Плюс 220 Аснашчэнне кабінетаў фізікі працягваецца

Напярэдадні мінулага навучальнага года ўпершыню прагучала інфармацыя аб цэнтралізаваным аснашчэнні шэрага школ краіны абсталяваннем для кабінетаў фізікі. Планавалася, што за 2013/2014 навучальны год поўнае камплектаванне кабінетаў фізікі атрымаюць 222 установы сярэдняй адукацыі краіны.
Ці ўвасобіліся гэтыя планы ў рэальнасць і ці будзе працягнута рэалізацыя праграмы ў новым навучальным годзе, мы запыталі ў Аліны Мікалаеўны ПАШЫК, генеральнага дырэктара Беларускага гандлёвага аб’яднання “Глобус”, якое па выніках конкурсу і стала рэалізатарам праграмы.

— Аліна Мікалаеўна, раскажыце, як усё пачыналася: як ваша прадпрыемства трапіла ў праект па аснашчэнні школ сучасным абсталяваннем.
— Тут найперш варта прыгадаць, што аснашчэнне школ новым абсталяваннем, у прыватнасці кабінетаў фізікі, вядзецца ў рамках Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007—2016 гады. Першапачаткова планавалася, што сродкі на яе рэалізацыю і набыццё неабходнага абсталявання будуць выдзяляцца і з мясцовых бюджэтаў, і з рэспубліканскага. Планавалася выдзеліць на выкананне гэтай праграмы каля 900 млрд рублёў, аднак з часам Міністэрства адукацыі прыйшло да рашэння аб неабходнасці цэнтралізаваных паставак абсталявання для вучэбных кабінетаў, найперш — фізікі, затым — хіміі, біялогіі, матэматыкі. І ў мінулым годзе на гэта былі выдзелены сродкі з рэспубліканскага бюджэту.
Згодна з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках, быў праведзены конкурс на вызначэнне выканаўцы праграмы па цэнтралізаванай пастаўцы абсталявання ў школы. І гэты конкурс выйграла наша аб’яднанне — мы змаглі прапанаваць найбольш аптымальныя ўмовы. У выніку ў мінулым годзе камплектацыяй, дастаўкай і мантажом абсталявання ў вызначаных да ўдзелу ў праекце ўстановах адукацыі займаліся спецыялісты нашага гандлёвага прадпрыемства.

— Агучвалася, што 222 установы краіны павінны атрымаць абсалютна новыя, поўнасцю аснашчаныя кабінеты фізікі. Гэтыя планы ўвасобіліся ў рэальнасць?
— Так, гэтыя 222 установы былі адабраны да ўдзелу ў праекце мясцовымі органамі ўлады. Спіс неабходнага да пастаўкі абсталявання — ад мэблі да расходных матэрыялаў для лабараторных работ — быў вызначаны Міністэрствам адукацыі. У нашу кампетэнцыю ўваходзіў пошук вытворцаў абсталявання, заключэнне з імі дамоў на вытворчасць неабходнай прадукцыі ў вызначаным аб’ёме, камплектацыя кабінетаў згодна з зацверджаным спісам, дастаўка ўсяго неабходнага на месца і нават мантаж абсталявання. Такім чынам на месцах школы атрымлівалі поўнасцю гатовыя да работы кабінеты фізікі разам з лабаранцкімі. І на сёння работы завершаны па ўсіх 222 аб’ектах у поўным аб’ёме.
І знешне, і змястоўна — па напаўненні абсталяваннем — гэтыя кабінеты сёння проста ідэальныя. Там ёсць усё: новая вучнёўская мэбля, дэманстрацыйны стол педагога, інтэрактыўная дошка, модульная дошка, насценная дошка, тэлевізар, камп’ютар, усё неабходнае лабараторнае і дэманстрацыйнае абсталяванне, нават гумавыя дыванкі, вогне-тушыцелі і г.д.
Варта адзначыць, што ўсё абсталяванне новае і сучаснае, што дае магчымасць арганізоўваць адукацыйны працэс з улікам сённяшніх рэалій, напрыклад, у частцы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. А лабараторнае абсталяванне, якога, дарэчы, у зацверджаным спісе вельмі шмат, дазволіць навучэнцам на зусім іншым якасным узроўні вывучаць прадмет. Адзін з педагогаў, з якім давялося мець зносіны падчас работ па аснашчэнні гэтых кабінетаў, адзначыў: “Гэта прарыў у вывучэнні фізікі”. Гэта сапраўды значная выдатная справа.

— А што наконт якасці пастаўленага абсталявання?
— У поўнай меры на гэтае пытанне адкажуць самі настаўнікі, якія будуць з ім працаваць. Аднак хацелася б падкрэсліць, што дагаворы з вытворцамі заключаліся з умовай гарантыі на пастаўленае абсталяванне на працягу двух гадоў. Такім чынам, калі ў кагосьці на месцах з’явяцца пытанні па якасці абсталявання, варта звярнуцца да нашых прадстаўнікоў. Далей нашы спецыялісты будуць вырашаць гэтае пытанне з вытворцамі.

— Летась падчас рэалізацыі праграмы даводзілася чуць нараканні на тое, што мала выкарыстоўваецца беларускае абсталяванне. Маўляў, грошы выдаткаваны істотныя (гаворка ішла пра 40 тысяч умоўных адзінак у эквіваленце на кожны кабінет), дык чаму ж не накіраваць іх у айчынную вытворчасць…
— Насамрэч доля беларускіх вытворцаў пры камплектаванні кожнага кабінета — больш за палову. Мы сёння працуем практычна з усімі айчыннымі вытворцамі па вырабе прыбораў па фізіцы і хіміі. Але часам нерэнтабельна арганізоўваць вытворчасць абсталявання з-за невялікага попыту і значных вытворчых затрат. У такім выпадку больш эфектыўнае рашэнне з эканамічнага пункту погляду — закупіць неабходнае там, дзе гэты працэс ужо наладжаны.
Усяго ж за мінулы год на рэалізацыю праграмы было выкарыстана каля 86 млрд рублёў. Варта адзначыць, што развіццё гэтай праграмы пэўным чынам падштурхнула і нашых беларускіх вытворцаў. Яшчэ некалькі гадоў назад у краіне не выраблялася амаль нічога з неабходнага вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі. Традыцыйна вельмі добра выраблялі толькі мэблю. Зараз жа да вытворчасці абсталявання для школ далучаецца ўсё больш айчынных прадпрыемстваў.
Прыемна і тое, што больш актыўна сродкі на рэалізацыю праграмы па развіцці агульнай сярэдняй адукацыі ў частцы абнаўлення абсталявання пачалі выдаткоўваць мясцовыя бюджэты. Так, да новага навучальнага года мы ўжо прадалі вучэбна-наглядных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі на 1 млрд 200 млн рублёў. Гэта значнае павелічэнне.

— А прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, органаў кіравання могуць непасрэдна звяртацца да вытворцаў, калі ім неабходна тое ці іншае абсталяванне?
— Безумоўна, але пры гэтым варта мець на ўвазе, што рэдкі вытворца пагодзіцца працаваць без перадаплаты. Самастойна давядзецца паклапаціцца і пра дастаўку заказанага тавару. Насамрэч наша прадпрыемства з’яўляецца дылерам многіх вытворцаў школьнага абсталявання, адпаведна, кошт у нас той жа. Мы працуем па самых розных напрамках. Гэта не толькі вучэбна-наглядныя дапаможнікі, але і дастаўка падручнікаў, метадычнай літаратуры, карт, вучэбнай дакументацыі — класных журналаў, білетаў навучэнцаў і іншага.
Дарэчы, у гэтым годзе як ніколі спрацавалі вытворцы падручнікаў. На сёння ўжо больш за 90% падручнікаў атрымана ад вытворцаў. Усяго ж за 7 месяцаў выканана больш за 20 тысяч заявак устаноў адукацыі.

— Аліна Мікалаеўна, давайце вернемся да праграмы аснашчэння школьных кабінетаў. Што да планаў на бягучы год? Раней жа ішла гаворка пра тое, што сёлета пачнецца аснашчэнне кабінетаў хіміі.
— Меркавалася, што сёлета будзе працягвацца праграма па аснашчэнні кабінетаў фізікі і дадаткова пачнецца аснашчэнне кабінетаў хіміі і біялогіі. На жаль, выдзеленых сродкаў не хапіла, таму пакуль што ідзе рэалізацыя праекта толькі па аснашчэнні кабінетаў фізікі. Вызначаны яшчэ 220 школ у розных рэгіёнах краіны. У Брэсцкай вобласці — 35 школ, Віцебскай — 27, Гомельскай — 34, Гродзенскай — 26, Мінскай — 33, Магілёўскай — 26, у Мінску — 38, акрамя таго, у гэты спіс трапіла і адна ўстанова рэспубліканскага падпарадкавання.
Пералік абсталявання, якое будзе пастаўлена ў вызначаныя школы, амаль той жа, што і летась. Толькі некаторыя пазіцыі ўдакладнены. Напрыклад, у гэтым годзе замест інтэрактыўных дошак у 20 школ будуць пастаўляцца ў парадку эксперымента інтэрактыўныя панэлі. Розніца ў тым, што ў панэль уманціраваны камп’ютар, адпаведна, не патра-буецца яго ўстаноўка асобна, гэтак жа як і тэлевізар — гэтая функцыя таксама прадугледжана ў інтэрактыўнай панэлі.
Адрозненне праекта бягучага года ў тым, што сёлета наша арганізацыя не будзе займацца мантажом абсталявання. Практыка паказала, што гэта вельмі складана арганізацыйна і патрабуе пэўных фінансавых затрат, таму сёлета гэтая функцыя перададзена мясцовым органам улады.
Згодна з умовамі дагавораў, вытворцы абавязаны паставіць нам усё неабходнае абсталяванне да лістапада. Калі гэта так і будзе, то да 25 снежня бягучага года нашы спецыялісты даставяць яго ў вызначаныя ўстановы адукацыі.

Алена МАРКЕВІЧ.