Не згубіць сэнс жыцця

Сацыяльную бяспеку дзяцей у нашай краіне рэгулюе не толькі Закон аб правах дзіцяці. Не менш важнымі па сваім значэнні з’яўляюцца нарматыўныя акты, палажэнні якіх накіраваны на выяўленне небяспечных для пражывання дзіцяці ўмоў, а таксама іх ліквідацыю. 

З 1 лютага 2019 года пачала дзейнічаць новая пастанова Савета Міністраў ад 15 студзеня 2019 года № 22, якой зацверджана палажэнне аб парадку прызнання дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пра тое, як цяпер будзе весціся адпаведная работа згодна з новым дакументам, на сваім прыкладзе расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Барысаўскага раёна Іна Аляксандраўна Балашова.

Расследаваць, каб дапамагчы

У Барысаўскім раёне пражывае больш за 34 тысячы дзяцей. У сацыяльна небяспечным становішчы, па стане на 1 лютага, прызнаны 565 непаўналетніх (1,6% ад агульнай колькасці непаўналетніх) з 287 сем’яў.

З 1 лютага 2019 года пачала дзейнічаць новая пастанова Савета Міністраў, якой зацверджана палажэнне аб парадку прызнання дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтае прызнанне ажыццяўляецца на аснове сацыяльнага расследавання, вынікі якога падаюцца ў каардынацыйны савет. Згодна з новай пастановай, сацыяльнае расследаванне праводзіцца на працягу 15 рабочых дзён. Дарэчы, арганізаваная дзейнасць па выяўленні непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пачалася ў нашай краіне яшчэ ў 2004 годзе, калі выйшла пастанова Міністэрства адукацыі № 47 “Інструкцыя аб парадку выяўлення дзяцей, якім неабходна дзяржаўная абарона”.

Як расказала дырэктар названага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, расследаванне — гэта дзейнасць дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па вывучэнні становішча і даследавання умоў жыцця і выхавання дзіцяці ў сям’і. 

“Кіраўнік установы адукацыі піша загад на стварэнне камісіі для правядзення сацыяльнага расследавання, — тлумачыць Іна Балашова. — Згодна з новай пастановай, сёння такая камісія павінна быць міжведамаснай. Гэта значыць, разам павінны сабрацца ўсе зацікаўленыя структуры і вызначыць праблемы, якія ёсць у сям’і. У выпадку выяўлення крытэрыяў сацыяльна небяспечнага становішча ў каардынацыйны савет накіроўваецца адпаведная інфармацыя, на аснове якой разглядаецца пытанне аб прызнанні, што непаўналетні знаходзіцца ў небяспечным становішчы. На аснове ўсіх сабраных дакументаў каардынацыйны савет прымае рашэнне, ці неабходна адпаведную сям’ю ставіць на ўлік, ці трэба рэкамендаваць бацькам звярнуцца за аказаннем сацыяльных паслуг па вырашэнні цяжкай працоўнай сітуацыі”.

Як заўважае Іна Аляксандраўна, раней для пастаноўкі дзяцей на ўлік неабходна было прад’явіць факты, якія падпадалі б пад 6 крытэрыяў. Згодна з новай пастановай, такіх крытэрыяў стала 3. Да лютага гэтага года план усіх мерапрыемстваў распрацоўваўся аддзелам адукацыі. Цяпер кожная адказная структура будзе курыраваць свае пытанні. Дзякуючы гэтаму, у вызначэнні сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, будуць актыўна задзейнічаны ўсе зацікаўленыя структуры.

“Напрыклад, маці злоўжывала алкаголем, згубіла працу, — прыводзіць прыклад дырэктар СПЦ. — У такім выпадку пытанні працаўладкавання будуць накіраваны ў камітэт па працаўладкаванні. А лячэннем ад залежнасці зоймуцца спецыялісты псіханеўралагічнага дыспансера”.

Казка, якая можа быць праўдай

Важным кірункам дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра з’яўляецца работа з сем’ямі, чые дзеці маюць па­трэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў.

“Сёння ў прытулку СПЦ Барысаўскага раёна знахо­дзяцца 27 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Падчас першай сустрэчы з бацькамі тлумачым, як і калі павінны адбывацца сустрэчы з дзецьмі, — расказвае дырэктар СПЦ. — Сацыяльныя педагогі з адказнасцю падыхо­дзяць да работы з бацькамі, размаўляюць аб неабходнасці захавання бацькоўска-дзіцячых адносін. Але не ўсе гэта разумеюць. Працэнт вяртання дзяцей у сям’ю, на жаль, невялікі. Тым не менш спецыялі­сты робяць усё магчымае, каб у тых дарослых, якія насамрэч імкнуцца рэабілітаваць сям’ю, быў такі шанс”.

Іна Аляксандраўна адзначае, што заўжды запамінаюцца сем’і, якія ідуць на актыўнае супрацоўніцтва са спецыялістамі.

“Дагэтуль згадваецца выпадак, які адбыўся год назад, — расказвае Іна Аляксандраўна. — Мама і тата дзяцей доўга злоўжывалі алкаголем, малыя заставаліся без нагляду, у выніку чаго былі адабраны ў бацькоў і трапілі ў прытулак. За той час, пакуль дзеці знаходзіліся пад нашым кантролем, баць­камі былі створаны ўмовы, неабходныя для нармальнага жыцця малых. Акрамя гэтага, мама і тата прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працаўладкаваліся, з імі право­дзілася комплексная псіхолага-педагагічная рэабілітацыя. Сёлета на Дзень маці гэтыя бацькі са сваімі дзецьмі прыходзілі ў СПЦ, дзякавалі, што ім дапамаглі вярнуць сэнс жыцця — дзяцей. 

У адносінах да гэтай сям’і сёння заўваг няма. Дарэчы, на Новы год яшчэ адны бацькі, якія выправілі сваё становішча, выказалі ініцыятыву паставіць у прытулку казку для нашых выхаванцаў. Безумоўна, сцэнарый быў напісаны самастойна, а ў выступленні прымалі ўдзел і дзеці, і баць­кі. У такія хвіліны, калі сям’я аб’ядноўваецца, няма нічога больш радаснага, чым бачыць шчаслівыя вочы дзяцей, мама і тата якіх не памыліліся ў выбары, знайшлі ў сабе сілы своечасова спыніцца і пачаць новае жыццё”.

Бацькі, якім дзеці патрэбны, прыкладаюць намаганні для таго, каб даць сваёй сям’і яшчэ адзін шанс на шчасце.

“Гаворачы пра нядобранадзейныя сем’і, варта памя­таць, што станоўчы вынік справы залежыць не толькі ад нас, але і ад саміх дарослых, — працягвае дырэктар цэнтра. — Менавіта яны павінны імкнуцца да таго, каб іх прозвішча выкраслілі з адмоўнага спіса. Як ты ні спрабуй да­стукацца да чалавека, якія аргументы ні прыводзь, калі ён не хоча нічога мяняць, нічога і не зменіцца.

У нашым СПЦ дзейнічае група ўзаемадапамогі для баць­коў, залежных ад алкаголю. Яе могуць наведваць дарослыя, якія не толькі маюць у гэтым патрэбу, але, самае галоўнае, хочуць гэтага. Гісторыя стварэння групы ўзаемадапамогі пачалася ў 2015 годзе, калі грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар” распрацавала праект “Дом там, дзе сэрца”, у выніку якога была адкрыта наша група. Сёння яе наведваюць матываваныя бацькі. Бацькоўскія сустрэчы ў нас праходзяць кожны тыдзень. Педагог-псіхолаг, а таксама прадстаўнік “Здаровага выбару” арганізоўвае работу з бацькамі ў інтэрактыўнай форме, што садзейнічае эмацыянальнаму збліжэнню ўдзельнікаў, лепшаму разуменню праблемы. Дзей­насць псіхолага ў многім накіравана на актывізацыю пазнавальнай актыўнасці бацькоў у сферы ўзаемадзеяння з дзіцем”.

Спорт — для сям’і, сям’я — для дзяцей

Важным кірункам дзейнасці па прадухіленні сямейнага недабрабыту, прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва, а таксама злачынстваў у падлеткавым асяроддзі з’яўляецца прафілактычная работа спецыялістаў СПЦ з супрацоўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. Сёлета ў раёне дзейнічае праграма “Адукацыя. Грамадства. Сям’я. Аптымальная стратэгія на шляху фарміравання бацькоўскай адказнасці”. Гэты кірунак дазваляе працаваць з бацькамі ў індывідуальнай і групавой форме. Безумоўна, уся інфармацыя, якая даносіцца да мам і татаў, накіравана на яднанне сям’і.

Паспяховай з’яўляецца і праграма “У пошуках сябе”. Яна для дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Для таго каб не дапусціць у падлеткавым асяроддзі правапарушэнняў, неабходна працаваць менавіта з сям’ёй.

“Працуючы з сям’ёй па пытаннях недапушчэння правапарушэнняў, імкнёмся данесці важную інфармацыю да бацькоў, — працягвае Іна Аляксандраўна. — Даём зразумець: што б ні здарылася, неабходна звяртацца па параду да спецыяліста і не баяцца гэтага. Па-другое, калі злачынства ўжо здзейснена, не трэба ўхіляцца ад супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі, таму што важна вызначыць першапрычыну такой з’явы, а для гэтага неабходна правесці дыягностыку дзіцяці”.

Даведка

Юрыдычную базу для стварэння сацыяльна-педагагічных цэнтраў даў Дэкрэт № 18. Галоўная задача цэнтраў — прафілактыка сямейнага недабрабыту, дапамога дзіцяці ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама работа з роднымі і замяшчальнымі сем’ямі.

Каб падлеткі разумелі, да чаго можа прывесці супрацьпраўная дзейнасць, ім трэба наглядна ўсё тлумачыць, словы ў такіх сітуацыях не маюць вагі. Так, ІСН разам з СПЦ арганізоўваюць паездкі ў выхаваўчую калонію.

“Яшчэ ніхто пасля ўбачанага не захацеў для сябе такога лёсу, — расказвае Іна Аляксандраўна. — Увогуле, такія метады работы з’яўляюцца даволі паказальнымі. Часта разам з падлеткамі выязджаем у іншыя гарады для ўдзелу ў шматлікіх мерапрыемствах. Зусім нядаўна былі ў адным з патрыятычных клубаў Жодзіна “Вектар”. Увогуле, дзяцей, якія хаця б аднойчы трапілі пад нагляд спецыялізаваных служб, неабходна заўжды трымаць на кантролі. Але кантраляваць трэба неўпрыкмет і правільна. Дзецям павінна ўдзяляцца больш ўвагі з боку бацькоў. Для таго каб аб’яднаць сям’ю, мы прыкладаем шмат намаганняў. Вельмі падабаецца і бацькам, і дзецям, калі запрашаем іх разам паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. Так, хлопчыкі і іх таты з задавальненнем ходзяць у трэнажорную залу. Мы абавязкова будзем і далей прыдумваць новыя метады работы для адаптацыі дзяцей, бацькоў, сям’і. І будзе прыемна, калі ў адказ на нашы старанні будзе назірацца ўзаемнасць”.


Работа сацыяльных педагогаў і псіхолагаў часта нагадвае блуканне па лабірынце. Яны разумеюць і ба­чаць, у якім кірунку рухацца, але менавіта бацькі цягнуць іх назад. Чаму? Таму што для многіх адбылася падмена паняццяў, дзеці і клопат пра іх адыходзяць на другі план, уступаючы месца бестурботнасці і абыякавасці. І няхай гэта будзе гучаць жорстка, але лепш дзяцей забяспечыць абаронай і падтрымкай у сацыяльным прытулку, чым вярнуць бацькам, якія пры першай магчымасці чарговы раз дакажуць, што дзеці для іх не маюць каштоўнасці.

Наталля САХНО.