Прафесія ювеліра адносіцца да тых спецыяльнасцей, якія не значацца ў даведніках для паступаючых у навучальныя ўстановы. Тым не менш такая прафесія існуе, і ёй можа авалодаць кожны, хто не баіцца працаваць рукамі і марыць ствараць аўтарскія ўпрыгажэнні.
Пра тое, хто можа стаць ювелірам, дзе навучаюць будучых экспертаў па каштоўных металах, а таксама пра тое, якія падводныя камяні і сюрпрызы хавае “залатая” работа, нам расказвае ювелір адной з майстэрняў Мінска Андрэй Аскерка.
Ідэальную прыгажосць “лепяць” рукі
У ювелірную майстэрню ў якасці вучня я прыйшоў 16 гадоў назад пасля заканчэння гандлёвага каледжа. Пасля атрымання спецыяльнасці тэхніка-тэхнолага па прыгатаванні ежы зразумеў, што гэта не маё. Доўга думаў, кім стаць, кім я сябе бачу. І аднойчы пачуў прыгожае слова — ювелір. Я ведаў, што гэта вельмі цяжкая праца, але цяжкасці не палохалі. Хацелася развівацца, ствараць прыгажосць і дарыць яе людзям.
Работа з каштоўнымі металамі, золатам — гэта вельмі цікава. Прыемна, калі ты сваімі рукамі можаш зрабіць прыгожую рэч з золата. Работа ювеліра даволі творчая, ты павінен ідэальна зрабіць тое, чаго хоча заказчык.
Вядома, што ў любой прафесіі ёсць свае адмоўныя бакі. У нас да гэтых мінусаў адносіцца тое, што трэба быць уседлівым і трымаць у напружанні вочы. Аднак калі заказчыку падабаецца зробленая рэч, то забываеш пра тыя складанасці, праз якія давялося прайсці, вырабляючы каштоўнасць.
Работа з металамі пачалася з латуні. Увогуле, перш чым пачаць працаваць з каштоўнымі металамі, малады ювелір павінен навучыцца працаваць з латунню. А прафесіяналізм да нас прыходзіць з вопытам. Вопыту ж набіраюцца менавіта ў калектыве. Такім чынам, самае галоўнае, каб у калектыве панавала дружалюбная атмасфера.
Каб стаць ювелірам, выпускнік павінен…
Павінна прысутнічаць жаданне вучыцца. Акрамя гэтага, выпускніку неабходна прыслухоўвацца да меркавання старэйшых таварышаў-калег, у якіх ёсць вопыт у ювелірнай справе. Талент — гэта добра, але без жадання вучыцца і ўдасканальваць сваё майстэрства наўрад ці з учарашняга школьніка атрымаецца добры ювелір. Работа ювеліра дапамагае развівацца зноў жа дзякуючы вопыту. Спачатку, у першыя месяцы работы, у першы год малады ювелір проста вучыцца, набіраецца вопыту ў рабоце з металамі. Пасля, калі ювелір ужо пачаў атрымліваць заказы, ён пачынае рэалізоўвацца як сапраўдны майстар. Бывае, заказчык прыходзіць і хоча пачуць параду наконт таго, як і што лепш зрабіць. Задача майстра ў гэтым выпадку заключаецца ў тым, каб падказаць ідэальны варыянт таго, як будзе выглядаць рэч пасля работы. Дарэчы, вельмі важна, каб паміж заказчыкам і майстрам панаваў давер. Менавіта ў такім выпадку майстар зможа зрабіць заказаную рэч ідэальна. Ювелір павінен уяўляць, які варыянт упрыгажэння, якая форма лепш за ўсё падыдуць для пэўнага кліента. Зразумела, каб зрабіць ідэальнае ўпрыгажэнне, трэба добра разумець кліента. Здараліся такія выпадкі, калі заказчыкі прыходзілі з канкрэтнай ідэяй, а майстры прапаноўвалі іншы варыянт, з якім кліент згаджаўся з некаторай доляй недаверу. Але пасля, калі чалавек прыходзіў забіраць ужо гатовы заказ, ён разумеў, што перад ім ляжыць яго ўпрыгажэнне і варыянт, падказаны ювелірам, быў самым лепшым.
Відавочна, што калі ювелір у сваім развіцці ўжо дасягнуў такой ступені, значыць, яго можна назваць прафесіяналам. Увогуле, для таго, каб быць майстрам нарасхват, павінна прайсці шмат часу. Нехта з гэтым спраўляецца хутчэй, а некаторым патрэбна больш часу.
Рабочыя прафесіі. Хто іх баіцца?
Вельмі многія сёння баяцца рабочых прафесій, баяцца працаваць рукамі, аддаючы пры гэтым перавагу “няпыльнай” рабоце ў офісах. Але рабочыя прафесіі нічым не горшыя за тыя, якія не прымушаюць пэцкаць рукі.
Поспеху ў прафесіі ювеліра дасягнуць настолькі ж рэальна, як і ў любой іншай сферы. Тут вельмі многае залежыць ад таго, наколькі ювелір можа задаволіць патрэбы заказчыка, а таксама ад таго, наколькі магчымасці ювеліра могуць супадаць з жаданнем заказчыка. Толькі ад ювеліра залежыць, наколькі прыемна будзе чалавеку трымаць гатовы заказ у руках, насіць яго.
Ці можа ў рабоце ювеліра з’явіцца жаданне ўсё кінуць? Я ўпэўнены, што гэтак жа, як і ў любой іншай прафесіі, такія думкі з’яўляюцца тады, калі, напрыклад, ты робіш адно і тое ж на працягу даволі доўгага перыяду, а ў выніку запланаванае не атрымліваецца. Але з цягам часу ўсё становіцца на свае месцы.
Што тычыцца этапаў работы ювеліра, заўсёды ёсць заказы і на выраб, і на рамонт каштоўнасцей. Якога віду работ больш, сказаць цяжка, таму што гэта ў многім залежыць ад сезона. Гатовыя ювелірныя рэчы людзі прыносяць для таго, каб папрасіць майстра іх пачысціць, нешта змяніць. На заказ таксама робіцца шмат рэчаў. Найбольш папулярнай паслугай з’яўляецца стварэнне заручальных пярсцёнкаў. Як правіла, маладыя людзі просяць зрабіць арыгінальныя пярсцёнкі, прыносяць часопісы ці фотаздымкі з інтэрнэту.
Дзе навучыцца “залатой” справе?
Спецыялізаваных навучальных устаноў, якія рыхтуюць ювеліраў, на жаль, няма. Тым не менш сёння ўсе ювелірныя заводы набіраюць да сябе выпускнікоў і сярэдніх, і вышэйшых навучальных устаноў для таго, каб навучыць ювелірнай справе. Падчас такой практыкі чалавек можа зразумець, чым яму давядзецца займацца пасля, калі ён пойдзе працаваць у майстэрню. Увогуле, на заводзе можна атрымаць багаты вопыт, а значыць, пасля малады выпускнік, ювелір, зможа выконваць шмат паслуг у ювелірнай сферы.
Калі выпускнік любой навучальнай установы прыйдзе ў майстэрню і скажа, што хоча навучыцца ювелірнай справе, атрымаць неабходныя першапачатковыя веды, яго накіруюць на завод.
На заводзе будучы ювелір павінен прайсці некалькі этапаў навучання. Для вучобы выдаюць некаштоўны метал, латунь, з якога вырабляюцца тыя ж рэчы, што і з каштоўных металаў. І калі якасць вырабленага прадмета з некаштоўнага матэрыялу адпавядае тым якасцям, якія прад’яўляюцца да залатых вырабаў, пачынаючаму ювеліру дазваляюць перайсці на золата. Ужо пасля, калі навучанне на заводзе завершана і малады ювелір уладкоўваецца на працу ў майстэрню, будзе добра, калі ў маладога майстра ў наяўнасці будуць свае інструменты.
Колькі часу неабходна, каб вырабіць самыя простыя ўпрыгажэнні? Усё залежыць ад таго, наколькі хутка сам майстар хоча навучыцца вырабляць каштоўнасці. Тым не менш, каб стварыць звычайны пярсцёнак з самай простай кветачкай ці звычайны бранзалет, можа спатрэбіцца ад 2 да 6 месяцаў. Так, гэта доўга, але затрачаны час варты выніку.
Сёння многія цікавяцца, ці існуюць конкурсы для ювеліраў і ці можна падчас іх прадаць свой талент. Насамрэч, калі майстар таленавіты, падобныя конкурсы для яго ніякай ролі не іграюць. У таленавітага майстра можна шмат чаму навучыцца, яго работамі ўсе захапляюцца. І калі такі ювелір ёсць, ведаць пра яго будуць многія. Сапраўдны талент не патрабуе дадатковай рэкламы.
Праблем баяцца — золата не каваць
Цяжкасцей у прафесіі ювеліра не больш, чым у любой іншай спецыяльнасці. І гэтага не трэба баяцца. Найбольш складаным для маладых ювеліраў, якія толькі прыйшлі працаваць у майстэрню, з’яўляецца тое, што тэорыя і практыка адрозніваюцца паміж сабой. Маладыя спецыялісты, як правіла, упэўнены ў тым, што ў рабоце ўсё павінна быць так, як тлумачыць тэарэтычны курс. Але гэта не так. Тэорыя — гэта добра, але практыка мае куды большае значэнне. І ў гэтым выпадку зноў жа лепш вучыцца ў старэйшых калег. Калі да іх прыслухоўвацца, то ўсё атрымаецца добра, але неідэальна, таму што першыя работы ідэальнымі не бываюць. Калі ж працаваць у адпаведнасці толькі з адной тэорыяй, то наўрад ці работа будзе выканана вельмі хутка.
І, безумоўна, самая вялікая цяжкасць прафесіі ювеліра заключаецца ў тым, што працаваць трэба з каштоўнымі металамі, а гэта вельмі вялікая адказнасць. Неабходна ўсё рабіць акуратна, таму што за любыя асечкі, памылкі будзе адказваць майстар.
Работа ювеліра — гэта творчасць
Работа ювеліра з’яўляецца творчай, асабліва калі яна перамяжоўваецца з вырабам эскізаў, малюнкаў. Дарэчы, калі ювелір умее маляваць, гэта будзе толькі плюсам. Калі заказчык прыйдзе і скажа, што хоча чагосьці незвычайнага, а вось менавіта чаго — не ведае, то ў такім выпадку павінен думаць і прапаноўваць варыянты менавіта ювелір.
Тым выпускнікам, якія сумняваюцца, ці варта звязваць сваё жыццё са спецыяльнасцямі рабочага профілю, магу сказаць, што не трэба баяцца працаваць рукамі. Так, ювелір — гэта вельмі тонкая спецыяльнасць. І, на жаль, атрымаць профільную адукацыю ў нас можна мала дзе. Тым не менш, калі ёсць жаданне стаць ювелірам, трэба ісці і спрабаваць свае сілы ў гэтым кірунку. Паралельна з работай ювеліра можна вучыцца ў любой навучальнай установе, атрымліваць яшчэ адну спецыяльнасць, калі ёсць жаданне. І самае галоўнае, нельга баяцца быць незапатрабаваным майстрам. Вопыт прыходзіць не адразу. Для гэтага патрэбен час.
Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.