Родныя “Вытокі”

Уліцца ў самастойнае жыццё бывае няпроста нават тым, хто вырас у звычайнай — добрай, дружнай — сям’і. Дарослае жыццё патрабуе многіх навыкаў, умення вырашаць розныя праблемы. У дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, такіх праблем узнікае больш, чым у каго. Справіцца з імі, канечне, лягчэй, калі такое дзіця атрымала належныя выхаванне і вопыт. І лепш, калі выхоўвалі яго абодва замяшчальныя бацькі — і тата, і мама. Так, як гэта звычайна адбываецца ў дзіцячай вёсцы “Вытокі”, што недалёка ад Мінска.

Фота да матэрыяла: Родныя “Вытокі”.“Вытокі” былі адкрыты ў 2009 годзе — першая частка, у 2010 — другая. Праект быў эксперыментальным, бо да гэтага часу ў беларускіх дзіцячых вёсках працавалі толькі жанчыны, а ў новай вёсцы і тады, і зараз жывуць поўныя сем’і — мама, тата, іх родныя дзеці, выхаванцы. Дзякуючы толькі гэтаму, пачынаецца сацыялізацыя дзяцей, якія засталіся без апекі біялагічных бацькоў: хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць у поўнай сям’і, бачаць належную мадэль сямейных адносін. Так нараджаецца цалкам абгрунтаваная надзея, што ў далейшым выхаванцы “Вытокаў” самі створаць добрыя сем’і. Такім чынам рэалізоўваецца галоўная мэта дзіцячай вёскі — стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Менавіта з гэтых разважанняў пачынаецца наша гаворка з дырэктарам дзіцячай вёскі “Вытокі” Ільёй Аляксандравічам Жылічам і яго намеснікам Святланай Анатольеўнай Мінаковай. З імі мы сустрэліся ў пасёлку Вопытны, дзе знаходзіцца частка дзіцячай вёскі (другая яе частка — у пасёлку Крынічны), у маляўнічым месцы. Тут размешчаны прыгожыя домікі, кожны з якіх разлічаны на адну выхаваўчую групу (гэта калі гаварыць афіцыйна), або на адну вялікую сям’ю, дзе можа быць да 10-ці дзяцей (калі гаварыць, як тут прынята).

Выхоўваючы дзяцей у рэжыме “24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень”, беручы водпуск звычайна тады, калі малыя едуць у лагер або на адпачынак у Італію, бацькі-выхавальнікі становяцца для сваіх падапечных проста бацькамі. Зараз толькі ў Вопытным жыве больш за 70 хлопчыкаў і дзяўчынак са статусам сіраты або дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў. Практычна ўсе — у поўных сем’ях, за выключэннем выпадкаў, калі жанчына, напрыклад, стала ўдавой. Што ж, такое здараецца і ў звычайным жыцці, сем’і з вёскі прыстасоўваюцца да розных жыццёвых сітуацый, так, як і любыя іншыя сем’і.

І, як у любых іншых сем’ях, тут у многіх групах у дзяцей складваюцца добрыя адносіны не толькі з замяшчальнымі татамі і мамамі, але і з бабулямі-дзядулямі, іншымі членамі сям’і. Дзеці ездзяць да іх у госці — на дачы, у вёскі. Так пашыраецца кола зносін выхаванцаў, з’яўляюцца магчымасці для іх сацыялізацыі.

Фота да матэрыяла: Родныя “Вытокі”.Між іншым сярод цяперашніх выхаванцаў “Вытокаў” ёсць 10 дзяцей-інвалідаў, а таксама малыя, якія патрабуюць асаблівага навучання. Іх, зразумела, таксама неабходна адаптаваць да дарослага жыцця. І першы клопат тут — справіцца з медыцынскімі дыягназамі, дапамагчы дзецям з рознымі праблемамі здароўя прыстасавацца, адчуваць сябе ўпэўнена. Такая работа ўключае і лячэнне дзяцей аж да аперацый, і пастаянны клопат пра іх унутры кожнай сям’і. Вось толькі адзін яскравы прыклад: бацькі-выхавальнікі Аксана Мікалаеўна і Сяргей Ампадзіставіч Войтавы ўзялі да сябе траіх дзяцей, у якіх ёсць праблемы са слыхам. А сям’я, заўважце, надзвычай музыкальная, сярод яе выхаванцаў лаўрэаты мноства музычных конкурсаў. Дзеці з праблемным слыхам, якія вучацца ў спецыялізаванай школе, таксама ўдзельнічаюць у сямейных выступленнях, а іншыя члены сям’і вывучылі мову жэстаў.

Зразумела, што хутчэй да жыцця ў сям’і адаптуюцца малодшыя дзеці. Але ў большасці хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць у вёску праз прытулкі сацыяльна-педагагічных цэнтраў — у падлеткавым узросце. Ёсць выпадкі адмовы ад апекі. Дзеці прыходзяць з розных умоў, са сваімі, ужо ўсталяванымі поглядамі на жыццё, звычкамі, прынцыпамі. Усё гэта часцей з негатыўным адценнем.

Вось і даводзіцца супрацоўнікам “Вытокаў” змагацца з такімі недахопамі ў “выхаванні”, адаптаваць выхаванцаў да ўмоў і патрабаванняў нармальнага сацыяльнага жыцця. Таму, як перакананы спецыялісты з дзіцячай вёскі, блізкім дзіцяці неабходна адразу рэальна ацаніць свае сілы і браць яго пад апеку, калі яны цалкам упэўнены, што справяцца, а не траўміраваць потым падлетка адмовай ад апекі, калі яго дрэнныя прывычкі ўжо сфарміраваліся.

“У “Вытоках” трэба жыць па пэўных правілах: скажам, вяртацца дадому да вызначанай гадзіны, абавязкова гаварыць, куды ідзеш, снедаць, абе-даць, вячэраць у пэўны час і г.д. Такі кантроль многіх не на жарт абурае — тады яны бягуць скардзіцца да дырэктара. А я ім тлумачу, што ў кожнага ёсць не толькі правы, але і абавязкі, — усміхаецца Ілья Аляксандравіч. — Кажу: “Твой абавязак як вучня — добра вучыцца. Зможаш атрымліваць па рускай літаратуры, напрыклад, адзнакі не меншыя за 7, дазволю прыходзіць дадому крыху пазней”. “Дамовіцца з любым дзіцем можна, — дадае Святлана Анатольеўна. — Усё можна растлумачыць”.

Фота да матэрыяла: Родныя “Вытокі”.У вёсцы жывуць дзеці да 18 гадоў. Самым маленькім — па 3 гады. Калі дзеці паступаюць у сталічную навучальную ўстанову, яны, пры жаданні, жывуць у вёсцы ў сваёй выхаваўчай групе. Часцей за ўсё так і здараецца, але ёсць падлеткі, якія вучацца ў каледжах і ліцэях Мінскай вобласці і жывуць у інтэрнатах, дадому, у “Вытокі”, прыязджаюць на святы і выхадныя, а ў навучальных установах іх курыруюць тамтэйшыя спецыялісты. Ездзіць да біялагічных бацькоў не многія хочуць, а калі спрабуюць, то хутка адмаўляюцца ад гэтага, бо мамы і таты, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, даўно не з’яўляюцца для іх аўтарытэтам. Як сказаў адзін з выхаванцаў, з’ездзіўшы да роднай маці: “Мне з ёй і пагаварыць няма пра што”.

У вёсцы ёсць свае сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг, якія пастаянна працуюць з выхаванцамі. Тут складаюць план развіцця кожнай выхаваўчай групы, а ў ім — індывідуальны план развіцця кожнага дзіцяці. Сацыяльная адаптацыя займае вялікае месца ў рабоце з выхаванцамі “Вытокаў”, як са звычайнымі, так і з тымі, хто мае праблемы са слыхам, зрокам, інтэлектуальную недастатковасць, іншыя праблемы са здароўем, цяжкасці ў навучанні. Шкада толькі, што ў вёсцы не кожнаму паспяваюць дапамагчы. Бывае, што аперацыю рабіць позна, а родныя бацькі пра гэта не паклапаціліся, і дзіця застаецца, скажам, з касавокасцю.

Вельмі дапамагае ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця школьны дэфектолаг — усе выхаванцы “Вытокаў” з гэтага навучальнага года вучацца ў Бараўлянскай сярэдняй школе № 3, якая толькі сёлета адкрылася. Там займаюцца і прафарыентацыяй, і прывіццём дзецям неабходных сацыяльна-бытавых навыкаў. Безумоўна, неабходныя ўменні прывіваюць дзецям і бацькі-выхавальнікі: вучаць прыбіраць, гатаваць, мыць посуд, рабіць пакупкі — як у сумесных паходах па магазінах, так і самастойна. Для гэтага выхаванцам даюць невялікія сумы з дзяржаўнай дапамогі, каб яны, напрыклад, маглі купіць сабе булачку ці сок.

Справа, як вы разумееце, не ў булачцы, а ў развіцці самастойнасці і ўсведамленні таго, як і на што лепш траціць грошы, бо 18-гадовыя выпускнікі ўжо самі трацяць і свае стыпендыі, і дапамогі, а гэта не заўсёды разумна робяць нават “дамашнія” дзеці. Але апошнім заўсёды могуць дапамагчы бацькі, а вось сіротам — не. Праўда, іх, асабліва маладых людзей з АПФР, курыруюць у навучальных установах. Бацькі-выхавальнікі пастаянна сустракаюцца з куратарамі сваіх падапечных, каб ведаць, як жыве малады чалавек, чым яму трэба дапамагчы.

Да выбару выхаванцамі прафесіі ў “Вытоках” ставяцца надзвычай адказна. Перш за ўсё звяртаюць увагу на стан здароўя падлетка, а яшчэ на тое, дзе за ім замацавана жыллё, бо калі малады чалавек мае дом у вёсцы, то варта даць яму прафесію, на якую там будзе попыт. Так, сёлета адзін з вясковых выхаванцаў з АПФР паступіў у Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй. Хлопец вучыцца ў спецыяльнай групе для падлеткаў з падобнымі праблемамі, атрымлівае прафесію агародніка, садоўніка. У адной з вёсак Мінскага раёна, дзе размяшчаецца бацькоўскі дом юнака, работа для яго знойдзецца.

Што да пытанняў з жыллём, да пытанняў прававога характару, то, канечне, яны няпростыя. За кожным выхаванцам захоўваецца яго жыллёвае права. У некаторых выпадках гэта замацаванне існуючага памяшкання (у якім гаспадарамі з’яўляюцца нядобранадзейныя бацькі ці якое дасталася ў спадчыну), а ў большасці выпадкаў — пастаноўка на ўлік як тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Усе выхаванцы валодаюць інфармацыяй, да якой катэгорыі яны адносяцца, у якім стане знаходзіцца іх жыллё, іншымі звесткамі. Калі дзіця выбывае з дзіцячай вёскі, дакументы перадаюцца следам за ім у тую ўстанову, дзе яно будзе вучыцца далей.

А ў далейшым дзяцей (нават тых, хто стаў паўналетнім) падтрымліваюць і спецыялісты ліцэяў (каледжаў), і спецыялісты вёскі, і бацькі-выхавальнікі. Ніхто не прымушае бацькоў сачыць за лёсам дзіцяці пасля выпуску, але калі яно задае пытанне, звяртаецца з просьбай аб дапамозе, абавязкова атрымае параду, магчыма, фактычную дапамогу. “Гэта ўнутраная адказнасць людзей, — гаворыць С.А.Мінакова. — Да таго ж у нас ёсць юрысконсульт, ён таксама можа дапамагчы, а мы прымаем нашых былых выхаванцаў у любы дзень, у любы час, калі ім, напрыклад, патрэбна якая-небудзь даведка. А што зробіш, калі чалавек працуе і можа прыехаць у Вопытны толькі ў суботу?”

Пра лёс сваіх выхаванцаў супрацоўнікі дзіцячай вёскі ведаюць нямала, тым больш што зараз у гэтым дапамагаюць сацсеткі. Хтосьці ў іх расказвае пра свае сем’і, дзяцей, хтосьці — пра вучобу ў Акадэміі МУС або БДУІР. Адна дзяўчына вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Сацыяльны педагог”. А калі дзіця атрымлівае рабочую прафесію, супрацоўнікі вёскі раяць яму атрымліваць адразу некалькі спецыяльнасцей, каб больш упэўнена адчуваць сябе ў жыцці пры любых умовах і зменах. Наогул жа, былыя выхаванцы вёскі маюць розныя прафесіі, розныя лёсы, якія склаліся шмат у чым дзякуючы таму, што калісьці ім сталі роднымі “Вытокі”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.