Ініцыятыва праз дасведчанасць

Узважана і эфектыўна — калі свае фінансавыя рашэнні вы прымаеце менавіта ў такім фармаце, вас можна толькі павіншаваць: у сучасным свеце эканомікі і фінансаў вы арыентуецеся з неабходнай доляй дасведчанасці. Каб развіваць такую дасведчанасць і ініцыятыву з юных гадоў, у Мінскай вобласці рэалізавалі і рэалізоўваюць ужо нямала праектаў. Адзін з самых сучасных і маштабных — абласны праект “Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая дасведчанасць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі”.

На форуме ў “Бел­Джы”.

Веды для практыкі

— Развіццё адукацыі з улікам задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы патрабуе большай увагі да фарміравання ў навучэнцаў асноў эканамічных ведаў, — тлумачыць ідэю праекта рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Інга Пятроўна Кандрацьева. — Такія веды, мы ўпэўнены, павысяць цікавасць падлеткаў да сферы фінансаў і прадпрымальнасці, забяспечаць фарміраванне ў многіх з іх прадпрымальніцкай ініцыятывы на аснове фінансавай дасведчанасці. А такая ініцыятыва заснавана на многіх асобасных характарыстыках: гатоўнасці да эфектыўнай камунікацыі і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, уменні прымяняць метады праектавання на практыцы, здольнасці да самаарганізацыі і самакантролю ў неардынарнай сітуацыі.

У МАІРА я звярнулася, канечне, невыпадкова: менавіта тут знаходзіцца штаб рэалізацыі праекта, які ініцыіравала галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мін­аблвыканкама. Праект пачалі ў лютым і плануюць завяршыць у снежні бягучага года. Пры гэтым, распрацоўваючы праект, яго арганізатары мелі на ўвазе вынікі рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню фінансавай дасведчанасці навучэнцаў у 2017/2018 і 2018/2019 навучальных гадах, калі былі вывучаны ўзровень сфарміраванасці ў вучняў 8—11-х класаў фінансавых ведаў, іх гатоў­насць да прыняцця эфектыўных рашэнняў, якія спрыяюць паляпшэнню фінансавага дабрабыту асобы і грамадства, здоль­насць навучэнцаў прымяняць спецыяльныя веды на практыцы, фактары, якія ўздзейнічаюць на фарміраванне фінансавай дасведчанасці: наведванне факультатываў, гурткоў, знаёмства з фарміраваннем сямейнага бюджэту і г.д., а таксама іншыя фактары.

Да эканамічнай культуры

Маніторынг, праведзены ў рамках краіны, дарэчы, паказаў, што сярод навучэнцаў сельскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вышэйшы працэнт тых, хто выканаў прапанаваныя заданні (на 17,4%), чым сярод навучэнцаў гарадскіх школ, хаця сярод сельскіх школьнікаў і самы высокі працэнт тых, хто не адважыўся нават пачаць рашэнне. Толькі 40% удзельнікаў даследавання змаглі знайсці памылку ў чэку за пакупку і правільна разлічыць суму да аплаты. Сярод гімназістаў-адзінаццацікласнікаў такіх аказалася 50%.

Пры гэтым у Мінскай вобласці нямала навучэнцаў, якія праяўляюць устойлівую цікавасць да эканамічнай адукацыі. Так, у алімпіядах па фінансавай дасведчанасці ў 2018 го­дзе ­ўдзельнічаў 4051 навучэнец з 358 устаноў адукацыі, у 2019 годзе — 4203 з 391 установы. Дарэчы, летась прадстаўнік Міншчыны навучэнец сярэдняй школы № 2 Смалявіч Іван Шарамет заняў 2-е месца на рэспубліканскім этапе алімпіяды.

Ды і школьных бізнес-кампаній на Міншчыне, верагодна, больш, чым у любым іншым рэгіёне Беларусі, — 114 на пачатак бягучага навучальнага года. А на базе цэнтраў развіцця прадпрымальніцтва дзяржаўных каледжаў у Нясвіжы і Капылі працуюць старт­ап-школы. Многія ўстановы адукацыі рэалізоўваюць адукацыйныя праекты эканамічнай і фінансавай накіраванасці. Прычым задзейнічаны ўстановы рознага ўзроўню — ад дашкольных да каледжаў. Так, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” Валожына рэалізоўвае эксперыментальны праект “Апрабацыя методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”, а Барысаўскі дзяржаўны каледж — праект “Апрабацыя арганізацыйнай структуры і механізмаў узае­мадзеяння шматузроўневага каледжа з асяроддзем рэгіёна эканамічнага росту”, гімназія № 1 Любані — інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання дзелавой актыўнасці навучэнцаў на аснове ўключэння ў прадпрымальніцкія праекты”, Завішынскі дзіцячы сад — базавая школа Лагойскага раёна — педагагічны праект “Фарміраванне ў навучэнцаў асноў эканамічнай культуры ва ўмовах сучаснага адукацыйнага асяроддзя”.

сустрэчы ў Слуцку

Такім чынам, у вобласці ёсць, з аднаго боку, добры падмурак для развіцця адукацыі ў гэтым кірунку, з другога — шырокае поле для таго, каб удасканальвацца, бо заахвочваць да атрымання фінансавай дасведчанасці варта як мага больш навучэнцаў.

— Рэалізоўваючы праект, мы імкнёмся забяспечыць і развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях фарміравання асноў прадпрымальнасці і фінансавай дасведчанасці навучэнцаў, — гаворыць Таццяна Сяргееўна Праліска, начальнік цэнтра падтрымкі інавацыйнай адукацыйнай прак­тыкі і конкурснага руху МАІРА. — І не толькі, прынамсі, навучэнцаў. Лічым важным матываваць іх бацькоў і прадстаўнікоў грамадства да актыўнага ўдзелу ў асветніцкіх і адукацыйных мерапрыемствах эканамічнай накіраванасці.

Лічбавы дзённік вядзе адлік

Рэалізацыя праекта пачалася не так даўно, але арганізатары многае паспелі. Так, адкрыццё праекта “Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая дасведчанасць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі” адбылося на базе гімназіі № 1 Слуцка. Тут прайшло пашыранае пасяджэнне галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскага абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва, кірмаш бізнес-ідэй навучэнцаў школ, каледжаў, ліцэяў, дзе юнакі і дзяўчаты прадставілі кола бізнес-інтарэсаў: выпяканне хлеба, вытворчасць экасумак і многае іншае. Таксама былі прадстаўлены стартапы, для прасоўвання якіх патрэбны інвестыцыі і якія зацікавілі дзеючых прадпрымальнікаў. Прадстаўленыя праекты атрымалі бізнес-настаўнікаў з ліку членаў савета па развіцці прадпрымальніцтва.

У Рудзенску на базе інкубатара малога прадпрымальніцтва УП “УІН” адбылася сустрэча вучнёўскіх бізнес-кампаній “СтандАрт” з Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя і “Швейны свет” з Ананіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пухавіцкага раёна з ментарамі, членамі Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Пухавіцкім райвыканкаме. З навучэнцамі сустрэліся дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва Алена Яўгенаўна Яшовіч, дырэктар прыватнага прадпрыемства “ПРАМТЭХСЭРВІС” Уладзімір Уладзіміравіч Волін, дырэктар ААТ “Белэкатэхніка” Аляксандр Юр’евіч Шапавалаў, дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ААТ “Дысконтгруп” Ірына Аляксандраўна Карабліна, галоўны спецыяліст аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі абласнога выканаўчага камітэта Дар’я Уладзіміраўна Карпіцкая, іншыя дасведчаныя кіраўнікі і спецыялісты.

Экспанаты выставы ў Рудзенску.

Калі ж праект толькі планаваўся, на яго папярэднім этапе ўстановы адукацыі вобласці прынялі ўдзел у першым форуме “Мінская вобласць. Праз інвестыцыі, інавацыі, экспарт — да ўстойлівага развіцця”, які прайшоў у кастрычніку мінулага года на базе СЗАТ “БелДжы” ў Барысаўскім раёне. Тут, акрамя ўсяго іншага, была арганізавана выстава ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. Школы, каледжы, гімназіі паказалі ўдзельнікам форуму свае праекты, такія як сацыяльны праект “Поле для міні-гольфа”, даследчы праект “Інтэрактыўны STEM-падручнік па фізіцы з прымяненнем робататэхнікі” і інш.

Між іншым адсачыць, прааналіза­ваць усё, што адбываецца ў рамках праекта, можа кожны праз лічбавы дзённік, які няцяжка знайсці на сайце Мінаблвыканкама. Арганізатары вырашылі зрабіць праект максімальна адкрытым і даступным для кожнага: тут прадстаўлены і кожны раён, і кожнае мерапрыемства, што рэалізоўваюцца ў яго рамках.

Для рэалізацыі аўтары праекта рэкамендуюць мноства мерапрыемстваў для навучэнцаў розных ступеней адукацыі і педагогаў на ўзроўнях як вобласці, раёнаў, так і асобных устаноў адукацыі. Напрыклад, прафарыентацыйныя сустрэчы “Я выбраў фінансы”, воркшоп (вучэбнае мерапрыемства) з удзелам бацькоў і спецыялістаў банкаў “Фінансавая дасведчанасць у лічбавым фармаце”, стартап-форум “Патэнцыял маладзёжнага прадпрымальніцтва”, мітап (сустрэчу) “Выкарыстанне праектнага менеджменту (фандрайзінгу) у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў”, завочны конкурс метадычных распрацовак “Навучанне фінансавай дасведчанасці: рэалізацыя і інавацыі” і г.д.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.