Плата па працы

Неяк ехала ў гарадскім аўтобусе і выпадкова пачула размову двух хлопцаў гадоў па 15-16. “Ну, ты разумееш, — узрушана гаварыў адзін, — адпрацаваў цэлы месяц, а заплацілі ў тры разы менш, чым абяцалі. І што цяпер рабіць? Ніякіх жа папер няма”. “А я на канікулах у знаёмых працаваў на фірме, добра зарабіў, цяпер пры грашах”, — падзяліўся другі.

Сучасныя падлеткі нярэдка імкнуцца папрацаваць на канікулах, але пры гэтым далёка не ўсе з іх валодаюць дастатковым узроўнем прававой і фінансавай граматнасці, каб не “нарвацца” на падман. Хаця зараз, калі пашпарт атрымліваюць ужо 14-гадовыя хлопцы і дзяўчаты, юныя беларусы менавіта з гэтага ўзросту могуць рабіць, напрыклад, банкаўскія ўклады (дзякуючы летнім заробкам і інш.) і распараджацца імі. Права такое ў маладых людзей ёсць, а ведаў, каб скарыстацца ім і іншымі магчымасцямі, не хапае. Ды і дарослыя, бацькі гэтых падлеткаў, часта не ведаюць, як правільна працаўладкаваць сваіх дзяцей. Адказаць не некалькі пытанняў на гэтую тэму мы папрасілі адваката Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 1 Вікторыю Аляксандраўну КРАСАЧКА.

— Скажыце, калі ласка, Вікторыя Аляксандраўна, з якога ўзросту падлеткі ў Беларусі могуць пачынаць працоўную дзейнасць? Давялося чуць спрэчку, калі адзін суразмоўнік сцвярджаў, што з 14 гадоў, другі настойваў, што з 16-ці.
— Заключэнне працоўнага дагавора не дапускаецца з асобамі, якім яшчэ не споўнілася 16 гадоў. Але з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў) такі дагавор можа быць заключаны з падлеткам, якому споўнілася 14 гадоў, для выканання лёгкай работы, якая не шкодзіць яго здароўю і не перашкаджае вучобе. Так што, як бачыце, маюць рацыю абодва ўдзельнікі спрэчкі, толькі з пэўнымі агаворкамі.

— Удакладніце, калі ласка, што гэта за лёгкая работа.
— Пералік такіх відаў работ вызначаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Усяго ў ім 70 пунктаў, а значыць, 70 відаў лёгкіх работ. Гэта, напрыклад, догляд кветнікаў, лясных і садовых культур без прымянення ядахімікатаў, выкарыстання электрамеханічнага электраінструменту і пад’ёму на вышыню; збор бульбы, караняплодаў пасля механізаванай уборкі; нарыхтоўка лекавай сыравіны; прыбіранне лясных тэрыторый ад смецця; сартаванне, дастаўка паштовых адпраўленняў, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, кур’ерскія паслугі; рамонт і выраб кардоннай і драўлянай тары з прымяненнем ручнога інструменту; удзел у анімацыйных праграмах у парках культуры і адпачынку, на выставах; выраб сувенірнай прадукцыі; пашыў сталовай і пасцельнай бялізны і г.д.
А вось праца непаўналетніх на цяжкіх работах, скажам, на падземных і горных, цалкам забаронена. Нельга іх далучаць да начной звышурочнай работы.

— Калі малады чалавек вырашыў папрацаваць крыху на канікулах, усё зразумела, водпуск яму не патрэбен, а калі ён працуе доўгі час, як яму прадастаўляецца водпуск?
— Працоўныя водпускі непаўналетнім прадастаўляюцца летам або, па іх жаданні, у любую іншую пару года.

— А што можна сказаць аб нормах выпрацоўкі для маладых работнікаў?
— Для работнікаў, маладзейшых за 18 гадоў, такія нормы вызначаюцца, зыходзячы з нормы выпрацоўкі для дарослых работнікаў прапарцыянальна скарочанай працягласці рабочага часу, які прадугледжаны для гэтай катэгорыі работнікаў. Для работнікаў, якіх прынялі на работу пасля заканчэння школы, прафесійна-тэхнічнага ліцэя, каледжа, якія навучаліся непасрэдна на вытворчасці, могуць устанаўлівацца паніжаныя нормы выпрацоўкі.

— І, нарэшце, раскажыце, калі ласка, пра аплату працы непаўналетніх.
— Заработная плата работнікам, маладзейшым за 18 гадоў, пры скарочанай працягласці штодзённай работы выплачваецца ў тым жа памеры, як і работнікам той жа катэгорыі пры поўнай працягласці такой работы. Праца маладых людзей, дапушчаных да здзельных работ, аплачваецца па расцэнках, якія ўстаноўлены для дарослых работнікаў, па тарыфнай стаўцы за час, на які працягласць іх штодзённай работы скарачаецца ў параўнанні з працягласцю штодзённай работы дарослых. Аплата працы навучэнцаў устаноў адукацыі, якія працуюць у вольны ад работы час, здзяйсняецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу або ў залежнасці ад выпрацоўкі. Наймальнікі мо-гуць устанаўліваць ім даплаты да заработнай платы.

— Хачу ўдакладніць яшчэ такі момант: ці праўда, што да любой, нават самай лёгкай работы, наймальнік можа дапусціць падлетка толькі тады, калі той прынясе медыцынскую даведку?
— Канечне, толькі так. Сярод іншых дакументаў, якія малады чалавек прадастаўляе работадаўцы, абавязкова павінна быць заключэнне папярэдняга медыцынскага агляду, а для дзяцей-інвалідаў гэта, зразумела, яшчэ і заключэнне медыка-рэабілітацыйнай камісіі (МРЭК).

— Вікторыя Аляксандраўна, а з чаго пачынаць дзейнічаць, калі правы падлетка былі нейкім чынам парушаны, напрыклад, па выплаце заработнай платы?
— Пачынаць лепш са звароту да адваката ў тым населеным пункце, дзе працаваў малады чалавек. Пры гэтым не забудзьцеся, што ў нашай краіне юрыдычная дапамога непаўналетнім бясплатная, як і любым істцам па працоўных спрэчках (па месцы знаходжання суда). Па сваім вопыце скажу, што падобныя справы, як правіла, да суда не даходзяць, бо бакі вырашаюць дамовіцца.

 

Марына ХІДДЖАЗ.