Традыцыйна найбольшая колькасць заўваг па арганізацыі аздараўленчай кампаніі гучыць з вуснаў супрацоўнікаў санітарнай службы. Стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, умовы размяшчэння, арганізацыі харчавання дзяцей, забеспячэнне неабходнага рэжыму дзейнасці летнікаў — усе гэтыя моманты дакладна прапісаны ў заканадаўстве, патрабуецца іх бездакорнае выкананне. Сёлета захаванне санітарных норм і правілаў пры арганізацыі дзейнасці аздараўленчых лагераў ускладняецца тым, што заканадаўства ў гэтай сферы за апошні год было істотна зменена. Расказаць, якія навацыі прадугледжаны ў сферы санітарнага нагляду, мы папрасілі Алу Антонаўну Малахаву, загадчыка аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
— Ала Антонаўна, якімі дакументамі кіруецца санітарна-эпідэміялагічная служба ў аздараўленчым сезоне 2013 года?
— Аздараўленчы сезон бягучага года вызначаецца тым, што ў апошні час была істотна зменена нарматыўна-прававая база ў адносінах да захавання санітарных норм і правілаў. Так, на пачатку года, 7 студзеня, уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва”. Пэўныя навацыі ў дакуменце датычацца і арганізацыі аздараўлення дзяцей. Так, зараз ведамасная санітарна-эпідэміялагічная служба, за выключэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не можа ажыццяўляць дзяржаўны санітарны нагляд. Таму акты прыёмкі абаронна-спартыўных і ваенна-патрыятычных лагераў будуць падпісваць толькі галоўныя дзяржаўныя санітарныя ўрачы адміністрацыйных тэрыторый, дзе знаходзяцца гэтыя летнікі.
Акрамя таго, мінулым летам былі ўнесены пэўныя змены ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, у выніку зараз дакладна прапісана працэдура правядзення маніторынгу (унесена палажэнне аб правядзенні маніторынгу). Калі раней пры правядзенні маніторынгу выяўляліся нейкія недапрацоўкі, наглядныя органы фактычна не мелі магчымасці неяк паўплываць на іх выкараненне ў рамках гэтай працэдуры. Зараз жа па выніках маніторынгу магчыма выдаваць рэкамендацыі па ліквідацыі недахопаў, а пры невыкананні рэкамендацый назначаць пазапланавую праверку з прыняццем адпаведных мер у рамках заканадаўства.
Акрамя таго, новай рэдакцыяй указа Міністэрству аховы здароўя дазволена праводзіць пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі па пытаннях абароту недабраякаснай прадукцыі. Іншымі словамі, можна праводзіць тэматычныя аператыўныя праверкі па харчаблоках аздараўленчых лагераў. А пры планавых праверках можна выкарыстоўваць чэк-лісты, якія запаўняюцца за 10 дзён да гэтага адміністрацыяй установы. У гэтым сезоне апрабуем гэтую схему работы па аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.
Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя змены ў заканадаўстве знайшлі адлюстраванне ў пастанове намесніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўным санітарным наглядзе за аздараўленнем дзяцей у летні перыяд 2013 года”.
Акрамя таго, як і штогод, падпісаны загад Міністэрства аховы здароўя “Аб медыцынскім забеспячэнні летняга аздараўлення дзяцей і падлеткаў у 2013 годзе”. Варта звярнуць увагу на той момант, што загад зацвярджае пералiк лекавых і дэзынфіцыруючых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі для аснашчэння аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, формы справаздачнасці па захворваннях, эфектыўнасці аздараўлення дзяцей.
— Напрыканцы мінулага года былі зменены і санітарныя нормы і правілы па аздараўленчых лагерах. Адпаведна ў гэтым аздараўленчым сезоне спецыялісты павінны кіравацца ўжо новай рэдакцыяй правілаў. У чым іх асноўныя навацыі?
— Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей” зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2012 г. № 205. Новыя правілы аб’яднаны з трох раней дзеючых — па аздараўленчых лагерах, па лагерах працы і адпачынку, па турыстычных палатачных — і прыведзены ў адпаведнасць са зменамі ў заканадаўстве, а менавіта Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, законам “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва”. Акрамя таго, у правілах былі ўлічаны і змены ў пастанову Савета Міністраў № 662 у частцы ўзросту дзяцей, якія накіроўваюцца на аздараўленне. Так, у правілах значыцца, што ў аздараўленчых арганізацыях, за выключэннем профільных палатачных лагераў, аздараўліваюцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, у тым ліку дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вызначана, што ў профільныя палатачныя лагеры, за выключэннем аздараўленчых лагераў працы і адпачынку, накіроўваюцца дзеці ва ўзросце 12 гадоў і больш, дапускаюцца дзеці і ва ўзросце 9—11 гадоў, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку. А ў аздараўленчыя лагеры працы і адпачынку накіроўваюцца дзеці ва ўзросце 14 гадоў і больш.
Упершыню санітарнымі нормамі і правіламі ўстаноўлена і працягласць аздараўлення.
Варта адзначыць, што ў новай рэдакцыі правілаў утрымліваецца досыць спасылак на неканкрэтныя заканадаўчыя акты, на іншыя СанНіП без указання даты іх зацвярджэння. Гэта дапускаецца. Напрыклад, “вінаватыя за парушэнні СанНіП нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам”. Каб выключыць такія рэбусы, сёння мы ўпершыню распрацавалі пералік узаемазвязаных з СанНіП прававых актаў, які зараз размешчаны на сайце www.minzdrav.gov.by разам з новымі санітарнымі нормамі і правіламі.
— Ала Антонаўна, а ў цэлым новыя правілы сталі больш жорсткімі ці не?
— Адназначна сказаць немагчыма. Шэраг палажэнняў правілаў — гэта канкрэтызацыя палажэнняў зыходзячы з практыкі прымянення раней дзеючых правілаў, пэўныя нормы наадварот лібералізаваны, іншыя — сталі больш жорсткімі.
Напрыклад, канкрэтызавана, што праектная дакументацыя на рэканструкцыю, а таксама паслугі, звязаныя з харчаваннем, арганізацыяй адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў, пражываннем дзяцей, якія могуць уяўляць патэнцыяльную небяспеку для здароўя вучняў, падлягаюць дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе ва ўпаўнаважаных органах і ўстановах, якія ажыццяўляюць дзяржсаннагляд. Гэта азначае, што калі плануецца размяшчэнне аздараўленчай арганізацыі з кругласутачным знаходжаннем дзяцей не на сваіх стацыянарных базах, а на базе іншых устаноў і арганізацый, неабходна атрымаць заключэнне ўстановы дзяржсаннагляду на падставе праведзенай санітарна-гігіенічнай экспертызы. У такім выпадку звяртацца варта ва ўстанову дзяржсаннагляду па месцы рэгістрацыі заснавальніка аздараўленчага лагера. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нагляд ажыццяўляецца па месцы рэгістрацыі заснавальніка, а не па месцы размяшчэння аздараўленчага лагера. Тэрытарыяльнаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі неабходна дэлегаваць права на ажыццяўленне дзяржсаннагляду тэрытарыяльным цэнтрам па месцы размяшчэння аздараўленчага лагера. Гэта ў большай ступені тычыцца лагераў працы і адпачынку, лагераў абаронна-спартыўнага, ваенна-патрыятычнага, турыстычна-краязнаўчага профіляў.
Яшчэ адно немалаважнае ўдакладненне: функцыянаванне профільных палатачных лагераў не дапускаецца пры сярэднясутачнай тэмпературы атмасфернага паветра ніжэй за +15°С на працягу 5 дзён, ва ўмовах надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. У мінулым годзе, дарэчы, патрабаванні па захаванні сярэднясутачнай тэмпературы ў палатачных аздараўленчых лагерах не выконваліся: у першай палове чэрвеня, калі тэмпература атмасфернага паветра была ніжэй за +15°С, многія палатачныя лагеры ўсё ж функцыянавалі. Увогуле, у надыходзячым сезоне арганізатарам аздараўлення неабходна звярнуць большую ўвагу на арганізацыю палатачных лагераў. Варта памятаць, што да адкрыцця профільнага палатачнага лагера турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, спартыўна-аздараўленчага профіляў заснавальнік і кіраўнік лагера павінны аформіць маршрутны ліст, у якім неабходна паказаць маршрут перамяшчэння, месца размяшчэння або месцы стаянак больш адных сутак, месцы купання, прыёму ежы і закупкі харчовых прадуктаў, размяшчэнне арганізацый аховы здароўя, аддзяленняў сувязі, крыніц пітнога водазабеспячэння па месцы размяшчэння, а таксама пісьмова інфармаваць тэрытарыяльныя ўстановы, якiя ажыццяўляюць дзяржсаннагляд, аб магчымасці размяшчэння. Профільныя палатачныя лагеры аптымальна размяшчаць (арганізоўваць стаянку) у лясной зоне паблізу населенага пункта або аздараўленчай арганізацыі.
— А што наконт лібералізацыі пэўных пунктаў правілаў?
— Варта звярнуць увагу на наступныя моманты. Раней толькі аздараўленчыя лагеры турыстычна-краязнаўчага профілю дапушчалася размяшчаць у палатачным лагеры, цяпер і іншыя: абаронна-спартыўнага, ваенна-патрыятычнага, турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага профіляў, спартыўна-аздараўленчыя (ад спецыялізаваных спартыўных устаноў Мінспорту). Такім чынам, названыя аздараўленчыя неперасоўныя палатачныя лагеры могуць функцыянаваць пасля афармлення санітарнага пашпарта, а не акта прыёмкі.
Лібералізаваны і пэўныя моманты, што рэгламентуюць парадак арганізацыі харчавання выхаванцаў летнікаў. Зараз магчыма выкарыстоўваць розныя формы арганізацыі харчавання: заснавальнік можа арганізаваць харчаванне ва ўстанове адукацыі або на іншым аб’екце грамадскага харчавання, у палатачных аздараўленчых лагерах можа быць прывазное гарачае харчаванне або выкарыстоўвацца палявая кухня.
Акрамя таго, зыходзячы з практыкі, была прынята норма, якая дапускае не арганізоўваць дзённы сон у аздараўленчых (спартыўна-аздараўленчых) лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей з працягласцю аздараўлення да 6 дзён, а таксама ў спартыўна-аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей, якія размяшчаюцца на базе спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, сярэдніх школ — вучылішчаў алімпійскага рэзерву, спартыўных збудаванняў.
Унесены ў правілы і пэўныя карэктывы ў бок аптымізацыі запасаў пасцельнай бялізны, сталовага і кухоннага посуду.
Разам з тым пэўныя нормы сталі больш жорсткімі, што таксама абумоўлена практыкай. Так, зараз на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі могуць быць арганізаваны аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей толькі для вучняў 1-2 класаў. Раней было — для пачатковых, але практыка паказала, што ўмовы дзіцячага сада не дазваляюць якасна размясціць навучэнцаў больш старшых класаў.
Варта прыгадаць і такія нормы, як пашырэнне пераліку прадуктаў, аналагічна і ў школах, якія забараняецца выкарыстоўваць у харчаванні дзяцей (закусачныя агароднінныя і рыбныя кансервы, паштэты); удакладненне кратнасці харчавання дзяцей у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей: прадугледжана толькі трохразовае харчаванне. Прапісана забарона курэння ў аздараўленчым лагеры і на тэрыторыі лагера.
— Сёлета многім арганізатарам летняга аздараўлення дзяцей давялося сутыкнуцца з новай для іх формай — лагерам працы і адпачынку. Ці ўтрымліваюць санітарныя нормы і правілы палажэнні па арганізацыі такога віду аздараўлення і адпачынку?
— Так, безумоўна. Арганізатарам такога тыпу летнікаў варта памятаць, што да працоўнай дзейнасці ў лагерах працы і адпачынку дзеці дапускаюцца пасля ўступнага інструктажу і інструктажу на працоўным месцы па ахове працы, якія ўключаюць пытанні аховы жыцця і здароўя, выканання рэжыму працы, асабістай гігіены, аказання першай дапамогі і іншае.
У лагерах працы і адпачынку прадугледжваецца наступная працягласць работы: для дзяцей ва ўзросце 14—16 гадоў — 24 гадзіны ў тыдзень (4 гадзіны ў дзень); для дзяцей ва ўзросце 16 гадоў і больш — 36 гадзін у тыдзень (6 гадзін у дзень). Работа дзяцей арганізоўваецца, як правіла, у першую палову дня. Забараняецца арганізацыя работы дзяцей у вячэрні (пазней за 20 гадзін) і начны час, а таксама ў дзяржаўныя святы, выхадныя і святочныя дні. А пры вызначэнні віду работ, якія могуць выконваць дзеці, неабходна кіравацца Спiсам работ, на якiх забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, зацверджаным пастановай Мiнiстэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь “Аб Спiсе работ, на якiх забараняецца прымяненне працы асоб маладзейшых за васямнаццаць гадоў” ад 2 лютага 1999 г. № 13; пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2010 г. № 134 “Аб устанаўленні гранічных норм падымання і перамяшчэння непаўналетнімі цяжару ўручную”; пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2010 г. № 144 “Аб устанаўленні пераліку лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў”. Пры гэтым варта асобна падкрэсліць, што забараняецца арганізоўваць работу дзяцей у лагерах працы і адпачынку ў месцах размяшчэння часовых і стацыянарных складоў для захоўвання хімічных сродкаў абароны раслін і мінеральных угнаенняў, бліжэй чым за 5 кіламетраў ад месцаў апрацоўкі ядахімікатамі і пестыцыдамі палёў да заканчэння дапушчальнага тэрміну выхаду. Збор ураджаю з выкарыстаннем ручной працы дзяцей можа праводзіцца толькі на палях, апрацаваных у бягучым годзе пестыцыдамі трэцяга-чацвёртага класаў небяспекі, пасля правядзення даследаванняў на фактычнае ўтрыманне рэшткавай колькасці пестыцыдаў у глебе і раслінах, пацверджаных кіраўніком гаспадаркі. Не дапускаецца і праца дзяцей ва ўмовах перавышэння дапушчальных узроўняў гуку на працоўных месцах і на тэрыторыі, дзе яны працуюць, на адкрытым паветры ў неспрыяльных метэаралагічных умовах: ападкаў, пры тэмпературы паветра ніжэй чым -10°С або вышэй чым +25°С.
Тэмп і рытм працы дзяцей у лагерах працы і адпачынку вызначаецца ўзроставымі, індывідуальнымі асаблівасцямі, а таксама ўзроўнем працоўных навыкаў і ўменняў дзяцей. Праз кожныя 45—50 хвілін працы неабходна арганізоўваць 10—15-хвілінныя перапынкі для адпачынку, змены становішча цела, вытворчай гімнастыкі. А ў сярэдзіне працоўнага дня павінен быць перапынак для прыёму ежы і адпачынку працягласцю не менш чым 60 хвілін.