Валанцёрства павінна быць актыўным, а не пасіўным

11 лютага Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА была адкрыта Служба сацыяльна-псіхалагічнай падтрымкі і суправаджэння ўразлівых груп насельніцтва ў кантэксце ВІЧ-інфекцыі, у першую чаргу, жанчын. Крок правільны і заканамерны: нягледзячы на тое, што пра ВІЧ спецыялісты гавораць адкрыта, у грамадстве гэтая тэма дагэтуль носіць табуіраваны характар. Такія адносіны да праблемы справакаваны менавіта рэакцыяй на хваробу, а таксама нежаданнем носьбітаў інфекцыі гаварыць пра свой станоўчы статус. Часцей за ўсё гэта робіцца, каб пазбегнуць дыскрымінацыі — сацыяльнай і псіхалагічнай.

Асаблівасцямі рэалізацыі праекта, а таксама іншымі сацыяльнымі ідэямі, якія плануе ўвасобіць у жыццё Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, падзяліўся кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Юр’евіч СУБЦЭЛЬНЫ.

— Дзмітрый Юр’евіч, у мінулым годзе Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА споўнілася 30 гадоў. Але для многіх ЮНЕСКА так і застаецца загадкавай арганізацыяй, людзі не ведаюць, чым вы займаецеся і якія высокія мэты хаваюцца за вашай абрэвіятурай. На вырашэнне якіх пытанняў сёння накіравана ваша дзей­насць? Ці змяніліся за час існавання арганізацыі падыходы да вырашэння сацыяльных праблем, а таксама мэты, на якія працуеце?

— Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА — гэта маладзёжнае аб’яднанне, якое з’яўляецца суб’ектам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. ЮНЕСКА з’яўляецца структурай ААН па пытаннях навукі, культуры, адукацыі і камунікацыі. Гэта сведчыць пра тое, што мы нясём абавязкі па распаўсюджванні інфармацыі аб дзейнасці ЮНЕСКА, ААН, аб мэтах устойлівага развіцця, якія сёння з’яўляюцца актуальнымі не толькі для нашай краіны, але і свету ў цэлым. У гэтым унікальнасць нашай арганізацыі сярод іншых дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў. Акрамя прапаганды ААН і ЮНЕСКА, мы займаемся шматлікімі кірункамі дзейнасці, якія з’яўляюцца актуальнымі для нашай моладзі.

Сёння ў нас працуюць 4 асноўныя праграмы арганізацыі работы, у рамках якіх дзейнічае шэраг праектаў. “Культура свету”, “Нефармальная адукацыя”, “Здаровы лад жыцця” і “Інфармацыя і камунікацыя” — гэта тыя чатыры блокі, у рамках якіх распрацоўваюцца сацыяльныя ініцыятывы рэспубліканскага ці міжнароднага характару.

За 30 гадоў нашай дзейнасці змянілася вельмі многае: структура арганізацыі, прыярытэты, тэхналогіі кіравання. Сёння ў нас дзейнічаюць буйныя бюджэтныя праграмы па розных кірунках, якія дазваляюць арганізацыі ўстойліва працаваць і сістэмна рэалізоўваць шматлікія сацыяльныя праекты.

Што тычыцца тых праектаў, якія былі створаны ў пачатку дзейнасці арганізацыі і працуюць дагэтуль, іх вельмі многа. Штогод ствараюцца новыя ідэі, як адукацыйныя, так і сацыяльныя, якія пасля рэалізоўваем разам з   партнёрамі.

— Вялікі акцэнт у сваёй дзейнасці вы робіце на валанцёрскім руху навучэнцаў і моладзі. Якія праекты былі рэалізаваны ў гэтым кірунку і ці лёгка матываваць падлеткаў да валанцёрства?

— Так, валанцёрскай дзейнасці мы ўдзяляем вялікую ўвагу, распрацоўваем шматлікія сацыяльныя ідэі ў гэтым кірунку. Напрыклад, сумесна з Міністэрствам адукацыі распрацавалі праект “Экалогія на пальцах”. Ініцыятыва запушчана ў 12 гарадах пры падтрымцы ўпраўленняў па адукацыі раённых выканкамаў і прахо­дзіць у рамках праграмы ЮНЕСКА. Асаблівасць “Экалогіі на пальцах” у тым, што мы збіраем каманду школьнікаў-мультыплікатараў, якія працуюць па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ў галіне экалагічнай асветы і мэт устойлівага развіцця.

У Мінску былі створаны 2 каманды, астатнія ўдзельнікі — з раённых і абласных цэнтраў. У кожнай каманды быў свой куратар, гэта былі настаўнікі. Кожны з педагогаў падрыхтаваў каманду з 24 навучэнцаў, каб яны маглі працаваць у парах і пасля распаўсюджвалі набытыя веды сярод сваіх равеснікаў. Гэта быў вельмі паспяховы праект. Валанцёры былі зацікаўлены ў тым, каб паказаць вынік. Ад удзельнікаў патрабавалася правесці не менш за 10 трэнінгаў для сваіх аднагодкаў, баць­коў. Нягледзячы на тое, што праект заканчваецца, справа, якую распачалі настаўнікі і навучэнцы, будзе жыць, таму што веды, атрыманыя за час удзелу ў праекце, перададуцца наступным пакаленням.

— Не менш значным, а, магчыма, і больш запатрабаваным сацыяльным праектам стала адкрыццё службы сацыяльна-псіхалагічнай падтрымкі і суправаджэння ўразлівых груп насельніцтва ў кантэксце ВІЧ-інфекцыі, якая пачала дзейнічаць у валанцёрскім цэнтры ЮНЕСКА. Як у цэнтры будзе аказвацца дапамога навучэнцам і моладзі?

— Спачатку раскажу пра саму ініцыятыву. Гэты вялікі праект, які фінансуецца UNAIDS і рэалізоўваецца сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, атрымаў падтрымку Міністэрства адукацыі, што для нас вельмі важна і паказальна. Праект ахоплівае некалькі тэм, агульнае ў іх — фарміраванне ў навучэнцаў і моладзі прыхільнасці да здаровага ладу жыцця. Калі разглядаць праект больш дэталёва, то ён займаецца прафілактыкай ужывання псіхаактыўных рэчываў, праблемамі распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, а таксама ўдзяляе вялікую ўвагу рэпрадуктыўнаму і сексуальнаму здароўю навучэнцаў і моладзі. Падлеткі павінны быць дасведчанымі ў гэтых пытаннях, каб маглі паклапаціцца пра сваё здароўе і не рабіць памылак, якія потым трэба будзе выпраўляць усё жыццё. Яшчэ адной тэмай, якая будзе даследавана ў межах праекта, з’яўляецца тэма гвалту ў адносінах да непаўналетніх.

У гэтым месяцы ў Мінску будзе рэалізаваны адзін пункт праекта: мы адкрыем першы маладзёжны цэнтр “Ведай. Разумей. Дзейнічай”. Асноўная мэта цэнтра — гэта магчымасць ананімнага тэсціравання і кансультавання па праблемах ВІЧ-інфекцыі. Гэта значыць, што маладыя людзі, пачынаючы з 16-гадовага ўзро­сту, могуць звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў цэнтра і атрымаць неабходную падтрымку. Дарэчы, перш чым прыйсці ў цэнтр, сюды можна па­тэлефанаваць і даведацца, якія трэнінгі ў ім праводзяцца, па якім алгарытме аказваецца дапамога (кансультацыю аб рабоце цэнтра можа атрымаць па нумары +375 29 737 37 00). Кансульта­ваць нашы спецыялісты будуць не толькі па ВІЧ-інфекцыі, але і па тэме рэпрадуктыўнага здароўя, гендарных пытаннях. Зразумела, такая сістэма аказання дапамогі звязана з тым, што не ўсе і не адразу могуць прыйсці на вочную кансультацыю. Справа ў тым, што навучэнцы і студэнты могуць саромецца сваіх праблем.

Кансультаваць у нас будуць студэнты медыцынскага ўніверсітэта. Яны створаць дружалюбную атмасферу, зададуць пытанні, каб зразумець, якія рызыкі, што маглі б прывесці да ВІЧ-інфекцыі, былі ў тых, хто прыйшоў на кансультацыю.

Пасля гэтага будзе прапанавана правесці бясплатны экспрэс-тэст на выяўленне ВІЧ-інфекцыі. Дарэчы, тэсты, якія будзем выкарыстоўваць у рабоце, вельмі якасныя, а вынікі, атрыманыя падчас дыягностыкі, заў­сёды будуць ананімнымі, ніхто пра іх, акрамя спецыяліста і кліента, не даведаецца.

Калі ў маладога чалавека ці дзяўчыны будзе станоўчы вынік, яго гэтак жа дружалюбна накіруюць у іншыя структуры. У тым выпадку, калі навучэнцу яшчэ няма 18 гадоў, яго на ўмовах ананімнасці перавядуць у цэнтр, дружалюбны да падлеткаў, “Давер”, які працуе ў 8-й гарадской дзіцячай паліклініцы. Калі тэст пакажа станоўчы вынік у таго, каму 18 і больш, мы таксама ананімна будзем яго суправаджаць у цэнтр прафілактыкі ВІЧ/СНІД. Ужо там спецыялісты бу­дуць праводзіць больш сур’ёзнае даследаванне на выяўленне ВІЧ. Варта разумець, што тэсты, якія будзем праводзіць, і вынік, які яны пакажуць, — гэта не канчатковы дыягназ, а толькі папярэдні.

Другой мэтай цэнтра стане правядзенне міні-трэнінгаў і дыскусій для маладых людзей. Такія мерапрыемствы будуць арганізоўвацца кожную нядзелю. Гэты дзень быў выбраны не выпадкова. Хочацца, каб кожны, у каго ёсць пытанні, якія самастойна вырашыць немагчыма, мог прыйсці і ўсё абмеркаваць са спецыялістамі. Безумоўна, асноўныя тэмы, якія будуць закранацца, — гэта прафілактыка ўжывання наркатычных і псіхаактыўных рэчываў і ВІЧ-інфекцыі.

Працуючы з маладымі людзьмі па названых пытаннях, мы заўважаем, што многія навучэнцы і студэнты не звяртаюцца ў тыя дружалюбныя да падлеткаў цэнтры, якія знаходзяцца ў іх раёне. І зразумела чаму: ніхто не хоча, каб пра іх праблемы даведаліся знаёмыя, бацькі. А наш цэнтр дазваляе захаваць канфідэнцыяльнасць. Для такога вялікага горада, як Мінск, гэта вельмі неабходная ўстанова. Інфармацыю пра дзейнасць цэнтра можна знасці ў нас на сайце. Вельмі хочацца, каб у інтэрнатах, дзе пражываюць студэнты, якія вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, заўсёды былі лістоўкі з тэлефонамі гарачых ліній. Маладыя людзі павінны ведаць, куды можна ананімна звярнуцца па кансультацыі і парады.

Паказальна, што наш валанцёрскі цэнтр мае нейтральны статус, ён не адносіцца ні да сістэмы адукацыі, ні да сістэмы аховы здароўя. Гэта дружалюбная грамадская арганізацыя, якая заўсёды дапаможа тым падлеткам і маладым людзям, якія мелі ці маюць рызыкоўныя паводзіны.

— Дзмітрый Юр’евіч, вясной ЮНЕСКА запускае яшчэ адзін глабальны сацыяльны праект — Dance for life. Якая ў яго фішка? Чым бу­дзе адрознівацца беларуская версія праекта ад свайго нідэрландскага прататыпа?

— Праграма Dance for life пачне рэалізоўвацца ўжо ў наступным месяцы. Гэта нідэрландская праграма, у нас яна будзе называцца Dance for life Belarus. Ініцыятыва будзе накіравана на падрыхтоўку валанцёраў, студэнтаў педагагічных медыцынскіх спецыяльнасцей, што ў далейшым змогуць праца­ваць з тымі маладымі людзьмі, якія маюць рызыкоўныя паво­дзіны, ужывалі ці ўжываюць наркатычныя рэчывы, а таксама сутыкаюцца з праблемамі булінгу і кібербулінгу.

Усе гэтыя тэмы з’яўляюцца актуальнымі для сучаснай моладзі. Валанцёры для праекта будуць адбірацца на конкурснай аснове. Такая сістэма падрыхтоўкі бу­дзе арганізавана для таго, каб да ініцыятывы далучыліся толькі тыя, хто насамрэч зацікаўлены гэтай тэмай, хто зможа пасля навучання праводзіць трэнінгі. Валанцёрства павінна быць актыўным, а не пасіўным.

Яшчэ адным абавязковым патрабаваннем да маладых людзей, якія захочуць стаць валанцёрамі, з’яўляюцца камунікатыўныя навыкі, каб яны маглі не толькі добра працаваць з групай, але і матываваць яе. 

Студэнтаў, якія пройдуць адбор для ўдзелу ў праекце, будуць рыхтаваць эксперты з Нідэрландаў і Расіі. Дарэчы, у Маскве адпаведная праграма працуе ўжо не першы год. Наша краіна таксама не павінна адста­ваць, таму што праблемы, якія мы імкнёмся вырашаць, не лакальныя, яны глабальныя. Кожная краіна павінна быць зацікаўлена ў тым, каб падрастаючае пакаленне расло здаровым не толькі ў фізіялагічным плане, але і псіхалагічным.

Такім чынам, тыя, хто стане валанцёрам праекта, будуць праводзіць разнастайныя акцыі і трэнінгі, у тым ліку ва ўстановах адукацыі. Акрамя таго, што навучанне будзе праводзіцца па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, яго асноўная мэта будзе заключацца ў тым, каб змяніць паводзіны маладых людзей на больш бяспечныя. Сёння маладыя людзі дасведчаныя амаль ва ўсім: ведаюць і правілы бяспечных сексуальных паво­дзін, і пра тое, што ўжываць і распаўсюджваць наркатычныя рэчывы вельмі небяспечна. Але гэта ўсё роўна не з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Змяніць сітуацыю магчыма толькі псіхалагічнымі і эмацыянальнымі тэхналогіямі.  

Пілотная каманда валанцёраў пачне працаваць у Мінску, паколькі менавіта тут сканцэнтравана больш за ўсё моладзі. Пасля межы Dance for life будуць пашырацца, мы ахопім тыя гарады, у якіх праблемы ВІЧ і наркотыкаў носяць эпідэміялагічны характар. Ужо дакладна можна сказаць, што да праекта будуць далучаны Гомель, Светлагорск, Салігорск, Жлобін, Пінск, Барысаў. Гэта будзе глабальны праект, накіраваны на захаванне здароўя нашай моладзі.

Безумоўна, перш чым пачаць рэалізацыю праекта, мы ўсё абмяркуем з сістэмай адукацыі.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.