Няма калі хварэць

Лагер “Арляня”, што ў Смаргонскім раёне, займаецца аздараўленнем дзяцей з 1989 года. За гэты час тут адпачылі больш за 22 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, прычым адпачылі выдатна. Сцвярджаю гэта не проста так, а на падставе важкіх фактаў. Напрыклад, па выніках аздараўленчых кампаній 2013 і 2018 гадоў летнік “Арляня” быў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Лепшае медыцынскае забеспячэнне”, а па выніках кампаніі 2014 года летнік перамог у намінацыі конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання. У 2016 годзе — зноў выдатны вынік, бо лагер “Арляня” стаў лепшым у арганізацыі спартыўна-аздараўленчай работы.

Хварэць у такім месцы і з такой арганізацыяй аздараўленчай кампаніі і сапраўды амаль немагчыма. “Смаргонскі лагер “Арляня” (афіцыйная назва ўстановы) размяшчаецца ў маляўнічай мясцовасці на беразе Віліі на плошчы больш чым 6 га. На 2 кіламетры ў любы бок — ніякай вытворчасці, ніякіх аб’ектаў тэхнагеннага характару. Дзеці жывуць у 11 доміках, у кожным — па 16 насельнікаў, па 8 у пакоі. Ну як жывуць — начуюць, бо навошта тыя пакоі, калі што ні дзень — спартыўныя гульні, мерапрыемствы на свежым паветры, малыя прымаюць сонечныя, паветраныя і фітанцыдна-азонавыя ванны (навокал — хвойны лес). А яшчэ кожны дзень дыскатэкі, пры гэтым ніякіх камп’ютараў, тэлевізараў і іншых элементаў цывілізацыі, якія раздражняюць псіхіку дзіцяці.

Што да апошняга пункта, то гэта прынцыповая пазіцыя і адміністрацыі лагера, і яго супрацоўнікаў, як педагогаў, так і медыкаў.

— Ад бацькоў і нашых медыкаў добра ведаю, што дзякуючы такой меры ў многіх дзяцей як мінімум паляпшаецца зрок, — гаворыць дырэктар лагера Алег Аляксандравіч Стрыга, які займае сваю пасаду 16-ы год. — Даём дзецям тэлефоны толькі ўвечары, а патэлефанаваць бацькам яны ­могуць па тэлефоне-аўтамаце. Мамы і таты добра веда­юць тэлефоны нашых педагогаў, па якіх заўсёды могуць пагаварыць са сваім дзіцем.

Ёсць у лагеры і наліўны вулічны басейн, а таксама з мінулага года з’явілася магчымасць праводзіць для дзецей з “Арляняці” лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна”, што размяшчаецца ў крокавай даступнасці ад лагера. У цэнтры ёсць, напрыклад, басейн і саляны пакой. Усё — за асобную плату, але такой магчымасцю карыстаюцца многія.

Для аказання медыцынскай дапамогі ў летніку ёсць асобны двухпавярховы будынак з кабінетам урача, працэдурным кабінетам, трыма  ізалятарамі і наогул усімі неабходнымі  памяшканнямі, аб­сталяваннем, так што тутэйшыя медыцынскія работнікі ўсё ­маюць пад рукой. А медыцынскім персаналам лагер забяспечаны на
100% — гэта ўрач-педыятр (1,5 стаўкі), медыцынская сястра паставая (4,5 стаўкі), сястра-дыетолаг (1,5 стаўкі) і санітарка. Прычым урач і сястра-дыетолаг у сезон пастаянна жывуць у лагеры і, калі трэба, аказваюць кансультацыйную дапамогу паставым медсёстрам. Таксама наяўнасць дадатковых медработнікаў дапамагае аказваць у выпадку надзвычайнай сітуацыі якасную дапамогу ў поўным аб’ёме.

Канечне, пры такім стаўленні да аздараўлення дзяцей у лагеры не забываюць аб прапагандзе здаровага ладу жыцця, якая арганічна ўключана ў распарадак дня. Гэта не толькі гутаркі, лекцыі, куточкі здароўя, гэта гульнявыя і спаборніцкія формы навучання і асветы — конкурсы слоганаў, калажаў, тэматычныя дыскатэкі.

У летніку, як тое і належыць, 5-разовае харчаванне, а ў харчовым блоку працуюць работнікі школьных сталовых раёна, прыязджаючы на 9-дзённыя рабочыя змены, прычым усе кухары з’яўляюцца спецыялістамі па дзіцячым харчаванні. Санітарны кантроль вельмі строгі, як свой, так і вонкавы: санітарныя ўрачы толькі на пачатку чэрвеня наведалі лагер 6 разоў. Працаваць жа летнік пачаў 1 чэрвеня, прычым сёлета тут упершыню право­дзіцца 5 змен, каб аздаравіць як мага больш дзяцей. Падрыхтоўка да чарговага сезона пачынаецца яшчэ восенню згодна з рашэннем райвыканкама, а дапамагаюць зрабіць адпачынак адмысловым 47 арганізацый раёна. Вынік сумеснай працы, як бачна, уражвае, і жадаючых аздаравіцца ў “Арляняці” заўсёды многа. У асноўным гэта юныя жыхары раёна, хаця прыязджаюць і, скажам, мінчане, чые бацькі гатовы заплаціць за пуцёўку яе поўны кошт.

Пасля закрыцця ўсіх змен (сёлета гэта будзе 28 жніўня) летнік прадастаўляе сваю базу для турзлёту дзяцей-інвалідаў, якія прыязджаюць сюды разам з баць­камі (усяго збіраецца чалавек 80—100) на 3 дні з 5 раёнаў і не толькі Гродзенскай вобласці: са Смаргонскага, Ашмянскага, Вілейскага і некаторых іншых. Працаваць з малымі дапамагаюць студэнты-валанцёры — некалькі лепшых удзельнікаў студатрадаў, якія працуюць у лагеры ў сезон. Са смаргонскім летнікам, да­рэчы, супрацоўнічаюць студэнты БДПУ імя Максіма Танка (прыродазнаўчы факультэт і інстытут інклюзіўнай адукацыі), Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — усяго да 80 студэнтаў за сезон.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва лагера “Арляня”.