Пачаць з нуля, ці Што рабіць, калі дзіця стала ахвярай булінгу

Пра булінг як сацыяльную з’яву пачалі гаварыць не так даўно. Любое ганенне, нават самае бяскрыўднае, здольна траўміраваць дзіця. А для вырашэння праблемы недастаткова простай размовы з бацькамі — неабходна дапамога спецыялістаў.

1 верасня ў краіне была запушчана анлайн-платформа “Нулявое верасня”, якая створана, каб сабраць пад адным дахам спецыялістаў і інтэлектуальных валанцёраў. Менавіта яны праз распаўсюджванне інфармацыі будуць дапамагаць дзецям і бацькам змагацца з цкаваннем. Ідэя стварэння сацыяльнага праекта “Нулявое верасня” належыць інтэлектуальнаму валанцёру Вользе Шаратута. Разам з камандай аднадумцаў, якія валодаюць экспертызай у галіне сацыяльнага маркетынгу, крэатыўных камунікацый, дызайну і PR, Вольга стварыла платформу 0september by. Партнёрамі інтэрнэт-праекта выступілі псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка.

Для чаго было створана “Нулявое верасня”?

Да таго каб валанцёры звярнулі ўвагу на тэму цкавання, іх падштурхнулі некаторыя падзеі. Не звярнуць на гэта ўвагу, як прызналася інтэлектуальны валанцёр Вольга Шаратута, каманда не магла. Два гады назад наша краіна ўпершыню прымала ўдзел у Міжнародным параўнальным даследаванні PISA, якое накіравана на ацэнку адукацыйных дасягненняў навучэнцаў і школьнага асяроддзя. Даследаванне ў тым ліку закранала і тэму распаўсюджання булінгу. Апрацоўка анкетных даных паказала, што кожны дзясяты вучань 5—7 класаў адчуваў на сабе не толькі наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Але насамрэч у жыцці навучэнцаў гэтая з’ява сустракаецца куды часцей. Толькі, на жаль, правільна рэагаваць на яе навучыліся далёка не ўсе дзеці, і, што яшчэ больш сумна, не ўсе дарослыя. Менавіта таму цкаванне працягвае існаваць і нават пераймаць іншыя формы: дзеці здзекуюцца з тых, хто больш слабы ці не такі, як яны, не толькі  ў рэальнасці, але і ў віртуальным свеце, у сацыяльных сетках.

Менавіта для таго, каб паспрабаваць спыніць булінг, была запушчана “нулявая” платформа. Вольга Шаратута, гаворачы аб сваім анлайн-праекце, расказала аб метадах, пры дапамозе якіх будзе весціся барацьба з гэтай маштабнай сацыяльнай з’явай.

“Мы хочам сфарміраваць супольнасць з тых спецыялістаў, што працуюць з дзецьмі, бацькамі, а таксама далучыць да вырашэння праблемы  СМІ, кампаніі, лідараў меркаванняў, некамерцыйныя арганізацыі, — пералічвае В.Шаратута. — Лічым, што гэта дапаможа павысіць сярод людзей узровень дасведчанасці ў кірунку той праблемы, якую мы закранулі. Аб ганенні сярод дзяцей, яго наступствах павінны ведаць усе, хто працуе з дзецьмі, а таксама самі дзеці. Вельмі важна аб’яднаць аднадумцаў, каб данесці веды да кожнага, і такім чынам заахвоціць да прымянення набытых ведаў на практыцы ў пытанні ліквідацыі булінгу сярод дзяцей. Прасцей кажучы, мы хочам спыніць булінг разам. І заклікаем да гэтага ўсіх”.

Якімі павінны быць першыя крокі?

Згодна з даследаваннямі спецыялістаў, булiнг, як правіла, пачынае праяўляецца ў 2—7 класах. У гэтым узросце дзецi вучацца ўзаемадзейнiчаць у калектыве, прымяраюць на сябе пэўныя сацыяльныя ролі, пачынаюць разумець, якое месца яны займаюць у сістэме ўзаемаадносін. І калі нехта выбірае для сябе нязручную ролю і дэманструе гэта пэўным чынам сярод аднакласнікаў, то такое дзіця становіцца нялюбым.

Куратар праекта ўпэўнена, што каб вырашыць гэтую праблему, трэба працаваць разам. Але ў першую чаргу грамадству важна даведацца пра маштабы з’явы булінгу ў краіне.

Маштабы, між іншым, уражваюць. Згодна з Нацыянальным даследаваннем па ацэнцы сітуацыі гвалту ў дачыненні да дзяцей нашай краіны, якое праводзілася ў 2018 годзе ў беларускіх школах шырока распаўсю­джана цкаванне дзецьмі адно аднаго.

“Даследаванне таксама паказала, што кожнае другое дзіця, якое вучыцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і двое з пяці навучэнцаў, што вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, падвяргаліся ці падвяргаюцца гвалту ў школьным асяроддзі. Пры гэтым пра ганенні збоку аднагодкаў і старэйшых дзяцей паведамілі 53,3% вучняў 8—11-х класаў інтэрнатных уста­ноў; 60,1%  — 5—7-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 82,1% вучняў 5—7-х класаў інтэрнатных устаноў. Згодна з данымі даследаванняў Microsoft, у свеце з кібербулінгам сутыкаюцца 65% дарослых і падлеткаў. У Расіі, кожнае пятае дзіця рэгулярна сутыкаецца са здзекамі, запалохваннем (ці, наадварот, ігнараваннем) у рэальным жыцці або ў інтэрнэце. А кожнае чацвёртае выступае ў якасці агрэсара, прычым год ад году сітуацыя не паляпшаецца”, — паведаміла В.Шаратута.

Стваральнікі платформы ўпэўнены, што для таго, каб праблема ганення  вырашалася эфектыўна, спосабы барацьбы з ёй павінны быць вядомы шырокаму колу людзей, прычым не толькі тых, хто працуе з дзецьмі. Ведаць аб спосабах праяўлення булінгу важна кожнаму, каб своечасова звярнуць на гэта ўвагу і паведаміць тым, хто нясе адка­знасць за дзяцей. Таму што часта самі дзеці замоўчваюць праблему, думаючы, што хутка ўсё скончыцца. Гэта памылковае меркаванне. Праблема перастане існаваць, калі ахвяра не будзе адказваць на правакацыі звыклым для агрэсараў спосабам. Але самі дзеці рэдка могуць знайсці такія спосабы. Таму ўмець заўважаць цкаванне — гэта важна. Як важна і тое, што трэба ўмець адрозніваць канфлікт ад булінгу.

“Аўдыторыі дарослых (бацькам, спецыялістам па рабоце з дзецьмі, най­бліжэйшаму акружэнню дзіцяці) важна навучыцца адрозніваць булінг ад канфлікту. Дарэчы, на нашым сайце мы ўдзялілі гэтаму моманту значную ўвагу, — акцэнтуе аўтар платформы. — Мы хочам, каб кожны дарослы ведаў, што дзіця без дапамогі дарослых справіцца з цкаваннем не зможа.

Менавіта таму падчас распрацоўкі асноўнага візуальнага паведамлення, прызначанага для нашага сацыяльнага праекта, мы зрабілі цікавы, прыкметны ход. У суправаджэнні анонса аб яго запуску разам з дызайнерамі паказалі дзiцяцi, якое засталося сам-насам з праблемай булінгу, што яно не адно. Булінг насамрэч здольны загнаць дзіця ў вугал, і калі не ўмяшаюцца дарослыя, каб дапамагчы школьніку справіцца з сітуацыяй, наступствы могуць быць сумнымі, і мы аб гэтым ведаем”.

Пад іншым вуглом

Самы эфектыўны сродак супраць булінгу — распаўсюджванне ідэі аб яго недапушчальнасці. Дзеці павінны разумець, што цкаванне можа зламаць жыццё іншаму чалавеку, выклікаць дэпрэсію ці стаць прычынай нежадання жыць.

“Мы лічым, што бацькі і настаўнікі ў сваю чаргу павінны ведаць, як рэагаваць на паводзіны дзіцяці, калі яно стала ўдзельнікам булінгу, а таксама ўмець правільна рэагаваць на адпаведную сітуацыю”,  — адзначыла В.Шаратута.

Менавіта для таго, каб больш глыбока данесці праблему цкавання да бацькоў і настаўнікаў, паказаць, што на яе нельга закрываць вочы, да ўдзелу ў інтэрнэт-праекце далучыліся псіхолагі Рэспублікан­скага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.

У сакавіку, падчас правядзення круглага стала, які быў арганізаваны ўстановай падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў EdCamp Belarus і прысвечаны тэме булінгу, прагучалі цікавыя рашэнні. Напрыклад, аргументы на карысць таго, што вырашаць з’яву цкавання трэба не толькі з ахвярай, але і з усімі, хто стаў яго сведкам ці прымаў у ім ускосны ўдзел, прывяла спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка Эмілія Бурачэўская.

“Калі мы проста выключым агрэсара ці ахвяру з класа, гэта не прывядзе да станоўчага вырашэння праблемы. Іх месца зойме нехта іншы. Чаму? Таму што ў калектыве першапачаткова была створана і пануе нездаровая атмасфера. Было нешта, што паспрыяла яе росквіту. Цяжкасць сітуацыі часта заключаецца ў тым, што менавіта настаўнікі, самі таго не ведаючы, міжволі выступаюць ініцыятарамі нападак на школьніка, падштурхоўваюць аднагодкаў да цкавання. Любая заўвага ці іронія над няправільным адказам на пытанне могуць справака­ваць не зусім правільную рэакцыю класа і прывесці да выбуху кпінаў у адрас кагосьці з аднакласнікаў”.

Падчас свайго выступлення Э.Бу­рачэўская прызнала, што, на жаль, мы сутыкаемся з тым, што многія педагогі яшчэ не разумеюць, што такое гвалт і парушэнне прыватных меж: часам настаўнікі не гатовы паглядзець на сітуа­цыю пад іншым вуглом, кажуць нешта накшталт “мы змагаемся з дзіцем”, “хочам, каб яно…”. Гэта, упэўнена спецыяліст, няправільна.

“У сiтуацыi булiнгу дзiця трансліруе тыя нормы паводзiн, якiя ў калектыве, дзе яно знаходзiцца, лічацца нормай, — тлумачыць псіхолаг. — Атрымлiваецца, што нават калi мы выключым з класа агрэсара або ахвяру, iх месца зойме нехта iншы. Таму што гэтая сiстэма дысфункцыянальная i дазваляе так сябе паводзiць. Увогуле, праблема не ў канкрэтным вучнi, а ў тым, што так паводзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дазволеным. Гэта калісьці было ўведзена ў норму, і забароны на такія паводзіны не накладваліся”.

Для таго каб данесці дзецям і бацькам гэтую інфармацыю, кантэнт анлайн-платформы быў зручна разбіты па пунктах.

“Нулявое верасня” даносіць сваім наведвальнікам шмат важнай інфармацыі, — тлумачыць каардынатар праекта. — Напрыклад,  для дзяцей у нас ёсць асобны блок інфармацыі, якая прада­стаўлена ў выглядзе інструкцыі. У ёй можна знайсці наступную інфармацыю: што такое цкаванне, што рабіць, калі цябе цкуюць або калі ты з’яўляешся сведкам булінгу ці, наадварот, агрэсарам. Таксама ёсць інфармацыя пра тое, да каго звярнуцца па дапамогу. Інструкцыяй можна карыстацца не толькі самому, але і падзяліцца ёй з сябрамі”.

Дарэчы, як прызналася В.Шаратута, у планах платформы — стварэнне YouTube- і Тelegram-кантэнту для дзяцей ад спецыялістаў па рабоце з дзецьмі. Зразумела,  каналы будуць змя­шчаць інфармацыю аб тым, як абараніць сябе і сваіх сяброў ад булінгу.

“Акрамя інфармацыі для дзяцей, у нас на платформе сабрана інфармацыя для бацькоў і настаўнікаў. Там можна знайсці ўсё: як адрозніць булінг ад канфлікту, інструкцыя “Што рабіць, калі ваша дзіця — удзельнік цкавання”. Збіраць інфармацыю бу­дуць валанцёры, якія працуюць з дзецьмі ў згаданай галіне. Таксама плануем прадаставіць інфармацыю, дзе будуць сабраны адказы на актуальныя пытанні, якія тычацца алгарытму па вырашэнні праблемы булінгу”.

Для псіхолагаў і іншых спецыялістаў, якія працуюць з праблемай булінгу, “Нулявое верасня” акумулюе Тelegram-канал, дзе будуць сабраны вэбінары, прамыя эфіры і анлайн-лекцыі ад айчынных і замежных спецыялістаў, што працуюць над праблемай дзіцячага цкавання.

Хочацца спадзявацца, што інфармацыя, прадастаўленая на платформе, насамрэч дапаможа дзецям, якія сталі ахвярай ганення, “абнуліць” непрыемныя ўспаміны і пачаць жыць спачатку, так, як было да таго моманту, калі на іх былі павешаны ярлыкі пустэльнікаў.

Булінг — гэта від псіхалагічнага або фізічнага гвалту, падчас якога адбываецца сістэматычнае пераследаванне аднаго ці некалькіх дзяцей групай. Прыклады булінгу наступныя: група дзяцей пастаянна абзывае, кпіць з дзіцяці, высмейвае, крыўдзіць яго. Прычым ахвяра доўга не мяняецца, гэта адно і тое ж дзіця. Таксама булінг праяўляецца ігнараваннем кагосьці. Калі вы бачыце, што некага з дзяцей ігнаруюць, робяць выгляд, што не чуюць яго і адмаўляюцца стаяць побач, — гэта булінг.

Сёння, з развіццём інтэрнэт-тэхналогій, булінг плаўна перайшоў у кібербулінг, для якога выкарыстоўваюцца смартфоны і дадаткі для яго, месенджары і сацыяльныя сеткі.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.