Дом для студэнта, або Інтэрнат патрабуе адказнасці

Вучоба ў іншым горадзе для пэўныя часткі маладых людзей становіцца першай прыступкай самастойнага жыцця. Для многіх яно пачынаецца ў інтэрнаце. А там — свае законы і правілы, свае адносіны і асаблівая, дарослая адказнасць. Сказаць, што ўсе маладыя людзі адразу гатовы да яе, было б, канечне, перабольшаннем. Некаторым свабода ад бацькоўскай апекі круціць галаву. Добра, калі на дапамогу такім хлопцам і дзяўчатам прыходзяць супрацоўнікі навучальных устаноў, студэнты старэйшых курсаў. Такая дапамога можа заключацца, напрыклад, у рэалізацыі пэўных праектаў, якія тычацца розных бакоў студэнцкага жыцця, як у межах вучэбнай дзейнасці, так і па-за яе рамкамі. Пра некаторыя з такіх праектаў, а таксама пра ўмовы жыцця іншагародніх студэнтаў мы папрасілі расказаць супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама начальніка ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУІР Дзмітрыя Фёдаравіча Кузняцова.

Па чатырох адрасах

Дзмітрый Фёдаравіч расказаў, што ўніверсітэт мае чатыры інтэрнаты: на 877, 1223, 240 і 969 месцаў. У апошнім, праўда, 200 месцаў аддадзены навучэнцам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Студэнты ж БДУІР забяспечаны месцамі ў інтэрнатах на 62%. Перавагу пры атрыманні часовага жылля, як тое і належыць, маю ць дзеці-сіроты, маладыя людзі з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў і з іншых сацыяльна неабароненых катэгорый, адораныя і таленавітыя студэнты.
У кожным інтэрнаце працуе псіхолаг, а яшчэ ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ёсць два сацыяльныя педагогі. Адзін з іх — Вікторыя Валер’еўна Шынкевіч — расказала, што да 1 кастрычніка кожнага года яна і яе калега прадстаўляюць рэктару і адміністрацыі навучальнай установы сацыяльны пашпарт першага курса ўніверсітэта.
— Пры гэтым мы не падзяляем студэнтаў на платнікаў і бюджэтнікаў, — заўважае Д.Ф.Кузняцоў. — Галоўнае — іх сацыяльнае становішча. Быў такі выпадак, калі ў хлопца, які вучыўся на платным аддзяленні, спачатку памёр бацька, потым маці. Канечне, яго перавялі на бюджэтнае навучанне, і, зразумела, ён жыве ў інтэрнаце.

Жыллё новае

У двух з чатырох інтэрнатаў БДУІР мне давялося нядаўна пабываць. Адзін з іх — інтэрнат № 4 — размешчаны на сталічным праспекце Дзяржынскага, у студэнцкай вёсцы. Як вы разумееце, гэта самае новае студэнцкае жыллё, якое мае БДУІР. У шаснаццаціпавярховым інтэрнаце ёсць трэнажорная зала, пакой самападрыхтоўкі, сталовая, пральня з пральнымі і сушыльнымі машынамі, пакой для прасавання бялізны, здраўпункт, іншыя памяшканні агульнага карыстання. Але галоўнае — гэта, канечне, жылыя пакоі з новай мэбляй, раздзельнымі санвузламі, кухнямі ў блоках. Яшчэ адна перавага новага інтэрната ў тым, што ён, як і іншыя будынкі студэнцкай вёскі, знаходзіцца побач са станцыяй метро “Пятроўшчына”. Акрамя ўсяго іншага, у інтэрнаце створана безбар’ернае асяроддзе для студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі, якое, на мой погляд, павінна існаваць паўсюль.
Скажу шчыра, уражанне, якое пакідае новы інтэрнат, як і іншыя інтэрнаты студэнцкай вёскі, вельмі моцнае. Гэта, безумоўна, лепшае з таго, што беларускія ўстановы вышэйшай адукацыі могуць сёння прапанаваць сваім навучэнцам.

Жыллё абноўленае

Наведала я і ўніверсітэцкі інтэрнат № 2 па вуліцы Леаніда Бяды, што летась адкрыўся пасля капітальнага рамонту, які, між іншым, каштаваў прыкладна 40 мільярдаў рублёў са сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Гэта часовае жыллё гасцінічнага тыпу для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў — чатырнаццаціпавярховы будынак, у якім змяшчаюцца 245 блокаў з санвузламі і душавымі кабінамі. У кожным крыле будынка ёсць кухні, трэнажорныя залы, іншыя агульныя памяшканні. Тут таксама размяшчаюцца пакоі, абсталяваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Цікава, што рамонт у інтэрнаце № 2 праводзіўся толькі з частковым адсяленнем студэнтаў. А рамонту ён патрабаваў значнага, бо пабудаваны ў пачатку 1980-х гадоў. Зараз умовамі жыцця ў абноўленым інтэрнаце задаволены і беларускія, і замежныя студэнты. Прынамсі, менавіта на базе інтэрнатаў замежныя студэнты праводзяць дні сваіх нацыянальных культур, а таксама нароўні з беларускімі навучэнцамі ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні інтэрнатаў і прылеглай тэрыторыі — па чатыры гадзіны ў месяц.
Ёсць, праўда, у БДУІР яшчэ больш стары жылы будынак — 1973 года пабудовы — інтэрнат № 1 на вуліцы Якуба Коласа, калідорнага тыпу. Часткова студэнтаў універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі забяспечваюць жыллём заказчыкі кадраў — мінскія прадпрыемствы, прадастаўляючы месцы ў сваіх інтэрнатах. Некаторым універсітэт дапамагае адшукаць арэндныя кватэры, адзін з паверхаў інтэрната № 3 аддадзены маладым сем’ям.

Агульны інтарэс

Што ж аб’ядноўвае студэнтаў БДУІР, якія жывуць у розных частках горада, акрамя вучобы? Напрыклад, лакальная ўніверсітэцкая камп’ютарная сетка, у якую можна выйсці з любога пакоя інтэрнатаў БДУІР. Між іншым, улічваючы спецыфіку навучальнай установы, асаблівую цягу яе студэнтаў да камп’ютараў, на кафедры абароны інфармацыі ўніверсітэта распрацавалі спецыяльныя экраны і паглынальную тканіну для камп’ютараў і ноўтбукаў, каб мінімізаваць іх шкоднае ўздзеянне на арганізм чалавека.
— Наша лакальная сетка, — заўважае Дзмітрый Фёдаравіч, — гэта не проста праект, гэта штодзённае жыццё студэнтаў, бо асноўную частку інфармацыі, неабходную для вучобы, яны бяруць менавіта з гэтай сеткі. Сацыяльныя педагогі і псіхолагі таксама выкарыстоўваюць сетку для работы са студэнтамі. Так, зусім нядаўна адзін з такіх праектаў з дапамогай лакальнай сеткі сумесна ажыццявілі нашы псіхолагі і сацыяльныя педагогі — даследаванне стрэсаўстойлівасці і здольнасці да адаптацыі першакурснікаў. Сетка — гэта і правядзенне форумаў, абмеркаванне тых або іншых маладзёжных праблем. Зараз у ёй размешчаны ролікі па прафілактыцы злоўжывання спайсаў, праз сетку праводзіцца і анлайн-анкетаванне па той ці іншай праблематыцы. Мы даўно заўважылі, што навучэнцы куды больш ахвотна ідуць на кантакт менавіта такім чынам, чым пры непасрэдных публічных зносінах.
Больш за тое, як мне расказалі ва ўніверсітэце, пры правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў беларускага парламента кандыдаты ў дэпутаты ладзілі зносіны са сваімі патэнцыяльнымі выбаршчыкамі — студэнтамі БДУІР — якраз праз лакальную сетку. А яшчэ ва ўніверсітэце ўведзена рэйтынгавая сістэма: кожны месяц выкладчыкі выстаўляюць у сетцы адзнакі студэнтам. Апошнюю дваццатку — тых, у каго самыя нізкія балы, у навучальнай установе бяруць, што называецца, на кантроль. І сацыяльныя педагогі, і куратары, і псіхолагі, і выхавальнікі ў інтэрнатах перш за ўсё высвятляюць прычыну дрэннай паспяховасці, складаюць псіхалагічную характарыстыку, потым распрацоўваюць пакрокавы план дзеянняў па дапамозе кожнаму такому студэнту. Так, напрыклад, выхавальнік інтэрната можа прасачыць за тым, каб малады чалавек у належны час пайшоў на заняткі. Такім чынам, хто хоча падцягнуць вучобу, той атрымлівае для гэтага ўсе магчымасці.

Не жартуй са здароўем

Яшчэ адзін праект, які ў БДУІР рэалізоўваецца другі год, — “Мой стыль жыцця — мая будучыня”. Універсітэт ажыццяўляе яго сумесна з Мінскім гарадскім цэнтрам здароўя. Сваю “Школу здароўя” рэгулярна праводзяць і супрацоўнікі 33-й студэнцкай паліклінікі, прыходзячы на сустрэчы са студэнтамі менавіта ў інтэрнаты.
Адзін са складнікаў праекта — арганізацыя здаровага харчавання для студэнтаў, якім неабходна знізіць вагу, паправіць здароўе. Вынікі першага года праекта падведзены: рэкорд змяншэння вагі адной са студэнтак БДУІР склаў мінус 15 кілаграмаў. А многія іншыя ўдзельнікі праекта палепшылі стан здароўя, што пацвярджаецца кантрольнымі медыцынскімі даследаваннямі. Пры гэтым, рыхтуючыся да ўдзелу ў праекце, студэнты прайшлі дыспансерызацыю. Усе ўдзельнікі маюць магчымасць атрымліваць індывідуальныя кансультацыі па ходзе эксперымента з дапамогай інтэрнэту і непасрэдна ад спецыялістаў.
Падчас рэалізацыі праекта старасты груп наведваюць заняткі з супрацоўнікамі цэнтра здароўя, Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-псіхалагічнай службы БДУІР, 33-й паліклінікі і такім чынам набываюць статус трэнераў, маюць права самі праводзіць заняткі па здаровым ладзе жыцця з аднагрупнікамі.
Дзейснай прафілактычнай мерай з’яўляецца і правядзенне сустрэч студэнтаў (у тым ліку на базе інтэрнатаў) з былымі наркаманамі, актывістамі супрацьнаркатычных і іншых грамадскіх арганізацый. Адна з іх — “Амрыта”, чыя дзейнасць накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця, у прыватнасці прафілактыку СНІДу, неяк базіравалася ў інтэрнатах БДУІР два дні.

Інтэрнат свабодны ад курэння

Падчас маёй размовы з начальнікам упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю да яго завіталі два маладыя чалавекі. Ад зін з іх — камандзір добраахвотнай студэнцкай дружыны па ахове парадку, другі — парушальнік гэтага парадку. Малады чалавек курыў у інтэрнаце электронную цыгарэту, а гэта забаронена не толькі ў памяшканнях, але і на тэрыторыі, якая прылягае да інтэрнатаў.
— Галоўнае для нас у такіх выпадках — папярэдзіць парушэнне рэжыму ў будучыні і прыняць прафілактычныя меры, — тлумачыць Д.Ф.Кузняцоў. — Таму калі парушэнне ў хлопца першае, то нічога занадта сур’ёзнага яму не пагражае. Спадзяюся, ён зробіць належныя вывады.
Члены добраахвотных дружын БДУІР дзяжураць і ў інтэрнатах — з 16 гадзін да гадзіны ночы, і ў вучэбных карпусах. Ёсць тут і маладзёжны атрад аховы правапарадку пры БРСМ. Як заўважыў мой суразмоўнік, ніхто не ведае праблемы моладзі лепш, чым сама моладзь, таму і балявыя кропкі жыцця студэнтаў членам такіх дружын і атрадаў вызначыць прасцей, чым каму-небудзь іншаму. Таму і лепшая прафілактыка правапарушэнняў, наркаманіі ў інтэрнатах — наладжаная работа студэнцкага самакіравання.
Таксама ўжо на працягу некалькіх гадоў у БДУІР рэалізоўваецца праект “Закон і парадак”, заснаваны на супрацоўніцтве з пракуратурай, ДАІ і раённым аддзелам унутраных спраў. Прадстаўнікі гэтых службаў па распрацаваным графіку сустракаюцца са студэнтамі кожнай вучэбнай групы.

***

…Я, зразумела, паказала не ўвесь спектр выхаваўчай работы са студэнтамі. Яе эфектыўнасць пацвярджае або абвяргае жыццё. Падзялюся адным з асноўных вынікаў, якія зрабіла, разважаючы над гэтым пытаннем: з пункту гледжання бацькоў, якія адпускаюць свайго сына ці дачку (часцей за ўсё непаўналетніх) у буйны горад, надзвычай важна ведаць, што іх, няхай сабе і вялікае дзіця, не пакінута сам-насам са сваімі праблемамі, сумненнямі, небяспекамі. Універсітэт паклапоціцца аб сваіх студэнтах.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва БДУІР.