Дом, дзе заўсёды адчынены дзверы ў дзяцінства

У той вечар, калі мы дамовіліся сустрэцца, Наталля Трыфанава спрабавала палічыць усіх сваіх дзяцей. З першага разу не атрымалася — збілася. Яно і нядзіўна: сям’я Трыфанавых ужо 20 гадоў працуе бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу № 2 Мінска. За гэты час яны выгадавалі больш за 30 дзяцей, прычым большасць з іх — хлопчыкі. І гэта не проста супадзенне. Трыфанавы бяруць на выхаванне хлопчыкаў складанага ўзросту асэнсавана, бо ведаюць, што на іх апеку або ўсынаўленне адважваюцца нямногія.

2 сыны handmade, Віка і Андрэй

Выхоўваць прыёмных дзяцей — гэта заўсёды было марай мужа Наталлі, Дзмітрыя Трыфанава. Не адразу, а праз некаторы час, калі адкладваць ужо не было сэнсу, Наталля Пятроўна згадзілася на гэты крок. І ўжо ў кастрычніку вялікая сям’я Трыфанавых будзе адзначаць аднолькава важную і для бацькоў, і для іх дзяцей дату — 20 гадоў, як быў створаны іх дзіцячы дом сямейнага тыпу.

“Мы вельмі любім адзначаць святы, і не толькі сям’ёй, — пачынае здалёк расказваць Наталля Пятроўна. — Праз два тыдні будзем святкаваць 20 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці ў ролі бацькоў-выхавальнікаў. Да гэтага таксама праводзілі многа мерапрыемстваў, прысвечаных такім датам, як Дзень сям’і, Міжнародны дзень абароны дзяцей. Да каранавіруса ўвогуле пастаянна нешта арганізоўвалі. А 10 гадоў назад, на наша 10-годдзе прафесійнай дзейнасці, змаглі сабраць разам усе дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Мінска. Уявіце толькі, колькі людзей было на ім, бацькоў і дзяцей!”

Навучыцца і палюбіць арганізоў-ваць маштабныя святы Наталлю Пятроўну падштурхнуў яе муж Дзмітрый. Дарэчы, дзякуючы яму Наталля Пятроўна пакінула медыцыну (яна працавала медсястрой) і стала мамай-выхавальніцай. А гісторыя знаёмства Наталлі і Дзмітрыя нагадвае сцэнарый фільма: калісьці мужчына выкладаў у класе, дзе вучылася Наталля, музыку. Другі раз пара пазнаёмілася ўжо ў дарослым узросце, прычым выпадкова. На той момант Наталля выхоўвала 4-гадовага сына ад першага шлюбу, а Дзмітрый — 16-гадовага ўсыноўленага Аляксея.

“З Дзімам мне нічога не страшна, і тым больш не страшна бра ць на сябе адказнасць па арганізацыі такіх маштабных свят, — працягвае дзяліцца сямейнай гісторыяй Н.П.Трыфанава. — Дзіма заўсёды мог знайсці агульную мову з дзецьмі. І гэта нядзіўна. Муж часта ездзіў у прытулкі, дапамагаў іх выхаванцам. У той дзень, калі мы пазнаёміліся, я стаяла на прыпынку тут, у Мінску, і спрабавала злавіць папутку ў цэнтр, бо спазнялася на работу. Мяне падвезці спыніўся Дзіма. Калі села ў машыну, сказала, што дзесьці яго бачыла. Як высветлілася падчас размовы, гэта мой былы настаўнік музыкі. З таго дня мы больш не расставаліся. Вельмі хутка пасля таго, як пачалі жыць разам, у нас дома пачалі з’яўляцца дзеці. За той час, пакуль жывём разам, у нас ёсць і свае, і ўсыноўленыя, і прыёмныя дзеці. І ўсе яны аднолькава нашы. Сёння ў нас 2 сыны handmade, а таксама сын і дачка, якіх калісьці ўбачылі ў прытулку і ўсынавілі, — Віка і Андрэй. На той момант, калі яны з’явіліся ў нашым доме, Вікторыі было 9 гадоў, а яе браціку Андрэю — 10. Віка расла, і ўсе пачыналі гаварыць, калі бачылі яе, што дачка вельмі да мяне падобная. Нават зараз такое пачуць — гэта не рэдкасць. Мы з Вікай пасля такіх заўваг пастаянна смяёмся”.

Тое, што Віка не родная дачка, Наталля Пятроўна ніколі ад дзяўчынкі не хавала. Мама-выхавальніца лічыць, што дзеці павінны ведаць сваю гісторыю. Калі гаварыць пра Віку, то ў яе біяграфіі многа цікавых момантаў. Да суда, які дазволіў працэдуру ўдачарэння, Віка была не Вікай, а Зінаідай. Змяніць імя было жаданнем дзяўчынкі.

“На пытанне суддзі, чаму выбрала такое імя, дачка адказала, што хоча быць Вікторыяй, бо я, яе мама, нарадзілася ў Дзень Перамогі, — з усмешкай успамінае Наталля Пятроўна. — Літаральна праз тыдзень пасля ўсынаўлення нам да дому хтосьці патэлефанаваў. Я бачыла, што на званок адказвае Віка. Калі задала дачцэ пытанне, з кім яна размаўляла, тая расказала, што гэта была медсястра з паліклінікі і прасіла Зінаіду. Віка адказала, што Зінаіда ў гэтым доме больш не жыве”.

Падчас размовы Наталля Пятроўна прызналася, што вельмі перажывала, як дзяўчынку з яе новым імем успрымуць аднакласнікі. Але гэта было дарэмна: Віка дружалюбная і актыўная, аднакласнікі ведалі гісторыю дзяўчынкі, і калі дазналіся, што ў яе адбыліся такія прыемныя змены, то шчыра парадаваліся за яе.

“Буду тут, бо цікава”

Першым у сям’і Трыфанавых з’явіўся Саша Шпілеўскі. Хлопчык прыехаў на лета да Наталлі і Дзмітрыя, а калі трэба было вяртацца ў прытулак, тупнуў нагой і сказаў, што нікуды не паедзе, што застаецца жыць тут, са сваімі новымі бацькамі.

“На той момант мы з Дзімам яшчэ не былі сям’ёй, але пасля слоў Сашы прыйшлося ісці і рэгістраваць шлюб і афармляць прыёмную сям’ю, — працягвае Н.П.Трыфанава. — Хлопчык пражыў у нас толькі год. Атрымалася так, што знайшлася яго родная цётка, якая вырашыла забраць пляменніка да сябе. Саша вельмі доўга сумняваўся, не ведаў, што рабіць. Ён быццам і з намі хацеў застацца, але і цётку помніў і любіў”.

…Саша Ігнатовіч чакаў, пакуль яго забярэ Дзмітрый Трыфанаў, шэсць доўгіх гадоў. З мужчынам хлопчык сустрэўся, калі вучыўся ў 3 класе.

“Саша пазнаёміўся з Дзімам, калі апошні арганізаваў для дзяцей-сірот паход, — успамінае гісторыю з’яўлення Сашы ў сям’і прыёмная мама. — Саша вельмі доўга чакаў, калі прыйдзе да нас, і дачакаўся. Калі мы яго забіралі, ён радаваўся і гаварыў, што нарэшце едзе дадому. Год, калі Сашка жыў у нас, быў вельмі знакавым (толькі на год Саша да нас прыйшоў). Сёння ў яго ўсё добра, яму 35 гадоў, жыве ў Смалявічах у кватэры, якую атрымаў як сірата, і працуе пекарам”.

12-гадоваму Колю Сакаўцу, які быў наступным, хто прыйшоў да Трыфанавых, вельмі пашанцавала. Было лета, усе дзеці раз’ехаліся, а ён быў адным з тых, хто застаўся ў дзіцячым доме.

“Коля — вельмі добры, просты і спакойны хлопчык, заўсёды з сумнымі вачамі, — успамінае пра яшчэ аднаго свайго прыёмнага сына Наталля Пятроўна. — Калі спытала ў яго, ці паедзе з намі, ён спачатку разгубіўся, а потым сказаў, што так, паедзе, бо цікава. Сёння Колю ўжо 30 гадоў, ён працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы”.

Коля, дарэчы, жыў у Трыфанавых і пасля дасягнення 18-гадовага ўзросту. У гісторыі з хлопчыкам здарыўся прававы форс-мажор. Там, дзе яго маму пазбавілі бацькоўскіх правоў, Колю па незразумелых прычынах не змаглі паставіць на чаргу для атрымання жылля. А ў Мінску ён павінен быў стаць на чаргу па месцы работы. Толькі нават гэтага зрабіць не атрымалася: калі Коля скончыў універсітэт і размеркаваўся ў Нацыянальную бібліятэку, яму ўжо было 23 гады. А значыць, ён больш не з’яўляецца сіратой. Ён — асоба, якая адносіцца да ліку дзяцей-сірот. Атрымліваецца, што калі б Коля скончыў любое вучылішча, дзе трэба вучыцца не так доўга, як ва ўніверсітэце, то на чаргу на жыллё яго б паставілі хутка і без праблем. А маючы за плячыма вышэйшую адукацыю, трапіць у спіс тых, хто як сірата мае права на кватэру, не атрымалася.

Хто можа забыць маму?

Гісторыі ўсынаўлення Трыфанавых — гэта не толькі шчасце і ўсмешкі. Наталля Пятроўна расказвае, што быў і сумны вопыт выхавання дзяцей. Прыёмным бацькам, дарэчы, заўсёды трэба быць гатовымі да гэтага.

“Сяргей Анішчык у нас жыў некалькі гадоў, — працягвае Наталля Трыфанава. — Безумоўна, згодна з заканадаўствам, ён страціў статус сіраты пасля таго, як быў уладкаваны да нас у сям’ю. Калі хлопчык дасягнуў 18-гадовага ўзросту, ён пайшоў у армію. Праз некаторы час нас з Дзімам вызвалі ў суд, дзе мы даведаліся, што наш Сяргей падаў дакументы на адмену ўсынаўлення. Дзіўным было тое, што само ўсынаўленне адбылося незадоўга да паўналецця маладога чалавека. Што адбылося з ім за той час, пакуль знаходзіўся на службе, мы нават не здагадваемся”.

Такія гісторыі, калі дзеці, якія выхоўваліся ў прыёмнай ці замяшчальнай сям’і, вырастаючы, пазбягаюць тых, хто іх гадаваў, не рэдкасць. На жаль, не ўсе, калі вырастаюць, падтрымліваюць зносіны з прыёмнымі бацькамі. Нехта імкнецца вярнуцца ў сям’ю, а іншыя нават успамінаць не хочуць той час, што правялі з тымі, хто ім замяніў маму і тату.

Наталля Трыфанава гаворыць, што моцна не засмучаецца, калі бачыць, што дзеці больш не хочуць мець ніякіх зносін са сваёй сям’ёй.

“Яны ўжо дарослыя людзі і маюць права зрабіць любы выбар, — упэўнена Наталля Пятроўна. — Безумоўна, калі дзеці вяртаюцца ў сям’ю, гэта вельмі прыемна. Але калі пакідаюць нас і не вяртаюцца, расчаравання ў прафесіі няма. Значыць, у іх усё добра і ім не патрэбна ні наша падтрымка, ні дапамога. Калі б было наадварот, то вярнуцца можна ў любы момант. Нашы дзверы для ўсіх нашых дзяцей заўсёды адчынены”.

Каб адзначыць 20 гадоў у прафесіі, а таксама сустрэцца з усімі сваімі выхаванцамі, Наталля і Дзмітрый Трыфанавы сумесна з Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі 15 кастрычніка арганізуюць тэматычнае свята “Дом вокнамі ў дзяцінства”. Гэта будзе дзень, калі можна яшчэ раз пачуць паспяховыя гісторыі ўсынаўлення, а таксама даведацца, з чым штодня сутыкаюцца тыя, хто выбраў для сябе прафесію бацькоў-выхавальнікаў — а гэта далёка не заўсёды радасць і бесклапотнасць.

Наталля САХНО.