Смачна і бяспечна

Адпачынак і радасць, здаецца, паняцці, паміж якімі, не задумваючыся, можна ставіць знак роўнасці, але гэта ў ідэале, у рэальнасці здараецца ўсякае, скажам, харчовыя атручэнні, якія здольны сапсаваць увесь адпачынак. Таму прафілактыка атручэнняў — тое, пра што не варта забываць ні аднаму адпускніку. Гэтая небяспека асабліва часта падпільноўвае нас гарачым летам.

Між тым медыкі сцвярджаюць: каб засцерагчы сябе і дзяцей ад харчовых атручэнняў, варта захоўваць некалькі простых правіл: старанна мыць рукі з мылам пасля вяртання з вуліцы, да і пасля наведвання туалета; перад тым, як абіраць садавіну, такую як апельсіны, мандарыны і бананы, трэба іх мыць кіпячонай або праточнай вадой; захоўваць прадукты неабходна ў месцах, якія абаронены ад насякомых, грызуноў і свойскіх жывёл. Акрамя таго, пры транспарціроўцы прадуктаў харчавання важна выкарыстоўваць чыстую ўпакоўку, прадукты, якія хутка псуюцца, варта перавозіць у тэрмакантэйнерах.

— Не набывайце прадукты ў выпадковых асоб і ў несанкцыянаваных для гандлю месцах, — папярэджвае загадчык аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Анатольеўна Шукевіч. — Асаблівую ўвагу ўдзяляйце прадуктам, якія хутка псуюцца або патрабуюць пэўных умоў захоўвання, звяртайце ўвагу на ўмовы іх рэалізацыі — калі патрабуецца халадзільнае абсталяванне, халадзільнікі павінны быць спраўнымі — тэмпература захоўвання для названых прадуктаў, як правіла, +4 — -2 градусы, а на халадзільніках ёсць тэрмометры, і тэмпературу можна праверыць або спытаць пра яе ў прадаўцоў. Ёсць сумненні наконт спраўнасці абсталявання — адмоўцеся ад пакупкі.

У ходзе нагляднай дзейнасці мы часта выяўляем такія парушэнні ў гандлёвай сетцы, як неадпаведныя ўмовы захавання і рэалізацыі харчовай сыравіны і прадукцыі, невыкананне тэрмінаў яе прыдатнасці, адсутнасць маркіроўкі і дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспечнасць тавару, а таксама нездавальняючы санітарны стан гандлёвых аб’ектаў, абсталявання, інвентару. Па выніках нашых лабараторных даследаванняў за 3 месяцы  171 узор харчовай прадукцыі не адпавядаў неабходным патрабаванням. Мы забаранілі рэалізацыю больш чым 49 тон небяспечнай харчовай прадукцыі. Гавару гэта, каб яшчэ раз нагадаць аб неабходнасці звяртаць увагу на санітарны стан магазінаў, умовы рэалізацыі прадукцыі і г.д. Пры сумненнях прасіце ў прадаўца дакументы аб якасці і бяспечнасці тавару.

Мыццё рук перад гатаваннем ежы і пасля кантакту з сырымі прадуктамі, асобныя апрацоўчыя дошкі і нажы для сырых і гатовых прадуктаў, стараннае мыццё садавіны і гародніны — гэты таксама важныя ўмовы пры гатаванні ежы дома. І лепш не гатаваць шмат страў загадзя, а калі ўсё ж прыгатавалі, пастарайцеся як мага хутчэй астудзіць страву і паставіць яе ў халадзільнік, пры гэтым не захоўвайце гатовыя і сырыя прадукты на адной паліцы.

Калі ўсё ж засцерагчыся не ўдалося, вы ці вашы блізкія адчуваеце млоснасць, пачаліся ваніты, дыярэя, ні ў якім выпадку не гатуйце ежу для сваёй сям’і і гасцей, лепш за ўсё звярнуцца да ўрача.

— Эпідэміялагічная сітуацыя па кішэчных інфекцыях у нас кантралюемая, — дадае Уладзімір Уладзіміравіч Пашковіч, загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — Мы назіраем зніжэнне захваральнасці на 12% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (на пачатак чэрвеня.Заўвага рэдакцыі.) як па суме вострых кішэчных захворванняў, так і па вірусных, па якіх захваральнасць знізілася на трэцюю частку. На 70% знізілася захваральнасць на вірусны гепатыт А. Такім чынам, эпідэміялагічная сітуацыя па названых хваробах у Беларусі  добрая.

А вось за мяжой, у тым ліку ў краінах, куды выязджа­юць адпачываць беларусы, не ўсюды стан спраў добры. Таму пры выбары месца для адпачынку важна звяртаць на гэта ўвагу, прымаць неабходныя меры прафілактыкі, піць толькі ваду з бутэлек, садавіну і гародніну для дзяцей не толькі мыць, але і абліваць кіпенем, выконваць усе іншыя правілы.

Таксама медыкі не рэкамендуюць выкарыстоўваць для ахаладжэння напіткаў лёд, прыгатаваны з вады невядомай якасці. І, канечне, неабходна аформіць медыцынскую страхоўку — каштуе гэта не дорага, а дапамагчы можа вельмі сур’ёзна. Дарэчы, калі ведаеце, што ў краіне, куды вы сабраліся на адпачынак, дрэнная сітуацыя з гепатытам А, загадзя зрабіце ад яго прышчэпку  за месяц, мінімум — 3 тыдні. Пасля прыезду з адпачынку, калі  адчуваеце сябе дрэнна, звяртайцеся да ўрача і абавязкова скажыце спецыялісту, дзе вы адпачывалі. У дарозе, пакуль даедзеце да ўрача, можна прыняць, напрыклад, актываваны вугаль. А калі вы едзеце ў цягніку, то праваднік выкліча хуткую дапамогу да наступнай станцыі.

Што да адпачынку дзяцей у летніках, то ўвага да захавання санітарных норм там, як вядома, самая пільная, але
бацькі, наведваючы сваіх сыноў і дачок, прывозяць ім ласункі. Правілы ўсё тыя ж — чысціня, правільнае захоўванне, ды і наогул харчаванне ў лагерах добрае, лепш не прывозіць дзецям шмат прадукатаў. Усе медыцынскія работнікі ў нашых летніках ведаюць, што пасля візітаў бацькоў у лагер трэба асабліва пільна сачыць за станам дзяцей. Пры пэўных прыметах харчовых расстройстваў дзяцей ізалююць, назіраюць за імі, калі неабходна — праводзяць лячэнне. А медработнікі працуюць у летніках кругласутачна, таму праблем з аказаннем медыцынскай дапамогі няма.

Марына ХІДДЖАЗ.