Лепш за ўсё запамінаюцца звесткі, якія правяраюцца практыкай, асабліва тыя, што тычацца хіміі, фізікі, біялогіі. Справа нярэдка ў матэрыяльна-тэхнічнай базе, бо галоўнае, каб настаўнік меў магчымасць даць практычныя веды як мага ў большым аб’ёме, тады і самыя складаныя тэмы стануць сапраўды цікавымі. Ва ўсялякім разе, шансы на іх цвёрдае засваенне навучэнцамі значна павысяцца. Многія беларускія школы ўжо атрымалі адпаведнае сучаснае абсталяванне для кабінетаў фізікі дзякуючы цэнтралізаванаму аснашчэнню са сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Адна з устаноў, у якіх навучэнцы пачнуць займацца фізікай у цалкам пераабсталяваным кабінеце, — сталічная школа № 197, куды мы і завіталі.
Прылады для кожнага
Як і ў любой навучальнай установе, тут нямала зрабілі за летні перыяд. Дырэктар Таццяна Сяргееўна Собаль расказвае, што ў школе, дзякуючы шэфам, замянілі частку вокнаў, раённае ўпраўленне адукацыі дапамагло перакрыць дах, школа атрымала новыя камп’ютарныя сталы і крэслы, парты і крэслы ў кабінет пачатковых класаў, сталы ў кабінет для больш старэйшых школьнікаў, зроблены бягучы рамонт. Выканана пэўная работа і ў памяшканнях, і на стадыёне, і на прышкольнай тэрыторыі. Прычым, як заўважае Таццяна Сяргееўна, у гэтым плане шмат дапамаглі бацькі навучэнцаў.
Але аснашчэнне кабінета фізікі — самая значная навінка ў сёлетнім абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы № 197.
— Гэта вялікае цэнтралізаванае фінансавае ўкладанне, — заўважае Т.С.Собаль. — І галоўнае, што ў школу паступілі і мэбля, і абсталяванне, і розныя тэхнічныя прылады для кабінета фізікі і лабаранцкай. Гаворка ідзе пра іх стапрацэнтную гатоўнасць. Для нас гэта вельмі важна. Ёсць падстава падумаць у перспектыве аб адкрыцці класа з фізіка-матэмытычным ухілам.
Акрамя таго, дырэктар навучальнай установы ўпэўнена, што, улічваючы і новае абсталяванне, і тое, што ў школе ёсць такі шчыра ўлюбёны ў сваю прафесію настаўнік фізікі, як Наталля Іванаўна Краўчук, узровень ведаў па фізіцы, зацікаўленасць гэтым прадметам у навучэнцаў школы прыкметна ўзрасце.
Да Наталлі Іванаўны мы, канечне, завіталі таксама. Кабінет фізікі, які яна ахвотна прадставіла, выглядае быццам з іголачкі — радуе вока. Наталля Іванаўна працуе ў 197-й школе 14 гадоў. Да гэтага працавала ў іншых установах, нават у Нарыльску, пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута, які пазней стаў універсітэтам імя А.С.Пушкіна (паступала на фізмат, як узгадвае, прайшоўшы вялікі конкурс).
Нельга не заўважыць у класе пад нумарам 217 і новы камп’ютар, мультымедыйную ўстаноўку, стэнды, інтэрактыўную дошку і яшчэ адну дадатковую звычайную дошку у дапаўненне да той, што вісіць за сталом настаўніка, тэлевізар. А перш за ўсё заўважаем новыя сталы з электрычнымі разеткамі.
Абсталяванне для ўрокаў захоўваецца ў шафах — таксама новых. Н.І.Краўчук вымае з іх камплекты для лабараторных работ для сёмых і дзявятых класаў па вывучэнні механікі. Ёсць камплекты для правядзення лабараторных работ і ў іншых класах, напрыклад, у 11-м — па тэме “Фізіка атама”. Раней такіх камплектаў у школе было толькі тры, і вучням даводзілася працаваць з імі па чарзе. Вучыцца і вучыць, зразумела, можна, але, маючы адпаведны набор для кожнага навучэнца, рабіць гэта атрымаецца эфектыўней. Усяго такіх камплектаў па 13 для кожнай паралелі — па наборы на ўсе 26 сталоў, што размешчаны ў кабінеце.Таксама па 13 амперметраў і вальтметраў, вагаў, іншага карыснага абсталявання.
У комплекс для кабінета фізікі ўваходзіць і дэманстрацыйнае абсталяванне, якім карыстаецца настаўнік, плакаты, скажам, плакат “Шкала электрамагнітных выпраменьванняў”.
Работа на вынік
Сказаць, што без новага кабінета працаваць і дасягаць добрых вынікаў у навучанні немагчыма, канечне, нельга. Шмат залежыць і ад настаўніка, і ад зацікаўленасці вучняў у прадмеце. Так, навучэнцы школы станавіліся прызёрамі гарадской алімпіяды, удзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях, інтэлектуальных конкурсах. Яе выпускнікі кожны год становяцца студэнтамі факультэтаў вядучых устаноў вышэйшай адукацыі: БДУІР, БДУ, БНТУ, дзе фізіка з’яўляецца асноўным ці адным з асноўных прадметаў. Напрыклад, лаўрэат гарадской алімпіяды па фізіцы Аляксей Казарэз у свой час паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
На ўрокі Н.І.Краўчук дзеці прыносяць пэўныя прылады, зробленыя ўласнымі рукамі, напрыклад, прыстасаванне для дэманстрацыі ціску. Летась дзяўчынкі-дзесяцікласніцы (дзяўчынкі, заўважце!) зрабілі прэзентацыю рухавіка ўнутранага згарання, васьмікласнік выканаў мадэль “разумнага” дома і г.д. Бузумоўна, настаўніца просіць такіх вынаходнікаў адначасова тлумачыць прынцыпы дзеяння і работы прылад, каб тэорыя не адставала ад практыкі. Так што зацікавіць вучняў прадметам таленавіты педагог можа пры любых умовах.
— Ведаеце, — заўважае мая суразмоўніца, — нават раўнадушныя ў цэлым да вывучэння фізікі дзеці любяць рабіць штосьці сваімі рукамі, праводзіць доследы. Так і матэрыял засвойваецца лягчэй і больш надзейна. На практычных і лабараторных работах, гавару гэта ўпэўнена, цікава ўсім. Таму так важна, што, дзякуючы цэнтралізаваным пастаўкам спецыяльнай мэблі і абсталявання, імі зараз забяспечаны кожны наш навучэнец.
Вельмі радуе вопытную настаўніцу і тое, што ў класе з’явілася такое сучаснае вучэбнае абсталяванне, як свая інтэрактыўная дошка, мультымедыйная ўстаноўка.
— Шчыра кажучы, інтэрактыўнай дошкі ў кабінеце фізікі раней вельмі не хапала, — гаворыць Наталля Іванаўна. — Ёсць цудоўныя сайты па фізіцы, з якіх можна ўзяць цікавы матэрыял і ўсё прадэманстраваць у класе. Ёсць не менш цудоўныя мадэлі, невялікія фільмы па 5—10 хвілін. Не трэба дзеля гэтага ісці ў кабінет інфармацыйных тэхналогій, дзе ёсць інтэрактыўная дошка, але няма неабходнага фізічнага абсталявання, не трэба займаць яго такім чынам на ўвесь урок. Для 11-х класаў я раней выкарыстоўвала тэлевізар, каб пазбягаць падобных сітуацый. Зараз жа пасля паказу на інтэрактыўнай дошцы на некалькі хвілін дзеці працягваюць працаваць далей, могуць адразу ж выканаць дослед, які ўбачылі ў фільме. А яшчэ на такой дошцы можна захаваць усё, што на ёй напісана, каб выкарыстаць гэтыя запісы на ўроку для іншага класа.
Да таго ж, па словах настаўніцы, калі кожны вучань з шостага класа пачынае працаваць з абсталяваннем у парах, пастаянна, а не ў фармаце “адна прылада на некалькі чалавек”, інтарэс да прадмета павышаецца прыкметна. Такая работа развівае і лагічнае, і прасторавае мысленне, і іншыя навыкі ды здольнасці, якія патрэбны не толькі ў фізіцы, а наогул у жыцці.
— Толькі настаўніка, дошкі і крэйды недастаткова для сучаснай адукацыі, — падсумоўвае Н.І.Краўчук. — Без практыкі, без належнага абсталявання для практычных і лабараторных работ, іншых прылад зараз абысціся няпроста. Пры гэтым у цэнтралізаваных пастаўках для нашых кабінетаў ёсць і такія, здаецца, дробныя, але немалаважныя моманты, як мадэль капіляраў, зробленая з пластыку, а не са шкла, як гэта было раней. Дробязь, але яна неабходная для захавання бяспекі.
На пытанне ж пра тое, чаго пакуль, магчыма, не хапае для кабінета фізікі, Наталля Іванаўна прызнаецца: адказаць не гатова. Як гаворыцца, пажывём — пабачым. Галоўнае, што кабінет фізікі ў школе № 197 Мінска, як і ў іншых школах рэспублікі, якія атрымалі новае абсталяванне па дзяржпраграме, можна смела назваць сучасным, інфармацыйна насычаным, сапраўды практычна арыентаваным.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.