Шырока распаўсюджана меркаванне, што лепшыя вынікі прыносіць работа, якая супадае з захапленнем, хобі. Не скажу, што ўпэўнена ў стапрацэнтнай праўдзівасці гэтага сцвярджэння, але такое, канечне, бывае. Школьная бізнес-кампанія “Кветкавы рай”, якая ўжо некалькі гадоў дзейнічае ў Беражноўскай сярэдняй школе Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, з’яўляецца добрым прыкладам. Школьны бізнес удала сумяшчае практычнае навучанне асновам прадпрымальніцтва з добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі.
— Школьны двор — гэта частка агульнаадукацыйнага асяроддзя, і яно павінна быць камфортным для навучэнцаў, — расказвае пра сваё бачанне арганізацыі школьнай і прышкольнай прасторы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце кіраўнік бізнес-кампаніі і адказны за добраўпарадкаванне Наталля Аляксееўна Сметанюк. — У школьным асяроддзі ўсё павінна быць прасякнута імкненнем да прыгажосці, важна вучыць дзяцей разумець і цаніць прыгажосць, а самае галоўнае — ствараць яе. Прыгажосць навакольнага асяроддзя фарміруе станоўчыя эмоцыі, а таксама сведчыць пра высокі ўзровень культуры ўстановы адукацыі.
Такая філасофія прыгажосці і, галоўнае, яе практычнае ўвасабленне прывялі да таго, што школа, яе тэрыторыя ў аграгарадку Беражное ўяўляюць сабой узор добраўпарадкавання, радуюць вока. Школьны двор — аблічча школы, лічаць у Беражным і даказваюць гэта ўласным прыкладам. Акрамя таго, прыгожая прышкольная тэрыторыя — цудоўная прастора для рэалізацыі творчых праектаў і гатовая фотазона для выпускнікоў і гасцей аграгарадка.
Працуюць тут усе: і школьнікі, і педагогі. Дзеці пры гэтым паляпшаюць свае камунікатыўныя навыкі, вучацца догляду кветак на практыцы, пераконваюцца ў тым, што праца — працэс жыццёва неабходны, развіваюць у сабе цярпенне і мэтанакіраванасць. Прычым гэтая работа па добраўпарадкаванні дасканала арганізаваная — ад распрацоўкі плана на год да вырабу малых архітэктурных форм на ўроках працы. Тут таксама вядуць фотаздымку кветнікаў у розныя перыяды года, каб фіксаваць змяненні ў развіцці раслін.
Пра кветкі з Беражнога, дарэчы, ужо даўно ведаюць за межамі аграгарадка. Школа штогод становіцца пераможцай раённых і прызёрам абласных конкурсаў “Упрыгожым Беларусь кветкамі!”, “Цудоўнай стане Брэстчына мая!”, “Зробім квітнеючай малую радзіму!”. Толькі ў мінулым навучальным годзе школа атрымала сем такіх дыпломаў (большасць з іх — І ступені), вынікі аднаго конкурсу яшчэ падводзяцца.
— Удзел у конкурсах — справа карысная, але затратная, таму нарадзілася ідэя самім вырошчваць расаду кветкавых раслін, — працягвае свой аповед пра любімую справу мая суразмоўніца. — Так, у верасні 2018 года школа стала ініцыятарам праекта па вырошчванні хатніх раслін (пераважна фіялак) і расады аднагадовых кветак: была створана школьная бізнес-кампанія “Кветкавы рай”. Праект рэалізоўваецца на працягу 10 месяцаў (з верасня па чэрвень) кожны год, прычым мы вырошчваем пасадачны матэрыял не толькі для сябе, а і на рэалізацыю. Школьнікі задзейнічаны ў рабоце ад пачатку да канца — ад вывучэння біялагічных асаблівасцей, агратэхнічных і экалагічных патрабаванняў да вырошчвання кветак і іх рэалізацыі. Акрамя таго, засвойваюць асновы эканамічных ведаў, становяцца больш фінансава дасведчанымі.
Што ж, з гэтым цяжка не пагадзіцца, як і з тым, што школьная бізнес-кампанія — адна з эфектыўных інавацыйных форм прафарыентацыйнай работы. А перамогі ў конкурсах яшчэ больш стымулюць да работы з кветкамі. Кагосьці гэта, магчыма, прывядзе да справы ўсяго жыцця, прыемна ж, калі твая работа — стварэнне прыгажосці, ды яшчэ эканамічна выгадная.
Дзейнасць бізнес-кампаніі беражноўскія навучэнцы прэзентавалі на жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў раёна, на пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў, на абласных семінарах і іншых мерапрыемствах. А летась дзесяцікласнікі прадставілі бізнес-праект “Кветкавы рай” на фінальным этапе Рэспубліканскага конкурсу бізнес-ідэй і бізнес праектаў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У наступным навучальным годзе ў школе плануюць увесці спецыяльны факультатыўны курс для навучэнцаў, якія працуюць у бізнес-кампаніі, і гэта стане яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы тутэйшых навучэнцаў да будучага самастойнага жыцця..
— Наша работа ў гэтым кірунку носіць сістэмны характар, — падкрэслівае Н.А.Сметанюк. — Мы перакананы, што тое, чаму дзеці навучацца ў школьнай бізнес-кампаніі, прынясе ім карысць у далейшым.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беражноўскай сярэдняй школы.