Штогод на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне насельніцтва краіны, а дзяцей у першую чаргу, выдзяляюцца значныя грашовыя рэсурсы. Паказальна, што лячэбная і матэрыяльна-тэхнічная база лагераў і санаторыяў, дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню, становіцца прывабнай не толькі для беларусаў, але і для жыхароў бліжняга замежжа.
Пра тое, чаму так цяжка тут і зараз набыць пуцёўку ў беларускі санаторый, а таксама пра арганізацыю летняй аздараўленчай кампаніі для дзяцей, і тое, каму з іх можна паехаць у адпаведныя ўстановы бясплатна, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Мікалаевіч БАЛБАТОЎСКІ.
— Генадзь Мікалаевіч, якія ўмовы створаны ў нашай краіне для арганізацыі адпачынку дзяцей і падлеткаў? Колькі лагераў і санаторыяў, у якіх могуць адпачыць навучэнцы, сёння функцыянуе?
— Наша краіна валодае ўсімі неабходнымі фактарамі, якія дазваляюць арганізоўваць якаснае і даступнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне дзяцей.
Сюды адносяцца наша прырода, высокакваліфікаваныя спецыялісты сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва і, вядома, інфраструктура.
Так, інфраструктура дзіцячага адпачынку і аздараўлення прадстаўлена 7 дзіцячымі санаторыямі на 2 тысячы месцаў. Таксама ў нас дзейнічаюць 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў на 5 тысяч месцаў і 147 загарадных аздараўленчых лагераў на 25 тысяч месцаў. Безумоўна, ёсць таксама аддзяленні для дзяцей або бацькоў з дзецьмі ў санаторна-курортных арганізацыях. У дадатак да гэтага, у краіне функцыянуе шэраг іншых аздараўленчых арганізацый для навучэнцаў, у тым ліку адукацыйна-аздараўленчыя цэнтры.
Для дзяцей-інвалідаў штогод арганізуюцца профільныя аздараўленчыя змены, на якіх яны могуць знаходзіцца сумесна з бацькамі. Максімальную актыўнасць у гэтым пытанні праяўляюць Мінскі гарадскі і Брэсцкі абласны выканаўчыя камітэты, якія з году ў год набываюць і выдаюць найбольшую колькасць бясплатных пуцёвак на суправаджэнне законным прадстаўнікам гэтых дзяцей.
Дарэчы, акрамя 147 аздараўленчых лагераў, ёсць яшчэ і арандаваная база дзіцячага аздараўлення, з улікам якой агульная колькасць аб’ектаў названай інфраструктуры штогод складае каля 6 тысяч адзінак.
Такая матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе штогод забяспечваць пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне больш за 600 тысяч дзяцей.
— Хто з дзяцей і колькі разоў у год можа адпачываць у санаторыі? Што трэба зрабіць бацькам, каб адправіць дзіця ў санаторый? Хто можа прэтэндаваць на бясплатныя пуцёўкі?
— Права на штогадовае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне маюць усе дзеці, у якіх ёсць патрэба ў ім па медыцынскіх паказаннях.
Для таго каб адправіць дзіця ў санаторый, адзін з бацькоў павінен звярнуцца ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы работы з заявай, да якой прыкладаецца медыцынская даведка аб стане здароўя дзіцяці. У гэтай даведцы павінна быць пазначана, што дзіця мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні.
Да нас паступаюць звароты грамадзян, якія сцвярджаюць, што такой камісіі на месцы іх працы няма. Таму звяртаю вашу ўвагу, што гэтая камісія можа быць створана ў любой арганізацыі, прычым даволі проста: дастаткова загада аб яе стварэнні і даведкі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аб тым, што наймальнік выплачвае страхавыя ўзносы за работнікаў.
Дзеці, якія пражываюць або навучаюцца на тэрыторыях, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, забяспечваюцца бясплатнымі пуцёўкамі, якія выдзяляюцца нашымі спецыялістамі і перадаюцца па месцы вучобы.
Дзеці індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, што не працуюць, а таксама дзеці-інваліды і некаторыя іншыя катэгорыі непаўналетніх атрымліваюць бясплатныя пуцёўкі ў нашых прадстаўніцтвах.
Усе неабходныя адрасы, кантакты, дакументы і звесткі аб парадку атрымання бясплатных пуцёвак і пуцёвак з патанненнем размешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва rco.by.
— У параўнанні з мінулым годам, колькі дзяцей і падлеткаў змогуць адпачыць сёлета ў загарадных лагерах? Колькі дзяцей ужо адпачыла за першую змену? Наколькі сёлетнія паказчыкі адрозніваюцца ад мінулагодніх?
— Сённяшняя дзіцячая летняя аздараўленчая кампанія ідзе ў планавым парадку. У першую змену бясплатныя пуцёўкі і пуцёўкі з патанненнем у аздараўленчыя лагеры ўжо атрымалі больш за 170 тысяч дзяцей, што супастаўна з агульным лікам дзяцей, якія аздаравіліся за ўвесь летні перыяд мінулага года.
Попыт на паслугі аздараўленчых лагераў аднавіўся да ўзроўню перадэпідэмічнага перыяду. У гэтым вялікая заслуга ўсёй вертыкалі дзіцячага летняга аздараўлення, пачынаючы ад спецыялістаў дзяржаўных органаў і заканчваючы медыцынскімі сёстрамі і работнікамі харчаблока. Няўхільнае выкананне санітарных норм і правіл, метадычных рэкамендацый па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі і іншых прававых актаў па пытаннях бяспечнага знаходжання дзяцей дазваляе гарантаваць бяспечнае знаходжанне непаўналетніх на аздараўленні нават у складанай эпідэмічнай сітуацыі.
— Як у абласцях наладжана сістэма аздараўлення? У якім з рэгіёнаў попыт на пуцёўкі ў загарадныя лагеры самы высокі?
— У рэгіёнах непасрэдна мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы забяспечваюць функцыянаванне аздараўленчых лагераў. Яны арганізуюць аздараўленчыя змены згодна з сацыяльным запытам, камплектуюць аздараўленчыя лагеры высокакваліфікаванымі работнікамі і вядуць кантроль за даступнасцю і якасцю аздараўленчых паслуг.
Попыт на паслугі па аздараўленні дзяцей у лагерах з’яўляецца высокім ва ўсіх рэгіёнах краіны, але Мінск вылучаецца больш за ўсё. Прычына відавочная: колькасць насельніцтва і перадавая якасць аздараўленчых паслуг.
— Які рэгіён у мінулым годзе, нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю, быў лідарам у аздараўленні школьнікаў?
— У мінулым годзе кожны аздараўленчы лагер краіны працаваў у зусім нетыповых для яго ўмовах — ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі.
Работнікі знаходзіліся ў аздараўленчых лагерах пастаянна, практычна не здымалі маскі і пальчаткі — прымалі вычарпальныя меры для таго, каб забяспечыць патрэбу дзяцей у бяспечным летнім адпачынку і аздараўленні.
Вылучаць які-небудзь аздараўленчы лагер або цэлы рэгіён не варта, бо ўсе спрацавалі добра. Дастаткова сказаць, што попыт на паслугі аздараўленчых лагераў мінулым летам быў задаволены ў поўным аб’ёме, а дзіцячая гадавая аздараўленчая кампанія ва ўсіх рэгіёнах прайшла без надзвычайных сітуацый і здарэнняў.
— Колькі грошай сёлета было выдзелена з бюджэту для арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі?
— У гэтым годзе на арганізацыю дзіцячага летняга адпачынку і аздараўлення было выдзелена 46,6 млн рублёў са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Як і ў папярэднія гады, на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга аздараўленчага сезона і на патанненне кошту пуцёвак былі выдзелены сродкі з мясцовых бюджэтаў, прафесійных саюзаў, наймальнікаў і з іншых крыніц.
Такое фінансаванне дазваляе захоўваць і паляпшаць даступнасць паслуг аздараўленчых лагераў, пра што сведчыць попыт на гэтыя паслугі, — а ён пастаянна павышаецца.
— Як фарміруецца кошт пуцёвак у загарадныя лагеры? Які сёлета іх кошт?
— Практычна ўсе навучэнцы могуць разлічваць на патанненне кошту пуцёўкі ў аздараўленчы лагер.
На працягу летняга канікулярнага перыяду дзіця можа наведаць да трох аздараўленчых лагераў розных тыпаў: 18- і 9-дзённыя кругласутачныя, а таксама 18-дзённы з дзённым знаходжаннем. Пры гэтым некаторыя дзеці маюць права наведаць 18-дзённыя кругласутачныя лагеры двойчы.
Застаецца магчымасць аздаравіцца ў кожны канікулярны перыяд, а гэта больш чым дастаткова і, дарэчы, не звязана з правам на санаторна-курортнае лячэнне.
Дзеці-інваліды аздараўліваюцца толькі ў тых лагерах, у якіх створана безбар’ернае асяроддзе.
Для гэтых дзяцей штогод арганізуюцца профільныя аздараўленчыя змены, на якіх яны могуць знаходзіцца сумесна з бацькамі. Максімальную актыўнасць у гэтым пытанні праяўляюць Мінскі гарадскі і Брэсцкі абласны выканаўчыя камітэты, якія з году ў год набываюць і выдаюць найбольшую колькасць бясплатных пуцёвак на суправаджэнне законным прадстаўнікам гэтых дзяцей.
— Ці будуць гэтым летам арганізоўвацца 9-дзённыя лагеры, у тым ліку палатачныя? Як будзе ажыццяўляцца кантроль за іх дзейнасцю? Якія ўмовы для функцыянавання такіх лагераў павінны быць выкананы?
— Профільныя 9-дзённыя аздараўленчыя лагеры сёлета працаваць будуць. І нават ужо працуюць. Не варта турбавацца, што дзеці застануцца без лагераў ваенна-патрыятычнага, краязнаўчага або іншых профіляў, характэрных для 9-дзённых лагераў.
Рашэнне аб адкрыцці такіх аздараўленчых летнікаў прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Пры гэтым абавязкова ўлічваецца меркаванне цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.
Умовы функцыянавання палатачных лагераў і парадак кантролю за іх работай дэталёва агавораны ў спецыфічных санітарных нормах і правілах, метадычных рэкамендацыях па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі і іншых дакументах, што тычацца пытанняў бяспечнага знаходжання дзяцей.
У нас дзейнічаюць 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў на 5 тысяч месцаў і 147 загарадных аздараўленчых лагераў на 25 тысяч месцаў. Безумоўна, ёсць таксама аддзяленні для дзяцей або бацькоў з дзецьмі ў санаторна-курортных арганізацыях. У дадатак да гэтага, у краіне функцыянуе шэраг іншых аздараўленчых арганізацый для навучэнцаў, у тым ліку адукацыйна-аздараўленчыя цэнтры.
— Ці можам мы назваць беларускае аздараўленне канкурэнтным? Ці карыстаецца попытам адпачынак у нашых санаторыях сярод жыхароў суседніх краін?
— Што тычыцца нашых здраўніц у цэлым, то яны, безумоўна, канкурэнтаздольныя і карыстаюцца попытам як на ўнутраным, так і на знешнім рынках рэкрэацыйных паслуг.
Для таго каб у гэтым пераканацца асабіста, дастаткова паспрабаваць набыць пуцёўку ў санаторый на найбліжэйшы час і даведацца, што свабодных месцаў няма. Вядома, па розных прычынах хтосьці можа адмовіцца ад пуцёўкі, што забраніравана, таму мы не станем сцвярджаць, што ў вас не атрымаецца наведаць санаторый у летні перыяд. Калі ёсць жаданне — адважвайцеся. Кантакты беларускіх здраўніц размешчаны ў свабодным доступе ў інтэрнэце, а іх маркетынгавыя аддзелы працуюць, як гадзіннік, у некаторых выпадках нават кругласутачна.
— Генадзь Мікалаевіч, у якіх лагерах і ўстановах адпачынку і аздараўлення ў найбліжэйшы час плануецца правесці работы па рамонце, рэканструкцыі і абнаўленні, удасканаленні тэхнічнага абсталявання?
— Усе нашы санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі ўдзяляюць належную ўвагу пастаяннаму ўдасканаленню сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы. Для іх гэта адна з першачарговых задач.
Так, у маі мінулага года з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі шматлікія здраўніцы былі вымушаны адправіцца на прастой. Яны заняліся ў гэты час правядзеннем рамонтаў, набыццём абсталявання, інвентару.
Усяго на гэтыя мэты ў 2020 годзе было выкарыстана 108 млн рублёў — амаль у паўтара разу больш, чым годам раней.
Сёлета матэрыяльна-тэхнічная база санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый працягвае ўдасканальвацца. Таму нават просты пералік здраўніц, якія плануюць у найбліжэйшы час правесці бягучыя рамонты ці што-небудзь набыць, зойме многа часу. А час і здароўе — гэта самыя дарагія рэчы ў жыцці чалавека. Шануйце іх, беражыце сябе і будзьце здаровыя.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота БелТА.