Адмаўляйце правільна як навучыцца казаць “не”?

Якім бы камунікабельным, адкрытым і ветлівым ні быў учарашні выпускнік універсітэта, першы дзень на рабочым месцы — гэта заўсёды стрэс. Часта менавіта кіраўнікі арганізацый бяруць на сябе адказнасць за паспяховую адаптацыю маладых кадраў у калектыве. Але так шанцуе далёка не кожнаму.

Пра тое, як маладому спецыялісту паспяхова ўладкавацца на першым рабочым месцы, ці варта імкнуцца да таго, каб спадабацца ўсім, і як перамагчы няўпэўненасць у сабе, расказала псіхолаг супрацоўнік цэнтра крызіснай дапамогі “Проста жыць!”
 Лана Сяргееўна КУЛІКОВА.

— Лана Сяргееўна, чаму і наколькі важнай для маладога спецыяліста, акрамя прафесійнай, з’яўляецца псіхалагічная адаптацыя? З якімі цяжкасцямі ці псіхалагічнымі бар’ерамі малады спецыяліст можа сутыкнуцца на першым рабочым месцы?

— Адаптацыя — гэта вельмі важны этап, праз які прахо­дзяць усе маладыя спецыялісты. Для таго каб стаць част­кай ужо свайго калектыву, маладому спецыялісту неабходна прыняць патрабаванні арганізацыі: рэжым працы і адпачынку, становішча, службовыя інструкцыі, загады, распараджэнні адміністрацыі і г.д.

У спецыяліста без вопыту на першае месца выступаюць тыя якасці, якія непасрэдна праяўляюцца ва ўзаемадзеянні і ўзаемаадносінах з членамі калектыву, кіраўніком і інш. Даволі хутка праяўляюцца моцныя і слабыя бакі. Трывожнасць і няўпэўненасць у такім выпадку азначаюць боязь правалаў у рабоце і не зусім дасканалую арыентацыю ў рабочай сітуацыі. Гэта нармальны страх перад новым і невядомым, і паступова, з ростам упэўненасці ў сабе, ён пройдзе.

Працэс адаптацыі маладога спецыяліста складаны і супярэчлівы. Малады спецыяліст можа адчуваць стрэс ад недахопу часу для выканання ўсяго аб’ёму запланаваных работ, ці ён не можа знайсці кантакт з навучэнцамі (бацькамі, адміністрацыяй) і гэтак далей. Стрэс, незалежна ад віду дзейнасці, выклікае перанапружанне, якое становіцца прычынай шматлікіх праблем фізіялагічнага і псіхалагічнага характару.

Для таго каб знізіць уласнае напружанне і як мага хутчэй далучыцца да калектыву, не трэба баяцца задаваць пытанні і размаўляць з калегамі, не трэба саромецца.

— Як часта здараецца непрыняцце навічка ў калектыве? Наколькі няправільным з’яўляецца жаданне ўсім спадабацца, дагадзіць?

— Як вядома, калектыў можа быць розным. Ёсць арганізацыі, дзе любога новага супрацоўніка прымаюць сардэчна, тут жа ствараючы яму максімальна камфортныя ўмовы для работы. Іншы тып — гэта інертныя людзі, якім, па сутнасці, усё роўна, што змяніўся кадравы склад і з’явіліся новыя асобы. Самы няпросты тып калектыву, дзе стаць сваім вельмі складана (часам на гэта можа патраціцца нават некалькі гадоў), стаіць на падмурку з ужо сфарміраванай асновы супрацоўнікаў, якія бачаць у навічках толькі часовых работнікаў. Прыжыцца ў такім калектыве найбольш складана.

У першыя дні трэба прыгле­дзецца да ўсіх уважліва, даведацца больш пра сваіх калег. Акрамя таго, не варта адмаўляцца ад традыцый, якія склаліся ў кампаніі. Напрыклад, калі чалавек працуе ў ёй усяго два дні і не хоча здаваць грошы на дзень нараджэння супрацоўніка, якога не ведае, гэта заўсёды ўспрымаецца “дзядкамі” ў штыкі.

Нават калі здаецца, што людзі настроены варожа, часцей за ўсё гэта не так. Яны проста насцярожаныя і ўважліва ацэньваюць навічка, бо з ім прыйдзецца праца­ваць поруч доўгі час.

Так, падабацца ўсім немагчыма, бо кожны з нас мае свае інтарэсы, светапогляд і каштоўнасці. Але можна паспрабаваць пабудаваць нейтральныя ці нават сяброўскія адносіны на аснове агульных прафесійных адносін або захапленняў.

У жаданні падабацца навакольным няма нічога дрэннага, але празмерныя старанні ўсім дага­дзіць могуць выклікаць зусім процілеглы эфект — раздражненне ў калег. Ды і безадмоўнасць — прамы шлях да ператамлення і выгарання. Калі вы па дабрыні душэўнай згаджаецеся рабіць тое, чаго зусім не хочаце, гэта рана ці позна выкліча ў вас вельмі непрыемныя пачуцці ў адносінах да таго, чые просьбы вы выконваеце, ці да самой работы.

Не бойцеся гаварыць “не” на рабоце. Вы маеце права на ўласны выбар у тым, што тычыцца вашай работы. Ніхто лепш за вас не ведае, які аб’ём дадатковых даручэнняў вы можаце ўзяць на сябе. Уменне своечасова сказаць “не” дапаможа пазбегнуць унутранага напружання і ператамлення.

— Якімі павінны быць дзеянні, калі ў дачыненні да маладога спецыя­ліста прымяняецца псіхалагічны ці эмацыянальны гвалт? Што ў такой сітуацыі будзе больш правільна: шукаць новую работу ці паспрабаваць пагаварыць з калегамі?

— Эмацыянальны і псіхалагічны гвалт недапушчальныя ні ў якой сітуацыі, у тым ліку і на рабоце. Разнавіднасцю эмацыянальнага гвалту з’яўляецца мобінг — такія паводзіны калег, кіраўніцтва або падначаленых у адносінах да каго-небудзь з работнікоў, калі яны перыядычна на працягу тыдняў, месяцаў і нават гадоў ажыццяўляюць мэтанакіраванае праследаванне, нападкі, якія ўшчамляюць пачуццё ўласнай годнасці, падрываюць рэпутацыю і прафесійную кампетэнтнасць. Чалавек прама ці ўскосна падвяргаецца эмацыянальнаму гвалту, яго пастаянна зневажаюць і часта прад’яўляюць несправядлівыя абвінавачанні. Вынікам заўсёды з’яўляецца псіхалагічная траўма і звальненне.

Часта такое стаўленне пачынаецца з канфлікту, прычым любога. Таму важным навыкам з’яўляецца веданне таго, як канструктыўна вырашыць, а яшчэ лепш — прадухіліць канфліктную сітуацыю. Нельга адкладаць вырашэнне наспяваючага канфлікту. Імкніцеся шчыра і сур’ёзна зразумець пункт гледжання іншага, а ўласную памылку лепш прызнаць, каб апярэдзіць магчымую крытыку. І заўсёды звяртайцеся да фактаў, а не да пачуццяў, старайцеся захоўваць спакой.

У вырашэнні канфліктаў, якія ўзніклі на глебе рознагалоссяў у рабоце, што выконваецца, ці сталі міжгрупавымі, вырашальная роля адводзіцца кіраўніку, якому неабходна быць настолькі гнуткім, наколькі гэтага патрабуе сітуацыя. Але ён павінен валодаць цвёрдым уяўленнем аб патрэбных ад яго дзеяннях для вырашэння сітуацыі, не прымаючы да ўвагі, з якой колькасцю людзей мае справу. Кіраўнік абавязаны паставіць сапернікаў у вядомасць пра існаванне праблемы і заахвоціць іх да сумеснага вырашэння спрэчкі. Варта дазволіць кожнаму чалавеку апі­саць сітуацыю так, як ён яе бачыць, і высветліць інтэрпрэтацыю падзей кожным удзельнікам канфлікту.

— Што трэба рабіць, каб зня ць эмацыянальнае напружанне?

— У першую чаргу варта ска­заць, што да сябе не трэба быць занадта патрабавальнымі. У стане эмацыянальнага напружання пагаршаецца канцэнтрацыя ўвагі, памяць, запавольваюцца рэакцыі, і тое, што вы адчуваеце разгубленасць, трывогу або заняпад сіл — нармальна. Няхай вашым лепшым сябрам стане зарадка. Раніцай яна дапаможа не толькі прачнуцца, але і адчу­ваць сябе лёгка і ба­дзёра цэлы дзень. А ўвечары фізічная актыў­насць дапаможа знізіць узровень картызолу (гармону стрэсу) і пазбегнуць праблем са сном. Акрамя гэтага, існуе вельмі многа спосабаў, каб зняць эмацыянальнае напружанне. Напрыклад, калі вы хвалюецеся перад размовай з кіраўніком цi калегам, можна скарыстацца простымі метадамі: з усіх сіл патрыце далоні адна аб адну, пакуль яны не ста­нуць гарачымі. Таксама можна расцерці і мочкі вушэй. Дзякуючы такім практыкаванням, арганізм хутка пераключыцца на актыўную дзейнасць, адпрацоўваючы адрэналін, які выпрацоўваецца ў стане стрэсу.

Эфектыўнымі будуць таксама дыхальныя практыкаванні ці нер­вова-мышачная рэлаксацыя.

Карысным будзе паспрабаваць падвесці вынікі мінулага дня, прааналізаваць сітуацыі, якія запомніліся, прыдумаць крокі-рашэнні на найбліжэйшую будучыню, калі з’явіліся цяжкасці.

— Акрамя маладых спецыялістаў, актуальнымі з’яўляюцца пытанні адаптацыі навучэнцаў, асабліва тых, каго пераводзяць па розных прычынах у іншыя школы. З якімі праблемамі сутыкаюцца пры гэтым дзеці, у прыватнасці падлеткі?

— Многія бацькі да апошняга не гавораць дзіцяці аб пераездзе або пераходзе ў новую школу, а гэта няправільна. Лепш загадзя паднесці гэтую інфармацыю і пры гэтым пастарацца настроіць дзіця на пазітыўны лад. Трэба мякка растлумачыць прычыны пераводу і іх аб’ектыўнасць. Дзяліцеся сваімі перажываннямі, старайцеся не адмахвацца фразамі, маўляў, ты ўжо дарослы і сам разбярэшся.

Пачуццё трывогі з’яўляецца, калі вакол круціцца многа невядомай інфармацыі. Каб паменшыць гэтую трывогу, дзіцяці важна атрымаць практычную інфармацыю аб новай школе. Выберыце новую школу разам. Прадастаўце дзіцяці спіс магчымых варыянтаў, вывучыце сайты школ і па магчымасці наведайце кожную. Атрымаць інфармацыю аб школе ў наш час нескладана. Акрамя афіцыйных сайтаў, у школ мо­гуць быць групы ў сацыяльных сетках. Няхай дзіця самастойна паспрабуе выбраць новую навучальную ўстанову. Так вы дазволіце зразумець, што бацькі лічацца з яго меркаваннем, патрэбамі.

Не трэба чакаць, што працэс адаптацыі ў новай школе пройдзе хутка і гладка. Дарослыя не мо­гуць адмовіцца ад прад’яўлення патрабаванняў да падлетка. Пастаянныя прыдзіркі толькі справакуюць канфлікт у сям’і, а дзіцяці не гэта трэба, яно патрабуе разумення і падтрымкі. Калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі, трэба звярнуцца па дапамогу да класнага кіраўніка або школьнага псіхолага. Майце на ўвазе, што меркаванне аднагодкаў у падлеткавым узросце для дзяцей больш каштоўнае і аўтарытэтнае, чым меркаванне дарослых. Але толькі дарослыя могуць прадэманстраваць падлеткам аптымальныя мадэлі паводзін, паказаць ім на ўласным прыкладзе, як трэба будаваць адносіны з навакольным асяроддзем і людзьмі, якія побач.

Будзьце сябрам свайму амаль ужо даросламу дзіцяці, верце ў яго і дапамагайце, тады ў яго абавязкова ўсё атрымаецца.

— Ці трэба настаўнікам, класным кіраўнікам апякаць новых вучняў, абараняць іх? Да чаго гэта можа прывесці?

— Задача класнага кіраўніка — дапамагчы вучню адаптавацца да новага класа, да школы, даць яму ўсю неабходную інфармацыю. Настаўнік павінен загадзя падрыхтаваць клас, паведаміць пра тое, што да іх прыйдзе новы вучань, раска­заць, хто, адкуль прыехаў, вырашыць з вучнямі, дзе новенькі будзе сядзець. Было б нядрэнна паспрабаваць зрабіць так, каб навучэнцы ўявілі сябе на месцы новенькага і падумалі, чым яму можна дапамагчы.

Пры ўзнікненні канфліктнай сітуацыі настаўнік павінен займаць нейтральную пазіцыю. Выступаць медыятарам, старацца выслухаць і ўлічыць меркаванне кожнага. Таксама можна звярнуцца да школьнага псіхолага, калі новенькі сам з’яўляецца крыніцай канфлікту, аказаць неабходную падтрымку. Тым не менш неаб’ектыўнае стаўленне або неабгрунтаваныя патуранні (і тым больш апека) могуць справакаваць агрэсію ў адносінах да вучня, бо яго і так успры­маюць як чужога, прыглядаюцца да яго паводзін, вырашаюць, ці можна з ім сябраваць. У горшым выпадку новенькі можа стаць ізгоем.

— Лана Сяргееўна, у школе, а таксама ў іншых навучальных установах, некаторых працоўных калектывах заўсёды былі і будуць белыя вароны. Што з імі рабіць і, галоўнае, што ім самім рабіць, каб хаця б мінімальна адчуваць сябе ў бяспецы?

— Такіх дзяцей неабходна прымаць такімі, якія яны ёсць. Мы ўсе маем права на індывідуальныя асаблівасці і свабоду самавыяўлення.

Настаўнік можа расказаць пра талерантнасць, прывіць навыкі канструктыўных зносін вучням, паказаць, што адчуваюць непадобныя да іх равеснікі. Таксама настаўнік павінен спрабаваць прадухіліць абразы, знявагі, ганенні з боку аднагодкаў. Дзеці бываюць жорсткімі ў адносінах да тых, хто выглядае не так, як яны, ці паво­дзіць сябе інакш.

У кожным класе ёсць свой лідар, і ізгоем можа стаць любы, хто па нейкіх прычынах яму не спадабаецца. Тады ўсе аб’ядноўваюцца супраць аднаго. Часцей за ўсё аб’ектам для нападак або ганення становяцца дзеці з незвычайнай знешнасцю. Калі ў дзіцяці ёсць фізічны недахоп, то трэба быць гатовым да таго, што на яго звер­нуць увагу.

Ціхія і слабыя не могуць даць адпор, не ўмеюць або саромеюцца сварыцца, таму становяцца лёгкай мішэнню лідара, а ўслед за ім і ўсяго класа. За кошт слабага адбываецца самасцвярджэнне іншых дзяцей.

Раз і назаўсёды вырашыць праблему белых варон немагчыма, але з дапамогай бацькоў, педагогаў і, пры неабходнасці, псіхалагічнай падтрымкі, можна дапамагчы дзецям адаптавацца да патрабаванняў школьнай сістэмы, пабудаваць канструктыўны дыялог з аднагодкамі, знайсці ў сабе тыя моцныя бакі, на якія трэба звяр­нуць увагу і развіваць, прызнаць унікальнасць кожнага і права быць самім сабой, адчу­ваць падтрымку, любоў і прыняцце.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.