Хутка на работу

Размеркаванне ў жыцці кожнага выпускніка — падзея асаблівая. Сёння ты студэнт, і часцей за ўсё да цябе звяртаюцца толькі па імені, а заўтра ты прафесіянал, чалавек, які цалкам адказвае за свой участак работы і да якога без імені па бацьку ніхто і не звернецца. Асабліва, калі ты педагог і твой “участак” — гэта дзеці. І адказнасць велізарная, і работа цікавая, і ўсё толькі пачынаецца…

Запытаў больш

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка сёлета больш за 700 выпускнікоў. З іх 184 чалавекі навучаюцца па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. Асноўная маса выпускнікоў БДПУ размяркоўваецца ў Мінскую вобласць і Мінск. У БДПУ заключаны дагаворы аб узаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў па падрыхтоўцы спецыялістаў: з упраўленнямі па адукацыі адміністрацый 7 раёнаў Мінска і 23 упраўленнямі па адукацыі, спорту і турызму раённых выканаўчых камітэтаў Мінскай вобласці і аддзелам па адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама (гэта асноўныя заказчыкі кадраў).

 Штогод з верасня па сакавік праводзіцца кансульта­цыйная работа са студэнтамі выпускнога курса на факультэтах і ў інстытутах з удзелам работнікаў аддзела кадраў і юрыдычнага аддзела. Праводзяцца і індывідуальныя кансультацыі пры зваротах студэнтаў.

На 20 красавіка ва ўніверсітэт паступіла звыш 1920 заявак на маладых спецыялістаў па 31 спецыяльнасці І ступені вышэйшай адукацыі. У параўнанні з 2019 годам колькасць заявак ад работадаўцаў (1600) у 2020 годзе павялічылася на 20%. З іх ад камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама — на 757 маладых спецыялістаў; галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — на 889; упраў­ленняў па адукацыі іншых абласцей краіны — на 274 маладыя спецыялісты. Больш за ўсё заявак паступіла на факультэты дашкольнай і пачатковай адукацыі, фізіка-матэматычны факультэт і факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

Таксама ў БДПУ нам расказалі, што з ліку студэнтаў, якія навучаліся на платнай аснове, выказалі жаданне размеркавацца 3 чалавекі (1 з гістарычнага факультэта, 1 — з фізіка-матэматычнага і 1 — з факультэта фізічнага выхавання). Пры гэтым больш за 25% выпускнікоў размяркоўваюцца ва ўстановы адукацыі, у якіх прахо­дзілі практыку.

Пра жаданне пераразмеркавацца заявілі 59 выпускнікоў 2018 года і 22 выпускнікі 2019 года. Найбольш частымі прычынамі пераразмеркавання з’яўляецца змяненне сямейнага становішча ці месца жыхарства.

Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугле­джвае магчымасць выпускнікам самастойна выбраць месца працы і падаць ва ўніверсітэт персанальную заяўку на размеркаванне. Як правіла, выпускнікі прадастаўляюць заяўкі са школы, дзе атрымалі агульную сярэднюю адукацыю, з установы адукацыі, дзе праходзілі практыку, або выказваюць жаданне працаваць у канкрэтнай мясцовасці (па месцы пастаяннай рэгістрацыі). Асаблівая ўвага ўдзяляецца выпускнікам з ліку інвалідаў, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, пры гэтым улічваецца стан здароўя, месца пастаяннай рэгістрацыі, наяўнасць жылога памяшкання, замацаванага за выпускніком (у гэтым годзе такіх 23 чалавекі).

Папярэдняе размеркаванне ў інстытутах і на факультэтах БДПУ прайшло ў сакавіку, калі былі вырашаны асноўныя пытанні прадастаўлення першага рабочага месца выпускнiкам. Асноўнае размеркаванне праводзіцца ў красавіку. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй размеркаванне ў гэтым годзе праходзіць у дыстанцыйным рэжыме.

Дадому і не толькі

Адна з выпускніц БДПУ, якая хутка атрымае дыплом, а размеркаванне ўжо атрымала, — студэнтка факультэта пачатковай адукацыі Паліна Харонжа. Дзяўчына вяртаецца на радзіму, будзе працаваць у сярэдняй школе № 4 Рагачова, што ў Гомельскай вобласці. Сама, праўда, закончыла школу № 2, і хоць працаваць будзе ў іншай, але ўсё роўна дома. Кажа, што калісьці выбрала прафесію, параіўшыся са сваёй першай настаўніцай — Таццянай Анатольеўнай То­дзінавай, якая цалкам падтрымала жаданне Паліны вучыць малодшых школьнікаў.

 Вось так школьная актывістка, якая была зоркай многіх школьных мерапрыемстваў, удзель­ніцай ініцыятыў БРСМ, і трапіла ў педагагічны ўніверсітэт. Тут таксама вылучалася добрай вучобай (Паліна заканчвае ўніверсітэт адной з лепшых на сваім факультэце) і зайздроснай грамадскай актыўнасцю, была старшынёй студэнцкага савета на факультэце, валанцёрам — дапамагала школе-інтэрнату № 7 Мін­ска, членам педагагічнага атрада. Верагодна, у выбары прафесіі дзяўчыне дапамог прыклад старэйшай сястры, якая закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і выкладае гісторыю ў сярэдняй школе імя А.А.Осіпава аграгарадка  Ціхінічы Рагачоўскага раёна.

Дар’я Буяла.

Дар’я Буяла заканчвае сёлета Інстытут інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Закончыла сярэднюю школу № 9 Оршы і вельмі хацела вярнуцца на малую радзіму — калі не ў Оршу, то ўсё ж на Віцебшчыну. Шансаў было нямнога, бо вобласць не даслала ва ўніверсітэт запытаў на педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з парушэннямі зроку, і сама дзяўчына месца ў роднай вобласці адшукаць не змагла. Але незадоўга да папярэдняга размеркавання ў інстытуце атрымалі запыт з Полацка. Там тыфлапедагог патрэбен для вучня сярэдняй школы № 6, які навучаецца дома. Дар’я, адна з лепшых студэнтак сваёй групы, пагадзілася адразу, нават звязалася з маці свайго будучага падапечнага, якая вельмі чакае педагога для сына, і цяпер дакладна ведае: едзе ў Полацк.

— Выбіраючы будучую прафесію, разумела, што хачу быць педагогам, бо, калі яшчэ сама вучылася, працавала з малодшымі школьнікамі, дапамагала настаўнікам. А потым даведалася пра тыфлапедагогіку, якая мяне вельмі зацікавіла. Гэта незвычайная спецыяльнасць, якой можна авалодаць толькі ў адной УВА нашай краіны, — гаворыць Дар’я. — Чакаю пачатку работы па спецыяльнасці з нецярпеннем.

Андрэй Марозаў.

На малую радзіму і, больш за тое, у родную гімназію вяртаецца яшчэ адзін будучы выпускнік БДПУ — Андрэй Марозаў. Хлопец заканчвае гістарычны факультэт і паедзе працаваць у Лошніцкую гімназію Барысаўскага раёна, што на Міншчыне. Кажа, што ніколі не хацеў жыць і працаваць у мегаполісе, бо лепей, чым у родным аграгарадку, для яго нідзе не будзе.

Гісторыяй Андрэй цікавіўся яшчэ тады, калі нават і прадмета такога ў раскладзе яго школьных заняткаў не было. Пазней інтарэс вучня да гісторыі падтрымала настаўніца Галіна Міхайлаўна Галуза.  Андрэй  займаўся не толькі на ўроках, але і наведваў факультатыўныя заняткі, стаў пастаянным удзельнікам прадметных алімпіяд, быў пераможцам раённай алімпіяды.

— Рады, што вярнуся дадому, папрацую з Галінай Міхайлаўнай, — гаворыць хлопец. — Усё складваецца так, як хочацца. 

Максім Барысюк.

А вось чацвёртакурснік Максім Барысюк, які заканчвае факультэт эстэтычнай адукацыі (можа выкладаць музыку, айчынную і сусветную мастацкую культуру), вырашыў застацца ў Мінску, будзе працаваць у адной з агульнаадукацыйных устаноў Фрунзенскага раёна сталіцы. Вучыцца ў БДПУ Максім прыехаў з гарадскога пасёлка Ружаны Брэсцкай вобласці. Спачатку закончыў музычную школу, Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж і ўжо там працаваў з дзецьмі, так што практыку і ў каледжы, і ва ўніверсітэце прайшоў нядрэнную.  Увесь час навучання ў БДПУ хлопец быў удзельнікам калектыву народнай музыкі “Ярыца”, хору Gaudeamus.

Вялікі горад прываблівае Максіма сваёй інфраструктурай, перспектывамі для асабістага развіцця, іншымі магчымасцямі.Так што, верагодна, гэты выбар зроблены абдумана і ўзважана.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з асабістых архіваў студэнтаў БДПУ.