Палюбіць дзіця з экрана… ці Як казку зрабіць быллю

Сёння ўсё часцей гучаць думкі аб тым, што час абагульненых заклікаў да ўсынаўлення прайшоў і зараз неабходна новая стратэгія ў гэтым напрамку. Такое меркаванне, дарэчы, падмацоўваецца і пэўнымі статыстычнымі данымі. Калі на працягу папярэдніх пяці гадоў спецыялісты ўвесь час адзначалі павелічэнне колькасці выпадкаў нацыянальнага ўсынаўлення, то апошні год паказаў іншую карціну: хоць і не вельмі значна, але колькасць выпадкаў нацыянальнага ўсынаўлення зменшылася — з 585 у 2011 годзе да 525 у мінулым.
Між тым гаварыць пра тое, што сфера нацыянальнага ўсынаўлення не развіваецца, не даводзіцца: спецыялісты сістэмы аховы дзяцінства ўвесь час шукаюць (і знаходзяць!) усё новыя спосабы і шляхі прыцягнення людзей у гэтую тэму. Толькі ў мінулым годзе Нацыянальным цэнтрам усынаўлення былі пачаты два прынцыпова новыя для краіны праекты: стварэнне разам з тэлеканалам АНТ перадачы “У вас будзе дзіця” і фарміраванне агульнарэспубліканскага фатаграфічнага банка даных дзяцей, якія маюць патрэбу ў новай сям’і. Ці апраўдалі сябе задумкі? З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца пры іх рэалізацыі? Ці не ўзнікнуць па меры іх распаўсюджвання новыя выклікі для спецыялістаў аховы дзяцінства? Пра ўсё гэта мы запыталіся ў дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталлі Станіславаўны Паспелавай. Праўда, размова атрымалася куды больш шырокай і глыбокай, чым проста аповед аб новых праектах.

— Наталля Станіславаўна, з чаго пачаўся праект “У вас будзе дзіця”? Чыя гэта была ідэя? 
— У студзені мінулага года да нас у цэнтр звярнуліся супрацоўнікі тэлеканала АНТ з ініцыятывай аб стварэнні праграмы “У вас будзе дзіця” — аналагу расійскай тэлеперадачы. Зрэшты, сама ідэя ўзнікла нават і раней, але да мінулага года вырашаліся юрыдычныя пытанні захавання аўтарскіх правоў і іншае.
Насамрэч, ідэя вельмі прыгожая і, напэўна, сапраўды грэх яе не скарыстаць. Але на справе за знешняй прыгажосцю — велізарная колькасць выклікаў і праблем.
Усынаўленне — гэта як вялізны чамадан з самымі рознымі аддзяленнямі. Як, зрэшты, і звычайнае бацькоўства. Але наша ўсынавіцельскае бацькоўства ўсё ж мае свае асаблівасці, што прыцягвае і пазітыўную, і негатыўную ўвагу. Трэба прызнаць, што наша грамадства не зусім разумее сэнс усынаўлення. З аднаго боку, мы яго неверагодна распаэтызавалі, а з другога — да гэтага часу існуюць міфы аб тым, што “яблык ад яблыні…”. Усё гэта неабходна было ўлічыць пры падрыхтоўцы праекта.
Таму для таго, каб мінімізаваць магчымыя непаразуменні, мы настаялі на тым, каб і кіраўнік, і вядучая праекта прайшлі ў нас курсы па падрыхтоўцы да ўсынаўлення, пазнаёміліся з нашымі ўсынавіцелямі. Як кажуць, сядзьце самі ў сані ўсынавіцеля, каб разумець унутраную сутнасць гэтага працэсу і ўсвядоміць, што ж у ім галоўнае: прыгожа паказаны тварык дзіцяці ці ўзважаныя магчымасці чалавека, прааналізаваны сэнс, сутнасць працэсу ўсынаўлення.
Адным словам, максімальна тое, што мы маглі на пачатку праекта прадугледзець — шляхам падрыхтоўкі вядучай, ідэолага гэтай рубрыкі, работы з дырэктарамі ўстаноў, — мы зрабілі.

— Сапраўды была неабходнасць у такой грунтоўнай падрыхтоўцы калег з тэлебачання?
— Ведаеце, у гэтым праекце мы ўзаемна развіваемся. Мы не ставілі сабе задачу з работнікаў тэлебачання падрыхтаваць кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Нам неабходна было, каб яны ўбачылі ўвесь гэты працэс знутры. Гэта аб’ектыўная неабходнасць. Вельмі многа залежыць ад вядучых такіх праграм. І я сёння ўпэўнена, што Святлана Бусько, якая вядзе рубруку на канале АНТ, поўнасцю спраўляецца са сваёй задачай. Адчуваецца і эмацыянальны складнік, і глыбіня падачы вобраза дзіцяці. Я разумею, наколькі гэта складана: ты бачыш дзіця першы раз, але ты павінен пранікнуць у яго свет, паказаць яго сутнасць, знайсці нейкую струнку, якая загучыць. Вядучая, безумоўна, малайчынка. Але малайцы і дзеці. Насамрэч, здымкі вядуцца даволі доўга. Дзецям прыходзіцца рэальна працаваць. Рэжысёры, пастаноўшчыкі не заўсёды разумеюць, што маюць справу ўсё ж не са звычайнай здымкай, як у школе, дзіцячым садку. Асабіста я спакойна глядзець на тое, як дзіця з нацягнутай усмешкай у дваццаты раз забівае нейкі цвік ці збірае канструктар, не магу.

— Магчыма, гэта якраз той выпадак, калі мэта апраўдвае сродкі?
— Напэўна, так. Інакш на гэтым этапе нельга.
Але мы ўсё роўна не перастаём спрачацца з прадстаўнікамі тэлеканала, даказваем, што ва ўсынаўленні не ўсё так проста і прыгожа, як падаецца на першы погляд. Паказаць прыгожанькі тварык, вочкі дзіцяці, яго гатоўнасць кожную жанчыну, якая прыходзіць у дзіцячы дом, называць мамай — гэта вельмі кранальна, эмацыянальна. Але гэтага для ўсынаўлення недастаткова. Больш за тое, часам шкадаванне, якое ляжыць у аснове ўсынаўлення, наадварот, служыць дрэнную службу. Гэта і шкадаванне сябе — усынавіцеля: маўляў, хтосьці не хоча дзяцей, але ўсё роўна можа нарадзіць, а я і жадаю, і імкнуся, і прыкладаю ўсемагчымыя намаганні — а ўсё роўна не атрымліваецца. Ці шкадаванне дзіцяці: “Я падару яму ўвесь свет, — нярэдка думаюць людзі, — я сагрэю яго сэрца, я растаплю гэтую льдзінку. Для гэтага дастаткова толькі любові…” Дык вось — любові бывае недастаткова.

— Але ж тэзіс пра магутнасць любові ледзьве не галоўны прынцып, які культывуецца грамадствам у тэме ўсынаўлення…
— Вось і я пра тое ж. Ведаеце, увесь час лаўлю сябе на думцы, што мы наступаем на свае ж уласныя граблі. Мы апаэтызавалі ўсынаўленне, паднялі на неверагодную вышыню, як подзвіг. Але ж ва ўсынаўленні, як у медаля, ёсць два бакі. Гэтая паэтызацыя, адданасць людзей дзецям, бясспрэчна, ёсць. Але не спачатку. На першым часе гэта вельмі складаны працэс, у якім рамантыкі — ноль. Няма ў нас рамантыкі. Няма месца подзвігу. Бо людзі прыходзяць вырашыць сваю праблему і заадно дапамагчы дзецям. У грамадстве гэтая думка, напэўна, быдзе прынята неадназначна, знойдуцца і тыя, хто будзе абурацца. Але гэта рэальнасць: да ўсынаўлення неабходна падыходзіць рацыянальна і падрыхтавацца загадзя.
Чаму я ўсё гэта зараз прыгадваю? Таму што на пачатку праекта мы вельмі баяліся скараспелых усынаўленняў. Мы баяліся, што пасля таго, як будзе паказана прыгожая карцінка дзіцяці, не з пункту гледжання — вой, які прыгожы тварык, а прыгожая сваёй ёмістасцю, педагагічна і псіхалагічна вывераная ў рэжысёрскім, творчым выкананні, — яго адразу пажадаюць усынавіць.

— Ці ж гэта дрэнна?
— Справа ў тым, што ўбачыўшы на экране тварык дзіцяці, які вельмі спадабаўся, людзі … уступаюць у сапраўдную гонку. Чалавек кнігі прачытаў? На форуме цікавіўся тэмай? Прыгледзеўся да гэтай ідэі? Пазнаёміўся з іншымі людзьмі, якія ўжо сталі ўсынавіцелямі? Чалавек пазбавіўся ружовых акуляраў? Зразумеў, што адной любові недастаткова? Зразумеў, што бацькоўства — гэта “труд, а труд ад слова “трудно”? Не.
Сёння часта бывае так, што людзі прыходзяць, выкладваюць дакументы і заяўляюць, што маюць права. Кропка. Маўляў, вам гэтага дастаткова. Мне — так, дастаткова, заканадаўству — таксама. А дзіцяці? Узяць дзіця і стварыць умовы — гэта толькі 10% поспеху, а то і менш. Вы ўпэўнены, што наяўнасць кватэры — гэта тое, пра што марыла дзіця? Насамрэч, яму неабходна іншае: бацькі, якія зразумеюць, прымуць і змогуць спраўляцца з тым яго малапрыемным багажом, які яно за сваё невялікае жыццё нажыло; якія з разуменнем будуць адносіцца да яго выкрутасаў, праблемных паводзін, якія не будуць гаварыць “колькі ваўка не кармі…”, а будуць разумець, адкуль карані праблемы ў паводзінах, і будуць дапамагаць яму вырашыць тыя ці іншыя супярэчнасці. А калі людзі не падрыхтаваныя, працэс падрыхтоўкі да ўсынаўлення “праскакалі”, бо “на гэтага ж хлопчыка яшчэ хтосьці прэтэндуе”, “ а каб хто іншы не забраў” — чакаць ад іх такіх адносін не даводзіцца.
Насамрэч, у працэсе ўсынаўлення наяўнасць дакумента — гэта вельмі мала. Больш важна — наяўнасць агульнай бацькоўскай гатоўнасці. Калі ж усынаўленне камяком, наперагонкі, то ўзнікае шмат апасенняў. Бо працэс падрыхтоўкі да ўсынаўлення быў пройдзены фармальна.
Тут мне прыгадваецца адна аналогія. Колькі нам было гадоў, калі мы маглі закахацца ў артыста з тэлеэкрана? 12-13? Адным словам, яшчэ зусім несвядомы ўзрост. Не нагадвае “палюбіць дзіця з экрана”? Палюбіць толькі гэтае і ніякае іншае! Я назіраю такія цікавыя з’явы: людзі проста міфалагізуюць дзіця. Чалавек бачыць дзіця пяць хвілін на экране — і гатоў распісваць гадзінамі, як тое памахала ручкай, усміхнулася, і ў кожны такі рух упісваць нейкі асаблівы сэнс…І вось, нарэшце, сустрэча. І аказваецца, што ўсё не так, як чалавек сабе намаляваў. Бо у яго, дзякуючы тэлеэкрану, вельмі душэўна пададзенаму матэрыялу, узнікла нейкае пачуццё, якое нават нельга назваць любоўю, хутчэй — шкадаванне, жаданне ўдзельнічаць у лёсе дзіцяці, але пры гэтым зусім не суадносячы гэтае жаданне са сваім рэальным жыццём. І той вобраз, які ён сабе намаляваў, ніяк не супадае з гэтым рэальным хлопчыкам ці дзяўчынкай.
Насамрэч трэба ствараць не толькі і не столькі станоўчы вобраз у свядомасці чалавека, колькі зрабіць інфармацыю аб усынаўленнi максімальна даступнай і адкрытай. Каб кожны чалавек, прымаючы рашэнне, не маляваў сабе карціны ідэальнай сям’і, а разумеў, што праблемы будуць, што яны ёсць у любой сям’і, бо ў кожнага дзіцяці свой характар, і далёка не заўсёды ён супадае з вашым. Але ўсё вырашальна — ёсць вопытныя педагогі, псіхолагі, якія дапамогуць, падкажуць і накіруюць у патрэбнае рэчышча, і вы не застаняцеся са сваімі праблемамі сам-насам.

— Шчыра кажучы, рыхтуючыся да размовы, я чакала больш пазітыўных высноў: няўжо ўсё так сумна, і ідэя праекта сябе не апраўдала?
— Паказ дзяцей па тэлебачанні — не панацэя. Гэта мы ўжо ўпэўнена можам сказаць. Сёння, гэта значыць, за год, паказана 57 дзяцей, усыноўлена 17. Але, зразумела, нават адзін малы, які знайшоў сям’ю праз экран тэлевізара, — радасць і прадмет гонару за яго, за яго поспех. Для мяне асабіста не важны статыстычны вынік. Важна, што людзі бачаць дзяцей, бачаць праблему. І няхай зусім не гучныя перамогі рубрыкі, мы будзем працягваць у ёй працаваць, яе падтрымліваць. Няхай і аднаму дзіцяці яна дасць шанс, але гэта будзе яго шанс.
Аднак наш вопыт паказвае, што не інтэрнэт-банк дапамагае прыняць рашэнне, не карцінка з экрана, а празаічная падрыхтоўка і навучанне да ўсынаўлення. А прыгожы ці не вельмі, мілы або не зусім тварык у дзіцяці — гэта не мае вырашальнага значэння.
Скараспелыя ўсынаўленні, якія ў сваёй аснове маюць толькі эмацыянальнае ўспрыманне дзіцяці з экрана тэлевізара ці манітора, могуць быць адным з наступстваў такой рубрыкі. Але ў нас іх, на шчасце, аказваецца менш, чым выпадкаў прадуманага ўсынаўлення. Зрэшты, з самага пачатку я не ўскладвала вялікіх надзей у плане павелічэння колькасці выпадкаў усынаўлення на гэты праект. Нашы калегі з тэлебачання, здаецца, нават паверыць не маглі, усе перапытвалі: а колькі патэлефанавала-прыйшло пасля сюжэта пра вось гэтага хлопчыка ці вось тую дзяўчынку? Ніводнага не прыйшло. Так, у каментарыях да сюжэта пішуць, цікавяцца, жадаюць найлепшага вырашэння сітуацыі — і ўсё.
Але пры ўсім гэтым ёсць іншыя эфекты. Кожны сюжэт — гэта дадатковае прыцягненне ўвагі грамадскасці да дзяцей з асаблівым лёсам. За год паказалі 57 дзяцей, усынавілі з іх 17. Гэта не самае вялікае дасягненне ў сферы ўсынаўлення. Але рубрыка прыносіць не толькі непасрэдны вынік, але і апасродкаваны: тэма ўсынаўлення адкрыта, можна паглядзець дзіця, можна задаць пытанне спецыялісту — ён, аказваецца, даступны, інфармацыя пра дзяцей на паверхні, і ўжо не даводзіцца думаць, што гэта нейкія страшылкі наконт “за грошы” і “па блату”. Гэта проста выдатны выхад з рубрыкі, і менавіта на яго я асабіста першапачаткова рабіла стаўку. Я разумела, што дзеці-героі пастараліся для таго, каб і за іншымі прыйшлі, а яго, магчыма, і не забралі. Рубрыка — гэта не намаганні нас, дарослых, гэта намаганні нашых дзяцей. Падрыхтоўка кожнага сюжэта — складана для тэлебачання, для цэнтра ўсынаўлення, для дзіцячага дома, але найбольш складана і неадназначна — для дзіцяці. Гэтыя дзеці ў пэўным сэнсе слова сталі “прыцягальнікамі” да тэмы ўсынаўлення, кажучы сучаснай мовай, тымі хэдлайнерамі, на якіх паглядзелі і лішні раз падумалі: а чаму і не?
Немалаважна і тое, што рубрыка стала выдатнай пляцоўкай для падбору дзяцей людзям, якія ўжо маюць пакет дакументаў і прайшлі падрыхтоўку да ўсынаўлення. І сёння пераважная большасць выпадкаў усынаўлення дзяцей, пра якіх выйшлі сюжэты на тэлебачанні ў рубрыцы “У вас будзе дзіця”, адбыліся менавіта ў загадзя падрыхтаваныя сем’і, якія знаходзіліся ў пошуку свайго дзіцяці. Гэта выдатна.

— А астатнія — гэта якраз тыя скараспелыя ўсынаўленні, якіх вы чакалі з асцярогай?
— Толькі трое дзетак усыноўлены людзьмі, так бы мовіць, “з канапы”. Шчыра кажучы, гэтыя ўсынаўленні былі падобны на бег з перашкодамі, пытанне аб гатоўнасці сем’яў асабіста для мяне застаецца адкрытым: я не ўпэўнена, што рэжым хуткаснага збору дакументаў, летаніна па інстанцыях, спрэчкі і ціск на спецыялістаў апекі, — гэта прымальны сцэнарый падрыхтоўкі да з’яўлення дзіцяці ў сям’і…
Я не вельмі верыла (і працягваю гэта рабіць) у тое, што можна ўсынаўляць з экрана тэлевізара ці з манітора камп’ютара. Але, аказваецца, можна. Аднак гэтае ўсынаўленне патрабуе ад нас, спецыялістаў — прадстаўнікоў органаў апекі і сацыяльна-педагагічнай службы на месцах, асаблівай далейшай работы з названай катэгорыяй сем’яў. Калі мы за месяц падрыхтавалі кандыдатаў, каб менавіта яны сталі бацькамі для таго ці іншага дзіцяці, то нам потым неабходна ўжо не як-небудзь, а вельмі добра суправаджаць гэтыя сем’і. Трэба расказваць тое, што не паспелі расказаць у працэсе падрыхтоўкі. Неабходна ўцягваць людзей у нашу ўсынавіцельскую тэматыку, бо проста перамясціўшы дзіця з дзіцячага дома ў сям’ю вырашыць яго праблемы немагчыма. Ды і праблемы сям’і, якія прывялі яе да ўсынаўлення, таксама. Праблемы неабходна прапрацоўваць. Суправаджэнне “рубрыкаўскіх” дзяцей — гэта аб’ектыўная неабходнасць і поле для дзейнасці адпаведных спецыялістаў. Ёсць тут, дарэчы, адзін плюс: людзям ужо не выпадае трымацца за тайну ўсынаўлення, бо дзіця вядома ўсім. А значыць, можна загадзя пазбегнуць шэрагу складаных сітуацый як выніку тайны ўсынаўлення.
Хачу яшчэ звярнуць увагу на такі парадокс. На маёй памяці тысячу разоў неабыякавыя людзі пыталіся: “Чаму ў нас няма такой перадачы, як у Цімура Кізякова?”. І вось — дачакаліся: ёсць у нас такая тэлеперадача, і сюжэты паказваюцца пра нашых дзяцей. На партале tut.by ўжо некалькі месяцаў па панядзелках ідзе паўтор рубрыкі “У вас будзе дзіця” тэлеканала АНТ. Хачу спытаць: гэта мне здаецца, што тэма ўсынаўлення або іншых спосабаў прыёму дзяцей у сем’і цікавая толькі цэнтру ўсынаўлення? Ці гэта на самай справе так? Паглядзіце: адзінкавыя наведванні гэтых публікацый, ніякай актыўнасці, ніякай цікавасці. Гэтае ж пытанне хачу задаць маім калегам “з сістэмы”. Рубрыка трансліруецца і на партале tut.by, ёсць інтэрнэт-абмеркаванне магчымасці ўсынаўлення паказаных у рубрыцы дзяцей на сайце тэлеканала, людзі часам усё ж накіроўваюць пытанні пра дзіця. А дзе тыя спецыялісты, якія непасрэдна працуюць з гэтымі дзецьмі, ведаюць іх асаблівасці, дзе работнікі органаў апекі, дзіцячых дамоў? Зразумела, раскрываць усю інфармацыю аб дзіцяці на форуме нельга, але ж можна развеяць некаторыя апасенні, растлумачыць, расказаць пра дзіцячыя мары, памкненні, пра тое, якія яму неабходны бацькі. Няма пакуль гэтага адзінства сярод работнікаў інтэрнатных устаноў у пытанні ўладкавання лёсу сваіх выхаванцаў. Гэта я гавару пра тое, што тэлевізійны сюжэт — толькі пачатак у ланцужку намаганняў па ўладкаванні дзіцяці ў сям’ю.

— Магчыма, і ў пытанні падрыхтоўкі да ўсынаўлення справа не ў форме — як гэта праходзіла, а ў змесце — што змаглі даць спецыялісты кандыдатам, як арганізавалі працэс іх падрыхтоўкі? І калі падрыхтоўка кандыдатаў ва ўсынавіцелі недастатковая, магчыма, уся справа ў вядомым чалавечым фактары — няўменні ці нежаданні спецыялістаў на месцах працаваць з гэтай катэгорыяй?
— Нас, практыкаў, сёння вельмі не задавальняе працэдура падрыхтоўкі людзей да ўсынаўлення ў цэлым. Мы марым, каб у нас увасабляўся лепшы сусветны вопыт, калі да ўсынаўлення чалавек у кіруемым працэсе рыхтуецца не менш як два гады.
А мы на раёнах рыхтуем за месяц. І нам гавораць: паспейце за гэты тэрмін дасканала вывучыць асобасныя якасці ўсынавіцеляў, сабраць іх сямейна-бытавы і дзіцяча-бацькоўскі анамнез. Але ж да нас прыйшлі людзі з мэтай усынавіць, якія, адпаведна, жадаюць пакінуць аб сабе толькі станоўчыя ўяўленні. Канечне ж, можна гаварыць пра прафесіяналізм псіхолага, яго ўменне задаць патрэбнае пытанне. Але гэта далёка не ўсё, што неабходна. У спецыялістаў сёння няма ніякіх іншых інструментаў. Мы не можам нават збіраць неабходныя нам звесткі праз сваяцкую сетку кандыдатаў: а на якой прававой аснове і як атрыманае задакументаваць? Я сёння катэгарычна не згодна, што ў месячны тэрмін аддзел адукацыі можа вывучыць асобасныя якасці кандыдатаў на ўсынаўленне, не маючы ніякага інструментарыю для гэтага і дэ-юрэ не маючы права ўмешвацца. У нас ёсць толькі адна крыніца — людзі, якія жадаюць усынавіць дзіця і жадаюць расказаць пра сябе ўсё толькі самае найлепшае. А дзе іншыя механізмы?
У выніку на органы апекі сыплюцца нараканні — “не дасканала вывучылі асобасныя якасці грамадзян-усынавіцеляў”. Калі б была падрыхтоўка больш працяглай, калі б увесь гэты час людзі рыхтаваліся працаваць, а не выратоўваць любоўю, як у нас часта бывае, быў бы лепшы вынік.
Усынаўленне — гэта асаблівае бацькоўства, да яго трэба рыхтавацца не аператыўна і хуткасна, а ўсебакова, разнастайна і якасна. Па аналогіі з устойлівым “таннае добрым не бывае”, ва ўсынаўленні “хуткае добрым не бывае”. Сёння перад намі ўжо стаіць пытанне якасці, а не колькасці. Дзяцей, якія прама тут і цяпер маюць патрэбу быць усыноўленымі і пры гэтым адпавядаюць запытам большасці патэнцыяльных усынавіцеляў, не так многа. 15-гадовыя маюць такую патрэбу, але ў іх мала хто зацікаўлены. Праўда, гэта ўжо зусім іншая тэма…

Алена МАРКЕВІЧ.