Праз адказнасць дарослых — да шчаслівага дзяцінства

Функцыянальных абавязкаў у спецылістаў сацыяльна-педагагічнай службы надзвычай многа, а работнікаў гэтай службы ва ўстановах адукацыі, як правіла, адзін-два. Як усё паспець? Пэўную дапамогу ў гэтым спецыялістам сацыяльна-педагагічных службаў могуць аказаць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Такое супрацоўніцтва можа быць карысным для ўсіх. Прыклад таму — рэалізацыя на працягу 2012—2014 гадоў праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва” ўстановамі адукацыі Мінскай вобласці і грамадскім аб’яднаннем “Здаровы выбар”.
Пра тое, як узнік праект, што ён даў яго ўдзельнікам, чаму навучыў спецыялістаў і ўвогуле пра складанасці і радасці работы з сям’ёй, аб тым, што натхняе ў гэтай дзейнасці, мы сёння гутарым з ідэйным натхняльнікам праекта. Знаёмцеся, Кацярына КАЎРОВА —выпускніца факультэта сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Працавала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, сёння ж яна з’яўляецца намеснікам кіраўніка грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар”, кіруе ўласным сямейным цэнтрам, займаецца навуковай дзейнасцю, піша кнігі для дзяцей і ўсёй сям’і.

— Кацярына, для пачатку раскажыце пра тое, чым вас асабіста прыцягвае гэтая тэма? У сферы сацыяльнага сіроцтва вы працуеце даволі даўно, у тым ліку, наколькі я ведаю, займаецеся і навуковай працай. Сёння часта можна пачуць ад маладых спецыялістаў, што ў педагогіцы складана знайсці нешта новае…
— У сваёй прафесіі, ды і па жыцці, мне заўсёды падабалася шукаць нешта новае — новыя, больш эфектыўныя метады і спосабы вырашэння існуючых праблем. А ў сферы аховы дзяцінства мне гэта падаецца асабліва актуальным — гэтага патрабуе само жыццё. Вось прыклад. У 2013 годзе я абараніла магістарскую дысертацыю па тэме “Сацыяльнае суправаджэнне выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу”. У апошні час у Рэспубліцы Беларусь захоўваецца тэндэнцыя павелічэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і колькасці выхаванцаў у іх. А гэта значыць, што ўзрастае і патрэба ў распрацоўцы і абгрунтаванні спецыфічных, тых, што падыходзяць менавіта для гэтай мэтавай групы, тэхналогій дапамогі і падтрымкі. Распрацаваная ў дысертацыі комплексная праграма сацыяльнага суправаджэння выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Старэйшы сябар” якраз і з’яўляецца такой тэхналогіяй. У яе аснове ляжыць ідэя ментарства, настаўніцтва, індывідуальнай падтрымкі, якая грунтуецца на працяглых (як мінімум дзевяць месяцаў) зносінах “Старэйшага сябра” і “Малодшага сябра”. Старэйшы — гэта непрафесійны суправаджальнік, як правіла, студэнт-валанцёр, спецыяльна падрыхтаваны да аказання дапамогі дзіцяці ў вырашэнні яго праблем у навучанні, па пашырэнні інтарэсаў, фарміраванні камунікатыўнай культуры. Дарэчы, у рамках дысертацыйнага даследавання быў распрацаваны метадычны дапаможнік, дзе апісаны ўсе этапы рэалізацыі праграмы “Старэйшы сябар”, мэты, задачы, дадзены ўзоры ўсіх неабходных дакументаў (анкеты, дагаворы з бацькамі-выхавальнікамі і валанцёрамі праграмы, апісана праграма навучання старэйшых сяброў, распрацаваны рэкламныя матэрыялы і г.д.). Ён можа быць карысны педагогам-псіхолагам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і сацыяльна-педагагічных устаноў. Тут, дарэчы, хацелася б выказаць падзяку майму навуковаму кіраўніку, дацэнту, кандыдату педагагічных навук Алене Адамаўне Носавай за дапамогу і падтрымку.

— А што натхняе вас на прафесійны пошук?
— Воляй лёсу 15 гадоў назад у маім жыцці з’явіліся дзеці, якім я была вельмі патрэбная. У 1997 годзе я паступіла на факультэт сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі. А ўжо на 2 курсе стала валанцёрам грамадскай арганізацыі, якая дапамагала людзям, што пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці, быць цвярозымі. У гэтай арганізацыі я працавала з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў і выхаванцамі дзіцячых інтэрнатных устаноў. І працягвала вучыцца, але з таго часу, як стала валанцёрам, мая вучоба была ўжо крыху іншай: на лекцыях я без канца задавала пытанні, цікавілася, ставіла пад сумненне нейкія тэорыі. Мне было цікава вучыцца. Першую палову дня я знаходзілася ва ўніверсітэце, а ў другой — ішла да дзяцей, якія ставілі перада мной вельмі шмат пытанняў. Такім чынам, з таго часу менавіта дзеці — рухавік майго пастаяннага развіцця.
Часам педагогі кажуць мне: “Я табе зараз усё раскажу пра гэтае дзіця, каб ты ведала, з кім маеш справу, і была гатовая”. На гэта заўсёды адказваю: “Дзякуй, не трэба. Тое, што вы ведаеце пра яго, — гэта адзін бок жыцця, а я хачу даведацца пра гэтае дзіця з іншага боку”. Такім чынам, адзін з прынцыпаў маёй працы — апора на станоўчае. Гэта таксама пэўным чынам натхняе і дае сілы для далейшага пошуку.

— А чым абумоўлена цікавасць грамадскай арганізацыі, якую вы прадстаўляеце, менавіта да тэмы сацыяльнага сіроцтва?
— Грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар” функцыянуе з кастрычніка 2002 года. Асноўным напрамкам дзейнасці нашай арганізацыі заўсёды была падтрымка дзяцей і сям’і. Кожнае дзіця мае права на сям’ю, мае права быць любімым сваімі бацькамі. І, калі часам жыццё складваецца інакш, трэба мець унутраныя сілы, знешнюю падтрымку, ведаць свае рэсурсы і магчымасці, каб быць паспяховым у будучыні.
З году ў год колькасць дзяцей-сірот у Беларусі памяншаецца. Гэта добрая тэндэнцыя. У цяперашні час большасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пражываюць на сямейных формах уладкавання. Наша задача — ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі забяспечыць умовы для сацыялізацыі дзяцей-сірот. Выконваем мы гэта праз рэалізацыю нашых праектаў. Мерапрыемствы накіраваны як на работу з дзецьмі, якія пражываюць у інтэрнатных установах ці выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, так і на рэабілітацыю нядобранадзейных сем’яў.

— Вы прадстаўляеце грамадскую арганізацыю, але разам з тым пастаянна супрацоўнічаеце з дзяржаўнымі структурамі — установамі, органамі адукацыі. Чым карысна такое супрацоўніцтва для двух бакоў?
— Упраўленні адукацыі, інстытуты развіцця адукацыі, сацыяльна-педагагічныя цэнтры — нашы асноўныя партнёры ў рэалізацыі праектаў. Вы слушна заўважылі — супрацоўніцтва двух бакоў. Яно спрыяе павышэнню эфектыўнасці і выніковасці работы па пераадоленні сацыяльнага сіроцтва, комплекснай рэабілітацыі нядобранадзейных сем’яў, падтрымцы дзяцей, якія пражываюць у алкагалізаваных сем’ях, развіццю прафесійнага бацькоўства ў Беларусі.
Так, напрыклад, у сувязі з закрыццём інтэрнатных устаноў “Здаровы выбар” праводзіць вялікую работу па прапагандзе сямейных форм уладкавання дзяцей — прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзiцячых вёсак (гарадкоў), мы імкнёмся спрыяць павышэнню прэстыжу прафесіі замяшчальных бацькоў.

— А ці гатовы мясцовыя супольнасці да такога супрацоўніцтва?
— Упэўнена, гатовы, бо мэты дзейнасці ў нас агульныя. У цэнтры ўвагі — дзіця, яго інтарэсы, дабрабыт, годная будучыня. Уся наша работа ў рамках праектаў праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам, нарматыўнымі прававымі дакументамі і можа стаць важным дадаткам дзейнасці дзяржаўных устаноў. Як правіла, нашы ініцыятывы знаходзяць водгук у мясцовых супольнасцях.

— У рэалізацыі многіх праектаў вы абапіраецеся на міжнародны вопыт. На ваш погляд, ці заўсёды магчыма прымяненне такога вопыту ў нашых умовах — з улікам нашых рэалій, менталітэту?
— У нашай дзейнасці мы абапіраемся на вопыт работы як замежных, так і айчынных спецыялістаў. Вось, напрыклад, у рамках рэалізацыі праекта “Дом там, дзе сэрца” ажыццяўлялася падрыхтоўка майстар-трэнераў з ліку мясцовых спецыялістаў па рабоце з алкагалізаванымі сем’ямі. Навучанне праводзілі калегі з Нідэрландаў і беларускія эксперты. Удзельнікі адзначалі, што гэта было карысна і значна для іх будучай работы з сем’ямі, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем.
Любы атрыманы вопыт мы разглядаем праз прызму сябе, сваіх поглядаў. І калі з’яўляецца новая ідэя для праекта, то ў першую чаргу задумваемся аб тым, а ці будзе гэта актуальна для нашага грамадства, як рэалізаваць праект максімальна эфектыўна з улікам нашых рэалій, менталітэту, традыцый.

— Раскажыце падрабязней аб апошнім маштабным праекце “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва”: з чаго ён пачынаўся, чаму менавіта такі акцэнт — адказнасць сям’і?
— Шчаслівыя адносіны ў сям’і — гэта сур’ёзная і пастаянная праца ўсіх членаў сям’і. Бо адносіны, як любая жывая істота, гінуць без любові, цяпла і шчырага ўдзелу. Без жадання дарослых і ўсведамлення імі гэтай простай ісціны нічога не атрымаецца — якой бы моцнай і рознабаковай не была падтрымка звонку. Адсюль і акцэнт на адказнасці самой сям’і.
Перад тым, як узнікла ідэя праекта, была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Так, мы вывучылі сітуацыю, якая склалася ў Беларусі па сацыяльным сіроцтве за некалькі апошніх гадоў, прааналізавалі формы ўладкавання дзяцей-сірот, асаблівасці функцыянавання прафесійных сем’яў. Несумненна, у нашай краіне сфарміравана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма работы па абароне дзяцінства. Наша арганізацыя ўбачыла падчас рэалізацыі праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва”, што яго мерапрыемствы могуць выступіць дадатковым рэсурсам у шматкампанентнай сістэме абароны правоў дзяцей і забеспячэння ўмоў для іх паўнавартаснага развіцця. І падтрымалі нас у гэтым Адопшунссентрум (Стакгольм, Швецыя) і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама.
Асноўнай мэтай праекта стала садзейнічанне і падтрымка ў рабоце па абароне правоў дзяцей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Мы спадзяваліся, што рэалізацыя праектных мерапрыемстваў будзе садзейнічаць рабоце па прафілактыцы сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва, захаванню дзіцяці ў роднай сям’і або яго вяртанню ў сям’ю, умацаванню дзіцяча-бацькоўскіх адносін, падтрымцы дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, паляпшэнню становішча дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або адабраных у бацькоў і змешчаных на рэабілітацыю ў аддзяленні дзіцячых сацыяльных прытулкаў, падтрымцы непаўналетніх бацькоў, павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці бацькоў-выхавальнікаў, прафілактыцы эмацыянальнага выгарання прафесійных бацькоў.

— Атрымліваецца, мэтавая аўдыторыя праекта вельмі шырокая…
— Так, у праект былі ўцягнуты розныя катэгорыі ўдзельнікаў — дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Мінска і Мінскай вобласці, выхаванцы і бацькі-выхавальнікі дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска, дзіцячай вёскі “Вытокі” (Мінскі раён), праблемныя сем’і Клецкага, Капыльскага, Крупскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці, непаўналетнія бацькі з Барысаўскага, Слуцкага, Салігорскага раёнаў (Мінская вобласць), а таксама спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў з усіх рэгіёнаў Беларусі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Зыходзячы з гэтага, і мерапрыемствы праекта былі арганізаваны ў розных формах. Гэта і звыклыя для ўсіх семінары-практыкумы, лекторыі, трэнінгавыя заняткі, і такія інавацыйныя формы, як творчыя майстэрні, пікнік-акцыі, адукацыйныя лагеры, супервізіі і г.д.
Як прыемна было бачыць бляск у вачах і ўсмешкі на тварах дзяцей і бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Мінскай вобласці падчас іх удзелу ў пікнік-акцыях, прысвечаных Дню абароны дзяцей! Такіх акцый прайшло дзве: у 2013 годзе акцыя прайшла ў Дзяржынскім раёне, удзел прынялі 110 чалавек, у 2014 годзе — у Барысаўскім раёне, удзел прынялі 120 чалавек.
Іншы погляд на сябе і сваю сям’ю, сямейныя традыцыі і каштоўнасці, змяненне жыццёвых прыярытэтаў, жаданне быць са сваімі дзецьмі — вынік удзелу нядобранадзейных маці ў адукацыйных лагерах. Так, была арганізавана работа двух такіх лагераў. У 2013 годзе на базе аздараўленчага цэнтра “Світанак”, у мінулым годзе — на базе санаторыя “Блакітны”.
Шэраг семінараў-практыкумаў быў праведзены ва ўсіх абласных цэнтрах рэспублікі і ў Мінску. Спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў пазнаёміліся з цікавым вопытам работы па адаптацыі дзіцяці ў замяшчальнай сям’і, прыёмамі прадукцыйнага вырашэння нестандартных жыццёвых задач. У ходзе семінара-практыкуму педагогі-псіхолагі, педагогі сацыяльныя абмеркавалі пытанні дзелавога і міжасобаснага ўзаемадзеяння ў сферы прафесійнага бацькоўства, а таксама ролю замяшчальных бацькоў у пабудове і падтрыманні кантактаў з біялагічнай сям’ёй дзіцяці. Удзельнікі вывучылі прыёмы правядзення супервізіі складаных выпадкаў узаемадзеяння ў працэсе суправаджэння дзейнасці прафесійных бацькоў.
Унікальным стаў і вопыт правядзення творчых майстар-класаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу Мінска. Каля 60 выхаванцаў на працягу 2013 года ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве. Тэматыка майстар-класаў была розная: шыццё цацак, роспіс гіпсавых фігур, мылаварэнне, кітайскі жывапіс. Дзеці захоплена тварылі разам з дарослымі, размаўлялі, жартавалі. Вынікам працы сталі цудоўныя прадметы handmade, душэўная атмасфера ў сям’і і набыццё карысных уменняў.
Сапраўднай знаходкай праекта стала рэалізацыя “Майстэрні сапраўдных падарункаў”. Гэта было сапраўды чараўніцтва! 12 дзяцей са сваімі марамі, 12 месяцаў, 12 дарыльшчыкаў. Нашы падарункі — гэта цэлыя гісторыі, напоўненыя падзеямі, пачуццямі, эмоцыямі. Падлеткі, якія ўдзельнічалі ў праекце, марылі пра многае. І ўсе мы разумеем, што заўсёды маюць месца жыццёвыя абставіны, якія мы змяніць не ў сілах. Але тое, што ў сілах, мы пастараліся змяніць. Стаць самай прыгожай, пабываць на сцэне, танцаваць у групе прафесіяналаў, навучыцца пячы тарты, пагутарыць з вядомымі спартсменамі, музыкамі, журналістамі — разам з падлеткамі мы дакрануліся да іх мары. Дзякуем майстрам-чараўнікам, якія адкрылі для дзяцей новыя магчымасці, у іх з’явіліся новыя мэты і адбыліся важныя знаёмствы.
Гэта далёка не ўсё, што было рэалізавана за два гады работы ў праекце. Пра яго можна казаць шмат. Але варта адзначыць, што ў цэлым усе мерапрыемствы праекта былі напоўнены цяплом, эмоцыямі, творчасцю і пазітывам. І гэта адна з прычын, чаму ў нас усё атрымалася.

— Што новага ў рабоце па выніках праекта атрымалі мясцовыя супольнасці — вопыт, веды, метады, формы работы?
— Практычна кожны наш праект прадугледжвае навучанне спецыялістаў сістэмы абароны дзяцінства з мэтай удасканалення іх работы па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, сацыяльнага сіроцтва. Гэты праект не стаў выключэннем. На мой погляд, карысным для далейшай работы можа стаць як вопыт арганізацыі асобных мерапрыемстваў, пра якія ішла гаворка раней, так і атрыманыя спецыялістамі веды.
Яшчэ адзін здабытак праекта — выданне кніг “Гісторыя маёй сям’і”, “Кніга пра мяне”. Гэта значная частка работы нашай арганізацыі. Кнігі, арт-альбомы — гэта своеасаблівы масток паміж намі, спецыялістамі грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” і бацькамі, дзецьмі.

— Ці будзе нейкі працяг гэтага праекта — з вашай дапамогай або самастойна мясцовымі супольнасцямі?
— Безумоўна, многія мерапрыемствы праекта працягнуць функцыянаваць і пасля завяршэння праекта. У першую чаргу гэта групы падтрымкі для нядобранадзейных бацькоў, клубы для непаўналетніх маці. На выніковай канферэнцыі, якая адбылася ў снежні 2014 года ў Мінску, спецыялісты актыўна абмяркоўвалі магчымасць прымяняць вопыт арганізацыі акцый для замяшчальных сем’яў у сваіх раёнах, прыцягнення дабрачынцаў для ажыццяўлення мар дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І гэта надае нам яшчэ больш сіл і энергіі для падрыхтоўкі новых праектаў.

Алена МАРКЕВІЧ.