Лета кліча ў тайгу і на мора

Праз тыдзень уступіць у свае правы каляндарнае лета. Для многіх юнакоў і дзяўчат гэта не толькі час адпачынку, але і доўгачаканай… працы. Так, студэнты і навучэнцы навучальных устаноў рознага ўзроўню чакаюць пачатку летняга працоўнага семестра з нецярпеннем. Работа ў студатрадах — добраахвотная справа, аднак колькасць жадаючых далучыцца да яе не памяншаецца. Больш за тое, з мінулага года ў студэнцкія атрады, згодна з прэзідэнцкім Указам № 181 “Аб некаторых пытаннях арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў у Рэспубліцы Беларусь” ад 16 красавіка 2012 года, прымаюцца і школьнікі ва ўзросце ад 14 гадоў.
Ці шмат падлеткаў выказваюць жаданне папрацаваць на канікулах? Наколькі ахвотна наймальнікі працаўладкоўваюць непаўналетніх? Студатрады якога профілю карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў беларускай моладзі? Чаму маладыя людзі з году ў год вяртаюцца ў шэрагі байцоў студэнцкіх атрадаў, не зважаючы на пэўныя цяжкасці, з якімі ім непазбежна даводзіцца сутыкацца летам падчас работы?
Пра ўсё гэта мы гутарым з камандзірам Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзеяй ШАХОЎСКАЙ.

— Надзея Аляксандраўна, ці многія школьнікі летась, пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа прэзідэнта краіны, атрымалі сваю першую зарплату ў студатрадах?
— З ліку навучэнцаў, якія былі працаўладкаваны ў мінулым годзе падчас трэцяга працоўнага семестра, непаўналетнія складалі 40%. Найбольшая колькасць падлеткаў — байцоў студатрадаў адзначалася ў Віцебскай вобласці, менш за ўсё іх было ў Мінску, але не з-за недахопу жадаючых: сталіца не можа прапанаваць усе віды лёгкіх работ, паказаныя падлеткам. Напрыклад, патрэба ў сельскагаспадарчай дзейнасці, якой могуць займацца непаўналетнія, у горадзе практычна адсутнічае, школьнікі могуць працаваць хіба толькі ў цяплічных камбінатах. У рэгіёнах школьнікам значна прасцей уладкавацца на работу.
Між тым падлеткаў мы прымалі ў студатрады і раней, але толькі ў тых выпадках, калі наймальнікі былі не супраць. Зразумець апошніх нескладана, паколькі яны, прымаючы на работу непаўналетняе дзіця, бяруць на сябе вялікую адказнасць. Сёлета практыка прыцягнення ў студэнцкія атрады школьнікаў працягваецца.

— А якім чынам школьнік можа даведацца аб тым, як стаць байцом студатрада?
— Штогод вясной тэрытарыяльныя структуры Рэспубліканскага штаба працоўных спраў БРСМ арганізуюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі так званыя дні адкрытых дзвярэй. Сёлета гэтыя акцыі праводзяцца таксама ў сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і агульнаадукацыйных установах. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць інфармацыю аб наяўных працоўных месцах, умовах дагавораў і заработнай плаце. Сёння, напрыклад, мы можам прапанаваць ужо каля 33 000 працоўных месцаў, з улікам месцаў для непаўналетніх.

— У атрад якога профілю могуць быць прыняты падлеткі?
— Работу школьнікам рэальна атрымаць у сельскагаспадарчых і экалагічных працоўных атрадах. (Безумоўна, у тых, што ствараюцца па месцы жыхарства падлеткаў.) Вакансіі непаўналетнім могуць прапанаваць і прадпрыемствы сферы абслугоўвання.
Дарэчы, сёлета БРСМ разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі выступіў з прапановай пашырыць пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць школьнікі. Калі ён будзе зацверджаны, дзеці падчас працоўнага семестра змогуць займацца распрацоўкай нескладаных камп’ютарных праграм, стварэннем камп’ютарных прэзентацый, будуць аказваць дапамогу старым людзям і нават працаваць у якасці карэспандэнтаў. І ўсё гэта — за пэўную плату.

— З чаго складаецца працэдура залічэння ў працоўны атрад школьніка?
— Спачатку падлетку неабходна прайсці ўсе віды атэстацыі ў школе, іншымі словамі — “здаць хвасты”. Потым яму неабходна падаць адпаведную заяву ў раённы штаб працоўных спраў (у тэрытарыяльны камітэт БРСМ па месцы жыхарства або ў пярвічную арганізацыю БРСМ сваёй навучальнай установы). Пры наяўнасці свабодных месцаў будучаму байцу выдадуць накіраванне на праходжанне медкамісіі.
Запісацца ў студэнцкі ці працоўны атрад школьнікі могуць нават зімой, у лютым. Можна проста пакінуць анкету з данымі пра сябе і сваімі пажаданнямі, дзе хацелася б працаваць. Гэта нават вітаецца, паколькі, калі з’явяцца прапановы, мы ўжо будзем прыкладна ведаць, на каго могуць разлічваць наймальнікі.
Перад пачаткам работы дзецям абавязкова давядзецца прайсці навучанне па тэхніцы бяспекі і асновах працоўнага заканадаўства, якое праводзяць па-за вучэбнымі заняткамі педагогі школы, адказныя за пытанні бяспекі. Пры паступленні на работу ўводныя інструктажы з падлеткамі праводзяць ужо наймальнікі.

— Цяпер давайце пагаворым пра студэнцкую моладзь. Студатрады якога профілю плануецца стварыць сёлета? Якія з іх самыя папулярныя? І на якіх аб’ектах беларуская моладзь будзе працаваць летам 2013 года?
— Сёлета плануецца арганізаваць студатрады па ўсіх асноўных профілях дзейнасці, што заяўлены ў Палажэнні аб студатрадаўскім руху БРСМ: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, сэрвісныя, экалагічныя. Найбольш масавы напрамак — сельскагаспадарчы, на другім месцы па папулярнасці знаходзяцца будаўнічыя атрады, за імі ідуць сэрвісныя, педагагічныя і экалагічныя.
Гэтым летам беларуская моладзь прадоўжыць працаваць на будаўніцтве комплексу “Студэнцкая вёска”, штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, аквапарка на праспекце Пераможцаў у сталіцы, многафункцыянальнага спартыўна-забаўляльнага комплексу “Чыжоўка-Арэна”; прыме ўдзел у рэканструкцыі парку Перамогі ў Мінску і Быхаўскага замка ў Магілёўскай вобласці, у падрыхтоўцы Жлобіна да рэспубліканскага фестывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Акрамя таго, для работы беларускіх студэнтаў заключаны дагаворы за межамі краіны (плануецца накіраваць не менш як 2000 чалавек). У гэтым годзе БРСМ прадоўжыць супрацоўніцтва і з традыцыйнымі работадаўцамі — дзіцячым аздараўленчым лагерам “Залаты колас”, САК “Белая Русь”, УДЦ “Арляня” ў Краснадарскім краі, дзе на працягу многіх гадоў працавалі педагагічныя і сэрвісныя атрады з Беларусі.
Таксама плануецца працоўны ўдзел беларускіх будатрадаў ва Усерасійскай студэнцкай будоўлі на Баваненкаўскім нафтагазакандэн-сатным радовішчы (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга; туды запрашаюць больш за 200 беларусаў), а атрады сельскагаспадарчага профілю будуць збіраць ураджай у Падмаскоўі. Упершыню Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заключае сёлета дагаворы з ДАК “Крыніца”, пансіянатам “Лазурны” (Краснадарскі край) і іншымі наймальнікамі. Трэці год запар юнакам і дзяўчатам будзе прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі праваднікоў на Расійскай чыгунцы. Дарэчы, два гады назад на Расійскую чыгунку мы накіравалі толькі 30 чалавек, летась на работу туды выехалі ўжо 216 студэнтаў, а сёлета згаданы наймальнік гатоў прыняць каля 1500 беларускіх студэнтаў.

— Лічба немалая… Як вы думаеце, набраць столькі жадаючых будзе няцяжка?
— Практыка паказвае, што якраз з жадаючымі праблем няма, нягледзячы на тое, што працаваць правадніком даволі складана. Заявак у гэты атрад падаецца нямала, аднак трапіць у яго можа далёка не кожны. Часта перашкодай для выезду для маладых людзей становіцца… стан іх здароўя: падчас праходжання медкамісіі ў студэнтаў выяўляюцца сур’ёзныя проціпаказанні. І гэта тычыцца не толькі атрада праваднікоў. Напрыклад, у будатрад на Ямал мы набіралі студэнтаў універсітэта фізічнай культуры, дык з 20 чалавек прыгоднымі аказаліся крыху больш за палову!

— А з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца студатрадаўцы-праваднікі? Гэтая работа, на першы погляд, падаецца даволі простай — катайся сабе ды назірай праз акно цягніка новыя гарады і вёскі.
— Не, работа правадніка зусім няпростая. Самае цяжкае выпрабаванне для дзяўчат (а праваднікамі працуюць у асноўным дзяўчаты) — гэта адсутнасць магчымасці паўнацэннага сну. Працоўная змена правадніка прадугледжвае 8 гадзін сну, але вельмі часта гэтыя гадзіны дробняцца. Усё залежыць ад графіку работы. Праваднік спіць на працягу таго часу, калі яго могуць падмяніць. Гэта можа быць і 4 гадзіны, і 2. Бывае і так, што час на адпачынак ёсць, але на наступнай станцыі пасажыру трэба выходзіць, і праваднік мусіць яго разбудзіць і высадзіць на прыпынку.
Акрамя таго, праваднік выконвае шмат іншай работы. Расійскі бок плаціць за афармленне медыцынскай кніжкі будучых работнікаў з ліку нашых студэнтаў і за навучанне апошніх асновам прафесіі. Навучанне арганізуецца дыстанцыйна. Напярэдадні заключэння дагавора студэнты праходзяць субяседаванне, а потым выязджаюць у Расію для праходжання практычных курсаў, пасля чаго здаюць экзамен і ажыццяўляюць пробны рэйс.

— Якія веды яны павінны прадэманстраваць падчас экзамену?
— Будучым праваднікам неабходна ведаць сігнальныя агні, якія выкарыстоўваюцца на чыгунцы; правілы прыбірання вагонаў, нормы продажу чайнай прадукцыі, вады, пячэння. Трэба таксама ўмець уключаць радыё і кандыцыянер, карыстацца спецыяльным табло, на якім пазначаюцца станцыі, дзе выйдуць і зойдуць пасажыры. Прыняць і здаць вагон — таксама вялікая і адказная работа.
Нягледзячы на пералічаныя цяжкасці, беларускія студэнты не адмаўляюцца ад работы праваднікамі. Ёсць нават такія, хто пасля заканчэння навучальнай установы і атрымання свабоднага размеркавання ўладкоўваецца працаваць на Расійскую чыгунку, прайшоўшы дадатковае навучанне. І не апошнюю ролю тут адыгрывае нядрэнны заробак. Напрыклад, летась за 1,5 месяца работы праваднікамі байцы зараблялі каля 800 долараў. Ну і без рамантыкі, канечне, не абыходзіцца. Напрыклад, некаторыя дзяўчаты-праваднікі за тыя дзве гадзіны, што цягнік стаіць у Анапе, нават паспяваюць у моры пакупацца.

— Што да рамантыкі, то я з вамі згодна. Са свайго студэнцкага вопыту ведаю: часам у студатрад едзеш проста “за туманом и за запахом тайги”. Уражанняў пасля працяглых падарожжаў, асабліва калі размова заходзіць пра паездку на Ямал, у байцоў студатрадаў, напэўна, не займаць?
— Сапраўды, юнакі і дзяўчаты суткамі гатовы расказваць пра новыя гарады і жыццё ў студатрадзе, прывозяць шмат цудоўных фотаздымкаў. На Ямал, напрыклад, юнакі едуць чацвёра сутак, цягнік праходзіць праз многія гарады. Гэта цудоўная магчымасць пабачыць свет! Ягада марошка, стаянка мамантаў, знаёмства з ненцамі, паўночнае ззянне — ужо толькі дзеля гэтага, напэўна, можна запісвацца ў будатрад.
Ці яшчэ адзін “рамантычны” прыклад. У першыя гады на Ямале не было чыгуначных шляхоў, і з Урангоя на паўвостраў нашых байцоў дастаўлялі на верталёце. Ведаючы гэта, пяцёра навучэнцаў Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа запісаліся ў атрад толькі дзеля таго, каб здзейсніць такі палёт. (Смяецца.)
Безумоўна, працаваць маладым людзям няпроста, але ж яны набываюць каштоўны жыццёвы вопыт, у тым ліку і вопыт зносін з людзьмі, вучацца знаходзіць выйсце з розных сітуацый. Менавіта ў студатрадзе, падчас пражывання ў даволі складаных умовах, завязваецца тое самае сапраўднае сяброўства, якое застаецца на ўсё жыццё.

— Як даўно беларускія студэнты накіроўваюцца працаваць на Ямал у складзе будатрада? Навучэнцы якіх устаноў часцей за ўсё выказваюць жаданне працаваць менавіта там? Колькасны склад атрада заўсёды аднолькавы?
— Сёлета на Ямал беларускі будатрад паедзе ўжо сёмы раз. Колькасць чалавек у ім залежыць ад аб’ёму работ, якія трэба выканаць. Былі гады, калі выязджала 170 чалавек, а сёлета аднаму наймальніку патрабуецца 40 байцоў, а другому — 200. Што да навучальных устаноў, то на Ямал часцей за іншых выязджалі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту, навучэнцы Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

— А які заробак у байца, што працуе на Ямале?
— У сярэднім яны зарабляюць ад 700 долараў у месяц. Гэта выдатная магчымасць і за вучобу заплаціць пры неабходнасці, і набыць нейкія патрэбныя рэчы. Напрыклад, адзін юнак, адпрацаваўшы ў будатрадзе, купіў сабе электронны планшэт такой мадэлі, якую, па яго словах, у Беларусі не знойдзеш.

— Ці бываюць выпадкі, калі дагавор з наймальнікам не працягваецца? Калі так, то па якіх прычынах?
— Такія выпадкі здараюцца нячаста, і прычынай, як правіла, выступае невыкананне наймальнікамі сваіх абавязкаў. Акрамя таго, мы заўсёды прыслухоўваемся да меркавання студэнтаў: калі ім падабаецца, дагавор мы працягваем. Наконт работы беларускіх студэнтаў пытанняў ніколі не ўзнікае — іх толькі хваляць.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.