Сярэдняя школа № 61 у Мінску яшчэ не адкрылася, але паспела выклікаць вялікую цікавасць, шырокае абмеркаванне, шмат пытанняў. Шчыра кажучы, яно і нядзіўна, бо школа эксперыментальная, пабудаваная па нязвыклым пакуль для нас праекце. Хаця, як кажа дырэктар новабудоўлі Ірына Віктараўна Цубікава, тое, што ёсць у гэтай установе з абсталявання, пабудоў, маюць і іншыя школы. Але ў выпадку новабудоўлі па вуліцы Кірылы Тураўскага побач з Домам міласэрнасці і жылым комплексам “Маяк Мінска”, па словах дырэктара, архітэктары і праекціроўшчыкі ўлічылі ўсе тэхнічныя праблемы, якія перашкаджаюць адмысловай арганізацыі вучэбна-адукацыйнага працэсу.
Ствараць
Галоўны архітэктар праекта — вопытны спецыяліст камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінскпраект” Віктар Барташэвіч. Але эскізны праект эксперыментальнай школы стварылі два маладыя архітэктары (на момант работы над праектам яшчэ студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта) Кірыл Скарынін і Кацярына Кавалёва. З імі мне і давялося сустрэцца.
— Мы вывучылі вопыт краін Заходняй Еўропы, — гаворыць Кірыл, — і імкнуліся ў планіроўцы адлюстраваць тое, як бачым правільны, граматна пабудаваны вучэбны працэс, бо самі не так даўно скончылі школу. Час уласнай вучобы быў у памяці яшчэ вельмі яркім. Да таго ж мы з Кацярынай пералапацілі партал, на якім кантактуюць настаўнікі, расказваюць пра тое, чаго ім не хапае ў школах, што перашкаджае рабоце. Таму і з гэтага боку падрыхтаваліся. Не ўсё з таго, што мы закладвалі ў праект, увасобілася ў жыццё, але большая частка нашых задумак захавалася. З’явілася і штосьці новае — эскізны праект, ператварыўшыся ў рабочы, канечне ж, перажыў пэўныя змяненні.
Маладыя архітэктары кажуць, што праектавалі школу як для сябе: такую, якая была б арыентавана не толькі на экстравертаў, дзяцей, якія любяць пастаянныя зносіны з іншымі, але і на тых, каму неабходна пэўная адасобленасць, асабістая прастора, — наогул на розных дзяцей. Таму, напрыклад, спраектавалі ў зоне адпачынку зацішныя куточкі, дзе якраз і можна адасобіцца, адпачыць. Падумалі і пра тое, каб вучыцца можна было як у класе, так і па-за яго сценамі.
Але, думаючы пра асабістую прастору для кожнага, што, пагадзіцеся, даволі цяжка ўявіць у школах, Кацярына і Кірыл прадумалі і зоны, якія служаць аб’яднанню дзяцей, а таксама іх бацькоў, наогул жыхароў мікрараёна — усіх, хто пажадае наведаць школу. Гэтай мэце закліканы служыць і стадыён, і так званы форум — месца для агульных збораў, і прастора для гурткоў, і актавая зала, і інтэрнэт-кафэ, і іншыя часткі школы.
— Сэнс у тым, каб тут можна было не толькі вучыцца, але, кажучы мовай падлеткаў, “тусавацца”, — заўважаюць аўтары эскізнага праекта. — Скіроўваліся на тое, каб дзеці хацелі застацца ў школе пасля ўрокаў. З аднаго боку, яны будуць пад наглядам, з другога — усім будзе цікава. Не застанецца ні часу, ні жадання піць, курыць або займацца яшчэ чым-небудзь непатрэбным.
Акрамя таго, Кірыл Скарынін і Кацярына Кавалёва імкнуліся разгрузіць ранцы вучняў. Кірыл, напрыклад, сам вучыўся ў прыватнай школе ў Мінску і падручнікі пакідаў у класе. Для гэтага ў кожнага навучэнца была асабістая шафа. У эскізным праекце такія шафы архітэктары вынеслі ў калідор. Запланавалі суаўтары і зімовы сад, і пляцоўку для скейтбардыстаў, і шмат іншых цікавых куткоў і пляцовак. Не ўсё, праўда, увасоблена ў жыццё, але, як кажа І.В.Цубікава, магчыма, штосьці з задуманага з’явіцца ў школе пазней.
Для маіх суразмоўцаў гэта пакуль адзіны праект школы, але, магчыма, толькі пакуль. Ва ўсялякім разе, адмаўляцца ад падобных прапаноў, калі яны з’явяцца, Кацярына і Кірыл дакладна не збіраюцца. Але гэта будзе ўжо новая школа, бо, як кажуць архітэктары, нецікава рабіць усё жыццё адно і тое ж. “Цікава” і “свабодна”, як мне падалося, — наогул адны з галоўных паняццяў у слоўніку гэтых спецыялістаў, якія ўпэнены, што новае аблічча горада пад сілу стварыць маладым, “пакаленню трыццацігадовых”.
Ідэю школы, якая працуе не толькі як навучальная ўстанова, але і як грамадскі цэнтр, у новабудоўлі, здаецца, ажыццявіць атрымалася. Як гэтая ідэя запрацуе, убачым хутка — да адкрыцця эксперыментальнай школы засталося літаральна пару дзён, як і да пачатку новага навучальнага года.
Працаваць, адпачываць, вучыцца
У школу я завітала ў сярэдзіне жніўня, калі там актыўна рыхтаваліся да адкрыцця. І, канечне, дырэктар установы была надзвычай занятая, але на своеасаблівую экскурсію пагадзілася ахвотна. Ірына Віктараўна, зразумела, ведае ў школе кожны куточак, і лепшага экскурсавода мне было не знайсці.
— Мы жывём у ХХІ стагодзі, і, канечне, школы новага пакалення вельмі запатрабаваныя, — гаворыць яна. — Наша школа такой і з’яўляецца — школай новага часу з прасторнымі шматфункцыянальнымі аўдыторыямі, зонай адпачынку, камфортнай сталовай, моцнай спартыўнай базай. У выніку праект прадугледжвае такую арганізацыю адукацыйнага працэсу, каб усе яго складнікі былі на найвышэйшым узроўні. Так, тэхнічнае аснашчэнне кабінетаў — гэта 65 інтэрактыўных дошак, мультымедыйных праектараў і камп’ютараў для прадметных кабінетаў. Гэта дазволіць кожнаму настаўніку адначасова па ўсёй школе выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі на ўроку. Такую магчымасць мы маем дзякуючы менавіта праекту.
Нагадаю, што школа спраектавана на 880 навучэнцаў, для якіх прадугледжаны не толькі шматлікія класы, але і зона адпачынку — прасторныя калідоры і фае, набыта больш за 300 банкетак, на якіх дзеці змогуць і адпачыць, і паўтарыць дамашнія заданні, і пастасавацца з сябрамі. Ці не праўда — гэта зусім іншая справа, чым стаяць увесь перапынак у вузкім калідоры ці бегаць па ім, што можа быць вельмі небяспечным, калі, скажам, старшакласнік наляціць на малодшага школьніка. Прынамсі, у эксперыментальнай школе такое наўрад ці здарыцца, бо навучэнцы малодшага, сярэдняга і старшага звёнаў вучацца ў розных карпусах, звязаных паміж сабой, аб’яднаных гуртковай зонай. Чацвёрты корпус займаюць хімічныя і фізічныя лабараторыі і лінгафонныя кабінеты.
Расказваючы пра перавагі праекта, І.В.Цубікава ўзгадвае і пра сістэму дзённага асвятлення, вялікія вокны, зенітныя вокны, якія ўлоўліваюць сонечныя прамяні, але пры гэтым і залішняга святла не даюць — яно нікога не слепіць. Пры гэтым кабінеты застаюцца цёплымі, забяспечваецца іх свабоднае праветрыванне. Усё гэта важна для захавання і ўмацавання здароўя дзяцей. І ў гэтым пытанні праект, безумоўна, выйгрышны.
Харчаблок дырэктар школы таксама лічыць вельмі сучасным і зручным. У ім, як кажа Ірына Віктараўна, улічаны ўсе недахопы існуючых харчаблокаў. Напрыклад, устаноўлены адразу тры халадзільныя камеры (асобна для агародніны, мяса, рыбы), іншае сучаснае абсталяванне. Сталовая разлічана на 440 месцаў, а значыць, усе навучэнцы змогуць паабедаць усяго за два перапынкі. А яшчэ праектам прадугледжаны буфет і два інтэрнэт-кафэ.
— Памяшканне харчаблока роўна такое, якое неабходна для нармальнай работы і харчавання дзяцей, работы сталовай на высокім узроўні, — заўважае дырэктар. — Гэта наогул можна сказаць пра ўсю школу і яе тэрыторыю. Усё зроблена адзін раз і якасна. І гэта не раскоша: у школе няма ніводнага лішняга метра, кожны задзейнічаны з максімальнай карысцю.
Асаблівы гонар Ірыны Віктараўны — спартыўная база. Тут ёсць дзве спартыўныя залы (вялікая — з трыбунамі), стадыён з шырокай інфраструктурай — футбольнае поле, бегавыя дарожкі, валейбольная пляцоўка, ёсць баскетбольная пляцоўка і хакейная каробка, гімнастычная і трэнажорная залы, зала сухога плавання, басейн з пад’ёмнікам для дзяцей-інвалідаў. У спісах навучэнцаў новай школы зараз няма дзяцей-інвалідаў, але, калі такія з’явяцца, то для іх прадугледжана ўсё, што неабходна для арганізацыі вучэбнага працэсу. Да таго ж усе пляцоўкі з сучасным пакрыццём, прыгожым і бяспечным, а бяспека не можа быць раскошай.
А яшчэ я даведваюся, што ў школе ёсць майстэрні — сталярныя і слясарныя для хлопчыкаў і швейныя і кулінарныя для дзяўчынак, прадугледжаны і кабінеты дапрызыўнай падрыхтоўкі — адным словам, усё, што неабходна, вучні могуць атрымаць, не пакідаючы тэрыторыю навучальнай установы. Праект, як кажа дырэктар, валодае найвышэйшай ступенню функцыянальнасці, якой і павінна быць сучасная школа. А таму і вучыцца, і працаваць у такой школе цікава. Па словах Ірыны Віктараўны, такое адукацыйнае асяроддзе дапаможа вучням дасягнуць поспеху. Так, вялікая спартыўная зала дазволіць праводзіць спаборніцтвы не толькі школьнага, але і гарадскога ўзроўню.
Праходзячы па тэрыторыі школы, мы завіталі і ў зону для наведвальнікаў, якая аддзелена ад вучэбнай. Тут прадугледжаны асобны ўваход, не схаваны за агароджы, уласны гардэроб. Далей, калі ласка, — можна прайсці ў спартыўны блок і блок адміністрацыі, а значыць, жыхары мікрараёна — і маленькія, і дарослыя — могуць наведваць басейн і спартыўныя гурткі школы, бацькі навучэнцаў — заходзіць са сваімі пытаннямі да кіраўніцтва навучальнай установы.
Шчыра кажучы, цікава тут усё — і класы, расфарбаваныя не зусім прывычна для нас — з улікам асаблівасцей дзіцячай псіхалогіі (ды і знешняя расфарбоўка школы незвычайная), і розныя зоны, і прышкольная тэрыторыя.
— У нас улічаны ўсе тэхнічныя моманты, якія перашкаджаюць арганізаваць якасны і эфектыўны адукацыйны працэс, — яшчэ раз падкрэслівае І.В.Цубікава. — Зняты пытанні недахопу кабінетаў для ўрокаў, прадметных лабараторый для дадатковай адукацыі.
Эксперымент, такім чынам, удалы. Яшчэ большай удачай, а дакладней мэтай, можа стаць яго развіццё, шырокае распаўсюджанне.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва Кірыла СКАРЫНІНА
і Кацярыны КАВАЛЁВАЙ.