Асцярожна! Будзе горача!

Прафесія сталявара заўсёды была творчай і прыгожай. А пачуцці таго, хто ўпершыню трапляе ў цэх па плаўцы металаў, перадаць немагчыма. Так, адразу можна спужацца: пастаянны шум машын і велізарныя пошугі агню выглядаюць, як папярэджанне быць асцярожным. Але за гэтай уяўнай небяспекай сапраўды хаваецца творчасць, трэба толькі ўмець яе разглядзець. Майстар плаўкі на гарачых металах Беларускага металургічнага завода Цімур ДЖУРАЕЎ гаворыць: уменне бачыць прыгожае ў сталеплавільным цэху прыводзіць да таго, што ў адносінах да прафесіі здараецца любоў.
Ці не гэта самы яскравы паказальнік, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы?

Святло для кожнай вуліцы

Цікавасць да тэхнікі і інжынерыі ў Цімура Джураева з’явілася яшчэ ў школе. Хлопчыку падабалася працаваць з дрэвам і металам, рабіць з гэтых матэрыялаў розныя вырабы.

“Напрыклад, на ўроках працоўнага навучання мы рабілі дэкаратыўныя вулічныя ліхтары. Не скажу, што такая дзей­насць была накіравана на грамадскую ка­рысць. Больш, безумоўна, усё рабілі для сябе, для навучальнай установы. Такое мастацтва (а гэта менавіта мастацтва) не толькі прывівала любоў да працы, яно развівала мысленне, уседліваць, вучыла бачыць прыгожае. Для самаразвіцця гэта быў добры варыянт. Акрамя вулічных ліхтароў, я рабіў таршэры, настольныя свяцільні, падстаўкі для кветак.

Калі заканчваў школу, разглядаў у якасці далейшай прафесійнай дзейнасці той кірунак, які будзе звязаны з інжынерыяй. Яшчэ кіраваўся тым, колькі балаў набраў на ЦТ. Пасля супастаўляў жаданае і магчымае і выбіраў, куды пайду. У спісе прыярытэтных у мяне быў адзін універсітэт — БНТУ, у якім прываблівалі некалькі факультэтаў: аўтамабілебудаванне, нафтавая прамысловасць і механіка-тэхналагічны. У выніку пайшоў вучыцца на механіка-тэхналагічны на кафедру “Металургічныя тэхналогіі”.

Сёння аб сваім выбары Цімур не шкадуе, хаця першапачаткова бачыў сябе ў сферы машынабудавання.

“Я падаваў дакументы на аўта­мабілебудаванне, але пасля вырашыў перастрахавацца, каб прайсці ва ўніверсітэт, і перакінуў дакументы на металургічныя тэхналогіі. Хаця ў выніку, як атрымалася, прайшоў бы і на аўтамабілебудаванне. Але ўсё атрымалася вельмі добра. Я нічога не страціў, таму што і адзін, і другі кірунак дзейнасці мяне цікавілі. У выніку паступіў на дзённую бюджэтную форму навучання. Вучыцца падабалася, вучэбны працэс быў пабудаваны цікава. Безумоўна, асаблівыя пачуцці і хваляванне выклікала практыка, падчас якой вучышся прымяняць атрыманыя веды, пераводзіць іх з тэарэтычнай плоскаці ў практычнае асяроддзе. Але мы не сказаць што працавалі, мы больш назіралі і спрабавалі зразумець, як пабудавана вытворчасць. Практыка ў нас была на 1, 3 і 5 курсах. На 5 курсе практыкі былі дзве — пераддыпломная і вытворчая”.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Цімур застаўся на сваім факультэце — паступіў у магістратуру на завочнае бясплатнае навучанне. Працягнуць вучобу маладому чалавеку прапанаваў загадчык кафедры, які бачыў зацікаўле­насць студэнта ў металургіі. Не заўважыць цікавасць было немагчыма: студэнт не раз друкаваўся ў спецыялізаваных часопісах з артыкуламі па адпаведнай тэме, а ўсе лабараторныя, курсавыя выконваў на вышэйшыя балы.

“Загадчык кафедры быў упэўнены, што я не пашкадую, калі паступлю ў магістратуру, гаварыў, што змагу пачарпнуць для сябе яшчэ больш карыснага і цікавага. Пасыл мне спадабаўся. Я вырашыў, што хачу параўнаць, правесці аналогіі паміж сваім прадпрыемствам, на якое пайшоў працаваць (Беларускі металургічны завод), і іншымі. Я вывучаў інфармацыю па ўкараненні шматлікіх тэхналогій на прадпрыемстве, рабіў апытанні сярод спецыялістаў. У выніку паўтара года навучання прайшлі вельмі карысна і цікава.

На цяперашні момант вучобу паставіў на паўзу, усё больш паглыбляюся ў прафесію. Хаця не выключаю, што буду атрымліваць другую вышэйшую адукацыю па менеджменце, кіраванні персаналам. Па сваёй прафесіі вучыцца больш не планую, таму што гэта ўжо складана ажыццявіць. Мне трэба ў выпадку паступлення ў аспірантуру мяняць сферу сваёй дзейнасці (сёння працую майстрам у цэху на асноўнай вытворчасці). І каб займацца навуковай дзейнасцю (а гэта абавязкова трэба будзе рабіць, калі вучыцца ў аспірантуры), трэба пераводзіцца ў даследчы цэнтр ці тэхнічнае ўпраўленне”.

І памочнік, і майстар

Калі прыйшоў на завод, Цімур працаваў падручным сталявара ўстаноўкі непячной апрацоўкі сталі. Але час усё падкарэкціраваў.

“Мая праца ў асноўным была фізічная, я пазнаваў працоўныя навыкі. Настаўнікі, якімі для мне былі майстры і сталявары, вучылі і паказвалі ўсё тое, што можа спатрэбіцца пасля, калі буду расці ў прафесійным плане. Падручным я працаваў паўтара года, пасля чаго мяне прызвалі на службу ва Узброеныя Сілы.

З арміі я прыйшоў 2 гады назад і зноў вярнуўся на завод падручным сталявара. Мне сказалі, што бачаць, што я хлопец адказны і перспектыўны, а зна­чыць, магу расці ў прафесійным плане. Праз некалькі месяцаў работы пайшоў на замяшчальнага майстра. А праз год мяне зацвердзілі майстрам. Афіцыйна мая прафесія сёння гучыць як майстар (плаўкі сталі на гарачых работах) участ­ка дугавой сталеплавільнай печы № 3, устаноўкі непячной апрацоўкі сталі, электрасталеплавільнага цэха № 2”.

Цімур гаворыць, што ўяўленні аб прафесіі, атрыманыя падчас вучобы ва УВА, не кардынальна, але значна адрозніваліся ад таго, з чым давялося сутыкнуцца падчас работы на заводзе.

“Універсітэт дае абагульненыя веды аб прафесіі. Мы праходзім усё павярхоўна. Мая прафесія на заводзе сёння звязана з электраметалургіяй, а тое, што праходзілі падчас навучання ў БНТУ, звязана з ліцейнай вытворчасцю. Сюды адносіцца, напрыклад, пераплаўка металаў, як каляровых, так і чорных. Я не хачу сказаць, што веды, атрыманыя падчас навучання, мне не спатрэбіліся ці не зацікавілі. Усё было вельмі цікава і карысна, і ні ў якім разе нельга баяцца ісці на факультэт атрымлі­ваць дыплом. Тыя, хто мае такія ж захапленні, як і я, абавязкова знойдуць сябе ў адпаведнай сферы. А яна, дарэчы, даволі перспектыўная.

На БМЗ у нас адзін спосаб выплаўкі металу і яго разліўкі. Такім чынам, на першым рабочым месцы ўсё адрознівалася, я сутыкнуўся з вузкапрофільным кірункам дзейнасці. Мне спатрэбіўся час, каб авалодаць пэўнымі навыкамі. Улічваючы тую базу, якую атрымаў ва ўніверсітэце, гэта не было вельмі складана: асновы і тэорыю ведаў, а значыць, мог усё ўлавіць”.

Боршч з металу

БМЗ, на якім працуе Цімур, — вельмі буйны завод з вялікай колькасцю вытворчых цэхаў. Гатовая прадукцыя таксама вельмі розная.

“Наша прадпрыемства накіравана ў асноўным на экспарт. Мы можам пастаўляць пракат, гарачакатаныя бясшоўныя трубы або розныя віды дроту. Спектр спажыўцоў нашай прадукцыі вельмі шырокі. Напрыклад, трубы неабходны для нафтавай вытворчасці. З нашага металу таксама вырабляецца шмат дэталей для канцэрнаў Volkswagen, BMW і інш. Пасля таго як загатоўкі ім экспартуюцца, яны іх ператочваюць у неабходныя элементы.

Запатрабаваным відам нашай прадукцыі з’яўляецца металакорд — трос, які звіты са стальнога латуніраванага дроту і выкарыстоўваецца ў вытворчасці аўтамабільных і іншых гумавых шын. Металакорды заказваюць такія знакамітыя брэнды па вытворчасці шын, як Michelin, Continental, Goodyear.

Загатоўкі вырабляем для нашых загатоўчых цэхаў, якія з іх робяць прадукцыю паглыбленай перапрацоўкі, ці самастойна прадаём на экспарт, і пакупнікі сам займаюцца іх перапрацоўкай.

Мая задача як майстра выплаўкі — пераплавіць металалом у электрасталеплавільнай печы, зліць яго ў коўш, у якім расплаўлены метал даводзім да неабходнага хімічнага складу. Адным словам, варым боршч згодна з адпаведнай рэцэптурай. І, як толькі ён гатовы, разліваем у загатоўкі пэўнага памеру і дыя­метру. Пасля гэтага наша частка работы выканана”.

Пра сваю работу Цімур расказвае з цікавасцю і адухаўленнем. Па эмоцыях, якімі напоўнены аповед маладога чалавека аб прафесіі, зразумела, што яму, майстру плаўкі сталі на гарачых работах, пашанцавала знайсці сваё прызванне.

“Тэмпература плаўкі для рознага металу розная і залежыць ад хімічнага складу гэтага самага металу. Прыкладна лічба вагаецца ў дыяпазоне 1450° С і вышэй. Метал, які зліваем з печы, гэта 1600—1700° С. Безумоўна, кожны від металу трэба прывесці да розуму, таму што розныя віды патрабуюць асобнага падыходу. Калі няправільна пада­браць тэмпературу, можам атрымаць брак. Такіх сітуацый лепш не дапускаць, таму што на вытворчасць ідуць вялікія затраты, шмат электрычнасці. Відавочна, атрымаўшы брак, мы маем вялікія страты ў грашовым эквіваленце. Таму я як майстар павінен забяспечыць бесперабойны выпуск якаснай прадукцыі. На ўсіх этапах вытворчасці сачу за тым, каб з печы выдалілі непатрэбныя дэталі, каб тэмпература была аптымальнай падчас плаўкі і ў працэсе разліўкі.

Напрыклад, у працэсе вытворчасці корду вельмі важна зрабіць так, каб метал быў пластычным. Мы ведаем, што на ломкасць уплывае ўтрыманне фосфару, а на абрыўнасць — утрыманне азоту ў сталі. Такім чынам, ведаючы, як на розных этапах апрацоўкі са сталі выдаляюцца сера, азот і фосфар, сочым, каб гэта адбылося ў поўнай меры. Гэта што тычыцца металакорду. Калі гаварыць пра трубы, якія з’яўляюцца капрызным відам прадукцыі, да іх вельмі высокія патрабаванні па колькасці непатрэбных утрыманняў. Таму перад разліўкай павінна быць вельмі якасная фінішная апрацоўка металу.

Металы, якія ідуць для аўтамабільнай прамысловасці, на валы ці для колаў, павінны быць без мікратрэшчын. А ведаючы, што трэшчыны могуць з’яўляцца з-за таго, што метал разліваецца на больш высокай тэмпературы, чым гэта патрабуецца, для нас самае галоўнае — сачыць за тэмпературай згодна з тэхналагічнымі картамі.

Мне як чалавеку, які скончыў УВА па адпаведнай спецыяльнасці, гэта вельмі цікава. Кожны дзень іду на работу з задавальненнем і спрабую даведацца нешта новае, вучуся разбірацца ў вытворчасці, а таксама спрабую шукаць варыянты і магчымасці, пры дапамозе якіх можна аблегчыць нашу працу. Я працую ў асноўным удзень, але зрэдку даводзіцца замяшчаць калег па начах, зменных майстроў. Такі графік работы не напружвае, арганізм вельмі хутка перастройваецца.

Дарэчы, дагэтуль, калі ёсць вольны час, а гэта ў асноўным бывае на выхадных ці ў адпачынку, раблю што-небудзь для дому. Гэтыя навыкі захаваліся ў асноўным са школы. Апошнім вырабам стаў кававы столік з дрэва. Працуючы з дрэвам, адпачываю ад штодзённых думак, ад работы. Можа, у хуткім часе зраблю што-небудзь з металу, але пакуль што знаходжуся ў пошуку ідэй.

Тым, хто сёлета збіраецца пасту­паць ва УВА, у прыватнасці ў БНТУ на факультэт, дзе я вучыўся, жадаю поспехаў і хачу сказаць, што ў прафесію важна ісці па прызванні. Толькі ў такім выпадку работа не будзе напружваць, а прынясе задавальненне як у фінансавым, так і ў эмацыянальным плане”.

Наталля САХНО.