Мадэрнізацыя школы па міжнародных стандартах

Праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі”, які рэалізоўваецца ў краіне з 2016 года, быў распрацаваны Міністэрствам адукацыі сумесна з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Ініцыятывы праекта накіраваны на стварэнне якасных умоў навучання ў сельскай мясцовасці і раённых гарадах.

Больш падрабязна пра тое, як і на якіх умовах у краіне рэалізоўваецца праект, расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Святлана Сцяпанаўна ВАШКЕВІЧ.

— Святлана Сцяпанаўна, у сферы адукацыі нашай краіны Міжнародны банк упершыню рэалізоўвае такі маштабны фінансавы праект. На якія адукацыйныя аб’екты і для якіх мэт краіне, згодна з міжнародным дагаворам, былі выдзелены грашовыя сродкі?

— Праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі” рэалізоўваецца ў адпаведнасці з дагаворам аб пазыцы, які заключаны паміж нашай краінай і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця.

Згодна з пагадненнем аб пазыцы, праект рэалізоўваецца на працягу 5 гадоў. Грошы, выдзеленыя банкам, выкарыстоўваюцца выключна для мэт і кампанентаў праекта. Першы кампанент накіраваны на стварэнне якасных умоў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія прымаюць навучэнцаў з тых школ, што былі закрыты ці рэарганізаваны. У рамках гэтага кампанента ажыццяўляецца рэканструкцыя і капітальны рамонт устаноў адукацыі і выдзяляецца вучэбна-лабараторнае абсталяванне для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі.

Другі кампанент — мадэрнізацыя сістэмы кіравання агульнай сярэдняй адукацыяй. Гэтая частка праекта прадугледжвае падтрымку мерапрыемстваў, якія звязаны з удзелам нашай краіны ў праграме PISA-2018, а таксама распрацоўку і развіццё інтэграванай сістэмы збору, апрацоўкі і аналізу першапачатковых даных, якія паступаюць ад устаноў адукацыі.

Сутнасць аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы кіравання — збор, апрацоўка, абслугоўванне, інтэграцыя з інфармацыйнымі рэсурсамі і сістэмамі, базамі і банкамі даных сістэмы адукацыі нашай краіны.

Сёння мы збіраем звесткі, але яны не да канца сістэматызаваны. Новая сістэма дапаможа ўсё абагульніць і будзе даваць карыстальніку агульную інфармацыю па яго запытах.

Трэці кампанент зведзены ў пункт “Падтрымка і рэалізацыя праекта”. У Нацыянальным інстытуце адукацыі створана ўпраўленне па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якое ажыццяўляе ўсю каардынацыю.

На сённяшні дзень у праекце задзейнічаны 125 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія знаходзяцца ў раённых цэнтрах. Пералік устаноў адукацыі быў вызначаны яшчэ на этапе падрыхтоўкі праекта. Галоўны крытэрый адбору — школы, у якія ажыццяўляецца падвоз навучэнцаў. Усе ўстановы, зразумела, знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.

Рэалізацыя праекта адбываецца паэтапна, па гадах. Кожная вобласць паведамляе, якія ўстановы і ў які год патрабуюць таго, каб у іх была праведзена рэканструкцыя, рамонт ці мадэрнізацыя. На сённяшні дзень усе заяўленыя ўстановы адукацыі так ці інакш задзейнічаны ў праекце. За першы год рэалізацыі праекта былі адрамантаваны 24 установы адукацыі. Так, шмат навучальных устаноў Гродзенскай вобласці палепшылі сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, былі адрамантаваны. У прыватнасці, у Воранаўскай сярэдняй школе адрамантавалі спартыўную і актавую залы, а таксама было дабудавана дадатковае памяшканне да харчаблока. У Астраўцы ў сярэдняй школе № 1 быў праведзены капітальны рамонт 1—3 паверхаў школы і рамонт вентыляцыі, а таксама мадэрнізаваны харчаблок, спартыўная зала.

У Ашмянах Міжнародны банк прафінансаваў мадэрнізацыю харчаблока, выдзеліў сродкі на капітальны рамонт даху школы і вентыляцыі спартыўнай залы. У сярэдніх навучальных установах Навагрудка былі праведзены работы па цеплавой рэабілітацыі будынкаў школ, там, дзе патрабавалася, былі заменены вокны, а таксама мадэрнізаваны інжынерныя сеткі.

Акрамя гэтага, у асобных школах гэтым летам таксама вяліся і будуць весціся будаўніча-мантажныя работы. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці за кошт пазыкі Міжнароднага банка выкананы рамонтна-будаўнічыя работы на 4 аб’ектах. Ужо праведзены рамонт у спартыўнай зале сярэдняй школы № 2 Маларыты.

— Як ажыццяўляюцца закупкі? Хто іх аб’яўляе, выбірае падрадчыка і кантралюе яго дзейнасць?

— У гэтым пытанні таксама свае асаблівасці. Мы аб’яўляем тэндар на закупкі, выбіраем падрадчыка, які пасля займаецца работамі. Згодна з распараджэннем кіраўніка краіны аб рэалізацыі пагаднення аб пазыцы, для кожнай вобласцi вызначаны сумы сродкаў. Зыходзячы з гэтага, кіраўніцтва вобласці прызначае тыя віды работ, якія неабходна правесці ў той ці іншай установе адукацыі. Работы, якія патрабавалася правесці ў школах, у першую чаргу тычыліся поўнага ці частковага капітальнага рамонту. У многіх установах патрабавалася замяніць вокны, шмат дзе мянялі дах. Акрамя гэтага, у школах рамантаваліся спартыўныя залы. Калі неабходна было памяняць і вокны, і дах, рабілася ўсё адразу. Такім чынам, усё ўпіралася ў запыты школы, пасля разгляду якіх заказчыкі складалі тэхнічныя заданні.

У абавязковым парадку рамантаваліся класы, забяспечваліся неабходным вучэбным абсталяваннем. Абсталяванне таксама закупаецца ў адпаведнасці з запытамі той ці іншай школы. Калі патрабавалася абнавіць кабінет фізікі, закупалі не толькі абсталяванне, неабходнае для якаснага правядзення ўрокаў, але і мэблю.

Аб’яўлены закупкі па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для мадэрнізацыі школ, якія яшчэ не рамантаваліся. Плануецца, што да сярэдзіны 2019 года будуць распрацаваны праекты на ўсе ўстановы адукацыі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праекта. Рамонт, зразумела, таксама будзе адбывацца паэтапна.
Да студзеня 2021 года праект павінен быць завершаны, а значыць, усе 125 школ будуць адрамантаваны і абсталяваны новай мэбляй і неабходнымі сродкамі для навучання.

— У рамках праграмы “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі” пачынае дзейнічаць пілотны праект па інавацыйна-адукацыйным асяроддзі. У чым яго сутнасць?

— Ідэя знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, апрабацыя плануецца ў школе аграгарадка Вяззе Асіповіцкага раёна. Сутнасць праекта — нестандартная арганізацыя навучальнага асяроддзя. Ужо вызначана, што інавацыйныя рашэнні будуць прыменены ў пачатковай школе. Для таго каб дзеці на перапынках не марнавалі час, для іх абсталююць спецыяльнае месца для правядзення інтэлектуальных перапынкаў. Так, у зоне будзе ўсталяваны інтэрактыўны экран, размешчана мэбля-трансформер. Калі настаўнік захоча правесці заняткі тут, ён зможа выкарыстаць інтэрактыўную зону адпачынку, якая трансфармуецца.

Сёння ў нас ідуць размовы з Міжнародным банкам пра адкрыццё дадатковага фінансавання ў рамках праекта яшчэ на $50 млн. Плануецца, што, дзякуючы фінансаваму ўзаемадзеянню, яшчэ ў некалькіх школах адкрыюцца такія ж інавацыйныя куткі навучання. Але зноў жа ўсё будзе рабіцца з улікам вопыту вяззеўскай школы. Толькі абагульніўшы іх вопыт, зрабіўшы высновы наконт таго, што неабходна дапрацаваць, пачнём распрацоўваць ідэю стварэння чарговых інавацыйна-адукацыйных школьных зон. На ўдзел у праекце змогуць прэтэндаваць раённыя школы. Упраўленні адукацыі аблвыканкамаў ужо прадставілі адпаведныя спісы, а таксама падрыхтавалі інфармацыю, колькі грошай спатрэбіцца на рэалізацыю цікавай задумы і якая колькасць школ будзе ўдзельнічаць у новым фінансаванні. Зразумела, зараз мы гаворым не пра малакамплектныя ўстановы. Аб’ектамі рэалізацыі праекта будуць тыя сярэднія навучальныя ўстановы, якія працуюць на перспектыву развіцця рэгіёна, дзе паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя, якія маюць пастаянную напаўняльнасць і куды для навучання падвозяць дзяцей з тых вёсак, дзе школы былі ці будуць закрыты згодна з рэарганізацыяй сістэмы адукацыі.

— Вы згадалі, што, дзякуючы праекту па мадэрнізацыі, школы могуць прымаць удзел у праграме PISA. Што ляжыць у яе аснове?

— Так, наша краіна ўпершыню прымае ўдзел у міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA (Programme for International Student Assessment), дзейнасць за якой ажыццяўляе Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD).
Праграма ўяўляе сабой маніторынгавае даследаванне якасці адукацыі і накіравана на вырашэнне шматлікіх пытанняў, напрыклад, ці валодаюць навучэнцы ведамі і ўменнямі, неабходнымі для таго, каб свабодна жыць, мысліць у сучасным грамадстве.

PISA — гэта міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў, якая праводзіцца кожныя 3 гады. Праграма аналізуе эфектыўнасць сістэмы адукацыі ў розных краінах і ацэньвае граматнасць школьнікаў.
Упершыню тэст быў праведзены ў 2000 годзе. Як правіла, у праграме прымаюць удзел 15-гадовыя падлеткі з розных краін свету. Так, сёння ў PISA ўдзельнічаюць больш за 70 краін, сярод якіх ЗША, Германія, Японія, Аўстралія, Фінляндыя і інш. Па выніках даследавання складаецца рэйтынг краін па якасці сярэдняй адукацыі.

Галоўным патрабаваннем да ўдзелу ў PІSA з’яўляецца магчымасць забяспечыць правільную тэхналогію правядзення даследавання, якое навучэнцы праходзяць на камп’ютары. Адміністратар, які прысутнічае на тэсціраванні, павінен не проста зайсці ў аўдыторыю і зачытаць правілы. Яму трэба дасканала ведаць правілы правядзення выпрабавання. Словы, якія гаворыць адміністратар, павінны быць аднолькавымі па сэнсе ў аўдыторыях усіх краін, якія прымаюць удзел у даследаванні. Гэта неабходна, каб дзеці знаходзіліся ў роўных умовах. Заданні PISA перакладаюцца. Спачатку гэта робяць спецыялісты Інстытута кантролю ведаў, а пасля пераклад верыфікуецца ў адпаведнасці з эталонам міжнароднага агенцтва.

— Святлана Сцяпанаўна, калі яшчэ раз звярнуцца да праекта, скажыце, ці могуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі самастойна выказваць жаданне на ўдзел у праекце Міжнароднага банка? Да каго патрэбна дастукацца, каб на школу звярнулі ўвагу і ўключылі ў спіс аб’ектаў, якія патрабуюць міжнароднага фінансавання?

— У Беларусі вельмі добра наладжана сувязь паміж аб’ектамі адукацыі і аддзеламі ўпраўлення адукацыяй. Відавочна, каб школа трапіла ў спіс аб’ектаў праекта, неабходна, каб заяўку аб гэтай навучальнай установе Міністэрству адукацыі пакінула ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Гэта значыць, што патрэбна ўзаемадзейнічаць па ўзыходзячай з усімі адказнымі структурамі.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*