Чаго каштуе фінансавая кампетэнтнасць?

Эканоміка, менеджмент і бізнес-планаванне — гэта той невялікі пералік дысцыплін, якія вывучаюць школьнікі, занятыя развіццём і прасоўваннем вучэбных бізнес-кампаній. Каштоўна тое, што веды, атрыманыя падчас развіцця школьнага прадпрымальніцтва, спатрэбяцца кожнаму, хто пачне развіваць уласны бізнес, які ва ўмовах сучаснай эканомікі падаецца больш перспектыўным, чым наёмная праца.

Напрыклад, у Гродзенскай вобласці за чатыры гады было створана больш чым 50 вучэбных бізнес-груп. Чым у іх займаюцца дзеці? І наколькі перспектыўнай і прыбытковай для школы з’яўляецца такая пазабюджэтная дзейнасць?

Аб гэтым нам расказала куратар раённага праекта “Бізнес-старт” метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміла Алясюк.

Праект “Бізнес-старт” па эканамічным выхаванні і навучанні школьнікаў эканамічнай дасведчанасці і прадпрымальніцкай кампетэнцыі быў пачаты ў Гродне 4 гады назад. Планавалася, што да ўдзелу ў бізнес-кампаніі будуць паступова далучаны навучэнцы са школ раёна, а таксама вобласці. У выніку Гродзенская вобласць стала адной з лідараў па колькасці школьных бізнес-кампаній, сёння іх тут больш чым 50.

“Сутнасць праекта па навучанні дзяцей эканамічным ведам заключалася менавіта ў стварэнні вучэбных бізнес-кампаній, — расказала Людміла Валер’еўна Алясюк. — Мэта, якую ставілі перад сабой, працуючы над канцэпцыяй праекта, — стварэнне спрыяльных умоў для развіцця бізнес-адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі”.

Распрацаваныя ідэі і мэты па іх дасягненні патрабавалі прафесійнага падыходу, але дзе знайсці тых, хто валодае неабходнымі эканамічнымі кампетэнцыямі?

“Дасягненне мэт адразу было нерэальным, улічваючы, што педагогі не валодаюць неабходнымі ведамі ў сферы эканомікі і фінансаў, уменнямі ў галіне прадпрымальніцтва. Такім чынам, мы сутыкнуліся з шэрагам перашкод. У дадатак да гэтага вучэбна-метадычная, а таксама дыдактычная база ў нас недасканалая. Таму, перш чым даць старт ідэі, трэба было спраектаваць арганізацыйна-метадычную дзейнасць для фарміравання спецыяльных кампетэнцый педагогаў, нала­дзіць навукова-метадычнае суправаджэнне арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасці па развіцці сацыяльна-эканамічнага профілю ва ўстановах адукацыі. Мы падрабязна вывучылі дзяржаўныя праграмы, пастановы, а таксама ўказы, якія тычацца развіцця эканомікі і прадпрымальніцтва ў краіне. Безумоўна, шмат часу прысвяцілі вывучэнню дзейнасці тых вучэбных бізнес-кампаній, якія ўжо былі развіты ў краіне, а таксама пазнаёміліся з вопытам замежных калег”.

На аснове прааналізаванай інфармацыі былі распрацаваны і выдадзены метадычныя матэрыялы, якія сёння з’яўляюцца ідэйнымі памочнікамі для тых сярэдніх навучальных устаноў, якія робяць першыя крокі ў прадпрымальніцтве і бізнес-адукацыі дзяцей і моладзі.

З арыентацыяй на прафесію

Вучэбныя бізнес-кампаніі, у якіх актыўна задзейнічаны навучэнцы, якім 14 гадоў і больш, працуюць у кожным раёне вобласці. Асноўны кірунак дзейнасці школьнага бізнесу — выраб сувенірнай прадукцыі. Гэта адзін з бяспройгрышных варыянтаў. Сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, заўсёды карыстаюцца большым попытам, чым купленыя ў рознічных гандлёвых сетках.

Для паспяховай дзейнасці ў кожнай бізнес-кампаніі сфарміраваны свой актыў: дырэктар, якога выбіраюць самі дзеці, менеджар, маркетолаг і інш. У кожнага з удзельнікаў ёсць свае абавязкі.

“Для таго каб бізнес-кампанія развівалася паступова і правільна, усе крокі юных бізнесменаў каардынуе педагог-куратар, які займаецца навучаннем дзяцей асновам прадпрымальніцтва. Паколькі мала хто з настаўнікаў мае дыплом эканаміста і валодае неабходнымі ведамі, яны прахо­дзяць спецыяльную падрыхтоўку ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, — растлумачыла Л.В.Алясюк. — Дзякуючы арганізацыі метадычных аб’яднанняў, а таксама правядзенню семінараў, у настаўнікаў былі сфарміраваны спецыяльныя кампетэнцыі, якія садзейнічалі развіццю дзейнасці вучэбных бізнес-кампаній, функцыянаванню аб’яднанняў па інтарэсах і факультатываў сацыяльна-эканамічнага профілю, масавай адпачынкавай дзейнасці эканамічнага зместу ў рамках арганізацыі мерапрыемстваў шостага школьнага дня. Дарэчы, ва ўстановах адукацыі Гродзенскага раёна за 2018—2019 гады створана 13 вучэбных бізнес-кампаній, што складае 77% ад агульнай колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. У бізнес-кампаніях задзейнічаны 120 навучэнцаў”.

Сёння вучэбная бізнес-кампанія — гэта бізнес-лабараторыя для навучэнцаў, падчас работы ў якой дзеці атрымліва­юць тэарэтычныя веды па эканоміцы, а таксама авалодваюць практычнымі ўменнямі і навыкамі ў галіне прадпрымальніцтва. Л.В.Алясюк упэўнена, што школьныя бізнес-кампаніі з’яўляюцца інавацыйнай формай работы, якая накіравана не толькі на сацыялізацыю, але і на прафесійную арыентацыю навучэнцаў.

“Мы не ставім галоўнай мэтай зрабіць усіх вучняў прадпрымальнікамі, — працягвае Людміла Валер’еўна. — Гэта немагчыма, паколькі не кожны чалавек можа займацца гэтым відам дзейнасці. Але разуменне навучэнцамі мэт і прынцыпаў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, асаблівасцей прымянення іх на практыцы дазволіць выхаваць творчае, ініцыятыўнае і адказнае маладое пакаленне. Што тычыцца адукацыйнага аспекту, ён ажыццяўляецца праз факультатыўныя заняткі і засваенне праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Калі закранаць віды дзейнасці, на якія накіроўвае свае рэсурсы навучальная ўстанова, іх некалькі. Трэба разумець, што вучэбным бізнес-кампаніям не забараняецца адначасова займацца некалькімі кірункамі, а дзейнасць ВБК не з’яўляецца прадпрымальніцкай”.

Энергааўдыт, Nеw аrt і брошкі для дэпутатаў

У мінулым годзе ў Гродне ўпершыню быў праведзены абласны фестываль вучэбных бізнес-кампаній, на якім кожная з бізнес-каманд прэзентавала сваю дзейнасць, а таксама пазнаёмілася з вопытам іншых удзельнікаў.

Такія фестывалі — гэта добрая магчымасць ацаніць сваю творчасць, а таксама пагля­дзець на прадукцыю, якую выпускаюць іншыя навучэнцы. Напрыклад, бізнес-кампанія сярэдняй школы № 2 Гродна займаецца энергааўдытам. Сутнасць праекта ў наступным: падлеткі распрацавалі методыку, якая дазваляе знізіць затраты цяпла ў сваёй навучальнай установе, не трацячы на гэта шмат грошай. А юныя бізнесмены сярэдняй школы № 5 Мастоў вырабляюць сувенірную прадукцыю ў нацыянальным стылі. Безумоўна, было б ідэальна, каб і прэзентавалі яе падлеткі на беларускай мове. Не выключана, гэта магло б стаць фішкай, якая прыцягне ўвагу патэнцыяльных пакупнікоў.

Адзін з самых актыўных у плане стварэння бізнес-кампаній раёнаў — Гродзенскі. Людміла Алясюк расказала, што гэты раён прэзентаваў на фестывалі шэсць унікальных бізнес-кампаній, якія вылучаліся не толькі прафесійным падыходам, але і ўнікальнай падачай. Менавіта ўменне прасоўваць тавар ці паслугу робяць яго канкурэнтаздольным, а значыць, павышаюць шансы на тое, што яго купяць.

 “Прыемна, што ў нас вучацца цікаўныя і актыўныя дзеці, якія імкнуцца штосьці змяніць, дапамагчы сваёй школе, — радасна адзначае Л.В.Алясюк. — Фестывалі, якія праводзім, накіраваны менавіта на тое, каб даць дзецям магчымасць падзяліцца вопытам, ацаніць дзей­насць адно аднаго. Так, спецыяльным дыпломам у намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне вырабленага тавару ці аказанай паслугі” была ўзнагароджана бізнес-кампанія Nеw аrt, якая дзейнічае на базе Парэцкай сярэдняй школы”.

Свой бізнес навучэнцы школы пачалі развіваць 2 гады назад. За ідэямі далёка не хадзілі: вырашылі ствараць упрыгажэнні з пластычнай замшы. На абласны конкурс школьніцы прывезлі брошкі, заколкі, абручы для валасоў. Дарэчы, Парэцкая сярэдняя школа мае даволі выгаднае размяшчэнне. Недалёка ад яе знаходзяцца аздараўленчы лагер і санаторый, наведвальнікі якіх абавязкова набываюць для сябе і ў якасці падарункаў блізкім і сябрам арыгінальныя самаробныя прэзенты.

Першапачаткова бізнес-кампанія, як паведаміла Людміла Валер’еўна, вырабляла для рынку паштоўкі, календары, магніты. Але пасля таго, як да юных рамеснікаў прыйшла новы куратар, у іх змяніўся і кірунак дзейнасці.

“Раслінаводства і аказанне насельніцтву шматлікіх паслуг таксама з’яўляюцца папулярнымі кірункамі для стварэння тэматычных бізнес-кампаній, — працягвае расказваць пра творчасць юных прадпрымальнікаў куратар абласнога праекта “Бізнес-старт” Людміла Алясюк. — Напрыклад, у Квасоўскай сярэдняй школе аказваюцца фотапаслугі. Ва ўстанове ўжо на працягу даволі доўгага часу працуе гурток “Юны фатограф”, ёсць уся неабходная прафесійная тэхніка. Таму дзецям, якія займаюцца ў гуртку, выпала цудоўная магчымасць не проста наведваць аб’яднанне па інтарэсах, але і адточваць сваё майстэрства, рабіць для людзей здымкі на дакументы ці проста раздрукоўваць фота на памяць. Дарэчы, юных фатографаў запрашаюць нават на некаторыя мерапрыемствы. І гэта насамрэч цудоўна. Дзеці не толькі вучацца новай справе, але і зарабляюць грошы. Падчас падвя-­дзення вынікаў конкурсу ўсім без выключэння камандам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў. Па выніках работы журы вызначыла некалькі намінацый. Так, спецыяльным дыпломам была ўзнагароджана Парэцкая сярэдняя школа. Спецыяльны прыз ад вучэбнай кампаніі “Талака” Таццяна Чысцякова, кіраўнік арганізацыі “Акадэмія жаночага бізнесу”, уручыла бізнес-кампаніі з сярэдняй школы № 2 Скідзеля. Навучэнцы атрымалі сертыфікат на курс навучання “Фінансавая дасведчанасць з нуля”.

Гэта далёка не ўсе бізнес-дасягненні юных прадпрымальнікаў. У лістападзе мінулага года вучэбныя БК прынялі ўдзел у выставе-продажы, якая праводзілася падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў інстытуце развіцця адукацыі. А зусім нядаўна, падчас правядзення ў краіне Тыдня фінансавай дасведчанасці, для прадстаўнікоў школьных БК была арганізавана экскурсія на фінансавую біржу Гродна.

“У перспектыве плануем далучыць да арганізацыі бізнес-кампаній усе сярэднія навучальныя ўстановы Гродзеншчыны, Гродзенскага раёна, — запэўнівае Людміла Алясюк. — Такі падыход дапаможа сфарміраваць у навучэнцаў асновы эканамічнага мыслення і фінансавай дасведчанасці. У дзяцей з’явіцца цэласнае ўяўленне пра эканоміку, разуменне сутнасці эканамічных з’яў, яны атрымаюць прафесійна арыентаваныя веды, змогуць быць упэўненымі, абароненымі ад непрадбачаных сітуацый. Эканамічная дасведчанасць спрыяе прыняццю правільных рашэнняў, мінімізуе рызыкі і тым самым дазваляе павысіць эканамічную бяспеку насельніцтва. Яна з’яўляецца асновай фарміравання эканамічнага мыслення, культуры, развіцця дзелавых якасцей, грамад­скай актыўнасці і прадпрымальнасці. І гэтаму мы павінны навучыць школьнікаў”.

Навучанне эканамічнай дасведчанасці, безумоўна, павінна дапамагчы дзецям асвоіць навыкі кіравання грашыма, выпрацаваць разумныя звычкі да зберажэння, якія ў далейшым дазволяць правільна расстаўляць прыярытэты, прымаць абдуманыя рашэнні і пазбегнуць фінансавых праблем. Сёння гэта актуальна як ніколі.

Наталля САХНО.