Ліхтарык для маленькага горада

Раздзельны збор смецця, перапрацоўка другаснай сыравіны і стварэнне зялёных зон хвалююць хутчэй жыхароў буйных гарадоў, чым невялікіх раённых цэнтраў. Але як прымусіць задумацца над захаваннем прыродных рэсурсаў тых, хто адмаўляе наяўнасць экалагічных праблем і лічыць раздзельны збор пластыку і арганічных адходаў капрызам і марнаваннем часу? Ці магчыма зрабіць так, каб да вырашэння пытанняў энергазберажэння і захавання прыродных рэсурсаў кожны ставіўся адказна і з разуменнем?

Для таго каб звярнуць увагу жыхароў маленькіх гарадоў на гэтыя праблемы, Вераніка Яновіч арганізавала ў родным Жодзіне фестываль “ЭкаЛіхтарык”. З якімі цяжкасцямі ёй давялося сутыкнуцца і наколькі ў нас экалагічна выхаваныя людзі?

Пытаннямі захавання прыродных рэсурсаў Вераніка Яновіч пачала цікавіцца, яшчэ калі вучылася ў школе. Тады актыўную вучаніцу і яе каманду запрашалі на шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя тэме зберажэння энергарэсурсаў і захавання экалогіі.

“Калі вучылася ў школе, мы спрабавалі з сябрамі стварыць экалагічную групу, якая займалася б вырашэннем адпаведных пытанняў у межах роднага Жодзіна, — Вераніка Яновіч расказвае, з чаго ўсё пачалося. — Для гэтага стварылі ў сацыяльнай сетцы групу “Экалагічная ініцыятыва Жодзіна”, у якой збіралі аднадумцаў, гатовых далучыцца да прыбірання горада. Пазней, калі я пайшла вучыцца ва ўніверсітэт, ад гэтага адышла. Вясной зайшла на старонку згаданай суполкі і была прыемна ўражана: група дагэтуль актыўная, там размяшчаюцца навіны з усяго свету, якія тычацца энергазберажэння і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Разумеючы, што людзей можна прыцягнуць да вырашэння актуальных праблем, вырашыла напісаць сваім сябрам, з якімі калісьці стварылі групу”.

На прапанову Веранікі стварыць у Жо­дзіне першы экалагічны фестываль адгукнулася ўся яе былая каманда аднадумцаў. Не разумеючы маштабаў зацікаўленасці праблемай, было вырашана правесці фестываль у адным з кафэ: можа, праблема насамрэч не цікавіць жыхароў маленькага горада і на сустрэчу ніхто не прыйдзе? Але Вераніка памылілася.

“Проста самой расказваць пра праблему, напрыклад, раздзельнага збору смецця, не­эфектыўна. Я пра гэта многа ведаю, але куды большы эфект быў бы ад сустрэчы з тымі, хто ў тэме ўжо даўно, — расказвае В.Яновіч. — На фестываль запрасілі прадстаўнікоў тых арганізацый, якія займаюцца пытаннямі захавання прыродных рэсурсаў. Лічу, што самае эфектыўнае ўздзеянне на чалавека робіць размова з тым, хто сутыкнуўся з праблемай і ведае, як яе вырашаць. Падчас сустрэчы былі разгледжаны шматлікія пытанні, якія тычацца экалогіі, у тым ліку пагаварылі пра заводы, пра тое, што яны робяць з перапрацаванай сыравінай, адходамі. Усе тэмы, якія абмяркоўвалі, актуальныя і патрабуюць вырашэння. І нават калі мы не можам іх вырашыць, усю сутнасць праблемы і тое, да чаго яна можа прывесці, мы павінны разумець”.

Тэма чыстага паветра, выкідаў у атмасферу і тое, як на гэта ўплывае работа заводаў, Вераніку таксама цікавіць. Калі ў сродках масавай інфармацыі пачалі з’яўляцца звесткі пра тое, што ў Светлагорску з цэлюлознага завода выкіды сцякаюць адразу за сцяну прамысловага будынка, дзе знаходзяцца агароды мясцовых жыхароў, дзяўчына паехала туды ў якасці валанцёра. Яна хацела пагаварыць з людзьмі і ўпэўніцца, наколькі тыя занепакоены праблемай, якая існуе, і як прапануюць яе вырашаць.

Вераніка ЯНОВІЧ.

“Людзі скардзіліся, што адчуваюць едкі пах, які разносіцца ў розныя бакі ў залежнасці ад таго, куды дзьме вецер, а таксама на тое, што вадкасць, якая выдзяляецца пасля перапрацоўкі сыравіны, сцякае адразу ж за агароджу, на іх зямлю, трапляе на парнікі, — працягвае Вераніка. — Безумоўна, падчас той паездкі я атрымала каласальны вопыт камунікацыі, пачула шмат меркаванняў і зразумела, што людзям не ўсё роўна, якой экалагічная сітуацыя будзе заўтра, якую агародніну, вырашчаную на ўласным агародзе, яны будуць есці. І яшчэ больш пераканалася, што пытаннямі абароны навакольнага асяроддзя, а таксама экалагічнай адукацыяй буду займацца і далей”.

Пляцоўка экаідэй

Выдатным шансам навучыць дарослых і дзяцей рэсурсазберагальным, экалагічным паводзінам, такім як раздзельны збор смецця ці правільны збор другаснай сыравіны, стала арганізацыя ІІ экалагічнага фестывалю.

“Пасля правядзення першай экасустрэчы, дзе абмяркоўвалі пытанні з маладымі людзьмі, якім 16 гадоў і больш, я зразумела, што хачу праводзіць экаўрокі для шырокай аўдыторыі. Пра свае ідэі расказала Юліі Лісіцы, якая каардынуе праграму вясковых актыўнасцей “ВёскаЛаб”. Яна падтрымала мяне і запрасіла прыняць удзел у яе праграме. Пераможцам давалі невялікія гранты для развіцця сваіх ідэй. У выніку я атрымала грант і вырашыла, што ў жніўні правяду другі “ЭкаЛіхтарык”, — працягвае В.Яновіч, — толькі на гэты раз хацела сабраць іншую аўды­торыю. Цяпер бачыла сябе ў рабоце з дзецьмі і распрацоўвала адпаведную праграму”.

Месца, дзе можна правесці гарадскі фестываль, Вераніка доўга не шукала. Летам у парку заўсёды многа людзей, а зна­чыць, “ЭкаЛіхтарык” без гледачоў не застанецца. Адзінае, што неабходна было вырашыць, — арганізацыйныя пытанні. Партнёрам фестывалю выступіў маладзёжны цэнтр, а ідэю падтрымаў гарадскі выканаўчы камітэт.

“Каб зацікавіць людзей мерапрыемствам такога плана, трэба шмат зрабіць: проста так на экалагічны фестываль яны не прый­дуць. Для таго каб атрымаць станоўчы водгук, людзі павінны быць у тэме, хаця б крыху арыентавацца ў тым, з якімі праблемамі мы сёння сутыкаемся. У Мінску амаль усе ведаюць, як сартаваць смецце. З рэгіёнамі ў гэтым пытанні куды складаней, людзей цяжка зацікавіць чымсьці глабальным. Арганізатары мерапрыемстваў таму і не хочуць прыходзіць у маленькія гарады са сваімі ідэямі, бо, каб данесці іх да аўдыторыі, неабходна шмат рэсурсаў — не толькі фінансавых, але і эмацыянальных, чалавечых. У вырашэнні любой праблемы вялікую ролю адыгрывае менавіта чалавечы фактар. Калі чалавеку ўсё роўна, што адбываецца побач, ён не бу­дзе ўнікаць ні ў якія глабальныя прапановы. Я вельмі рада, што падчас арганізацыі дзіцячага фестывалю знайшла падтрымку ў маладзёжным цэнт­ры і выканкаме. Мясцовыя ўлады зацікавіліся прапановай. Яны з радасцю адгукнуліся на яе і дазволілі, каб на дзень парк ператварыўся ў пляцоўку экалагічных ініцыятыў”.

Падчас фестывалю дзеці і падлеткі рабілі экабомбачкі з гліны, грунту і насення, а таксама вучыліся шыць шоперы — шматразовыя торбачкі з тканіны, якія могуць быць добрай альтэрнатывай поліэтыленавым пакетам.

“У мяне, шчыра кажучы, была запланавана праграма і для дарослых, але бацькі адмаўляліся ўдзельнічаць у мерапрыемствах, — працягвае актывістка. — І я падумала: а навошта мне дарослыя, калі ўсяму можна навучыць дзяцей і, самае галоўнае, падлеткаў? А яны раскажуць і пакажуць усё сябрам у школе, а таксама мамам і татам. Вельмі займальным стала правядзенне квеста, які арганізавалі мае сябры з адной экалагічнай суполкі. У ім прынялі ўдзел каля 50 дзяцей і падлеткаў, і я лічу гэта добрым дасягненнем. Акрамя правядзення займальных гульняў, я размаўляла з удзельнікамі фестывалю пра тое, які экаслед пакідае на Зямлі чалавек”.

Фотаздымкі, якія былі размешчаны на стэндзе, расказвалі пра экалагічныя катастрофы. Тэма забруджвання вады адходамі, пажары, вялізныя горы смецця, выхлапныя газы ў атмасферы — усё гэта знайшло адлюстраванне на малюнках, якія стварылі дзеці пасля дыскусіі на тэму захавання чыстай планеты.

“Пасля абмеркавання тэмы захавання экасістэмы, беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя дзеці пісалі такія заклікі, як SOS, Help, “Гэта трэба спыніць”, — дзеліцца эмоцыямі Вераніка. — Мы ў даступнай форме растлумачылі ім, што такое экаслед, і прапанавалі варыянты таго, як можна змяніць сітуацыю. Такім чынам дзеці пагружаліся ў тэму, пачыналі выказваць свае думкі, вучыліся прымаць рашэнні. Пасля яны малявалі, падышоўшы да задання вельмі крэатыўна: на паперы з’явіліся неверагодныя рэчы, зацвілі кветкі і распуціліся зялёныя лісты”.

Zero waste

Фішкай праграмы фестывалю стала тэма адходаў і правільнага сартавання смецця. Дзеці і падлеткі даведаліся пра рух Zero waste — нуль адходаў, а таксама пра Беу Джонсан, францужанку, якая заснавала гэты рух.

“Правільнае сартаванне смецця — гэта складаны працэс, — тлумачыць дзяўчына. — Калі пачыналі з дзеткамі абмяркоў­ваць тэму, я бачыла, што ім гэта цікава. Для таго каб тэму сартавання адходаў зрабіць больш-менш даступнай, мы малявалі сметніцу, у якую пасля закідвалі ўсё, што звычайна выкідваем дома. Пасля пачыналі гэта сартаваць. Мы прыкладна падлічылі, колькі бутэлек малака выкідваем у тыдзень. Потым гэтыя бутэлькі кідалі ў сметніцу для пластыку. Дарэчы, я задавала дзецям пытанне наконт упаковак з-пад яек, якія бываць і пластыкавымі, і папяровымі. Мала хто адразу мог вызначыць, што шэрая ўпакоўка незразумелага выгляду — гэта папяровыя адходы. Пасля мы пачыналі абмяркоўваць, што і ў якую сметніцу з трох (для пластыку, паперы і шкла) можна выкінуць. У выніку ў нас заставалася маленькая доля арганічных адходаў”.

Вераніка кажа: каштоўнасць такіх размоў менавіта ў тым, што нікому нічога не трэба навязваць. Дыялог з дзецьмі адбываецца лёгка і ненадакучліва.

“Дзеці, асабліва падлеткі, адчуваюць, з якім пасылам мы да іх звяртаемся, — упэўнена экаактывістка. — Для мяне самым галоўным правілам падчас дыялогу з’яўляецца адкрытасць і свабоднае абмеркаванне праблемы. Падчас такіх размоў нельга абвінавачваць, гаварыць “Ты няправільна жывеш”, “Ты не маеш рацыі”. Трэба ўмець бачыць логіку і тое, што мае сэнс, і чапляцца за гэта, як за спосаб вырашэння праблемы. Прывяду ўласны прыклад. Аднойчы прыехала дадому і ўбачыла, што мае бацькі, якія абсалютна далёкія ад усялякіх навамодных з’яў, сартуюць смецце. А пасля гля­джу, што яны няправільна гэта робяц­ь. Але ўсё можна паправіць, і для гэтага неабавязкова папракаць, важна пачаць размаўляць. Тое ж самае і з дзецьмі, якія сядзелі побач са мной на фестывалі. Некаторыя з іх ужо разам з бацькамі сартуюць смецце, для іншых гэта было ў навіну. Мы абгаварылі ўсе моманты, і кожны вынес з размовы тое карыснае, што яму патрэбна. Тыя, хто сартаваў смецце, знайшлі памылкі ў гэтым працэсе, а тыя, хто нічога не ведаў, цяпер змогуць паспрабаваць па-іншаму ставіцца да праблемы адходаў”.

Наступным летам Вераніка плануе пышырыць праграму фестывалю. Дзяўчына хоча сабраць спіс незразумелых для жодзінцаў момантаў па пытаннях сартавання смецця і дапамагчы ў іх вырашэнні.

“Пакуль што жыхары Жодзіна, нават калі захочуць правільна сартаваць смецце, не змогуць гэтага зрабіць, — канстатуе В.Яновіч. — У горадзе няма асобных кантэйнераў для ўсіх відаў адходаў. Напрыклад, стаіць кантэйнер для пластыку і агульнага смецця. А куды складваць шкло і паперу?”

Адпаведная сітуацыя не толькі ў Жодзіне, але і ва ўсіх маленькіх гарадах. Як гэта вырашыць? Безумоўна, толькі пры дапамозе адкрытага дыялогу і жадання зразумець усю сутнасць і актуальнасць праблемы.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Веранікі ЯНОВІЧ.