Аздараўленчая кампанія для школьнікаў сёлета пачалася з 15-дзённым спазненнем: па аб’ектыўных прычынах толькі ў сярэдзіне чэрвеня загарадныя лагеры змаглі прыняць першыя змены. Нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю, плануецца, што сёлета колькасць навучэнцаў, якія змогуць аздаравіцца, будзе прыкладна такой жа, як і ў мінулым годзе. Безумоўна, з выкарыстаннем сродкаў бюджэту дзеці змогуць адпачыць у дзённых, кругласутачных і, магчыма, профільных лагерах.
На пытанні пра асаблівасці арганізацыі аздараўлення дзяцей, кошт пуцёвак і датацыі для настаўнікаў нам адказаў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Васільевіч Жалянкоў.
— Аляксей Васільевіч, як у краіне наладжана сістэма аздараўлення для дзяцей і дарослых? Колькі дзяцей і дарослых штогод аздараўляюцца ў лагерах/санаторыях?
— Сістэма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва ў нашай краіне ўключае ў сябе 306 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, агульная ложкавая магутнасць якіх складае 66 тысяч месцаў. З гэтых арганізацый 106 з’яўляюцца санаторна-курортнымі, 200 — аздараўленчымі. У лік апошніх уваходзяць стацыянарныя аздараўленчыя лагеры, якія таксама вядомы як загарадныя.
У летні перыяд для аздараўлення навучэнцаў дадаткова выкарыстоўваецца арандаваная база тых устаноў фізічнай культуры і спорту, адукацыі і інш., якія падыходзяць для размяшчэння дзяцей.
Санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне штогод праходзяць каля 1 млн 300 тысяч грамадзян нашай краіны і замежжа.
У 2019 годзе санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне прайшлі 1 млн 389 тысяч асоб, 794 тысяч з якіх атрымалі бясплатныя пуцёўкі ці пуцёўкі з патанненнем. Колькасць дзяцей, якія атрымалі такія пуцёўкі, складала 719 тысяч чалавек.
— У параўнанні з мінулым годам, колькі дзяцей плануецца аздаравіць гэтым летам у загарадных лагерах краіны? Якая з абласцей па арганізацыі аздараўлення, колькасці дзяцей, якія адпачылі ў загарадных лагерах рознага тыпу, была лідарам у мінулым годзе?
— Летам 2019 года ў лагерах усіх тыпаў аздаравіліся 392 тысячы дзяцей. Самы высокі ахоп навучэнцаў аздараўленнем быў дасягнуты ў Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях.
Іншыя рэгіёны таксама правялі дзіцячую аздараўленчую кампанію 2019 года на высокім узроўні. У Мінску быў дасягнуты найбольшы ахоп загарадным аздараўленнем. У Гомельскай вобласці бясплатнымі пуцёўкамі ў лагеры былі забяспечаны 2700 дзяцей, якія пражываюць ці вучацца на тэрыторыях, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У Магілёўскай і Мінскай абласцях шырока выкарыстоўвалася арандаваная база санаторна-курортных арганізацый, што дазволіла прадаставіць навучэнцам дадатковыя медыцынскія паслугі і павысіць эфектыўнасць іх аздараўлення.
Планавыя аб’ёмы па аздараўленні дзяцей летам 2020 года былі сфарміраваны ў сакавіку. Згодна з заяўкамі, планавалася, што бясплатнымі, а таксама пуцёўкамі з патанненнем будзе забяспечана 394 тысячы навучэнцаў.
Але эпідэмічная сітуацыя ўнесла ў гэтыя планы свае карэктывы. Для захавання бяспечнага знаходжання ў лагерах дзяцей Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі, Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва былі распрацаваны і прыняты неабходныя супрацьэпідэмічныя меры. У прыватнасці, тэрміны пачатку аздараўленчых змен у лагерах з кругласутачным знаходжаннем былі перанесены на больш познія даты. Напаўняльнасць гэтых змен у лагерах усіх тыпаў была скарэкціравана з улікам умоў сацыяльнага дыстанцыявання.
Тым не менш летам 2020 года аздараўленнем у лагерах будуць забяспечаны ўсе жадаючыя дзеці і дзеці, якія маю ць у гэтым патрэбу. Прагназуецца, што іх агульная колькасць складзе 180 тысяч чалавек ці больш.
— Як сёлета будзе арганізаваны адпачынак у профільных 9-дзённых лагерах?
— Пад лагерамі па профілях, напрамках дзейнасці звычайна маюцца на ўвазе 9-дзённыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем, у тым ліку палатачныя.
У адпаведнасці з рэкамендацыямі па папярэджанні заносу і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, у першыя змены дзіцячай аздараўленчай кампаніі 2020 года 9-дзённыя лагеры праводзіцца не будуць. Прагноз пра іх колькасць і пра колькасць дзяцей, якія будуць у іх аздараўлівацца, будзе сфарміраваны ў першай дэкадзе ліпеня на падставе ўдакладненых заявак ад бацькоў.
— Што тычыцца пуцёвак у загарадныя аздараўленчыя лагеры, з чаго вызначаецца, фарміруецца іх кошт?
— Згодна з заканадаўствам, кошт пуцёўкі ў лагер фарміруецца па суме выдаткаў і не ўключае ў сябе прыбытку.
Для таго каб забяспечыць даступнасць летняга аздараўлення, цэны на паслугі лагераў рэгулююцца абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.
Але ў даступнасці ёсць і адваротны бок: чым пазней бацькі занепакояцца набыццём пуцёўкі з патанненнем, тым менш свабодных месцаў будзе ў лагерах. Таму тым, хто хоча адправіць дзіця ў пэўны лагер на канкрэтную змену, варта вырашаць гэтае пытанне загадзя.
— Колькі сёлета каштуе пуцёўка ў 18-дзённы лагер з кругласутачным знаходжаннем? Які працэнт ад агульнай сумы складзе датацыя дзяржавы?
— Усе выдаткі па захаванні дадатковых умоў бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні ўзялі на сябе ўласнікі лагераў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Таму ў параўнанні з мінулым годам кошт пуцёвак вырас менш, чым на 5 працэнтаў.
Сярэдні кошт пуцёўкі ў кругласутачны 18-дзённы лагер сёлета складзе 496 рублёў, а памер яе патаннення за кошт бюджэтных сродкаў — 205 рублёў.
Пры гэтым пуцёўкі могуць дадаткова патанняцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, прафсаюзаў, наймальнікаў.
— Ці ўсе бацькі могуць разлічваць на датацыю дзяржавы, плануючы адправіць дзіця ў лагер?
— Не ўсе, але большасць. На патанненне пуцёвак у лагеры могуць разлічваць дзеці работнікаў, служачых, навучэнцаў, пенсіянераў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама патанняюцца пуцёўкі для дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Ёсць асобныя катэгорыі бацькоў, для дзяцей якіх заканадаўства не ўсталёўвае магчымасці патаннення кошту пуцёўкі. Але гэты прававы прабел будзе выпраўлены да пачатку дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2021 года.
— Колькі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, штогод аздараўляюцца ў лагерах? Як для іх фарміруецца кошт пуцёвак? Хто іх аплачвае?
— У 2019 годзе ў лагерах было аздароўлена 12,9 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама 4,6 тысячы дзяцей-інвалідаў. У гэтым годзе плануецца аздаравіць прыблізна столькі ж дзяцей з гэтых катэгорый.
Кошт пуцёвак для іх, як і для дзяцей іншых катэгорый, фарміруецца па выдатках і не ўключае ў сябе прыбытку.
Памер патаннення пуцёўкі за кошт бюджэтных сродкаў залежыць толькі ад тыпу лагера, а не ад катэгорыі дзіцяці, якому яна выдзяляецца. Але дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям-інвалідам, дзецям з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы даплачваюць да поўнага кошту пуцёўкі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
— Што тычыцца санаторнага лячэння, якія катэгорыі дзяцей могуць разлічваць на бясплатныя пуцёўкі?
— Права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне маюць усе дзеці, у якіх ёсць адпаведныя медыцынскія паказанні і няма медыцынскіх супрацьпаказанняў. Медыцынскія паказанні не павінны разумецца як цяжкія захворванні. З іх пералікам можна азнаёміцца ў загадзе Міністэрства аховы здароўя ад 31 мая 2006 года № 38.
Бясплатныя пуцёўкі гэтым дзецям выдаюцца на падставе заявы з прыкладаннем медыцынскай даведкі аб стане здароўя, у якой пазначаецца, што дзіця мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні.
Гэтыя пуцёўкі выдаюцца абласнымі, Мінскім гарадскім упраўленнямі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва або камісіяй па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, аздараўленні насельніцтва па месцы працы, службы, вучобы бацькоў у залежнасці ад катэгорыі дзіцяці.
Поўныя і дакладныя звесткі аб парадку выдзялення і выдачы пуцёвак размяшчаюцца на інтэрнэт-сайце Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ў раздзелах “Дакументы” і “Як атрымаць пуцёўку”.
— Ці могуць дарослыя атрымаць датацыю для аздараўлення ў санаторыі? Хто можа разлічваць на фінансавую дапамогу дзяржавы? Ці ёсць такая магчымасць у педагогаў?
— Так, безумоўна. Педагагічныя работнікі адносяцца да асоб, за якіх наймальнікі выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны маюць права на атрыманне пуцёвак з частковай аплатай, памер якой залежыць ад даходу.
Пуцёўкі ім выдаюць камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, аздараўленні насельніцтва па месцы працы на падставе заявы з прыкладаннем медыцынскай даведкі аб стане здароўя з указаннем патрэбнасці ў санаторна-курортным лячэнні, даведкі аб памеры грашовага прыбытку, які яны атрымліваюць, і квітка аб частковай аплаце.
Калі сярэднегадавая заработная плата атрымальніка пуцёўкі складае ад 0,5 да 1 сярэдняй налічанай заработнай платы па краіне, то памер частковай аплаты складзе 20—30% ад кошту пуцёўкі, або каля 150—200 рублёў за 18-дзённае лячэнне.
— Аляксей Васільевіч, якія арганізацыі, працоўныя калектывы могуць стварыць у сябе камісію па аздараўленні? Якія ўмовы для гэтага трэба выканаць?
— Любыя, незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Для гэтага кіраўнік арганізацыі павінен прадставіць у адпаведнае месцу выплаты страхавых узносаў тэрытарыяльнае падраздзяленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва наступныя дакументы:
копію загада аб стварэнні камісіі — у вольнай форме, але ў інфармацыйных прававых сістэмах ёсць добрыя прыклады, якімі можна кіравацца;
звесткі аб колькасці работнікаў арганізацыі;
даведку органаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аб рэгістрацыі ў якасці плацельшчыкаў i выплаце страхавых узносаў у гэты фонд;
звесткі аб колькасці асоб, якія маю ць права, у адпаведнасці з заканадаўствам, на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне.
Палажэнне аб камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 26 жнiўня 2002 года № 1155, з якім, як і з іншымі нарматыўнымі прававымі актамі па пытаннях працы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, можна азнаёміцца на сайце rco.by.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота БелТА.