Прышчэпка ад махінацый

Разуменне эканамічных працэсаў, фінансавая дасведчанасць — своеасаблівыя прышчэпкі ад маніпуляцый, аборона ад усялякага роду махляроў, фінансавых пірамід і г.д. Так лічыць кіраўнік Рэсурснага цэнтра асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Генадзь Мікалаевіч Сугака. Калі я гавару, што, напэўна, такія веды асабліва важныя для маладых і сучасных, ён з усмешкай парыруе: “Гэта важна для ўсіх, хаця мы, зразумела, працуем з дзецьмі і падлеткамі. Сістэмныя эканамічныя веды даюць іншае бачанне свету, хаця б аднаго з яго бакоў”.

Г.М.Сугака.

Бачная мэта

Ідэя стварэння такога цэнтра ўзнікла на пачатку 2016 года, хаця Г.М.Сугака гаворыць, што прапаноўваў стварэнне чагосьці падобнага яшчэ за 10 гадоў да гэтага, бо былі добрыя напрацоўкі: у палацы рыхтавалі дзяцей да алімпіяды па эканоміцы, якая праводзілася якраз да 2006 года. Напрацоўкі і методыкі, вопыт, кабінет эканомікі не зніклі, так што ў 2016 годзе цэнтру было з чаго пачынаць ажыццяўленне сваёй глабальнай мэты — стварэнне ў Мінску адкрытага адукацыйнага асяроддзя для фарміравання эканамічнай культуры навучэнскай моладзі праз укараненне комплексу арганізацыйна-дзейсных, метадычных і педагагічных практык.

Зразумела, што ажыццявіць гэтую даволі амбіцыйную мэту можна толькі праз вырашэнне не самых простых задач: стварэнне ўмоў для развіцця аб’яднанняў па інтарэсах эканамічнага профілю ва ўстановах адукацыі; рэалізацыю шматступеньчатай мадэлі эканамічнай адукацыі і выхавання школьнікаў, навучэнскай моладзі на базе МДПДіМ; стварэнне сістэмы прафесійнай падтрымкі педагогаў па ўкараненні ў практыку адукацыйных методык і тэхналогій фарміравання і развіцця эканамічнай культуры, фінансавай дасведчанасці школьнікаў і навучэнскай моладзі; распрацоўку, апрабаванне і ўкараненне ў адукацыйны працэс інавацыйнай тэхналогіі навучання, навукова-метадычнага і праграмнага забеспячэння; стварэнне ІТ-платформы (мэтавага сеткавага рэсурсу) для прэзентацыі педагагічных практык, педагагічнага вопыту, інавацыйнай работы па эканамічнай адукацыі, фінансавай дасведчанасці.

Сярод задач таксама фарміраванне кластарнай мадэлі ў галіне эканамічнай адукацыі і выхавання навучэнцаў на аснове сацыяльных камунікацый з установамі адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі, бізнес-структурамі, СМІ, прадпрыемствамі і арганізацыямі. А яшчэ заняткі ў цэнтры не могуць не служыць прафарыентацыі школьнікаў.

Генадзь Мікалаевіч і педагогі цэнтра маюць, безумоўна, адпаведны вопыт і адукацыю для работы з дзецьмі ў выбраным кірунку. Так, Г.М.Сугака — колішні выпускнік БДУ, спецыяліст па эканамічнай геаграфіі замежных краін, таксама авалодваў дадатковымі эканамічнымі ведамі. У свой час рыхтаваў да алімпіяд па эканоміцы не толькі каманду Палаца дзяцей і моладзі, але і каманду Мінска.

Паэтапна

Каб аблегчыць узаемадзеянне са школамі, іншымі ўстановамі, безумоўна, патрэбен быў сайт цэнтра, у стварэнні якога дапамог вучань Генадзя Мікалаевіча Руслан Гурбанмухамедаў. Зараз паспяхова працуе адукацыйны партал Рэсурснага цэнтра асноў эканамічных ведаў, фінансвай дасведчанасці і прадпрымальнасці http://m.erc.mgddm.by. Праз яго праводзяцца завочныя этапы гарадскіх конкурсаў і турніраў “Займальная эканоміка”, “Бізнес-старт” і іншых. ІТ-платформа выкарыстоўваецца для прэзентацыі педагагічных практык і вопыту, інавацыйнай дзейнасці.

Амаль тры з паловай тысячы карыстальнікаў было ў рэсурсу ў мінулым годзе, каля 76 тысяч праглядаў. А ў 2017/2018 навучальным годзе спецыялісты цэнтра распрацавалі і размясцілі на адукацыйным партале пачатковы курс эканомікі і бізнесу і курс “Мікра-макраэканоміка”. Зразумела, гэта далёка не ўсе прыклады практычнага выкарыстання партала.

Што да вочнай работы са школьнікамі і іншымі навучэнцамі, то цэнтру ўдалося стварыць сістэму бесперапыннага эканамічнага навучання і фінансавай дасведчанасці, якая складаецца з паслядоўных цыклаў. Першы з іх — пачаткова-азнаямляльны для навучэнцаў 3—5-х класаў. На гэтым этапе галоўнае — азнаёміць дзяцей з эканамічнай азбукай, увесці іх у свет эканомікі з дапамогай гульняў, рашэння самых простых задач, практыкумаў, экскурсій. І, канечне, для навучання малодшых школьнікаў педагогі выкарыстоўва­юць аўтарскія праграмы “Азбука поспеху”, “Юны фінансіст”, “Скрудж Макдак”, “Бізнес-старт”.

Падчас аднаго з конкурсаў у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

Другі цыкл заняткаў, для навучэнцаў 6—8-х класаў, разлічаны на вывучэнне эканомікі асобы, сям’і, прадпрыемстваў, краіны, свету ў самым агульным святле, у непасрэднай сувязі з навакольным асяроддзем, школьнымі прадметамі праз праграмы “Інавацыя”, “Гермес”, “Пачатковы курс эканомікі і бізнесу”.

Нарэшце, трэці цыкл уяўляе сабой сістэмнае вывучэнне асноў эканамічнай тэорыі, турызму і праектнай дзейнасці, разлічаны на старшакласнікаў. Гэта школы юнага эканаміста-менеджара (павышаны ўзровень), “Эканоміка турызму”, “Кіраванне праектамі” і “Гермес”. Уся сістэма бесперапыннага навучання выкладзена больш чым у 10 вучэбных праграмах. І, пагадзіцеся: калі хтосьці зможа прайсці ўвесь курс, то сумненняў не застанецца — вось яна, будучая зорка эканомікі і фінансаў, такому чалавеку дарога на адпаведны факультэт. Як лічыць кіраўнік рэсурснага цэнтра, добрыя (падкрэсліваю — добрыя) эканамісты краіне патрэбны заўсёды. Калі ж у эканамічную УВА прыходзяць не па прызванні, а з-за прэстыжнасці такой адукацыі, нічога добрага не атрымаецца.

Ну, і не варта забываць пра тое, што хоць эканоміка і лічыцца гуманітарнай дысцыплінай, на справе патрабуе ведання розных прадметаў і валодання рознымі навыкамі. Гэта, напрыклад, уменне рашаць матэматычныя задачы, веданне гісторыі, геаграфіі, інфарматыкі. Так заняткі эканомікай даюць школьнікам штуршок да пазнання розных сваіх магчымасцей, да ўсебаковага развіцця.

Рыцары фінансавых турніраў

Стварэнне канкурэнтнага асяроддзя падсілкоўвае цікавасць да эканомікі ў многіх школьнікаў. Для развіцця цікавасці, фарміравання эканамічнага мыслення ў рэсурсным цэнтры распрацавана сістэма конкурсаў, адукацыйны праект “Зімовыя бізнес-вучэнні для мола­дзі” (адказны — старшыня праўлення ГА “Цэнтр падтрымкі і развіцця юнацкага прадпрымальніцтва” Наталля Пятроўна Шапо) — падрыхтоўка каманд і правядзенне гарадскіх дзелавых гульняў па фінансах і прадпрымальнасці. У рамках гэтага праекта праходзяць конкурсы творчых работ “Аб фінансах і поспеху ў тэхніцы скрапбукінгу”, “Сторытэлінг”, дзелавая гульня “Даход­насць і рызыкі”. А ў трэці тыдзень сакавіка традыцыйна праводзіцца Міжнародны ты­дзень фінансавай дасведчанасці дзяцей і моладзі ў рамках гарадскога турніру “За лідарам”.

Конкурсы, адзначым, праводзяцца асобна для кожнай узроставай групы школьнікаў. Так, для навучэнцаў сярэдняга школьнага ўзросту — конкурсы “Падарожжа ў Экаландыю”, “Бізнес-старт”.

Наколькі папулярныя спаборніцтвы, можна даведацца, напрыклад, з такіх лічбаў: за 2018 год у эканамічных конкурсах і турнірах удзельнічалі 2036 школьнікаў у завочных этапах і 323 — у вочных з 85 устаноў адукацыі горада. Лета, дарэчы, не выключэнне для заняткаў. Так, у мінулым го­дзе на першай змене гарадскога аздараўленчага лагера “Чабарок” у Палацы дзяцей і моладзі праводзіліся заняткі па фінансавай дасведчанасці па праграме “Эканоміка ў гульнях”. Усяго навучанне прайшлі больш за 500 мінскіх школьнікаў ва ўзросце ад 9 да 12 гадоў. Магчыма, для кагосьці гэтае навучанне стала стартам для больш глыбокай цікавасці да эканомікі і фінансаў, удзелу ў адпаведных турнірах.

Ужо ў 2020 годзе пры садзейнічанні Міністэрства па падатках і зборах і ААТ “ЮрСпектр” цэнтр выпусціў літаратурна-мастацкае выданне “Дзецям пра падаткі даступна і весела”, якое выйшла ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. У кнігу ўвайшлі матэрыялы заняткаў у гуртку “У гасцях у Падаткавічка” (асновы падатковай дасведчанасці). Кіраўнік гуртка — педагог Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі У.А.Кажэмская. Кніга была прадстаўлена на нядаўняй Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Многія конкурсы пры гэтым сумесныя, праводзяцца з удзелам спецыялістаў Агенцтва па гарантаваным кампенсаванні ўкладаў, інспекцыі па падатках і зборах па горадзе Мінску, Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў Рэспублікі Беларусь, Палаты падатковых кансультантаў і інш.

Зразумела, і са школамі цэнтр супрацоўнічае, тут ведаюць многіх школьных педагогаў, якія паспяхова займаюцца з дзецьмі эканомікай і фінансамі. Напрыклад, у гімназіях №№ 29, 27, 75 (педагогі Ірына Яўгенаўна Сернікава, Святлана Аляксандраўна Лазавік і іншыя) выхоўваюць пераможцаў і лаўрэатаў многіх гарадскіх конкурсаў. І спіс школ, дзе рыхтуюць эканамічна і фінансава дасведчаных выпускнікоў, яшчэ вялікі.

Дасведчаныя настаўнікі — дасведчаныя вучні

Цяпер цэнтр збіраецца зрабіць большы паварот да фінансавай дасведчанасці і адпаведнай алімпіяды, якую праводзіць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу на сайце банка прапагандуецца вопыт работы рэсурснага цэнтра. З Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рэсурсны цэнтр звярталіся па дапамогу ў стварэнні школы юнага эканаміста, якая цяпер працуе пры эканамічным факультэце ўніверсітэта.

Добрае веданне законаў эканомікі, фінансаў залежыць ад добрага ра­зумення іх педагогам, лічыць Генадзь Мікалаевіч, таму ўзнікла ідэя праца­ваць у цэнтры са школьнымі настаўнікамі. У 2017 годзе тут ужо прайшоў шэраг семінараў “Школа фінансавай дасведчанасці для педагогаў”, якія праводзілі спецыялісты Нацыянальнага банка. Тэмы вывучаліся разнастайныя: крэдытаванне фізічных асоб, лізінг, ажыццяўленне дэпазітных аперацый і іншыя. У 2018—2019 гг. прайшлі семінары “Выкарыстанне ІТ на занятках па эканоміцы”, сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр развіцця і падтрымкі юнацкага прадпрымальніцтва” ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця праведзена мерапрыемства на тэму развіцця інавацый, папулярызацыі прадпрымальніцтва і навукі сярод моладзі і г.д. Цяпер цэнтр шукае новыя формы такой работы, вядзе перагаворы са старымі, а магчыма, і з новымі партнёрамі. Яшчэ адна задумка — дыстанцыйнае навучанне педагогаў.

— Веданне эканомікі не робіць чалавека багатым, — падкрэслівае Г.М.Сугака. — Атрымаўшы веды, чалавек вырашае, як і куды ісці далей, гэта добры падмурак для развіцця. Калі займаюся з дзецьмі, пытаюся: “Агонь — гэта добра ці дрэнна?” Адказ жа такі: “Падыдзеш надта блізка — апалішся, адыдзеш — замерзнеш”. Так і з грашыма. Таму, займаючыся эканомікай, вы ствараеце сабе камфортныя ўмовы для прыняцця рашэнняў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Рэсурснага цэнтра асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальнасці.