Хто ўкажа дарогу да прызвання?

Апошнім часам у пытаннях выбару прафесіі ўсё больш маладых людзей аддаюць перавагу прафарыентацыйнаму кансультаванню. Для навучэнцаў школ яго, як правіла, праводзяць школьныя псіхолагі. Але кансультацыі з незалежнымі экспертамі таксама застаюцца  запатрабаванымі: да псіхолагаў прыходзяць падлеткі, якія вагаюцца ў сваім выбары, і маладыя людзі, якія хочуць змяніць сферу дзейнасці, але баяцца зрабіць першы крок і выйсці з зоны камфорту.

Пра тое, чаму выбіраць прафесію варта загадзя і як зрабіць гэта больш эфектыўна, расказала псіхолаг кіраўнік аднаго з псіхалагічных цэнтраў для дзяцей і дарослых Людміла Анатольеўна Каравай.

— Людміла Анатольеўна, наколькі важна падлеткам, маладым лю­дзям своечасова зразумець, кім быць? Ці часта да вас звяртаюцца з запытамі аб немагчымасці знайсці, спа­знаць сябе?

— Запыты па прафарыентацыі не настолькі папулярныя, як іншыя праблемы. Напэўна, гэта звязана з тым, што сёння школьныя псіхолагі вельмі добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, адзін з якіх — прафарыентацыя.

Раней, калі псіхолагі толькі пачалі з’яўляцца ў школах, ні бацькі, ні тым больш дзеці не разумелі, што гэта за спецыяліст і для чаго ён патрэбны. Сёння, калі прайшло 20 гадоў, сітуацыя змянілася: псіхолагі з’явіліся ў школах і дзіцячых садах. Вялікую ўвагу яны ўдзяляюць такому кірунку сваёй работы, як прафарыентацыя. Псіхолагі прапануюць тэсціраванне, групавыя і індывідуальныя заняткі з дзецьмі і падлеткамі, якія дазваляюць апошнім лепш спазнаць сябе, свае здольнасці і магчымасці. Такія заняткі дапамагаюць зазірнуць у свет прафесій і ўлічваць свае індывідуальныя асаблівасці ў працэсе выбару будучай прафесіі.

Але выпадкі, калі ў дзіцяці няма дакладнага разумення, кім яно хоча с­таць, таксама здараюцца. У асноўным гэта становіцца відавочным, калі  ў навучэнцаў 9—10 класаў наступае час выбіраць установу для далейшага навучання. Дзеці не мо­гуць вызначыцца, да чаго іх цягне, што ім падабаецца. Такая праблема патрабуе глыбіннага вывучэння асобы: з тымі, хто прыходзіць на кансультацыю па дапамогу, мы, акрамя вывучэння асобасных якасцей і схільнасцей падлетка, разам шукаем прыродныя задаткі, успамінаем тыя схільнасці, якія праяўляліся яшчэ ў дзяцінстве.

— Якім метадам, што вызначаюць схільнасці дзіцяці, вы аддаяце перавагу ў сваёй рабоце?

— Падчас прафарыентацыйнай кансультацыі для дапамогі вучням у прафесійным вызначэнні выкарыстоўваю не многа метадаў, але яны найбольш дакладныя. Некаторымі з іх, дарэчы, падлеткі і бацькі могуць карыстацца самастойна. Гэта тэсты і прафарыентацыйная дыягностыка. Такому метаду работы таксама аддаюць перавагу прафарыентацыйныя цэнтры і цэнтры занятасці насельніцтва.

Прафарыентацыйная дыягностыка дапамагае вызначыць, да якой сферы дзейнасці падлетак больш схільны. Усяго існуе 5 сфер: чалавек — тэхніка, чалавек — знакавая сістэма, чалавек — чалавек, чалавек — прырода і чалавек — мастацкі вобраз. Адказы на пытанні тэста пакажуць, да сацыяльнай сферы адносіцца дзіця ці яно, наадварот, творчая асоба.

Мне як псіхолагу вельмі падабаюцца праектыўныя методыкі, яны вельмі дыягнастычныя. Іх сутнасць у тым, што чалавек не адказвае на пытанне, не выбірае з прапанаваных варыянтаў, а проста расказвае, малюе ці лепіць, г.зн. праяўляе сябе праз творчую, праектыўную дзейнасць. Менавіта таму, акрамя іншых метадаў, у прафарыентацыйнай кансультацыі часта выкарыстоўваю метафарычныя асацыятыўныя карты.

Не так даўно на прафарыентацыйную кансультацыю прыходзіла 15-гадовая дзяўчынка. Яна сказала, што ў яе ёсць варыянты прафесій, але выбраць не можа, бо не разумее, што ёй больш падыхо­дзіць. З яе слоў, многія з тых, хто побач, лічаць, што яна магла б стаць юрыстам. Да таго ж, гэта запатрабаваная прафесія, але разам з тым не простая. Сама дзяўчынка больш цягнецца да работы з тэхнікай. Аналізуючы яе словы, я зразумела, што ў дадзеным выпадку ёсць уплыў акружэння. Калі пачалі разбірацца і вывучаць асаблівасці дзіцяці, ні адзін з тэстаў не паказаў, што яму падыходзіць сфера чалавек — чалавек. Хаця на ўзроўні свядомасці было сфарміравана, што прафесія юрыста добрая, цікавая, і, выбраўшы яе, можна будзе дапамагаць людзям. Пасля дыягностыкі мы ўбачылі, што дзяўчынцы трэба рэалізоўваць сябе ў кірунку чалавек — тэхніка: яна будзе добрым вынаходнікам. І ўсё пры гэтым роўна будзе дапамагаць лю­дзям, але не праз зносіны з імі, а дзякуючы таму, што створыць нешта для іх.

Такім чынам, падчас псіхалагічнай кансультацыі я па мінімуме выкарыстоўваю тэсты. У асноўным прымяняю іх для таго, каб убачыць, да якой сферы адносіцца малады чалавек. Асноўныя вывады робяцца ўжо пасля вывучэння яго ўнутранага свету. Цудоўна, калі вынікі тэста і асаблівасці свядомасці супада­юць, але так бывае незаўсёды. У такіх выпадках усё роўна больш давяраю той інфармацыі, якая праяўляецца дзякуючы праектыўным тэхнікам і методыкам, бо на ўзроўні нашай падсвядомасці знаходзіцца інфармацыя аб нас сапраўдных, аб нашай сутнасці, яе асаблівасцях, якімі мы надзелены ад прыроды.  А на ўзровень свядомасці аказваюць уплыў жыццёвы вопыт, устаноўкі бацькоў, сацыяльныя тэндэнцыі і іншыя знешнія фактары.

— Наколькі значнай у пошуку, рэалізацыі сябе з’яўляецца матывацыя, і ці патрэбна яна ўвогуле?

— Людзі — такія істоты, якія без матывацыі ўвогуле нічога зрабіць не змогуць. Пытанне матывацыі актуальнае паўсюль і заўсёды, у кожным моманце жыцця. Што б мы ні рабілі, як бы сябе ні праяўлялі, гэта робіцца толькі дзякуючы матывацыі.

Матывацыя ў сваю чаргу дзеліцца на ўнутраную і знешнюю. Калі гаварыць пра знешнюю, то на яе ўзнікненне могуць уплы­ваць некаторыя фактары ці выпадкі, калі чалавека прымушаюць ці ўгаворваюць нешта рабіць. Унутраная матывацыя — гэта калі чалавек штосьці робіць лёгка і прыемна, калі ён сам імкнецца да пэўнага выніку. Напрыклад, у школьнікаў знешняя матывацыя можа ўзнікаць пасля аналізу некаторых сітуацый: калі не зробяць урокі да пэўнага часу, то бацькі могуць пазбавіць некаторых прыемнасцей. У такім выпадку ў дзіцяці не ідзе працэс фарміравання ўнутранага матыву быць паспяховым вучнем ці атрымаць новыя веды. А за ўрокі яно садзіцца толькі для таго, каб атры­маць узнагароду ці пазбегнуць пакарання. Відавочна, бацькам давядзецца пастаянна шукаць знешнія матывы, бо ў дзіцяці не развіваецца ўнутраны план дзеянняў і, як вынік, не ўзнікае ўнутраная матывацыя. Цудоўна, калі бацькі разумеюць гэта і развіваюць у дзіцяці яго ўнутраную матывацыю (унутраны план дзеянняў), а не толькі стымулююць яе знешне. Тое ж самае адбываецца ў пытаннях прафарыентацыі. Калі дарослыя ніколі не звярталі на гэта ўвагі, не размаўлялі з дзіцем пра тое, што яму цікава, у якой сферы дзейнасці яно сябе бачыць, вынікі могуць быць рознымі. Не вельмі рэсурсны падлетак дарасце да 11 класа і не бу­дзе разумець сябе, сваіх асобасных асаблівасцей, не бу­дзе разумець, чаго ён хоча і якой прафесіі варта аддаць перавагу: для яго ўсе яны будуць аднолькавымі.

— Пастаноўка і дакладная фармулёўка мэты — абавязковы крок у рэалізацыі сябе як прафесіянала? Ці можна абысціся толькі матывацыяй?

— Пытанне пастаноўкі мэты вельмі цесна звязана з матывацыяй. Калі няма матывацыі, то дасягнуць мэты бу­дзе немагчыма. Гаворачы сабе “я хачу”, падлетак павінен падумаць, што трэба зрабіць, каб атрымаць тое, чаго хочацца. Калі малышу, які сам не можа зняць цацку з палічкі, дапамогуць бацькі, то гэта будзе нармальна. Калі ж цацку будзе патрабаваць больш старэйшае дзіця, то яго трэба заматываваць да пэўных дзеянняў, якія дапамо­гуць дасягнуць пастаўленай мэты, у нашым выпадку — дастаць цацку. Напрыклад, можна падказаць, што ўзяць неабходную рэч атрымаецца, калі стаць на стул. Я лічу, што бацькі павінны выхоў­ваць самастой­насць у дзіцяці. У адваротным выпадку можа атрымацца так, што малы дарасце да ўзросту 8—9 гадоў, а паво­дзіць сябе будзе, быццам яму 5—6.

Таму задача дарослых — падштурхнуць дзіця, каб яно пачало думаць, як атрымаць тое, што яму хочацца. Гэта з боку баць­коў будзе ўрокам, які пакажа, як ставіць мэту, навучыць таму, як самастойна атры­маць тое, чаго хочацца. Пры гэтым бу­дуць выкары­стоўвацца толькі ўласныя магчымасці,  без дапамогі звонку. Калі дарослыя бу­дуць такім чынам пастаянна стымуля­ваць малое, дапамагаць яму знаходзіць уласныя варыянты дзеянняў, праз нейкі час яны абавязкова атрымаюць бонусы ў выгля­дзе самастойнасці іх дачкі ці сына. Гэта здаецца дробяззю, але прыведзены прыклад дапаможа ўбачыць, як у дзіцяці развіваецца ўменне ставіць мэты. У сучасных дзяцей вельмі многа “хачушак”. Чаму? Усё проста: дзяцей не ву­чаць пераводзіць “хачушкі” ў мэту. Падумайце, ці зможа справіцца са складанай сітуацыяй дзіця, якому пастаянна і ва ўсім дапамагалі дарослыя? Затое самастойнае дзіця дакладна не разгубіцца ў нязвыклай сітуацыі, справіцца з любымі цяжкасцямі, бо бацькі змаглі дапамагчы яму развіць уласныя магчымасці і, самае галоўнае, веру ў сябе, свае сілы. Такім чынам, бацькі павінны ствараць тыя ўмовы, што бу­дуць прымушаць ставіць мэты і дасягаць іх.

На жаль, ёсць тыя, хто празмерна апякае сваіх дзетак. У такім выпадку час працуе супраць іх. Дзіця вырастае, і аказваецца, што яно ў 4 класе не ўмее самастойна завязваць шнуркі. Такія выпадкі здараюцца, і дарослыя на гэта скардзяцца. Але ўсяму ёсць прычына, у апісаных сітуацыях яна відавочная: празмерная апека і дапамога. Дарослыя не імкнуліся зрабіць дзіця самастойным, незалежным, не давалі яму маленькіх урокаў, якія вучаць, здавалася б, дробязям, але на самай справе — важным і неабходным рэчам. 

Дарэчы, пастаноўка мэты — гэта толькі першы крок. Мэта складаецца з пэўных задач. Напрыклад, каб дастаць з паліцы цацку ці кніжку, трэба знайсці, на што с­таць, а пасля ўзяць гэтае прыстасаванне і залезці на яго. Такім чынам, мэта дасягаецца пасля вырашэння 2—3 задач. Каб іх выра­шыць, трэба знайсці ўмовы і спосабы. Гэта толькі  адзін прыклад, але ён вельмі паказальны і бу­дзе яскрава сведчыць не толькі пра самастойнасць, але і пра актыўнасць, здольнасць дзіцяці спраўляцца з рознымі сітуацыямі. Жыццё вельмі рознае. Нават у школе мо­гуць быць як добрыя здарэнні, так і не вельмі прыемныя моманты. Дзеці могуць крыў­дзіць адно аднаго, і калі тое дзіця, якое стала ахвярай, заўсёды знаходзілася на ўзроўні, калі яго жаданні выконваліся без усялякіх намаганняў, то яму будзе вельмі цяжка самастойна справіцца з непрыемнасцю. Такое дзіця знаходзіцца ў прой­грышнай пазіцыі, яно не гатова да стрэсу.  

— Людміла Анатольеўна, у сваёй рабоце вы прымяняеце трансфармацыйныя гульні. Ці дапамага­юць яны зразумець, “чаго я хачу, кім магу с­таць”?

— Трансфармацыйныя гульні — гэта новы цікавы кірунак работы, які не назавеш проста гульнёй, але і да псіхалогіі не аднясеш. Я сказала б, што гэта незвычайнае спалучэнне эфекту псіхалагічнай карэкцыі асобы чалавека і працэсу гульні. Сёння існуе многа трансфармацыйных гульняў, якія ахопліваюць не адну сферу жыцця чалавека. Гуляючы, можна змяніць падыход да той ці іншай з’явы.

Такім чынам, трансфармацыйная гульня — гэта спосаб разумення сваёй асобы, магчымасцей і абмежаванняў, якая рэалізуецца праз настольную гульню і дазваляе трансфармаваць праяўленні і асаблівасці асобы. Гульня спалучае ў сабе як чыста псіхалагічную работу з праблемамі чалавека, так і метафізічныя аспекты.

Дарэчы, сярод мноства трансфармацыйных гульняў ёсць такія, што дапамагаюць чалавеку ў яго самавызначэнні, у пошуку прызвання, і могуць дапамагчы дарослым, калі ёсць такая неабходнасць, у пошуку ці змене прафесіі. Адна з такіх гульняў называецца “Здабыванне дарункаў”. Калі пазнаёмілася з гэтай гульнёй, яна мне вельмі спадабалася, і я адразу прай­шла навучанне і цяпер часта прапаную яе і праводжу як з дарослымі, так і з падлеткамі. Гэтая гульня падабаецца тым, што, акрамя дапамогі ў выбары прафесіі, пошуку хобі, яна дапамагае рабіць усвядомлены выбар, збалансаваць свае інта­рэсы і інш.

— Ці верыце вы як псіхолаг у эмацыянальнае і, як вынік, прафесійнае выгаранне?

— Я веру ў тое, што чалавек павінен расці ў сваёй сферы дзейнасці, інтарэсаў, у прафесіі, абавязках і ў адказнасці. Тады і ў эмацыянальнай сферы не будзе ўзнікаць эмацыянальнага выгарання.  На ўзроўні эмоцый у гэтым выпадку будзе больш пазітыўнага настрою, радасці і задавальнення ад выкананай работы. Безумоўна, з’явіцца гордасць за сябе, за свой рост як асобы і прафесіянала.

Пастаянна выконваць адну і тую ж работу цяжка. У выніку мяняецца эмацыянальны стан чалавека. Калі дабаўляюцца новыя абавязкі, адбываюцца змены, тады няма затухання, ідзе пастаянная трансфармацыя. Калі ж не будзе ніякага руху, тады чалавек знаходзіцца на ўмоўнай прамой. І, канечне, ён выгарае, бо ніякіх узрушэнняў няма. Менавіта па гэтай прычыне ў літаратуры можна знайсці інфармацыю, што кожныя 7 гадоў рэкамендуецца мяняць прафесію. Тым не менш, калі чалавек як прафесіянал на працягу 7 гадоў прымяняў нешта новае, навучыўся вырашаць больш цяжкія задачы, выкон­ваць новы функцыянал, то ў яго не будзе жадання мяняць сферу дзейнасці.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.