Актывісткі, прыгажуні, выхавальніцы

Цярпенне, разуменне і любоў — якасці і пачуцці, якія так неабходны тым, хто працуе з дашкалятамі. У Рагачоўскім дзяржаўным педагагічным каледжы імкнуцца да таго, каб іх выпускнікі былі менавіта такімі. Сёлета тут атрымалі размеркаванне 48 навучэнцаў 4 курса, большасць з якіх (38) застаюцца працаваць у Гомельскай вобласці. 8 чалавек едуць у Магілёўскую вобласць, па адным  — на Брэстчыну і ў Віцебск.

— Наша ўстанова была адкрыта ў 1980 годзе, — расказала дырэктар каледжа Алена Аляксандраўна Казначэева. — І вось ужо амаль 40 гадоў мы рыхтуем выхавальнікаў для сістэмы дашкольнай адукацыі Гомельшчыны і Рэспублікі Беларусь у цэлым. За гады работы каледж падрыхтаваў 3453 спецыялісты, 131 з іх атрымаў дыплом з адзнакай.

Сёння ў Рагачоўскім педагагічным каледжы налічваецца 216 навучэнцаў, з імі займаюцца 36 выкладчыкаў, боль­шасць з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Педагогі выкарыстоўваюць у рабоце сучасныя сродкі навучання і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. А як інакш — з сучаснымі дашкалятамі здольны праца­ваць толькі высокаадукаваныя спецыялісты, таму і рыхтуюць іх у рэчышчы сучасных ідэй і тэхналогій. Многія выпускнікі, дарэчы, працягваюць вучобу і пасля заканчэння каледжа — ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

 Навучэнцы каледжа атрымліваюць спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” са спецыялізацыямі “творчая дзейнасць” (музычная, дэкаратыўна-выяўленчае мастацтва), “лагапедыя”, “замежная мова” (англійская). Выпускнікі, а дакладней, выпускніцы, атрымліваюць кваліфікацыю “выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Сёлета, між іншым, у каледжы плануюць набраць 50 чалавек на бюджэтнай аснове і 10 — на пазабюджэтнай. На рахунку цяперашніх выпускнікоў і навучэнцаў — удзел і перамогі ў шматлікіх конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях і форумах рознага ўзроўню.

Адна з сёлетніх выпускніц педагагічнага каледжа — Настасся Ціханава. Яна з ліку тых выпускнікоў установы, якія не застаюцца на Гомельшчыне, а едуць у іншыя рэгіёны краіны. Насця вяртаецца ў родны Бабруйск, дзе будзе працаваць у яслях-садзе № 65, у якім прахо­дзіць пераддыпломную практыку. Дзяўчына ўсе 4 гады навучання была старастай групы, актыўна ўдзельнічала ў даследчай рабоце, аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці — іграе на гітары, з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнага калектыву “Вечарына”.

Акрамя таго, Настасся Ціханава прымала ўдзе­л у рабоце клуба
ЮНЕСКА “Рунь”, што дзейнічае ў каледжы. Нездарма выкладчыкі лічаць яе мэтанакіраваным чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які разумее важ­насць самаразвіцця ў рабоце педагога. Ва ўдасканаленні прафесійных навыкаў дзяўчыне значна дапамог удзел у абласным этапе IV Рэспубліканскага чэмпіянату  WorldSkills Belarus 2020.

Насця, якая паспяхова асвоіла ў каледжы вучэбную праграму па спецыялізацыі “лагапедыя”, пасля заканчэння ўстановы плануе працягнуць вучобу ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Рагачоўскага педагагічнага каледжа.