Эфект з працягам

Сярэдняя школа № 4 Дзяржынска, што на Міншчыне, стала вядомай на ўсю краіну некалькі гадоў назад, калі набыла неафіцыйны статус энергаэфектыўнай школы і афіцыйны — рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця гарадскіх тэрыторый асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. А Міжнародны дзень энергазберажэння, які адзначаецца ў лістападзе, стаў для навучальнай установы другім днём нараджэння, які тут урачыста адзначаюць кожны год.

Школьныя адукатары.

Новы погляд, новы падыход

Пераўтварэнне са звычайнай у энергаэфектыўную 4-я дзяржынская школа перажыла, канечне, не проста так. У канцы 2015 года ўстанова выйграла грант на ажыццяўленне энерга­эфектыўных мерапрыемстваў ЕС/ПРААН разам з двума дзіцячымі садамі з Гро­дзенскай вобласці і каледжам з Віцебшчыны. Школа стала дэманстрацыйнай пляцоўкай комплекснага падыходу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Праект быў ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і Дзяржынскага райвыканкама, выканаўцамі сталі ПРААН у Рэспубліцы Бе­ларусь і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту.

За выдзеленыя грошы — а гэта 850 тысяч долараў — тут замянілі дах, уцяплілі сцены, зрабілі энергаэфектыўнае асвятленне, цалкам замянілі абсталяванне харчовага блока, аснасціўшы 32 прыборамі, 21 з якіх энергаэфектыўны: індукцыйныя пліты, параканвектамат, сокавыціскалка, агароднінарэзка і інш. На даху ўстанавілі сонечныя калектары, з дапамогай якіх школа атрымлівае цяпло (усяго 36 штук, а гэта 1080 трубак). Вокны замянілі на шклопакеты, за ацяпляльнымі прыборамі паставілі цеплаадбівальныя экраны, выканалі іншыя мерапрыемствы.

— Самае дарагое, што з’явілася ў школе падчас і пасля рэалізацыі праекта — гэта не тэхнічны складнік, — гаво­рыць дырэктар установы Людміла Канстанцінаўна Лукша, — галоўнае — змянілася свядомасць дзяцей, педагогаў і бацькоў. Так, і бабуль, і дзядуляў таксама. Яны хаця б пачалі задумвацца, на­быць ім поліэтыленавы пакет ці не, замяніць лямпы напальвання на энергазберагальныя або не спяшацца. Магчыма, яны пакуль не ўсё робяць, што мы раім на сустрэчах у школе, пра што расказваюць іх жа дзеці, але стаўленне да энергазберажэння, эканоміі паступова мяняецца. Гэта самае каштоўнае, што набыў кожны ўдзельнік нашай адкрытай школьнай супольнасці: бацькі, дзеці, настаўнікі, суседзі, шэфы — усё насельніцтва Дзяржынска, у рэшце рэшт.

Дырэктар школы № 4 Дзяржынска Л.К.Лукша паказвае сонечныя калектары.

Школа зажыла ў новым рыт­ме і ў новых маштабах, нават колькасць вучняў за 3—4 гады вырасла тут з 600 да больш чым тысячы чалавек. У 2016 годзе ўстанова адукацыі перамагла на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” і стала трэцяй у краіне, сёлета зноў збіраецца прыняць удзел у гэтым конкурсе. Акрамя таго, школьнікі, якія ўжо сталі выпускнікамі, занялі 1-е месца на Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, прадставіўшы сваю мадэль энерга­зберагальнага класа. Настаўнік-метадыст Святлана Рыгораўна Пузіноўская, пераможца конкурсу “Настаўнік года” Мінскай вобласці, лаўрэат рэспубліканскага этапу, разам са свамі вучнямі распрацавала інтэрактыўны дапаможнік “Энергаэфектыў­насць. Ашчадным быць”, перамагла з ім на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”.

Ва ўстанове бывае шмат гасцей: настаўнікаў і прадстаўнікоў адміністрацыі навучальных устаноў. Нядаўна тут пабывалі намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце. Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў для іх семінар-практыкум “Удасканаленне выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі як умова рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця”. Для слухачоў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — дырэктараў школ, начальнікаў упраўленняў па адукацыі — прайшла дзелавая сустрэча “Ад энергаэфектыўнасці школы — да дасягнення Мэт устойлівага развіцця”.

Сёння і заўтра

У рэсурсным цэнтры школы па энергазберажэнні, які мае статус раённага, цікава пабываць кожнаму. Напрыклад, адзінаццацікласніцы Вераніка Занкевіч і Дар’я Мірановіч, іх класны кіраўнік Людміла Іванаўна Каладзінская, малады педагог Кацярына Аляксандраўна Севасцюк гатовы вучыць і дзяцей, і дарослых энергазберажэнню, правільнаму збору адходаў. Яны могуць правесці майстар-класы, арганізаваць гульню па Мэтах устойлівага развіцця, якая з’явілася ў школе дзякуючы дапамозе гімназіі № 19 Мінска. Я, напрыклад, наведаўшы цэнтр, даведалася, што пластыкавыя бутэлькі і накрыўкі ад іх не варта выкідваць разам, бо гэта розныя віды пластыку.

У рэсурсным цэнтры па энергазберажэнні.

Пасля рэалізацыі праекта ЕС/ ПРААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”, або коратка — “Энергаэфектыўнасць у школах”, дзяржынцы ўжо як члены асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” выйгралі грант на 10 тысяч еўра нямецкай кампаніі DVV International на рэалізацыю яшчэ аднаго праекта, дакладней, міні-праекта “Экадружалюбнасць сям’і — шлях да ўстойлівага развіцця Дзяржынскага раёна”. Установа стала цэнтрам партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця раёна. У першы год да яе далучыліся 7 вясковых школ, у якія прыяз­джалі педагогі-адукатары са школы № 4, а таксама яе навучэнцы з семінарамі і выступленнямі.

— Летась праект завяршыўся фестывалем экадружалюбных сем’яў, які прайшоў настолькі ўдала, што сёлета яго правялі зноў. Кожная сям’я-ўдзельніца паказала, чаму навучылася, як жыве па законах зялёнага спажывання і зялёнай эканомікі, і мы збіраемся праводзіць яго кожны год, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Пятроўна Кандратовіч. — У лістападзе мы накіравалі заяўку на ўдзел у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” са сваімі экалагічнымі і энергазберагальнымі ініцыятывамі. А па выніках двух рэалізаваных праектаў школа прадставіць свой вопыт па навучанні дарослых на форуме асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” ў хуткім часе ў Мінску. У гарадскім пасёлку Мір мы будзем удзельнічаць у рэспубліканскім семінары-практыкуме, прысвечаным грамадскай дзейнасці ўстановы адукацыі ў мясцовай супольнасці, падзелімся вопытам работы па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў праз рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця.

І гэта далёка не ўсё. Зусім нядаўна тутэйшыя школьнікі і педагогі пабывалі ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Змена” недалёка ад курортнай Анапы, у інжынернай змене “Школа маладога энергетыка”. Сюды дзяржынскую ўстанову запрасілі як лаўрэата конкурсу “Энергамарафон”. Пяць хлопчыкаў і дзяўчынак: Аляксандра Баравік, Арцём Герасімаў, Уладзіслаў Пазнякоў, Настасся Пякарчык і Карына Маркіна — разам з дырэктарам установы, якая выкладае фізіку ў сваёй школе, правялі ў цэнтры два тыдні. Змена была міжнароднай (сюды, акрамя белару­саў, прыехалі школьнікі з 21 акругі Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана) і вельмі цікавай. Юныя дзяржынцы ўдзельнічалі ў праекце “Энергаэфектыўны мікрараён”, разглядалі структуры энергетычнага прадпрыемства, прынцыпы работы гідраэлектрастанцыі, з імі сустракаліся прадстаўнікі “Расатама”, “Расэнерга”, нямецкай кампаніі Siemens, прадстаўнікі японскіх кампаній.

Вывучаем, вымяраем.

Такім чынам, энергаэфектыўная школа даўно пераступіла межы адной толькі энергаэфектыўнасці. Цяпер гэта цэнтр энергазберагальных, экалагічных, адукацыйных ініцыятыў, прапагандыст ідэй Мэт устойлівага развіцця і ў сваім раёне, і далёка за яго межамі. Што да эканоміі энергарэсурсаў, то, па словах дырэктара ўстановы, толькі па цяпле школа эканоміць 40 гігакалорый у месяц (раней нават не было гарачай вады). У цеплапунк­це ўстаноўлена сістэма, якая вытрымлівае ў будынку пастаянную тэмпературу — 19 градусаў, незалежна ад тэмпературы на вуліцы. Тут не бывае перарасходу энергіі, але ў класах заўсёды аднолькава цёпла.

Планаў у кіраўніка ўстановы яшчэ шмат: дзесьці трэба замяніць батарэі — на адным з паверхаў, лішак цяпла летам добра было б перадаваць у суседні дзіцячы сад, дзе ёсць басейн. Пакуль летам у школе арганізоўваюцца аздараўленчыя лагеры для дзяцей з усяго раёна, якія і спажываюць цеплаэнергію ад сонечных калектараў. Не пашкодзілі б фотаэлементы, якія ператвараюць энергію сонца ў электрычную. А чаму б не паставіць ветрагенератар, каб зараджаць электравеласіпеды для педагогаў, і яны маглі б ездзіць да дзяцей, якія вучацца дома?

Справа, зразумела, у грошах, але, калі планаў і праектаў шмат і нейкія з іх удасца ажыццявіць, будуць новыя перамогі, магчыма гранты. Людміла Канстанцінаўна пераканана: калі новы праект не спрацаваў, то быў зроблены няправільны акцэнт — трэба дапрацаваць. У любым выпадку, энергаэфект, атрыманы падчас рэалізацыі першага праекта, мае працяг, бо энергія не толькі ў крыніцах цяпла і грошах на рэканструкцыю ці нешта яшчэ, яна — у актыўных, зацікаўленых людзях.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.