды інфармуе ўсе суб’екты гаспадарання аб магчымасцях перапрацоўкі адходаў, пры гэтым захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў заканадаўча забаронена, але факты такія прыродаахоўнікі выяўляюць — больш чым 1900 за 9 месяцаў бягучага года. Дапамагчы тут могуць не толькі праверкі, але і змены ў заканадаўстве — так, з 9 снежня ўступяць у сілу змены ў Законе аб абыходжанні з адходамі, якія, у прыватнасці, урэгулююць агульныя падыходы да арганізацыі збору адходаў, у тым ліку ў насельніцтва. Так, Мінпрыроды непакоіць практыка збору розных відаў адходаў у адзін кантэйнер, асабліва ў рэгіёнах, дзе няма сартавальных заводаў, тым больш што гэта дыскрэдытуе саму сістэму ў вачах людзей. Ды і  кантэйнераў, лічаць у ведамстве, у Беларусі пры ўсіх поспехах гэтай работы пакуль не хапае — на 1 тысячу чалавек іх прыкладна ў 2 разы менш, чым у Заходняй Еўропе, збор адходаў праз такія кантэйнеры складае ў Беларусі 1,8% ад агульнай лічбы збору ДМР.

Беларускі рэспубліканскі саюз спажывецкіх таварыстваў “Белкаапсаюз” спецыялізуецца на закупцы і зборы пэўных відаў другаснай сыравіны. Адходы арганізацыя збірае як праз прыёмна­нарыхтоўчыя пункты — 750 стацыянарных і 150 перасовачных, так і праз кантэйнеры, ёмістасці для збору машынных масел. У 2018 годзе саюз набыў у насельніцтва 403 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў, а плата за іх матывуе людзей да асобнага збору адходаў, ды і сыравіна, сабраная такім чынам, мае больш высокую якасць.

У “Белкаапсаюзе” працуе цэлая праграма работы са школамі, арганізацыя аб’яўляе конкурсы, супрацоўнічае ў гэтым плане з БРСМ, уручае добрыя прызы і школам, і самым актыўным удзельнікам. Макулатуры, сабранай навучэнцамі, саюз нарыхтоўвае па некалькі соцень тон у год.

Перапрацаваць…

Прадпрыемствы канцэрна “Белляспаперпрам” — адны з самых зацікаўленых у зборы другаснай сыравіны, а канкрэтна паперы і кардону. Для часткі гэтых вытворцаў макулатура з’яўляецца адзіным відам сыравіны. Усяго ж у Беларусі макулатуру перапрацоўвае 11 прадпрыемстваў, 10 з іх належыць канцэрну, а 6 яго заводаў з 10­ці працу­юць толькі на макулатуры. Патрэба прадпрыемстваў “Белляспаперпрама” ў макулатуры — 315—320 тысяч тон у год, большую частку гэтай колькасці (274 тысяч тон у 2018 годзе, амаль на 100 тысяч больш, чым за 3 гады да гэтага) задавальняюць дзяржарганізацыі, якія займаюцца зборам другаснай сыравіны.

— Сістэма збору макулатуры працуе, дапамагае нам выпус­каць сваю прадукцыю, у тым ліку на экспарт, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч Пшонны, начальнік упраўлення цэлюлозна­папяровай і лесахімічнай вытворчасці канцэрна “Белляспаперпрам”. — Больш за 70% прадукцыі, якая вырабляецца з макулатуры, ідзе на экспарт. Праўда, высакаякасную макулатуру так званых белых відаў даводзіцца закупляць за мяжой. А вось для работы з нізкасортнай паперай канцэрн разам з “Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў” укараняе праграму па мадэрнізацыі вытворчасці, якая дазволіць якасна перапрацоўваць такую макулатуру. Так, на прадпрыемствах у Слоніме і Шклове ўстаноўлена імпартнае абсталяваннне.

ААТ “Белрэсурсы” таксама часткова працуе з другаснымі відамі сыравіны, на яго долю прыходзіцца каля 7% іх збору. А два прадпрыемствы перапрацоўваюць палімерныя адходы. Вытворчая гадавая магутнасць гэтых заводаў складае больш за 10 тысяч тон, а пасля мадэрнізацыі аднаго з  прадпрыемстваў магутнасці па перапрацоўцы вырастуць на 1,5 тысячы тон. Акрамя таго, “Белрэсурсы” нарыхтоўваюць чорныя і каляровыя металы, а з 2012 года пачалі працаваць лініі па сартаванні шклабою, пры гэтым ва ўсіх абласцях краіны ААТ стварыла 7 рэгіянальных пляцовак для назапашвання шкла.

Зараз аб’ёмы сартавання шклабою складаюць 90—95 тысяч тон у год пры максімальных магчымасцях — 120 тысяч тон. Праблема — у паступленнях няякаснай сыравіны з прымесямі. Але спецыялісты лічаць, што з увядзеннем праз пару гадоў дэпазітна­залогавай сістэ­мы збору шкла, з агульным павелічэннем яго збору гэтага не хопіць, таму “Белрэсурсы” правялі падрыхтоўчую работу па павышэнні сваіх магутнасцей. Зараз ААТ пастаўляе на айчынныя шклоперапрацоўчыя прадпрыемствы 45% сартаванага шклабою, а 55% яго і шклабою, які ў нас не перапрацоўваецца, ідзе на знешні рынак, бо беларускія прадпрыемствы перапрацоўваюць толькі напалову белы шклабой і ў невялікай колькасці — карычневы. Аб’ём экспартнай выручкі складае да 3,5 млн долараў у год. Адходы, як відаць, могуць быць вельмі прыбытковымі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.