Пасля “Вялікай размовы з прэзідэнтам”

Падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам”, якая адбылася ў краіне ў сакавіку, да кіраўніка дзяржавы звярнуўся школьнік. 15-гадовы Данііл Аксёнаў разам з сябрамі захапляецца спортам. Падлеткі даўно марылі пра тое, што калісьці ў Сорагскім яслях-садзе — сярэдняй школе з’явіцца трэнажорная зала. Але хто можа дапамагчы ў гэтым? Любы трэнажор каштуе немалых грошай, а дзе іх браць, тым больш у вёсцы! Ні на што асабліва не разлічваючы, школьнік разам з мамай запісаў відэазварот да прэзідэнта. І мара спраўдзілася. 

Трэнажоры — у кожную школу

Першая спроба ­арганізаваць месца для заняткаў спортам з’явілася ў жыхароў Сораг Слуцкага раёна яшчэ ў мінулым ­годзе. Студэнты, якія прыязджалі на канікулы, пад адным з навесаў на тэрыторыі былога дзіцячага сада стварылі трэнажорную залу. Абсталяванне ў вулічнай качалцы было мінімальна простым: маладыя людзі прыносілі свае гантэлі, а грушу для заняткаў боксам зрабілі з мешкавіны. Навіна, што на закінутай тэрыторыі з’явілася зона для фізкультуры, хутка абляцела ўсю вёску. Першымі да студэнтаў далучыліся школьнікі, сярод якіх быў і 15-гадовы Данііл Аксёнаў.

“Для заняткаў фізкультурай у раёне створаны добрыя ўмовы, — расказвае пра арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай дзейнас­ці начальнік упраўлення па адукацыі Слуцкага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька. — Для навучэнцаў, якія хочуць, напрыклад, займацца плаваннем, у нас арганізаваны падвоз у басейн. І калі б школьнікі прыйшлі і папрасілі, каб ім выдзялялі некалькі разоў у ты­дзень аўтобус ездзіць у Слуцк у трэна­жорную залу, я дапамог бы вырашыць гэтае пытанне”.

Пасля таго як просьба аб дапамозе адкрыць трэнажорную за­лу прагучала ў “Вялікай размове з прэзідэнтам”, дапамагчы Сорагам выказалі жаданне журналісты, прадпрымальнікі са Слуцка, а таксама рэспубліканскія фірмы. А памяшканне для спартыўнай залы знайшлі ў самой навучальнай установе: школа ў Сорагах трохпавярховая, але з-за малакамплектнасці не ўсе кабінеты эксплуатуюцца.

“З рамонтам памяшкання пад залу дапамагла адна з будаўнічых фірм, — працягвае Андрэй Васіль­евіч. — Пасля рамонту кабінета туды прывезлі трэнажоры, і літаральна праз тыдзень зала пачала працаваць. Сёння сюды ходзяць амаль усе старшакласнікі, а таксама настаўнікі. Безумоўна, перш чым дазволіць дзіцяці займацца цяжкай атлетыкай, ад яго патрабуецца медыцынская даведка. Мы павінны ведаць яго групу здароўя і разумець, што ў навучэнца няма супрацьпаказанняў для заняткаў спортам. За дзецьмі ў зале ­сочыць настаўніца фізкультуры. Што ты­чыцца праграм, па якіх можна рабіць практыкаванні на тую ці іншую групу мышц, сёння ў інтэрнэце можна знайсці што заўгодна — ад рэкамендацый і да падрабязнага апісання трэніровак. Трэнажоры, што знаходзяцца ў зале, дазваля­юць прапрацоў­ваць усе мышцы. Тыя, хто ходзіць займацца, пачынаюць сачыць за сваім знешнім выглядам. Увогуле, такое месца ў школе выконвае важную функцыю — прывівае любоў да атлетызму. Калі дзеці вырастаюць і паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у іх з’яўляецца магчымасць займацца спортам больш прафесійна. Малодшым школьнікам нельга хадзіць у качалку: гэта не тая нагрузка, якую ім можна дазваляць”.

У Слуцкім раёне сёння працуюць 36 школ, у 10 з якіх ёсць трэнажорныя залы. Абсталяванне набывалі пры дапамозе спонсараў, а таксама ўкладвалі пазабюджэтныя сродкі. Каб на ўсе сярэднія навучальныя ўстановы хапіла трэнажораў, іх збіралі па раёне, знаходзілі нават такія, якімі карысталіся яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Нягле­дзячы на гэта, трэнажоры, як заўважыў начальнік упраўлення, у выдатным стане і дапамагаюць добра прапрацоўваць мышцы.

“З пошукам і набыццём абсталявання нам дапамагаюць і былыя выпускнікі школ. Усяго ў раёне працуе 21 трэнажорная зала розных відаў уласнасці. Гэта значыць, што спорт даступны для ўсіх: так і павінна быць. Напрыклад, я ха­джу ў залу 3 разы на тыдзень, і мне падабаецца сачыць за сваім здароўем. Бачу, што ў зале многа маладых людзей, школьнікаў, і разумею: займацца спортам — гэта і модна, і неабходна. Вельмі важна, каб дзецям была прадастаўлена магчымасць займацца ў трэнажорнай зале і ўвогуле любым відам спорту бясплатна. Спорт — гэта не толькі захапленне, але і добрая магчымасць падтрымліваць здароўе, сачыць за сваім знешнім выглядам. У нашых школах, на базе якіх абсталяваны трэнажорныя залы, любы жадаючы можа ­набыць платны абанемент. Для школы гэта добры варыянт, каб зарабіць грошы для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, на рамонт і іншыя патрэбы. У гарад­скіх установах адукацыі паслугі трэнажорных залаў больш папулярныя (у Слуцку колькасць насельніцтва большая, чым у вёсках). Але, дзякуючы падтрымцы і ўпраўлення па адукацыі, і гарадскіх навучальных устаноў, на пакупку трэнажораў для вёсак выдзяляюцца грошы. Штогод мы стараемся зрабіць па 1 трэнажорнай зале. Калі так і далей будзе, то ўсе школы раёна будуць іх мець. Сёлета ў эксплуатацыю ўведзена адна зала, у мінулым годзе пачалі працаваць дзве”.

Калі спорт, то толькі бяспечны

Трэнажорная зала, якая працуе ў школе з пачатку вясны, сёння з’яўляецца ў вёсцы папулярным месцам, і падлеткам падабаецца праводзіць тут вольны час. Сорагі знаходзяцца за 30 кіламетраў ад Слуцка, і варыянты для пазашкольнага развіцця ў навучэнцаў гарадскіх школ і ў дзяцей з вёскі розныя. Таму сёння і зараз самы ідэальны варыянт — трэнажорка. Бацькам не трэба ламаць галаву, чым заняць дзяцей пасля таго, як змена ў школьным лагеры скончыцца, і настаўнікі таксама будуць спакойнымі: не трэба перажы­ваць, што школьнікі бу­дуць займацца спортам на тэрыторыі закінутых аварыйных будынкаў. 

“Пасля ўвядзення ­трэнажорнай залы ў эксплуатацыю ўсе былі вельмі задаволены, — расказвае дырэктар школы Ірына Міхайлаўна Юрэвіч. — Дзецям не хапала гэтага, ім трэба было чымсьці займацца, акрамя дапамогі бацькам па гаспадарцы. Мы ведалі, што навучэнцы ў выхадныя ходзяць на трэніроўкі да старэйшых таварышаў, студэнтаў. Але пляцоўка, дзе была абсталявана іх трэнажорная зала, небяспечная. Безумоўна, хваляваліся, каб нічога не здарылася, неаднаразова папярэджвалі дзяцей, што займацца на тэрыторыі, якая знаходзіцца ў аварыйным стане, нельга. І тое, што мясцовыя ўлады забаранілі туды хадзіць, правільна. Будынак, на тэрыторыі якога займаліся падлеткі, узведзены яшчэ ў савецкія часы, доўга не эксплуатаваўся. У любы час магло здарыцца што заўгодна”.

Зімой заняткі былі пастаўлены на паўзу. Хто хацеў, трэніраваўся дома, але гэта максімум падцягванні і практыкаванні з выкарыстаннем гантэлей, што не дае адпаведнага эфекту. На ўроках фізкультуры, зразумела, ­заняткі таксама вядуцца па праграме, а значыць, ні кроку ўбок зрабіць нельга.

Сітуацыя змянілася, калі Данііл Аксёнаў вырашыў звярнуцца па дапамогу да прэзідэнта краіны. У сваім відэазвароце падлетак расказаў пра старую трэнажорную залу, а таксама пра тое, што пасля яе закрыцця яму няма чым заняцца.

“Пасля звароту нашага навучэнца да прэзідэнта ў школе пад трэнажорную залу быў выдзелены адзін былы клас. Пафарбавалі сцены, зрабілі до­брае пакрыццё падлогі, а таксама правялі вентыляцыю. Так, зала атрымалася не вельмі вялікай, адначасова займацца могуць не больш чым 7 чалавек, але гэта добра. За дзецьмі сочыць настаўніца фізкультуры, — кажа дырэктар школы. — Акрамя таго, зрабілі і душавыя кабінкі. Цяпер адразу пасля заняткаў дзеці могуць памыцца”.

Яшчэ падчас рамонту на факультатыў па занятках у трэнажорнай зале запісаліся ўсе навучэнцы, але цяжкая атлетыка, як расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, толькі для старэйшых школьнікаў. Навучэнцам малодшых класаў нельга браць на сябе такую нагрузку.

“Мы спецыяльна прадумалі рас­клад такім чынам, каб усе навучэнцы паспявалі сюды прыйсці. Безумоўна, нічога не робіцца ва ўрон вучобе”, — сказала Ірына Міхайлаўна.

Як і абяцаў Андрэй Васільевіч Нядзелька, у зале ёсць трэнажоры, каб прапрацаваць усе групы мышц: велатрэнажор, лаўкі для прэса і жыму штангі, груша для бокса, разнавагавыя гантэлі.

“Няма чаго хаваць, дзеці вельмі задаволены, што іх мара збылася, — працягвае дырэктар школы. — Усяго ў нашай навучальнай установе
57 вучняў. Гэта, у параўнанні з гарадской школай, нямнога, аднак нашы падлеткі таксама хочуць развівацца. Няхай і ў нас будзе трэнажорная зала! Дарэчы, сюды могуць прыхо­дзіць і жыхары Сораг. Жада­ючых заняцца сваім здароўем многа, і зала працуе штодзень па буднях да
20 гадзін, а таксама па суботах”.

На мове спартсменаў

У параўнанні з астатнімі, для каго з’яўленне ў школе пляцоўкі для фізічных нагрузак стала проста прыемным сюрпрызам, больш за ўсё трэнажорку чакаў выпускнік 9 класа Данііл Аксёнаў. Дарэчы, нядаўна, падчас праходжання медкамісіі, высветлілася, што хлопцу нельга тут займацца.

“Так, шкада, што для заняткаў у зале маю абмежаванні, але спорт я ўсё роўна не пакіну, — кажа падлетак. — Трэнажорная зала — гэта выдатнае месца ў вёсцы, дзе можна нармальна і з карысцю для сябе правесці вольны час. Сюды ходзяць мае сябры, а таксама бу­дзе хадзіць малодшы брат, калі падрасце. Зараз з-за ўзросту яго яшчэ не пускаюць. Пакуль не было залы, мы гулялі ў футбол, падцягваліся ў дварах, што таксама карысна. Аднак, каб падымаць цяжкія штангі, гантэлі, неабходна займацца на спецыяльным абсталяванні, нарошчваць мышцы. Сёлета я паступаю ў каледж, планую і там ­трэніравацца. Буду прыходзіць у родную школу не толькі займацца спортам, але і дапамагаць малодшым таварышам парадай. Я рады, што ў нас з’явілася трэнажорка”.

 Падчас летніх канікул трэнажорная зала ў Сорагах таксама працуе. Навучэнцы школы і тыя дзеці, якія прыязджаюць у вёску на канікулы, могуць прыйсці ў залу ў любы час. Калі навічкам будзе не зразумела, з чаго пачаць і з якога боку падысці да таго ці іншага трэнажора, мясцовыя спартсмены ім абавязкова ўсё растлума­чаць на даступнай мове. Спорт у Сорагах любяць, і гэта правільна. Дзе спорт — там і здароўе, і ў наш час гэта вельмі актуальна.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.