Работа па выяўленні і ўліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, настолькі ж важная, наколькі і складаная. Таму клопат аб павышэнні яе эфектыўнасці заўсёды застаецца сярод пастаянных надзённых задач. Адзін са шляхоў вырашэння гэтай задачы — стварэнне рэсурсных цэнтраў па адпаведнай тэматыцы. У Мінску 5 гадоў працуе рэсурсны цэнтр па забеспячэнні дзейнасці спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі па выяўленні і ўліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, іх сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі і аказанні ім псіхалагічнай дапамогі.
Для каго і навошта
Рэсурсны цэнтр на базе СПЦ з прытулкам Ленінскага раёна сталіцы працуе ва ўзаемадзеянні з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна. Кіраўнік РЦ намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра па метадычнай рабоце Ганна Аляксандраўна Крупеня заўважае, што работа цэнтра накіравана на распаўсюджванне станоўчага вопыту і забеспячэнне ва ўстановах адукацыі раёна і горада комплекснай сістэмы сацыяльна-педагагічнага суправаджэння спецыялістаў СППС у названай рабоце. Хаця, здараецца, работа цэнтра выходзіць і за гарадскія межы, распаўсюджваючыся на ўсю краіну. Так атрымліваецца дзякуючы супрацоўніцтву з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, якая час ад часу накіроўвае ў цэнтр сваіх слухачоў.
Наогул, тэма сумеснай работы, супрацоўніцтва часта ўзнікае ў нашай размове, што і зразумела: работа з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, работа з цяжкімі падлеткамі якраз і патрабуюць агульных намаганняў. Уласна кажучы, адной з задач цэнтра і з’яўляецца развіццё сістэмы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з зацікаўленымі службамі раёна (горада) па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.
А яшчэ тут імкнуцца спрыяць стварэнню ўмоў для замацавання спецыялістаў СППС, павышэння іх кваліфікацыі, абмену вопытам; забяспечваць інфармацыйна-прававую і навукова-метадычную падтрымку дзейнасці спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы па выяўленні дзяцей у СНС, дапамозе ім. І, канечне, калі мы гаворым аб рабоце рэсурснага цэнтра, амаль заўсёды маем на ўвазе і работу СПЦ, які ўзначальвае Аксана Васільеўна Говен, бо аддзяліць адно ад аднаго немагчыма.
Калі ж вярнуцца да сістэмы супрацоўніцтва, то ў лік партнёраў, акрамя пералічаных, уваходзяць, зразумела, іншыя СПЦ Мінска, установы адукацыі (у Ленінскім раёне 47 дзіцячых садоў і 27 школ), органы ўнутраных спраў і аховы здароўя, камісія па справах непаўналетніх, цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, іншыя грамадскія аб’яднанні. Удзел у семінарах рэсурнага цэнтра прымаюць і ўрачы-псіхатэрапеўты, і спецыялісты Следчага камітэта, і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, напрыклад аб’яднання “Маці супраць наркотыкаў”.
Праверана на ўласным вопыце
— Мінулы навучальны год быў для нас вельмі цікавым, бо мы ўдзельнічалі ў сацыяльным праекце “Сацыяльныя паслугі для падлеткаў у кантакце з законам” дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без меж” пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), — расказвае Г.А.Крупеня. — У ходзе рэалізацыі праекта арганізавана дзейнасць кансультацыйнага цэнтра, спецыялісты СПЦ, устаноў адукацыі раёна навучыліся новым формам і метадам работы з цяжкімі падлеткамі, заснаваным на міжнародным вопыце, адаптаваным для работы ва ўмовах Беларусі. З улікам змены кадраў у бягучым навучальным годзе наша задача — навучыць методыцы работы з такімі падлеткамі ўсіх педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў Ленінскага раёна, у тым ліку ў супрацоўніцтве з МГІРА. Зусім нядаўна методыцы “Ацэнка рызык і магчымасцей” для работы з такімі дзецьмі мы вучылі спецыялістаў з розных раёнаў горада.
У рабоце з падлеткамі, якія мелі кантакты з законам, у цэнтры існуе група самадапамогі “Выхад ёсць”, якая дзейнічае праз сацыяльную сетку “УКантакце”. Групу вядзе педагог-псіхолаг Ганна Леанідаўна Іванова, а раз на месяц на базе цэнтра яна арганізуе вочныя заняткі для падлеткаў. Летась да ўдзелу ў праекце далучалі нават падлеткаў, якія на той час знаходзіліся ў прытулку СПЦ: іх удзел спатрэбіўся для правядзення выязнога семінара “Прынцыпы кейс-менеджменту ў рабоце з дзецьмі ў кантакце з законам”, каб паказаць практычныя заняткі па методыцы “Ацэнка рызык і магчымасцей”.
СПЦ таксама арганізаваў удзел у семінары спецыялістаў школ №№ 15, 36, 189, 55, 54, 129, 17 Мінска. На працягу 3 дзён прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна мелі магчымасць на прыкладах з практычнага вопыту пазнаёміцца са зместам і методыкай прадастаўлення паслуг для падлеткаў у кантакце з законам, а таксама абмеркаваць актуальныя пытанні з калегамі з Баранавіч.
Другі праект, у якім і рэсурны цэнтр, і СПЦ у цэлым былі задзейнічаны ў мінулым навучальным годзе, — гэта праект “Гуманны падыход да кожнага дзіцяці ў інтарэсах будучага гуманнага грамадства”. Спецыялісты СПЦ з прытулкам Ленінскага раёна прайшлі падрыхтоўку ў цэнтры “Медыяцыя і права”, дзе асвойвалі інструменты аднаўленчай медыяцыі.
Праект накіраваны на ўвядзенне аднаўленчых падыходаў у дзейнасць дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама ўкараненне магчымасцей прымянення медыяцыі і медыятыўных інструментаў пры вырашэнні канфліктаў з удзелам непаўналетніх, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам. Дзякуючы праекту, у Мінску і Баранавічах падрыхтаваны 17 спецыялістаў у сферы аднаўленчай медыяцыі.
У бягучым навучальным годзе ў СПЦ Ленінскага раёна прайшло некалькі працэдур медыяцыі з удзелам непаўналетніх, іх вынікам стала мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. Для вырашэння канфліктаў, у тым ліку сямейных, паміж бацькамі і дзецьмі, у цэнтр звяртаюцца школы, а могуць прыйсці і самі бацькі, дзеці, педагогі.
— У тым, што тычыцца медыяцыі, мы робім першыя крокі, — заўважае мая суразмоўніца, — але пачатак, здаецца, удалы. Пры гэтым мы не размяжоўваем работу рэсурснага цэнтра і СПЦ, нашу метадычную работу і работу педагогаў раёна, бо не толькі вучым іншых, але і вучымся самі. І, зразумела, калі ў нас саміх не будзе пастаяннай практыкі, то і работа па навучанні іншых спецыялістаў не дасць належнага эфекту.
Зараз, дарэчы, рэсурсны цэнтр з падачы ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска развівае работу па прафілактыцы проціпраўных паводзін дзяцей і падлеткаў. Спецыялісты цэнтра праводзяць заняткі з элементамі трэнінгу для навучэнцаў 3—4-х класаў сярэдняй школы № 40, якія парушаюць дысцыпліну, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Школа знаходзіцца літаральна за агароджай СПЦ, таму дзеці прыходзяць сюды на заняткі. Трэнінгі накіраваны на адпрацоўку камунікатыўных навыкаў у зносінах як з равеснікамі, так і з дарослымі, эмацыянальнае развіццё, развіццё навыкаў сацыяльнай адаптацыі. Калі вопыт акажацца ўдалым, яго распаўсюдзяць у раёне.
Стварыць, апрабаваць, распаўсюдзіць
Што да навучання спецыялістаў, то ў рэсурсным цэнтры арганізавана правядзенне розных яго форм: праблемны семінар, метадычная майстэрня, метадычны ўрок, майстар-клас, круглы стол і іншыя, у тым ліку з удзелам запрошаных спецыялістаў, напрыклад урачоў-нарколагаў, супрацоўнікаў РУУС. Пры гэтым нярэдка на такое навучанне запрашаюць і бацькоў. Так, днямі запрасілі на семінар, прысвечаны барацьбе з наркаманіяй, не толькі педагогаў, але і прыёмных бацькоў раёна.
Важным складнікам работы з падлеткамі па методыцы “Ацэнка рызык і магчымасцей” з’яўляецца азнаямленне з атрыманымі вынікамі самога падлетка і яго законных прадстаўнікоў. Гэта важна для фарміравання ў падлетка матывацыі сваіх паводзін, а ў сям’і — паўнацэннага ўдзелу ў гэтым працэсе. Выключэнне дзіцяці з працэсу прыняцця рашэнняў дэструктыўна адбіваецца на канчатковым выніку, патрабуе дадатковых рэсурсаў пры фарміраванні матывацыі падлетка. Таму важна не толькі паставіць непаўналетняга перад фактам, але і дабіцца асэнсавання і прыняцця праграмы і вынікаў яе рэалізацыі, якія чакаюцца. Значную ўвагу неабходна ўдзяляць працэсу разумення падлеткам сутнасці вынікаў ацэнкі яго рызык і магчымасцей.
Сярод тэм вучэбных семінараў, групавых кансультацый, іншых мерапрыемстваў — “Уратаваць ад бездані. Прафілактыка суіцыдальных паводзін у падлеткавым асяроддзі”, “Арганізацыя і правядзенне сацыяльнага даследавання, разгляд яго вынікаў на савеце ўстановы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, “Механізм работы СППС устаноў адукацыі па раннім выяўленні фактаў насілля ў адносінах да непаўналетніх з боку асоб, якія пражываюць разам з імі”, “Прафілактыка эмацыянальнага выгарання педагогаў”.
Тут выпускаюць метадычныя рэкамендацыі па выяўленні і ўліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, іх сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі і аказанні ім псіхалагічнай дапамогі для спецыялістаў СППС устаноў адукацыі. Важна, каб кожны спецыяліст, асабліва навічок, ведаў, як правільна напісаць, напрыклад, зварот у РУУС, як аформіць іншыя дакументы ў адпаведнасці з практыкай, якая існуе ў раёне, выдаюцца літаральна пакрокавыя інструкцыі для такой работы.
Выходзяць і метадычныя веснікі па актуальнай тэматыцы, напрыклад, па нарматыўна-прававым і метадычным забеспячэнні дзейнасці спецыялістаў СППС устаноў адукацыі па рабоце з непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (і/ або якім неабходна дзяржаўная абарона). Тэматычныя буклеты распрацоўваюць і для непаўналетніх і іх бацькоў: “Праўда пра алкаголь”, “Развод вачыма дзіцяці”, “Мы выбіраем жыццё” і г.д.
Спецыялісты рэсурснага цэнтра па запрашэнні школ раёна выязджаюць на бацькоўскія сходы, класныя гадзіны, у тым ліку раённыя.
Выкарыстоўваюць спецыялісты і такую сучасную форму арганізацыі сеткавай інфармацыйнай работы, як віртуальны метадычны кабінет. Ён дазваляе арганізаваць метадычную прастору для ўдзельнікаў семінара, які дзейнічае пастаянна, “Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў СППС устаноў адукацыі”; забяспечвае аператыўны доступ да інфармацыі: банка даных нарматыўных дакументаў, метадычных рэкамендацый; трансліруе канцэптуальныя палажэнні рэсурснага цэнтра. Віртуальны кабінет абагульняе вопыт работы спецыялістаў СППС раёна, аказвае аператыўную дапамогу педагогам-псіхолагам і сацыяльным педагогам, праводзіць дыстанцыйныя метадычныя мерапрыемствы.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва рэсурснага цэнтра СПЦ з прытулкам Ленінскага раёна Мінска.