Атрымаць дыплом і не разарыцца?

Сёння цяжка здзівіць наяўнасцю дыплома аб вышэйшай адукацыі. Але, на жаль, не кожнаму шанцуе вучыцца за бюджэтныя сродкі. Альтэрнатывай з’яўляецца платнае навучанне, якое пацягнуць не ўсім сем’ям пад сілу. Тым не менш тыя абітурыенты, каму не хапае балаў, таксама могуць разлічваць на атрыманне дыплома ўніверсітэта. І адзіным выйсцем у такой сітуацыі з’яўляецца атрыманне крэдыту на навучанне.

Пра тое, як, хто і на якіх умовах можа разлічваць на атрыманне крэдыту на навучанне, растлумачыла галоўны спецыяліст упраўлення метадалогіі крэдытна-дэпазітных аперацый Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Таццяна Яўгенаўна СІЛЬВАНОВІЧ.

— Таццяна Яўгенаўна, чым крэдыт на навучанне адрозніваецца ад спажывецкага крэдыту?

— У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 года № 149 (далей — Інструкцыя № 149), крэдыты фізічным асобам дзеляцца на крэдыты для фінансавання нерухомасці і спажывецкіх патрэб.

Крэдыт на навучанне адносіцца да крэдытаў на спажывецкія патрэбы з умовай яго мэтавага выкарыстання. У крэдытным дагаворы пазначаецца, на што выдзяляюцца грашовыя сродкі, а значыць, выкарыстоўваць іх на іншыя мэты забаронена (калі іншае не прадугледжана крэдытным дагаворам). Пры гэтым банк будзе патрабаваць прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне крэдыту. Прадастаўленне крэдыту ажыццяўляецца, як правіла, у безнаяўным парадку шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак установы адукацыі.

— У якіх выпадках фізічнай асобе можа быць адмоўлена ў выдачы адпаведнага крэдыту?

— Абавязковыя ўмовы прадастаўлення крэдыту прадугледжваюцца банкамі самастойна і павінны быць зацверджаны лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Невыкананне гэтых умоў будзе з’яўляцца падставай для адмовы ў прадастаўленні крэдыту. Сярод такіх падстаў могуць быць перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню паказчыка пазыковай нагрузкі (ППН), недастатковасць забеспячэння, негатыўная крэдытная гісторыя і інш.

Вырашаючы пытанне аб прадастаўленні крэдыту, банкі ацэньваюць крэдытаздольнасць заяўніка на падставе шматфактарнага аналізу. У тым ліку ацэньваецца заяўлены кліентам узровень даходаў, магчымасць своечасова ажыццяўляць рэгулярныя плацяжы ў пагашэнне крэдыту і працэнтаў за карыстанне ім у адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора, а таксама вывучаюцца звесткі, якія змяшчаюцца ў крэдытных гісторыях.

Падчас ацэнкі крэдытаздольнасці заяўніка (крэдытаатрымальніка), фізічнай асобы падчас прадастаўлення крэдыту на спажывецкія патрэбы банк павінен выкарыстоўваць ППН (працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару (плацяжы па крэдытных дагаворах, дагаворах пазыкі з мікрафінансавых арганізацыі, дагаворах факторынгу, лізінгу і інш.) да памеру сярэднямесячнага даходу крэдытаатрымальніка). Названы паказчык не павінен перавышаць 40 працэнтаў.

У адпаведнасці з артыкулам 141 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, крэдытадаўца мае права адмовіць у заключэнні крэдытнага дагавора пры наяўнасці звестак аб тым, што дадзеная крэдытаатрымальніку сума крэдыту не будзе вернута (пагашана) у тэрмін, а таксама пры наяўнасці іншых падстаў, здольных паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязкаў па крэдытным дагаворы або прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У выпадку адмовы ў заключэнні крэдытнага дагавора банкам рэкамендавана даступна, аргументавана і кампетэнтна тлумачыць заяўнікам (крэдытаатрымальнікам) прычыны прыняцця адмоўнага рашэння аб прадастаўленні крэдыту.

— Як вызначаецца і ад чаго залежыць памер крэдыту?

— Крэдыты на навучанне могуць быць прадастаўлены на льготных умовах і на ўмовах, якія вызначаюцца банкамі. Ільготныя крэдыты прадастаўляюцца ААТ “АСБ Беларусбанк” у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 616 “Аб прадастаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, якая атрымліваецца ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на платнай аснове” (далей — Указ № 616). Максімальна магчымы памер ільготнага крэдыту на навучанне вызначаецца штогод для кожнай часткі крэдыту і не можа перавышаць 70 працэнтаў кошту навучання за навучальны год. Акрамя гэтага, памер крэдыту можа быць паменшаны ў выпадку перавышэння значэння ППН устаноўленага памеру. Таму варта адзначыць, што льготны крэдыт прадастаўляецца грамадзянам, калі сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не перавышае 350 працэнтаў зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Увогуле, з умовамі прадастаўлення банкамі іншых крэдытаў на навучанне можна азнаёміцца на афіцыйных сайтах банкаў. Таксама можна атрымаць кансультацыі непасрэдна ў саміх банках.

— Крэдыт на навучанне можна атрымаць толькі тым, хто паступіў на дзённае платнае навучанне ва ўніверсітэт, ці на яго могуць разлічваць і тыя, хто вучыцца ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах? І ці можна разлічваць на грашовую падтрымку, атрымліваючы другую вышэйшую адукацыю на платнай аснове?

— Ільготныя крэдыты на навучанне ў адпаведнасці з Указам № 616 прадастаўляюцца для аплаты першай вышэйшай адукацыі на платнай аснове (дзённая форма навучання) у дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі краіны і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Крэдыты на навучанне на ўмовах банкаў могуць быць прадастаўлены на аплату адукацыі розных форм навучання (дзённая, вячэрняя, завочная) як у вышэйшых навучальных установах, так і ў сярэдніх спецыяльных.

Што тычыцца другой вышэйшай адукацыі, узяць ільготны крэдыт на навучанне ў гэтым выпадку нельга. У адпаведнасці з Указам № 616, ільготныя крэдыты прадастаўляюцца толькі на аплату першай вышэйшай адукацыі. Калі гаварыць пра крэдыты на навучанне на ўмовах банка для атрымання другой вышэйшай адукацыі на платнай аснове, магчымасць іх прадастаўлення варта ўдакладняць непасрэдна ў самой фінансавай установе.

— Што рабіць, калі студэнта адлічваюць з дзённай платнай формы навучання? Што ў гэтым выпадку адбываецца з выдзеленымі на навучанне грашыма? Як ажыццяўляецца іх вяртанне?

— Па крэдытах, прадастаўленых у адпаведнасці з Указам № 616, пры адлічэнні навучэнца з дзяржаўнай установы вышэйшай адукацыі, установы вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі або ўстановы вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі крэдытаатрымальнік абавязаны вярнуць крэдыт на працягу года з дня адлічэння з выплатай працэнтаў за карыстанне крэдытам у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка за ўвесь перыяд карыстання крэдытам.

Зразумела, што па крэдытах на навучанне на ўмовах банкаў тэрміны вяртання (пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне ім рэгулююцца крэдытным дагаворам.

— Ці трэба, беручы крэдыт на навучанне, прадастаўляць дадатковыя гарантыі вяртання грошай у выглядзе паручыцельства?

— Банкі самастойна вызначаюць абавязковыя ўмовы прадастаўлення крэдыту, у тым ліку і патрабаванні да забеспячэння выканання абавязкаў па крэдытным дагаворы. Па крэдытах на навучанне банкі, як правіла, у якасці забеспячэння выканання абавязкаў па адпаведным дагаворы прымаюць паручыцельства фізічных асоб.

У адпаведнасці з артыкулам 126 Банкаўскага кодэкса, выкананне абавязкаў па дагаворах, якія заключаюцца банкамі, можа забяспечвацца гарантыйным дэпазітам грошай, перакладам прававога тытула на маёмасць, у тым ліку на маёмасныя правы, залогам нерухомай і рухомай маёмасці, паручыцельствам, гарантыяй і іншымі спосабамі, прадугледжанымі заканадаўствам ці дагаворам.

— Як вызначана сістэма пагашэння крэдыту фінансавай установе? З чаго складаюцца плацяжы і ў якім парадку трэба выплачваць грошы?

— У адпаведнасці з Указам № 616, вяртанне льготнага крэдыту ажыццяўляецца з наступнага месяца пасля заканчэння дзяржаўнай установы вышэйшай адукацыі, установы вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі або ўстановы вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на працягу 5 гадоў. Працэнты за карыстанне крэдытам крэдытаатрымальнік выплачвае ў памеры 1/2 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка штомесяц, пачынаючы з наступнага месяца пасля атрымання кожнай часткі крэдыту.

Парадак вяртання крэдытаў і выплаты працэнтаў за карыстанне імі, прадастаўленых на ўмовах банкаў, вызначаюцца банкамі самастойна.

— Калі гаварыць пра маладых спецыялістаў, на што і на якіх умовах ім могуць выдавацца льготныя крэдыты? Ад чаго залежыць памер крэдыту? Якія дакументы трэба сабраць, перш чым ісці ў банк?

— Прадастаўленне льготных крэдытаў маладым спецыялістам ажыццяўляе ААТ “АСБ Беларусбанк” у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2000 года № 631 “Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян”.

Льготныя крэдыты прадастаўляюцца ў памеры да 15-кратнага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага на дату выдачы крэдыту, тэрмінам да 5 гадоў з выплатай за карыстанне імі 25 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка. Вяртанне крэдыту і выплата працэнтаў за карыстанне ім ажыццяўляюцца пасля заканчэння 6 месяцаў з дня іх выдачы роўнымі долямі на працягу ўсяго перыяду пагашэння.

Ільготныя крэдыты выдзяляюцца выпускнікам дзяржаўных устаноў адукацыі і ўстаноў адукацыі спажывецкай кааперацыі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю і пачалі працаваць па размеркаванні ці накіраванні на працу (ці былі накіраваны для праходжання службы) не па месцы жыхарства бацькоў, а таксама ў раёны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Увогуле, падрабязны спіс тых, хто можа разлічваць на атрыманне льготнага крэдыту, можна знайсці ў названым указе, а таксама на сайце ААТ “АСБ Беларусбанк”.

Крэдыты выдаюцца на набыццё неабходнай для дома тэхнікі, а таксама на тавары першай неабходнасці, якія выраблены ў Рэспубліцы Беларусь.

Ільготныя крэдыты маладым спецыялістам прадастаўляюцца па спісах, якія зацверджаны раённымі, гарадскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі на падставе хадайніцтваў тых арганізацый, у якія былі накіраваны на працу маладыя спецыялісты.

Што тычыцца дакументаў, якія неабходны для атрымання крэдыту, іх пералік можна знайсці на сайце ААТ “АСБ Беларусбанк”.

— Ці існуе льготнае крэдытаванне для маладых спецыялістаў на пакупку жылля?

— Ільготнае крэдытаванне грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года № 13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў” (далей — Указ № 13). Падпунктам 1.1 пункта 1 Указа № 13 вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготнага крэдыту. Такая катэгорыя, як “малады спецыяліст”, Указам № 13 не прадугледжана.

— Таццяна Яўгенаўна, як не заблытацца ў інфармацыі наконт умоў атрымання крэдыту? На што фінансава дасведчаны чалавек перш за ўсё павінен звяртаць увагу?

— У першую чаргу неабходна ацаніць стабільнасць сваёй фінансавай сітуацыі і магчымасць своечасова ажыццяўляць плацяжы па крэдытным дагаворы, прааналізаваць магчымыя фінансавыя рызыкі. Варта дакладна ўсведамляць, што крэдыт неабходна вяртаць строга ў адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора, а таксама выплачваць банку працэнты за карыстанне крэдытам.

Прыняццю найлепшага рашэння пры выбары банкаўскіх прадуктаў можа спрыяць уважлівае вывучэнне прапаноў некалькіх банкаў. Перад падпісаннем крэдытнага дагавора неабходна старанна вывучыць яго ўмовы, якія ўстанаўліваюць правы і абавязкі, удакладніць неабходную інфармацыю. У выпадку наяўнасці ў крэдытным дагаворы ўмоў, сэнс якіх не зразумелы, варта прасіць тлумачэння і прадстаўлення адпаведных дакументаў у супрацоўнікаў банкаў.

Права крэдытаатрымальніка на атрыманне своечасовай (да заключэння крэдытнага дагавора або дадатковага пагаднення да яго) і пэўнай інфармацыі замацавана ў Інструкцыі № 149.

Гутарыла Наталля САХНО.