“Ведаю чалавека, дырэктара транспартнай фірмы, які атрымаў прафесію ў вучэбнавытворчым камбінаце і захаваў яе на ўсё жыццё. Вядома, потым ён працягнуў вучыцца, скончыў УВА, але ўсё пачалося менавіта са знаёмства з прафесіяй у ВВК”, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ Андрэй Іванавіч Готто. З 2013 года ВВК з’яўляецца аддзяленнем прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў гэтай навучальнай установы. Сёлета знаёмства з прафесіямі тут пачалі дзесяцікласнікі прыкладна пяцідзесяці школ Фрунзенскага раёна сталіцы, а адзінаццацікласнікі працягваюць атрымліваць прафесійныя веды і навыкі.
Прапановы і магчымасці
Зараз у аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі займаецца больш за 2200 школьнікаў. Аддзяленне налічвае 18 спецыяльнасцей: касір гандлёвай залы, памочнік выхавальніка, майстар па манікюры, малодшая сястра міласэрнасці, цырульнік, кухар, токар, электраманцёр па эксплуатацыі лічыльнікаў, сацыяльны работнік і інш.
Кожны год пералік спецыяльнасцей пашыраецца і становіцца больш сучасным. Размеркаванне па спецыяльнасцях праводзіцца на падставе жаданняў школьнікаў і з улікам іх стану здароўя. У любым выпадку можна выбраць спецыяльнасць, улічваючы свае здольнасці і магчымасці. Кожны дзень у аддзяленне прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў прыязджаюць каля 400 школьнікаў, яны 2 гадзіны займаюцца тэорыяй і 4 гадзіны — практыкай. У каледжы ёсць буфет, усе дзеці могуць паабедаць.
Пасля заканчэння аддзялення прафесійнай падрыхтоўкі маладыя людзі па шэрагу спецыяльнасцей могуць атрымаць прафесійны разрад.
— Разрад прысвойваецца не па ўсіх спецыяльнасцях, бо не хапае гадзін, каб засвоіць неабходную для гэтага праграму, — тлумачыць А.І.Готто. — Каб атрымаць разрад па спецыяльнасці, адзінаццацікласнікі здаюць кваліфікацыйны экзамен дзяржаўнай камісіі, якая складаецца не толькі з выкладчыкаў каледжа, але і са спецыялістаў прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Калі разрад не прысвойваецца, то выпускнікі атрымліваюць даведку аб тым, што яны прайшлі курс па пэўнай прафесіі. Важна, што гэтая даведка можа спатрэбіцца, калі ў далейшым маладыя людзі вырашаць пайсці на курсы падрыхтоўкі або перападрыхтоўкі па той спецыяльнасці, па якой вучыліся ў каледжы. У гэтым выпадку ім могуць залічыць пройдзеныя гадзіны, і курс навучання будзе скарочаным.
Пры гэтым важна, што каледж удзельнічае ў Рэспубліканскім праекце па эксперыментальна-інавацыйнай дзейнасці. Ён скіраваны на распрацоўку праграмы, якая дае магчымасць выпускнікам аддзялення прафесійнай падрыхтоўкі атрымліваць прафесійна-тэхнічную адукацыю па скарочанай праграме ў каледжах і ліцэях. Такую магчымасць у найбліжэйшы час школьнікі атрымаюць па спецыяльнасці “Цырульнік”.
Трэба адзначыць, што падлеткі набываюць навыкі практычнай работы не толькі ў каледжы, але і падчас практыкі на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада: магазінах, аўтасэрвісах, цырульнях, аўтобусных парках. Праўда, каранавірус унёс пэўныя карэктывы, і школьнікі змаглі практыкавацца на базе каледжа. Так, будучыя кветкаводы пастаянна ўдасканальваюць свае ўменні на тэрыторыі аддзялення, а калі ёсць магчымасць, то працуюць у Батанічным садзе.
Сярод педагогаў, якія выкладаюць на аддзяленні, ёсць тыя, хто ў свой час скончыў каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, а пазней вярнуўся працаваць у сваю навучальную ўстанову. Галоўнае патрабаванне да ўсіх выкладчыкаў — наяўнасць прафесійнай кваліфікацыі па той спецыяльнасці, якую ён выкладае.
Такім чынам, у аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў ёсць усе ўмовы для таго, каб вызначыцца, падыходзіць ім выбраная спецыяльнасць ці не. Нават калі чалавек пасля заканчэння школы не звязвае сваё жыццё з гэтай спецыяльнасцю, у яго застаюцца не толькі дакументы, якія даюць магчымасць працаваць па атрыманай спецыяльнасці, вучыцца на курсах перападрыхтоўкі, але і карысныя навыкі. Так, Андрэй Іванавіч прыгадвае, як некалькі гадоў назад у каледж на аддзяленне прафесійнай падрыхтоўкі звярталіся людзі, каб атрымаць дублікаты сваіх пасведчанняў аб атрыманай спецыяльнасці менавіта для таго, каб працаваць па ёй.
— Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што чым больш чалавек ведае і ўмее, тым больш упэўнена адчувае сябе ў жыцці, — перакананы мой суразмоўнік.
Як выбіраем, чаму выбіраем?
Вельмі цікава, што на аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў для вучняў 1—4 класаў арганізавана знаёмства з прафесіямі. Дзеці пякуць пячэнне, саджаюць кветкі, вучацца рабіць медыцынскія павязкі, укручваюць шрубы. Такія заняткі праводзяцца ў рамках работы прафарыентацыйнай пляцоўкі.
Але давайце вернемся да старшакласнікаў і зазірнём у некаторыя вучэбныя класы. Вось кабінет, дзе рыхтуюць будучых афіцыянтаў. Тут заняткі праводзіць майстар Ала Уладзіміраўна Абрамава, а займаюцца дзесяцікласнікі школ Фрунзенскага раёна. У іх ліку вучаніца сярэдняй школы № 59 Настасся Мазоўка.
— Як толькі даведалася пра тое, якія прафесіі нам прапануюць атрымаць у аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, вырашыла, што буду афіцыянтам, бо мне падабаюцца зносіны з людзьмі. Наўрад ці я выберу прафесію афіцыянта як справу жыцця, калі закончу школу. Але не выключаю магчымасць таго, што адкрыю сваё прадпрыемства грамадскага харчавання. У якасці падпрацоўкі для студэнта гэтая прафесія якраз тое, што трэба. А ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі важна для любой прафесіі.
Вось такія філасофскія глыбіні знаходзяць сучасныя школьнікі ў рабочых прафесіях.
У наступным кабінеце мы сустракаемся з будучымі выканаўцамі мастацка-афарміцельскіх работ.
— Гэта прафесія творчая, мы вывучаем такія прадметы, як жывапіс, малюнак, шрыфты, матэрыялазнаўства, — гаворыць майстар вытворчага навучання Вікторыя Анатольеўна Грыцук.
Падчас нашага візіту дзяўчаты, якія вырашылі вучыцца па гэтай спецыяльнасці, выконвалі жывапісны эцюд. Адна з іх, Кацярына Сінкевіч, таксама вучаніца школы № 59, расказала, што з дзяцінства вучылася ў мастацкай школе, а яшчэ добра малюе яе маці, таму яна і выбрала такі занятак у аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі.
— Мне падабаецца, што гэты занятак для душы, — заўважае Каця. — І прафесію, магчыма, выберу такую, дзе важнаўмець маляваць. Верагодна, стану архітэктарам ці дызайнерам.
На занятках слесараў па рамонце аўтамабіляў нечакана сярод хлопцаў сустракаем дзяўчыну. Высвятляецца, што цікавасць да аўтамабільнай тэхнікі ёй прывіў бацька. Чаму б і не? Хто сказаў, што жанчыны не могуць разбірацца ў тэхніцы? Яны могуць усё. А пакуль будучыя аўтаслесары пачынаюць з самага простага: вывучаюць штангенцыркуль.
У класе будучых цырульнікаў мы бачым, як азы прафесіі асвойваюць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. І гэта зразумела, бо барбершопы цяпер растуць як грыбы. Да таго ж такія прафесійныя навыкі — гэта добрая аснова адкрыць уласную справу. Гэта датычыцца і майстра па манікюры. Многія з іх могуць не толькі рабіць манікюр сваім сяброўкам, але і мець добрую падпрацоўку, а то і асноўную прафесію. Пасля заканчэння аддзялення прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў яны, здаўшы пры жаданні экзамены, атрымліваюць трэці рабочы разрад.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.