Большасць пытанняў, што паступілі падчас прамой лініі са спецыялістамі Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза, якая прайшла ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”, тычыліся асаблівасцей праходжання атэстацыі на прысваенне і пацвярджэнне кваліфікацыйных катэгорый. Сярод іх — як стандартныя сітуацыі, так і тыя, што патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі. Прапануем вашай увазе адказы на гэтыя пытанні Рамана Восіпавіча ДАПІРЫ, намесніка старшыні Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза, і Валянціны Рыгораўны ГЕРАСІМОВІЧ, загадчыцы аддзела сацыяльна-эканамічнай работы камітэта.
— У мяне вышэйшая катэгорыя настаўніка фізкультуры і вышэйшая катэгорыя педагога дадатковай адукацыі. Зараз я працую педагогам-арганізатарам у Цэнтры турызму. Выдатнік адукацыі. Ці магчымы “перанос” адной з маіх катэгорый для работы педагогам-арганізатарам?
Р.В.: — На падставе пункта 20 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi педагогi-арганiзатары пры праходжаннi атэстацыi на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi маюць права прэтэндаваць незалежна ад працягласці стажу працы на пасадзе педагога-арганізатара на прысваенне той жа квалiфiкацыйнай катэгорыi, якая iм была прысвоена раней па пасадзе настаўнiка. Такім чынам, вы можаце прэтэндаваць на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе педагога-арганізатара. Згодна з часткай другой пункта 20 інструкцыі, пры праходжаннi атэстацыi ў такім выпадку педагагiчныя работнiкi, якiя прэтэндуюць на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi, квалiфiкацыйны экзамен не здаюць.
У адпаведнасці з пунктам 18 інструкцыі, абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі акрамя ўказаных патрабаванняў да стажу з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням і засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам. Таму раім у бліжэйшы час прайсці павышэнне кваліфікацыі.
— Як быць з маладымі спецыялістамі пры правядзенні атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі? Яны толькі адпрацавалі два гады, прэтэндуюць на другую кваліфікацыйную катэгорыю, але павышэння кваліфікацыі ў іх у апошнія гады не было.
Р.В.: — Заканадаўства не ўтрымлівае асобныя падыходы да правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў з ліку маладых спецыялістаў. Так, часткай першай пункта 19 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi ўстаноўлена, што прэтэндаваць на прысваенне другой квалiфiкацыйнай катэгорыi могуць педагагiчныя работнiкi, якiя маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, два гады. Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай трэцяй гэтага пункта асобы, якiя атрымалi дыплом аб вышэйшай адукацыi з адзнакай, дыплом магiстра цi дыплом даследчыка, дапускаюцца да атэстацыi на прысваенне другой квалiфiкацыйнай катэгорыi пры наяўнасцi стажу працы адзiн год.
Пры гэтым у адпаведнасці з пунктам 18 інструкцыі абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням; наяўнасць стажу працы ў адпаведнасцi з часткамi першай — чацвёртай пункта 19, пунктам 20 інструкцыi; засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам.
Такім чынам, у дачыненні да атэстацыі асоб, якія прыступілі да працы на пасадах педагагічных работнікаў пасля заканчэння навучання ў адпаведных установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мае месца сітуацыя, калі тэрмін працы на гэтых пасадах меншы за тэрмін, вызначаны заканадаўствам для засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў, але дастатковы для допуску да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Таму атэстацыйная камісія мае права дапусціць гэтых педагагічных работнікаў да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі.
— Метадысту ўстановы вышэйшай адукацыі прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя ў лютым 2009 года. Калі ён абавязаны яе пацвердзіць, каб яна не была зніжана да першай кваліфікацыйнай катэгорыі: да лютага 2014 года ці да 1 верасня 2017 года? На сёння рашэнне аб зніжэнні кваліфікацыйнай катэгорыі не прынята.
Р.В.: — У гэтым выпадку трэба мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2014 № 20 у пункт 2 пастановы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22.08.2012 № 101 “Аб зацвярджэнні Iнструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi (акрамя педагагiчных работнiкаў з лiку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыi)” унесены змены. Таму зараз згодна з гэтым пунктам устаноўлена, што атэстацыя педагагiчных работнiкаў на пацвярджэнне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi ў выпадку, калi вышэйшая квалiфiкацыйная катэгорыя прысвоена iм больш як пяць гадоў назад, ажыццяўляецца да 1 верасня 2017 г. Улічваючы тое, што пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2014 № 20 была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь 13 мая 2014 года і, адпаведна, уступіла ў дзеянне 14 мая 2014 года, пяцігадовы тэрмін прысваення педагагічным работнікам вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi ў мэтах рэалізацыі пункта 2 пастановы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22.08.2012 № 101 вызначаецца не пазней за 14 мая 2014 года.
Такім чынам, ва ўзгаданым у пытанні выпадку метадыст мае права пацвердзіць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ў перыяд да 1 верасня 2017 г., калі да ўступлення ў сілу пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2014 № 20, гэта значыць да 14 мая 2014 года, атэстацыйнай камісіяй не было прынята рашэнне аб зніжэнні гэтаму педагагічнаму работніку кваліфікацыйнай катэгорыі.
— Прашу даць тлумачэнне па пытанні прысваення вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі настаўніку. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце працуе па гэтай пасадзе з 2008 года. Да гэтага з 1998 года працавала педагогам-псіхолагам і не вяла ўрокі. У красавіку 2012 года ёй была прысвоена першая кваліфікацыйная катэгорыя па пасадзе настаўніка. У сакавіку 2013 года яе навучэнка стала пераможцай (дыплом ІІІ ступені) заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Ці можа гэты работнік прэтэндаваць на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з красавіка 2015 года з умовай вызвалення ад здачы кваліфікацыйнага экзамену на падставе пункта 30.5 інструкцыі, калі яна выкладае біялогію не па сумяшчальніцтве, а па сумяшчэнні? Якія абавязковыя ўмовы трэба мець на ўвазе ў гэтым выпадку? Якія дакументы, у якія тэрміны і на чый адрас неабходна падаць педагагічнаму работніку?
Р.В.: — Пачнём з таго, што ў адпаведнасці з часткай першай пункта 19 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi прэтэндаваць на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе настаўніка могуць педагагiчныя работнiкi, якiя маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, тры гады з дня прысваення папярэдняй квалiфiкацыйнай катэгорыi. Значыць, у гэты стаж будзе ўлічвацца выключна праца на пасадзе настаўніка. Таксама ў гэты стаж не ўключаюцца перыяды вядзення адпаведнай педагагічнай работы кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, іх намеснікамі ў асноўны працоўны час, бо ў такім выпадку яны не займалі пасаду настаўніка.
Таму ва ўзгаданай у пытанні сітуацыі трохгадовы стаж працы на пасадзе настаўніка — гэта час, калі названы намеснік дырэктара не вёў гадзіны ўрокаў у свой асноўны працоўны час, але займаў пасаду настаўніка з ажыццяўленнем усіх адпаведных функцый па сумяшчальніцтве.
У адпаведнасці з падпунктам 30.5 пункта 30 інструкцыі, ад здачы квалiфiкацыйнага экзамену пры праходжаннi атэстацыi на прысваенне i пацвярджэнне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi вызваляюцца педагагiчныя работнiкi, якiя за апошнiя пяць гадоў падрыхтавалi пераможцаў (дыпломы I, II, III ступенi) заключнага этапу рэспублiканскай алiмпiяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў устаноў адукацыi, якiя асвойваюць змест адукацыйных праграм базавай, сярэдняй адукацыi і г.д. Улічваючы тое, што навучэнка згаданага ў пытанні настаўніка атрымала адпаведную ўзнагароду ў сакавіку 2013 года, гэты настаўнік будзе мець права прайсці атэстацыю на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі без здачы кваліфікацыйнага экзамену ў перыяд да сакавіка 2018 года пасля назапашвання неабходнага стажу працы на пасадзе настаўніка.
Для праходжання такой атэстацыі педагагічнаму работніку неабходна падаць заяву ў атэстацыйную камісію ў агульным парадку.
— Я ведаю, што падача заявы аб атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі ажыццяўляецца ў бягучым навучальным годзе да 31 сакавіка, але на 31 сакавіка 2015 года мой агульны педагагічны стаж складзе 1 год, 11 месяцаў і 15 дзён. Іншымі словамі, мне не хапае 15 дзён да двухгадовага стажу. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікла пытанне, на якое вы, магчыма, маглі б дапамагчы мне знайсці адказ. Скажыце, ці магу я напісаць заяву аб атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі ва ўказаныя тэрміны пры ўмове, што атэстацыя на прысваенне другой катэгорыі будзе адбывацца пасля 15 красавіка, калі мой педагагічны стаж ужо будзе складаць два гады?
Р.В.: — Сапраўды, у адпаведнасці з пунктам 17 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi, вы маеце права падаць заяву з просьбай дапусціць вас да праходжання атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі ў атэстацыйную камісію ў тэрмін да 31 сакавіка бягучага навучальнага года, гэта значыць да 31 сакавіка 2015 года. Па стане на 16 красавіка атэстацыйная камісія на падставе часткі першай пункта 19 інструкцыі зможа дапусціць вас да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе, стаж працы па якой у вас складзе два гады.
Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з часткай трэцяй пункта 19 інструкцыі асобы, якiя атрымалi дыплом аб вышэйшай адукацыi з адзнакай, дыплом магiстра цi дыплом даследчыка, дапускаюцца да атэстацыi на прысваенне другой квалiфiкацыйнай катэгорыi пры наяўнасцi стажу працы адзiн год. Гэта значыць, што ў вашай сітуацыі пры наяўнасці дыплома аб вышэйшай адукацыi з адзнакай, дыплома магiстра цi дыплома даследчыка вы маеце права прайсці атэстацыю на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі ўжо зараз.
Толькі трэба памятаць, што абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, акрамя ўказаных патрабаванняў да стажу, з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням і засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам. Таму раім у бліжэйшы час прайсці павышэнне кваліфікацыі, каб на перыяд правядзення атэстацыі адпавядаць усім патрабаванням.
— Скажыце, калі ласка, ці маю я права падаць заяву на першую катэгорыю, калі з моманту прысваення мне другой кваліфікацыйнай катэгорыі ўжо прайшлі тры гады, але быў перапынак у працы больш за два гады (два адпачынкі па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў).
Р.В.: — У адпаведнасці з часткай першай пункта 19 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi, на прысваенне першай квалiфiкацыйнай катэгорыi могуць прэтэндаваць педагагiчныя работнiкi, якiя маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, тры гады з дня прысваення папярэдняй квалiфiкацыйнай катэгорыi. Згодна з часткай сёмай пункта 19, у гэты стаж не ўлiчваецца перыяд знаходжання педагагiчнага работнiка ў адпачынку па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў, таму для допуску да атэстацыі на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі вам неабходна папрацаваць дадаткова на пасадзе, па якой прысвоена другая кваліфікацыйная катэгорыя і па якой вы прэтэндуеце на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі, каб стаж працы на гэтай пасадзе быў не менш за тры гады без уліку тэрміну адпачынкаў па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў. Дарэчы, у гэты стаж згодна з часткай першай пункта 19 інструкцыі ўлiчваецца час працы на пасадах, якiя былi перайменаваны ва ўстаноўленым парадку.
Адносна перапынку ў рабоце на адпаведнай пасадзе больш за два гады, які ў вас маецца, дадаткова тлумачым, што ў адпаведнасці з часткай пятай пункта 5 інструкцыі па iнiцыятыве кiраўнiка арганiзацыi сiстэмы адукацыi можа праводзiцца абавязковая атэстацыя на пацвярджэнне другой (першай) квалiфiкацыйнай катэгорыi ў дачыненнi да педагагiчнага работнiка, якi мае перапынак у рабоце на педагагiчных пасадах больш як два гады. Але такой атэстацыi не падлягаюць цяжарныя жанчыны i жанчыны, якiя маюць дзяцей ва ўзросце да пяцi гадоў. Такім чынам, гэтая атэстацыя ў вашым выпадку праводзіцца не можа, бо вы маеце дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў. Таму раім падаваць заяву аб атэстацыі на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі адразу ж пры наяўнасці неабходнага стажу працы на адпаведнай пасадзе педагагічнага работніка (пры наяўнасці адпаведнай адукацыі і праходжання павышэння кваліфікацыі).
— Пры выкладанні інфарматыкі я распрацоўваю праграмныя комплексы па многіх тэмах курса інфарматыкі. У комплексы ўключаны як тэарэтычны, так і практычны матэрыял, трэнажоры, правільнасць выканання якіх кантралюе камп’ютар. Адлюстраваць усё гэта на папяровым носьбіце — праблематычна і грувастка. Гэта ўсё можна паказаць выключна на камп’ютары. Як быць пры правядзенні экзамену на пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі? Ці можна будзе ўсе свае распрацоўкі прадэманстраваць камісіі?
Р.В.: — Пры правядзенні кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўстановы адукацыі, якія арганізуюць яго правядзенне (у дачыненні настаўнікаў
устаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэта Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, абласныя (Мінскі гарадскі) інстытуты развіцця адукацыі, калі ў іх створаны кваліфікацыйныя камісіі па вашым напрамку), а таксама прэтэндэнты на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кіруюцца Метадычнымі рэкамендацыямі аб парадку правядзення кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі педагагічнымі работнікамі на прысваенне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, зацверджанымі міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 17 снежня 2012 года.
У метадычныя рэкамендацыі ўключаны раздзел “Працэдура і змест кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі”, у адпаведнасці з якім кваліфікацыйны экзамен у вашым выпадку складаецца з пісьмовай часткі і непасрэдна прыёму кваліфікацыйнага экзамену. У рамках пісьмовай часткі прэтэндэнт на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў адпаведнасці з прапанаваным кваліфікацыйнай камісіяй заданнем праектуе фрагмент педагагічнай дзейнасці зыходзячы з кірункаў вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці, на што адводзіцца дзве акадэмічныя гадзіны. У час прыёму кваліфікацыйнага экзамену прэтэндэнт вусна абараняе вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці, грунтуючыся на распрацаваным у час пісьмовай часткі фрагменце.
У кваліфікацыйную камісію накіроўваецца таксама апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці ў адпаведнасці з устаноўленымі метадычнымі рэкамендацыямі патрабаваннямі. Гэты матэрыял павінен утрымліваць апісанне сістэмы ці асобных кампанентаў дзейнасці педагога ў абагульненым выглядзе, канкрэтныя прыклады дзейнасці, доказы выніковасці вопыту пры вырашэнні педагагічных задач. Такім чынам, у вашым выпадку праграмныя комплексы па тэмах курса інфарматыкі павінны быць прааналізаваны ў рамках апісання вопыту педагагічнай дзейнасці і могуць быць прыкладзены ў якасці электроннага дадатку па дамоўленасці з установай адукацыі, у якой вы будзеце праходзіць кваліфікацыйны экзамен.
Азнаёміцца з метадычнымі рэкамендацыямі, у тым ліку патрабаваннямі да прадстаўлення і абароны педагагічнага вопыту можна на сайтах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і галіновага прафсаюза. Акрамя таго, выдавецтва “Пачатковая школа” сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі выдала шэраг кніг у серыі “Кваліфікацыйны экзамен”, у якіх можна знайсці прыклады прадстаўленага настаўнікамі ў рамках кваліфікацыйных экзаменаў апісання педагагічнага вопыту.
У рамках абмеркавання пытання змянення шэрага норм Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi галіновы прафсаюз ініцыіраваў дапушчэнне розных форм прадстаўлення і абароны педагагічнага вопыту. Большасць прапаноў галіновага прафсаюза знайшлі адлюстраванне ва ўнесеных у інструкцыю змяненнях і дапаўненнях. Мяркуем, што адпаведныя змяненні і дапаўненні будуць таксама ўнесены і ў метадычныя рэкамендацыі.
— Уладкоўваюся на работу ў дзіцячы садок, да гэтага працавала ў школе, дзе атрымала другую катэгорыю. Ці ўлічваецца гэтая катэгорыя ў садку? Ці трэба зноў здаваць на катэгорыю? Калега казала, што калі ёсць вышэйшая — тады яе проста пацвярджаеш…
Р.В.: — Наколькі зразумела з пытання, вы маеце другую кваліфікацыйную катэгорыю па пасадзе настаўніка. У адпаведнасці з пунктам 20 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, калi iм прысвоена квалiфiкацыйная катэгорыя па пасадзе настаўнiка, пры праходжаннi атэстацыi на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі маюць права прэтэндаваць на прысваенне той жа квалiфiкацыйнай катэгорыi, якую яны маюць па пасадзе настаўніка, незалежна ад вызначанага часткай першай пункта 19 інструкцыi стажу працы на гэтай пасадзе.
Гэта значыць, што пры наяўнасці ў вас другой кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка і жадання прайсцi атэстацыю на прысваенне той жа квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з пунктам 17 інструкцыі вы маеце права падаць адпаведную заяву ў атэстацыйную камісію ў тэрмін да 31 сакавіка бягучага навучальнага года. У сваю чаргу атэстацыйная камісія павінна дапусціць вас да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі незалежна ад стажу працы па гэтай пасадзе. Атэстацыя ў гэтым выпадку праводзіцца ў такім жа парадку, што і ў дачыненні да астатніх асоб з ліку выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія прэтэндуюць на прысванне другой кваліфікацыйнай катэгорыі па сваёй пасадзе, гэта значыць у форме атэстацыйнай гутаркі на пасяджэннi атэстацыйнай камiсii ў тэрмін, вызначаны ў адпаведнасцi з графiкам атэстацыi.
Але трэба мець на ўвазе, што прысваенне ці адмова ў прысваенні ў вашым выпадку другой кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі з’яўляецца прэрагатывай атэстацыйнай камісіі. Пры адмове ў прысваенні другой кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка ў адпаведнасці з пунктам 52 інструкцыі вы маеце права прайсцi атэстацыю на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi не раней чым праз адзiн год пасля прыняцця адпаведнага рашэння атэстацыйнай камiсiяй.
У аналагічным выпадку пры наяўнасці ў выхавальніка дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка атэстацыя на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі праводзіцца ў такім жа парадку. Трэба мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з пунктам 20 інструкцыі педагагiчныя работнiкi, якiя прэтэндуюць на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi ва ўказаным выпадку, квалiфiкацыйны экзамен не здаюць.
Але ў абодвух выпадках трэба ўлічваць, што ў адпаведнасці з пунктам 18 інструкцыі абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, акрамя ўказаных патрабаванняў да стажу, з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням (вышэйшая ці сярэдняя спецыяльная адукацыя па профілі “Педагогіка” (кірунак “Педагогіка дзяцінства”) ці па профілі “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” і перападрыхтоўка па кірунку “Педагогіка дзяцінства”) і засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам. Таму раім у бліжэйшы час прайсці неабходныя ў вашым выпадку павышэнне кваліфікацыі ці перападрыхтоўку, каб на перыяд правядзення атэстацыі адпавядаць усім патрабаванням.
— У мяне адукацыя настаўніка нямецкай мовы, зусім невялікі вопыт работы — два гады. Апошнія дзесяць гадоў я не працавала па сямейных абставінах, займалася толькі рэпетытарствам. Зараз асабістыя абставіны ў мяне змяніліся, хацелася б вярнуцца на работу ў школу. Ці магчыма гэта з такім перапынкам у працы? На які памер заработнай платы пры гэтым можна разлічваць?
Р.В.: — Заканадаўства не ўтрымлівае норму, якая б абмяжоўвала наймальнікаў у прыёме на работу педагагічных работнікаў у залежнасці ад наяўнасці ў іх перапынку ў працы на адпаведных пасадах. Вырашэнне вашага пытання будзе залежаць ад канкрэтнай сітуацыі з забеспячэннем установы адукацыі, на працаўладкаванне ў якую вы прэтэндуеце, педагагічнымі кадрамі адпаведнай кваліфікацыі.
У той жа час у адпаведнасці з часткай пятай пункта 5 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi ў дачыненнi да педагагiчнага работнiка, якi мае перапынак у працы на педагагiчных пасадах больш як два гады, па iнiцыятыве кiраўнiка арганiзацыi сiстэмы адукацыi можа праводзiцца абавязковая атэстацыя на пацвярджэнне другой (першай) квалiфiкацыйнай катэгорыi. Такой атэстацыi не падлягаюць цяжарныя жанчыны i жанчыны, якiя маюць дзяцей ва ўзросце да пяцi гадоў. Трэба мець на ўвазе, што такая атэстацыя праводзіцца ў выпадку наяўнасці ў педагагічнага работніка кваліфікацыйнай катэгорыі.
Пры адсутнасці ў вас кваліфікацыйнай катэгорыі ў адпаведнасці з часткай першай пункта 19 інструкцыі, у выпадку працаўладкавання на пасаду настаўніка вы зможаце прэтэндаваць на прысваенне другой квалiфiкацыйнай катэгорыi пры наяўнасці стажу працы на гэтай пасадзе два гады з улікам стажу, які вы ўжо маеце. На падставе часткі сёмай пункта 19 інструкцыі ў гэты стаж не ўлiчваецца перыяд знаходжання педагагiчнага работнiка ў адпачынку па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з часткай трэцяй пункта 19 інструкцыі асобы, якiя атрымалi дыплом аб вышэйшай адукацыi з адзнакай, дыплом магiстра цi дыплом даследчыка, дапускаюцца да атэстацыi на прысваенне другой квалiфiкацыйнай катэгорыi пры наяўнасцi стажу працы адзiн год.
Адносна допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі тлумачым, што ў адпаведнасці з пунктам 18 інструкцыі абавязковымі ўмовамі такога допуску, акрамя ўказаных патрабаванняў да стажу, і адпаведнасці атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням з’яўляецца засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам. Таму раім у бліжэйшы час прайсці павышэнне кваліфікацыі, каб на перыяд правядзення атэстацыі адпавядаць усім патрабаванням.
В.Р.: — Наконт памеру заработнай платы ў вашым выпадку тлумачым. Ён залежыць ад стажу працы па спецыяльнасці, які ў вас складае два гады. Тарыфная стаўка будзе вызначацца па 12 тарыфным разрадзе Адзінай тарыфнай сеткі пры наяўнасці вышэйшай адукацыі і адсутнасці кваліфікацыйнай катэгорыі з улікам 20 гадзін педагагічнай нагрузкі на стаўку і ў выніку складзе 1 989 989 рублёў. Гэта гарантаваны ўзровень аплаты працы. Стымулюючая частка, у тым ліку надбаўкі і прэміі, павышэнне тарыфнай стаўкі ў выпадку заключэння з вамі кантракта рэгулююцца наймальнікам, таму пра канкрэтны памер заработнай платы вы можаце даведацца ва ўстанове адукацыі, куды мяркуеце працаўладкоўвацца.
Р.В.: — Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў выпадку прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі, на якую вы маеце права прэтэндаваць ва ўстаноўленым парадку, памер надбаўкі за наяўнасць другой кваліфікацыйнай катэгорыі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.08.2014 № 818 “Аб некаторых пытаннях павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі” складзе 30% тарыфнай стаўкі, ці 341 140 рублёў. Гэтая надбаўка будзе з’яўляцца гарантаванай часткай аплаты працы.
— Першая адукацыя ў мяне — настаўнік пачатковых класаў. Адпрацавала два гады. Атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю. Пасля гэтага працавала настаўнікам геаграфіі (маю адпаведную адукацыю) і педагогам-арганізатарам. Потым пэўны час не працавала ў школе. Зараз зноў настаўнік пачатковых класаў. Калі я магу падаваць заяву на прысваенне першай катэгорыі?
Р.В.: — У адпаведнасці з часткай першай пункта 19 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi, прэтэндаваць на прысваенне першай квалiфiкацыйнай катэгорыi могуць педагагiчныя работнiкi, якiя маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, тры гады з дня прысваення папярэдняй квалiфiкацыйнай катэгорыi. На падставе часткі сёмай пункта 19 інструкцыі ў гэты стаж не ўлiчваецца перыяд знаходжання педагагiчнага работнiка ў адпачынку па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў. Такім чынам, у ваш стаж працы, неабходны для магчымасці прэтэндаваць на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка, будзе ўлічаны час працы выключна на пасадзе настаўніка (як у час працы з пачатковымі класамі, так і ў час выкладання геаграфіі), пачынаючы з дня прысваення другой квалiфiкацыйнай катэгорыi, без уліку стажу працы на пасадзе педагога-арганізатара і перыяду знаходжання ў адпачынку па доглядзе за дзiцем да дасягнення iм узросту трох гадоў, калі ў вас меўся такі адпачынак. Вы можаце прэтэндаваць на першую кваліфікацыйную катэгорыю па пасадзе настаўніка, калі ваш стаж працы на пасадзе настаўніка, пачынаючы з дня прысваення другой квалiфiкацыйнай катэгорыi, складзе не менш за тры гады.
Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з часткай пятай пункта 5 інструкцыі, па iнiцыятыве кiраўнiка арганiзацыi сiстэмы адукацыi можа праводзiцца абавязковая атэстацыя на пацвярджэнне другой (першай) квалiфiкацыйнай катэгорыi ў дачыненнi да педагагiчнага работнiка, якi мае перапынак у працы на педагагiчных пасадах больш як два гады. Такой атэстацыi не падлягаюць цяжарныя жанчыны i жанчыны, якiя маюць дзяцей ва ўзросце да пяцi гадоў.
Адносна допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі тлумачым, што ў адпаведнасці з пунктам 18 інструкцыі, абавязковымі ўмовамі такога допуску, акрамя ўказаных патрабаванняў да стажу і адпаведнасці атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням, з’яўляецца засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам. Таму раім у бліжэйшы час прайсці павышэнне кваліфікацыі, каб на перыяд правядзення атэстацыі адпавядаць усім патрабаванням.
— Ці абавязковая наяўнасць павышэння кваліфікацыі ў канцэртмайстра ў выпадку праходжання атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі?
Р.В.: — Ніякіх выключных пазіцый адносна ўмоў допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі для канцэртмайстраў заканадаўства не прадугледжвае, таму патрабаванні да іх агульныя. У адпаведнасці з пунктам 18 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi, абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыi квалiфiкацыйным патрабаванням; наяўнасць стажу працы ў адпаведнасцi з часткамi першай — чацвёртай пункта 19, пунктам 20 інструкцыi; засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў у тэрмiны, прадугледжаныя заканадаўствам.
У выпадку, калі тэрмін працы на пасадзе канцэртмайстра меншы за тэрмін, вызначаны заканадаўствам для засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiраўнiцкiх работнiкаў i спецыялiстаў, але дастатковы для допуску да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі, атэстацыйная камісія мае права дапусціць адпаведнага педагагічнага работніка да такой атэстацыі.
Таксама да нашых гасцей — прадстаўнікоў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі — паступіла шмат пытанняў, якія тычацца працоўнага заканадаўства: працягнення і спынення кантрактаў, прадастаўленне адпачынкаў, работы па сумяшчальніцтве і інш. На гэтыя пытанні адказвае галоўны прававы інспектар працы Ларыса Васільеўна МАНЮК.
— Скажыце, ці ўстаноўлена мінімальная працягласць працоўнага дня, пры якім абавязкова ўсталёўваецца перапынак для адпачынку і харчавання (г.зн. перапынак на абед)?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 134 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, работнікам прадастаўляецца на працягу працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання працягласцю не менш за 20 хвілін і не больш за дзве гадзіны, які выкарыстоўваецца работнікам па сваім меркаванні і ў працоўны час не ўключаецца.
Час прадастаўлення перапынку і яго канкрэтная працягласць усталёўваюцца правіламі ўнутранага працоўнага распарадку або графікам работ (зменнасці) або па дамове паміж работнікам і наймальнікам.
Мінімальная працягласць працоўнага дня, пры якім усталёўваецца перапынак для адпачынку і харчавання, заканадаўствам не ўстаноўлена. Такі перапынак работнікам звычайна ўсталёўваецца пасля чатырох гадзін працы. У правілах унутранага працоўнага распарадку гэта можна агаварыць.
— Улетку мы сутыкнуліся з сітуацыяй пераводу настаўнікаў на іншую работу, не абумоўленую нашымі службовымі абавязкамі. Пры гэтым наймальнік спасылаўся на вытворчую неабходнасць. Ці правамерна гэта? Ці можа наймальнік перавесці работніка без яго згоды на іншую работу ў сувязі з вытворчай неабходнасцю і на які тэрмін?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 33 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у выпадку вытворчай неабходнасці наймальнік мае права перавесці работніка на неабумоўленую працоўным дагаворам працу (па іншай прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі, пасадзе), а таксама на працу да іншага наймальніка.
Але тут трэба разумець, што маецца на ўвазе пад вызначэннем вытворчай неабходнасці. У адпаведнасці з заканадаўствам, вытворчай неабходнасцю прызнаецца неабходнасць для гэтага наймальніка прадухілення катастрофы, вытворчай аварыі ці неадкладнай ліквідацыі іх наступстваў, наступстваў стыхійнага бедства, прадухілення няшчасных выпадкаў, прастою, знішчэння або пашкоджання маёмасці наймальніка або iншай маёмасцi і ў іншых выключных выпадках, а таксама для замяшчэння работніка, які адсутнічае. Пры гэтым работнік не можа быць пераведзены на работу, проціпаказаную яму па стане здароўя.
Пры гэтым устаноўлена, што часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю праводзіцца без згоды работніка на тэрмін да аднаго месяца, а для замяшчэння работніка, які адсутнічае, такi перавод не можа перавышаць адзін месяц на працягу каляндарнага года (з 1 студзеня па 31 снежня). Разам з тым па пагадненні бакоў тэрмін такога пераводу можа быць павялічаны.
А вось часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю ў іншую мясцовасць дапускаецца толькі са згоды работніка.
Што датычыцца заработнай платы, то пры часовым пераводзе ў сувязі з вытворчай неабходнасцю аплата працы ажыццяўляецца па рабоце, якая выконваецца, але пры гэтым яна не можа быць ніжэйшай за сярэдні заробак па ранейшай працы.
— Мяняю месца працы, у новай установе мяне гатовы ўзяць на пасаду, якая мяне задавальняе, але наймальнік абавязковай умовай вылучае заключэнне працоўнага дагавора з папярэднім выпрабаваннем. Раней мне з такім не давялося сутыкацца. Чым пагражае заключэнне такога дагавора? У якім выпадку можа быць скасаваны такі дагавор?
Л.В.: — У гэтай сітуацыі трэба кіравацца артыкулам 29 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Такі дагавор сапраўды можа быць скасаваны як наймальнікам, так і работнікам. Прычым скасаваць яго можна як да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання, папярэдзіўшы пра гэта іншы бок пісьмова за тры дні, так і ў дзень заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання.
Пры гэтым, калі ініцыятыва скасавання дагавора з папярэднім выпрабаваннем належыць наймальніку, ён абавязаны ўказаць прычыны, што паслужылі падставай для прызнання работніка асобай, якая не вытрымала выпрабаванне. Пры гэтым рашэнне наймальніка работнік мае права абскардзіць у судзе.
Калі да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання працоўны дагавор з работнікам не скасаваны, то работнік лічыцца вытрымаўшым выпрабаванне, і скасаванне з ім працоўнага дагавора дапускаецца толькі на агульных падставах.
— Штогод яшчэ ў студзені складаецца графік адпачынкаў. Ці трэба работніка ўключаць у гэты графік, калі ён прыняты на работу ўжо пасля зацвярджэння графіка?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 168 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, чарговасць прадастаўлення працоўных адпачынкаў усталёўваецца для калектыву работнікаў графікам адпачынкаў, які зацвярджаецца наймальнікам па ўзгадненні з прафсаюзам, калі такое ўзгадненне прадугледжана калектыўным дагаворам. Пры складанні графіка працоўных адпачынкаў наймальнік улічвае меркаванне работніка пра час яго сыходжання ў адпачынак, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на адпачынак іншых работнікаў.
Калі ж работнік быў прыняты на працу пасля таго, як быў складзены, зацверджаны і ўзгоднены графік працоўных адпачынкаў, то на яго складаецца індывідуальны графік, які зацвярджаецца наймальнікам і ўзгадняецца з прафсаюзам. Работнік павінен быць азнаёмлены з графікам яго працоўнага водпуску пад подпіс. Да гэтага трэба дадаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 169 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работніку паведамляецца пра час пачатку працоўнага водпуску за 15 каляндарных дзён пісьмова.
— Ці можна маладога спецыяліста прымаць на работу на замену асноўнага работніка, на час знаходжання апошняга ў сацыяльным водпуску па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў? Што пазначыць у тэрмінах дзеяння працоўнага дагавора?
Л.В.: — Можна. Але тут неабходна мець на ўвазе некалькі аспектаў. Жанчына, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў, мае права выйсці на работу да дасягнення яе дзіцем узросту трох гадоў. Пры гэтым заканадаўствам не абмежавана колькасць яе выхадаў на работу.
З іншага боку, на падставе пункта 3 артыкула 83 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі выпускнікі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, абавязаны адпрацаваць тэрміны абавязковай работы па размеркаванні. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі малады спецыяліст абавязаны адпрацаваць два гады. Калі на момант выхаду на работу асноўнага работніка малады спецыяліст яшчэ не адпрацаваў належны тэрмін, а работы па яго спецыяльнасці ва ўстанове адукацыі не будзе, то наймальнік вымушаны будзе яго звольніць — з усімі наступствамі, прадугледжанымі ў гэтым выпадку заканадаўствам.
Пры гэтым у загадзе аб прыёме на работу і ў працоўным дагаворы маладога спецыяліста павінна быць абавязкова пазначана, што ён прыняты на работу на час знаходжання асноўнага работніка ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да трох гадоў.
— Мяне запрашаюць зараз на работу ў школу. Але з адной умовай — працаваць прапаноўваюць толькі да чэрвеня. Скажыце, ці можна заключаць кантракты з работнікам тэрмінам менш як на адзін каляндарны год?
Л.В.: — Не. У адпаведнасці з пунктам 5 Палажэння аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 1999 № 1476 (у наступных рэдакцыях), кантракт заключаецца наймальнікам з работнікам не менш чым на адзін год.
— Ці можа педагог, які знаходзіцца ў працоўным адпачынку, працаваць па сумяшчальніцтве на той жа пасадзе ў сваёй установе адукацыі?
Л.В.: — У гэтым выпадку варта кіравацца артыкулам 347 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе ўстаноўлена, што працоўны водпуск работнікам, якія працуюць па сумяшчальніцтве, прадастаўляецца адначасова з працоўным адпачынкам па асноўнай працы.
Калі ж работнік не адпрацаваў на рабоце па сумяшчальніцтве 6 месяцаў, то працоўны водпуск прадастаўляецца авансам.
Частка працоўнага водпуску работніка, які працуе па сумяшчальніцтве, якая перавышае працоўны водпуск па асноўнай працы, па дамове паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй.
Калі ж працягласць працоўнага водпуску работніка на рабоце па сумяшчальніцтве меншая, чым працягласць працоўнага водпуску па асноўным месцы працы, наймальнік па просьбе работніка дае яму сацыяльны адпачынак адпаведнай працягласці без захавання заработнай платы.
Але ў той жа час работнік, які знаходзіцца ў працоўным адпачынку, мае права працаваць па сумяшчальніцтве, а не браць сацыяльны водпуск без захавання заработнай платы.
— З адным з работнікаў нашай установы было прынята рашэнне не працягваць працоўныя адносіны. Як і належыць, яму было ўручана пад подпіс паведамленне аб скасаванні кантракта. Але работнiк пры гэтым не хоча пісаць заяву на звальненне. Ці можна яго звольніць без гэтай заявы?
Л.В.: — Так, можна. Ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 года № 180 “Аб парадку прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 года № 29” (у рэд. Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.08.2005 № 392, ад 02.06.2006 № 369, ад 31.03.2010 № 164) прапісана, што кожны з бакоў, якія заключылі кантракт, не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну яго дзеяння пісьмова папярэджвае другі бок аб рашэнні працягнуць або спыніць працоўныя адносіны.
У выпадку, калі наймальнік апавясціў работніка аб тым, што не мае намеру працягваць з ім працоўныя адносіны, а работнік у сваю чаргу не паведаміў наймальніку аб сваіх намерах, наймальнік мае права звольніць работніка па пункце 2 артыкула 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — заканчэнне тэрміну дзеяння кантракта.
— Мне прапануюць работу не на поўную стаўку. У такім выпадку таксама можа заключацца кантракт — усё ж такі гэта гарантуе пэўныя даплаты?..
Л.В.: — Так. У адпаведнасці з артыкулам 289 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, няпоўны працоўны час можа ўстанаўлівацца па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам як пры прыёме на работу, так і пасля. У першым выпадку ўмова аб рабоце з няпоўным працоўным часам ўключаецца ў кантракт пры прыёме работніка. А вось пераход на няпоўны працоўны час у перыяд працоўнай дзейнасці афармляецца асобным загадам.
Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.